Гэтае пытанне ўзнікае ў мяне, калі ўсё часцей у школе сустракаю педагога жанчыну. У сярэдняй школе № 2 Свіслачы 9 мужчын (15%) выкладаюць вучэбныя прадметы ў 5—11 класах і 1 — на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Згодна з данымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, на кастрычнік 2017 года толькі 14% настаўнікаў і кіраўнікоў школ у нашай краіне — мужчыны. Больш за ўсё мужчын — сярод кіраўнікоў сярэдніх школ, г.зн. 36,8% ад агульнай колькасці.
Дарэчы, гэтая праблема характэрна не толькі для нашай краіны, але і для Еўрасаюза, дзе ўрад таксама заклапочаны пераважаннем жанчын сярод настаўнікаў школы.
Як жа прыцягнуць мужчын у школу?
Адным з галоўных фактараў, якія ўплываюць на выбар прафесіі навучэнцамі школ, з’яўляецца якасная прафарыентацыйная работа. У 2017/2018 навучальным годзе ў нашай школе была адкрыта група педагагічнай накіраванасці, дзе вучацца 13 падлеткаў, з якіх 8 — хлопчыкі. У новым навучальным годзе ў педагагічнай групе вучацца 6 падлеткаў — 4 юнакі і 2 дзяўчыны.
Дык чым жа прыцягвае юнакоў педагагічная прафесія?
Анкетаванне навучэнцаў педагагічных класаў паказала, што як мінімум палова хлопчыкаў збіраецца стаць настаўнікамі (або паступленне на педагагічную спецыяльнасць з’яўляецца запасным варыянтам). Пры гэтым прычынамі свайго прафесійнага вызначэння яны называюць наступныя:
- педагагічныя класы даюць магчымасць вывучаць прадметы на павышаным узроўні;
- на выбар будучай прафесіі паўплываў асабісты прыклад настаўнікаў мужчын, якія выкладаюць у школе;
- наяўнасць сваякоў-педагогаў у сям’і;
- перавагі пры паступленні навучэнцаў педкласаў на педагагічныя спецыяльнасці;
- арганізацыя факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”;
- магчымасць рэалізаваць свае здольнасці.
Частка навучэнцаў лічыць педагагічную прафесію цікавай. У гэтай рабоце іх прыцягваюць пастаянныя зносіны не толькі з дзецьмі, але і з калегамі.
З педагагічнай дзейнасцю навучэнцы педкласаў знаёмяцца праз удзел у педагагічных пробах, выступаючы ў ролі настаўніка, арганізацыю сацыялагічных даследаванняў, гульняў на перапынках для дзяцей малодшых класаў, дапамогу настаўнікам у падрыхтоўцы і правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў.
Навучэнцы педагагічных класаў з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі алімпіяд па вучэбных прадметах, творчых конкурсаў. Менавіта тут яны могуць рэалізаваць свае інтэлектуальныя і неардынарныя здольнасці.
6 кастрычніка каманда навучэнцаў педкласаў нашай школы ўдзельнічала ў фестывалі педагагічных класаў, які праходзіў на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Найбольш запамінальнай для дзяцей стала экскурсія па галоўным корпусе ўніверсітэта і магчымасць мець зносіны з выкладчыкамі за круглым сталом. За выступленне ў конкурсе калажаў “Адзін дзень з жыцця настаўніка” дзеці атрымалі дыплом ІІ ступені і салодкія падарункі.
Мне хочацца, каб мае вучні выбралі прафесію настаўніка і сталі працягам мяне. У іх ёсць важныя якасці, неабходныя педагогу: працавітасць, цярплівасць, любоў.
Аляксандр ПЯСЕЦКІ,
класны кіраўнік 11 “Б” класа сярэдняй школы № 2 Свіслачы.
Фота Надзеі ВАШКЕЛЕВІЧ.