На прафесійным скрыжаванні

Тыдзень прафарыентацыі “Прафесійнае скрыжаванне” традыцыйна праводзіцца вясной у Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі. Усе прафарыентацыйныя мерапрыемствы спланаваны педагогамі з улікам пажаданняў навучэнцаў, іх узросту і з’яўляюцца працягам планавай мэтанакіраванай работы па прафесійным самавызначэнні дзяцей, якая вядзецца на працягу ўсяго года.

Пра тое, як арганізуюць прафарыентацыйную работу і якія мэты ставяць, гутарым з дырэктарам Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі І.П.ДЗЕГЦЯРОВАЙ.

— Ірына Пятроўна, што вы лічыце галоўным у прафарыентацыйнай рабоце?

— У сваім калектыве мы даўно ўпэўніліся, што важным рэсурсам у падрыхтоўцы навучэнцаў да прафесійнага самавызначэння з’яўляецца сфера педагагічна рэгулюемага вольнага часу. Заняткі ў аб’яднаннях на інтарэсах маюць прафарыентацыйную накіраванасць, што пашырае ўяўленне дзяцей пра розныя прафесіі, выхоўвае станоўчыя адносіны да працы і фарміруе адэкватныя вучэбна-прафесійныя намеры.

Адным з прыярытэтных напрамкаў работы з’яўляецца арыентацыя на рабочыя прафесіі, запатрабаваныя ў нашым рэгіёне. Ёсць заказ на рабочы клас — у гэтым пераканаліся навучэнцы, якія наведалі машынна-трактарны парк аднаго з найбуйнейшых аграпрадпрыемстваў нашага раёна ААТ “Васілішкі”. Дзяцей пазнаёмілі з сучаснай тэхнікай, інавацыйнымі падыходамі да яе рамонту і наладкі. Спецыялісты гаспадаркі расказалі і паказалі асаблівасці некаторых прафесій, паведамілі пра сацыяльныя льготы для маладых спецыялістаў.

Старшакласнікі з аб’яднання “Самаабарона” пабывалі на экскурсіі-сустрэчы “Прафесіі нашага ліцэя — ваша будучыня”, дзе пазнаёміліся з прафесіямі Шчучынскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, для выпускнікоў якога першым працоўным месцам становяцца аграпрадпрыемствы раёна. Такія сустрэчы ў ліцэі далёка не першыя, яны ладзяцца падчас прафесійных субот у навучальным годзе. Працягнуць адукацыю па спецыяльнасцях аграрна-тэхнічнага профілю можна ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, пра што нашы выпускнікі даведаліся падчас сустрэчы з выкладчыкамі гэтай установы.

— З якімі арганізацыямі Шчучынскага раёна супрацоўнічаеце для правядзення тыдняў прафарыентацыйнай работы?

— Прафарыентацыйная работа ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з установамі і арганізацыямі раёна. Падчас прафарыентацыйных экскурсій у рамках тыдня навучэнцы маглі пазнаёміцца з прафесіямі цырульніка-стыліста, прадаўца, аператара сувязі, супрацоўніка раённага адзела ўнутраных спраў і аддзела па надзвычайных сітуацыях. Так, у аддзеле па надзвычайных сітуацыях навучэнцы з цікавасцю вывучалі спецтэхніку, раскручвалі пажарны рукаў і нават змаглі прымераць спецадзенне, даведаліся пра спецыяльнасці Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. На рабочым месцы аператара сувязі ў аддзяленні паштовай сувязі РУП “Белпошта”, у цэху сарціроўкі паштовай карэспандэнцыі навучэнцы ўпэўніліся ў актыўным укараненні новых тэхналогій. Цікавая сустрэча з медыцынскімі работнікамі, арганізаваная педагогам Святланай Віктараўнай Ткачук, пашырыла ўяўленні ў сферы прафесійнага выбару старшакласнікаў.

Канікулярны перыяд найбольш аптымальны для прафарыентацыйных экскурсій па-за межы Шчучына, наведвання ўстаноў прафесійнай адукацыі рознага ўзроўню. Так, навучэнцы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” разам са сваімі кіраўнікамі прынялі ўдзел у дні адкрытых дзвярэй у Ваеннай акадэміі. Гурткоўцы аб’яднанняў мастацкага кірунку наведалі Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў.

— Раскажыце, як яшчэ, акрамя экскурсій, дзеці могуць атрымаць уяўленне аб розных прафесіях?

— Паспрабаваць сябе ў розных прафесіях дапамагаюць прафесійныя пробы, якія арганізуюцца праз удзел у конкурсах, выставах, праектах, канцэртах. Так, удзельнікі ўзорнай студыі моды “Гармонія” правялі творчую абарону калекцыі адзення “Палёт фантазіі”, якую стваралі пад кіраўніцтвам педагога Алены Феліксаўны Чашчэвік. Выставу “Мае першыя крокі ў прафесію фларыста” арганізавалі ўдзельнікі аб’яднання “Суквецце” разам з педагогам Алінай Баляславаўнай Максімовіч. Паспрабаваць сябе ў журналістыцы дапамагла навучэнцам карэспандэнт раённай газеты “Дзянніца” Ганна Віктараўна Каспер. Дзеці ўключыліся ў гульню “Ствараем газету”: адны выступалі ў ролі фатографаў, іншыя былі карэспандэнтамі, адказны сакратар выпраўляў памылкі, галоўны рэдактар падпісваў нумар у друк, а шафёр развозіў свежыя газеты чытачам. Увесь творчы працэс праходзіў зладжана пад кіраўніцтвам прафесіянала. Навучэнцы ўпэўніліся, што рыхтавацца да такой творчай прафесіі можна ўжо ў дзяцінстве, бо госць сустрэчы пачала супрацоўнічаць са СМІ з дванаццацігадовага ўзросту.

На працягу тыдня прафарыентацыі школьнікі бяруць удзел у гульнявым мультыпарку “Прымерай прафесію на сябе”. Падчас акцыі працуюць гульнявыя пляцоўкі, дзе педагогі арганізоўваюць прафарыентацыйныя гульні рознага характару і зместу. Найбольшай папулярнасцю сярод падлеткаў карыстаюцца гульні, калі кожны можа пабываць у розных ролях, схадзіць на субяседаванне, зрабіць спробу працаўладкавацца, падрыхтаваць рэзюмэ. Гульнявая дзейнасць накіравана на развіццё навыкаў самапрэзентацыі, асэнсаванне падлеткамі сваіх жаданняў і магчымасцей, фарміраванне псіхалагічнай гатоўнасці да выбару прафесіі.

— …у тым ліку і педагога. Раскажыце, як рыхтуеце дзяцей да гэтай сферы дзейнасці.

— Папулярызацыю гэтай цудоўнай і вельмі адказнай прафесіі — а большасць нашых супрацоўнікаў маюць менавіта педагагічную адукацыю — лічым для сябе адным з прыярытэтных кірункаў.

Навучэнцы, якія стаяць перад выбарам педагагічнай прафесіі, змаглі прыняць удзел у шэрагу мерапрыемстваў. Круглы стол “Выбар прафесіі педагога — выбар лёсу”, які арганізавала педагог Галіна Прохараўна Бяляўская, дазволіў атрымаць шмат новай і цікавай інфармацыі аб гэтай прафесіі.

У музейным пакоі нашай установы разгарнулася выстава “Яны прысвяцілі жыццё педагогіцы, навуцы, асвеце”, падрыхтаваная экскурсаводамі пад кіраўніцтвам загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Таццяны Сяргееўны Трахімчык. Для навучэнцаў, матываваных на працяг адукацыі ва ўстановах педагагічнага профілю, педагогамі Аленай Феліксаўнай Чашчэвік, Ганнай Аляксандраўнай Кузяк, Вольгай Паўлаўнай Рогавай арганізаваны прафесійныя пробы “Мой першы ўрок”. Так, удзельнікі аб’яднання “Жывая саломка” Настасся Мінько і Ксенія Якімовіч выступілі ў якасці педагогаў і правялі майстар-клас “Лялька-абярэг” для навучэнцаў свайго аб’яднання. Першая проба сіл у педагагічнай прафесіі для дзяцей адбылася.

— Якія яшчэ мерапрыемствы арганізоўваеце для дзяцей падчас прафарыентацыйнага тыдня?

— Праводзім шмат творчых мерапрыемстваў, арганізоўваем работу з дзецьмі і па месцы жыхарства, каб як мага большая колькасць навучэнцаў атрымала новую інфармацыю і зацікавілася справай, якая можа стаць прафесійнай справай іх жыцця.

Так, быў арганізаваны конкурс творчых работ “Выбіраючы прафесію — выбіраю жыццё”. Аўтарам лепшага сачынення стала Дар’я Цівунчык, а найбольш удалыя слоганы склалі Марта Турэвіч і Ілона Мікалайчык.

Нашы навучэнцы бралі ўдзел у Абласным конкурсе творчых работ “Даведнік у свет прафесій”. Дарэчы, са 186 дасланых работ 22 былі ад нашых дзяцей. Першае месца ў намінацыі “Слоганы” атрымала навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Літаратурная і выяўленчая творчасць” (кіраўнік Г.П.Бяляўская) Ілона Мікалайчык.
Паспрабаваць сябе ў прафесіі дзецям дапамагаюць майстар-класы, якія праводзяць розныя спецыялісты. Так, майстар-класы па цырульніцкім мастацтве “Ствараць прыгажосць штодня”, праведзеныя прафесіяналамі, дапамаглі канчаткова вызначыцца з будучай прафесіяй выхаванкам Юліі Пістонавай і Таццяне Шапскай.

Пакоі па месцы жыхарства (а іх у нашай установе 4) становяцца цэнтрамі правядзення мерапрыемстваў па прафарыентацыі ў канікулярны перыяд. Навучэнцы малодшага школьнага ўзросту ў пакоі “Арляня” разам з педагогамі Аленай Аляксандраўнай Русецкай, Інай Іванаўнай Кузінай, Ірынай Анатольеўнай Краўчук адправіліся ў інтэрактыўную гульню-падарожжа, удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Прафесія маёй мары”, падлеткі спаборнічалі ў музычным калейдаскопе “Аб прафесіях раскажуць песні”. У пакоях “Сузор’е”, “Васілішкі” школьнікі адгадвалі загадкі, крыжаванкі, адказвалі на пытанні інтэрактыўнай віктарыны “Вясёлка прафесій”, здзейснілі вандроўку ў гістарычнае мінулае прафесій. Разам з педагогам Ірынай Аляксееўнай Жукоўскай навучэнцы шукалі “Ключы ад прафесій” падчас аднайменнай квест-гульні, а з педагогамі Людмілай Анатольеўнай Куралёвай і Ганнай Казіміраўнай Максімчык ажыццявілі прафарыентацыйную вандроўку і гульню-конкурс. Тэатр-экспромт “Гісторыя адной прафесіі” падрыхтавала педагог Галіна Мікалаеўна Панасевіч. Старшакласнікаў цікавілі пытанні далейшага працаўладкавання, сітуацыі на рынку працы, вакансіі рэгіёна. Яны пабывалі на віртуальнай экскурсіі ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Лічым, што педагогі дадатковай адукацыі могуць весці сістэмную прафарыентацыйную работу, каб дапамагчы кожнаму дзіцяці выбраць правільны прафесійны шлях. Будзем і надалей працаваць у гэтым напрамку. Плануем з новага навучальнага года пашырыць сетку аб’яднанняў па інтарэсах прафарыентацыйнай накіраванасці. Нашых навучэнцаў чакаюць цікавыя сустрэчы і падарожжы ў свет прафесій, якія дазволяць паверыць у свае сілы і вызначыць прафесійную і жыццёвую траекторыю.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.