Сучасная дзяржаўная палітыка накіравана на пашырэнне сістэмы падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна, запатрабаваных на рынку працы. Таму адзін з асноўных напрамкаў прафарыентацыйнай работы ў школах — арыентацыя вучняў на паступленне ў ПТНУ і ССНУ.
На Брэстчыне праводзіцца вялікая прафарыентацыйная работа сярод школьнікаў і бацькоў, накіраваная на пашырэнне іх інфармаванасці наконт спецыяльнасцей і прафесій устаноў прафесійнай адукацыі, фарміраванне пазітыўнага іміджу ПТНУ і ССНУ, павышэнне канкурэнтаздольнасці гэтых устаноў на рынку адукацыйных паслуг, стварэнне ўмоў для ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння і раскрыцця здольнасцей дзяцей, рэалізацыю патэнцыялу вучняў з улікам індывідуальных схільнасцей, здольнасцей і рэальных магчымасцей. Усё гэта робіцца для таго, каб моладзь была задаволена сваім выбарам, а дзяржава не несла эканамічных страт.
Брэсцкі абласны цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці разам з установамі прафесійнай адукацыі актыўна працуе ў гэтым напрамку, выкарыстоўваючы розныя формы прафарыентацыйнай работы: акцыі, экскурсіі, агітбрыгады, конкурсы, круглыя сталы, анлайн-канферэнцыі, дні адкрытых дзвярэй, выступленні на школьных бацькоўскіх сходах, майстар-класы з удзелам навучэнцаў і майстроў вытворчага навучання ПТНУ і ССНУ.
Асаблівай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаюцца абласныя прома-акцыі “Выбіраем прафесію — выбіраем будучыню”. Адна з іх стартавала ў лютым на базе школы № 4 Іванава. Для будучых выпускнікоў была падрыхтавана цікавая пазнавальная праграма, зладжаная навучэнцамі і выкладчыкамі ўстаноў прафесійнай адукацыі Піншчыны і Драгічыншчыны. Перад школьнікамі выступалі агітбрыгады, былі разгорнуты пляцоўкі з майстар-класамі па дэкаратыўнай нарэзцы агародніны і садавіны, рабоце са шклом і мазаікай, 3D-мадэляванні, цырульніцкім мастацтве, швейным майстэрстве, робататэхніцы, мастацкай коўцы і электратэхніцы.
Удзельнікі акцыі арганізавалі выставы-продажы вырабаў уласнай вытворчасці. Установы адукацыі з дапамогай відэапрэзентацый інфармавалі патэнцыяльных абітурыентаў пра ўмовы прыёму і побыт навучэнцаў, асаблівасці адпачынку і магчымасці самарэалізацыі ў творчых аб’яднаннях і спартыўных секцыях. Усе школьнікі атрымалі рэкламныя праспекты з інфармацыяй пра ўстановы прафесійнай адукацыі рэгіёна.
Прафарыентацыйная работа ў нашым цэнтры ўключае шырокі спектр мерапрыемстваў, якія адкрываюць для падлеткаў свет запатрабаваных, папулярных, творчых і сацыяльна значных прафесій. Цэнтр аказвае метадычную і практычную дапамогу ПТНУ і ССНУ Брэстчыны па падрыхтоўцы да ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах, правядзенні прафарыентацыйнай работы сярод навучэнскай моладзі, арганізацыі дзейнасці творчых аб’яднанняў розных напрамкаў.
Вольга ЖЫЛЕВІЧ,
метадыст Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.