Падрыхтоўка рабочых кадраў — адна з сур’ёзных праблем сучаснага грамадства. У апошняе дзесяцігоддзе-паўтара прэстыж рабочых прафесій знізіўся да крытычнай адзнакі, у сувязі з чым сёння ў Беларусі назіраецца пэўны дэфіцыт рабочых высокай кваліфікацыі. Вядома, органамі кіравання адукацыяй, як і кіраўнікамі прафесійных каледжаў і ліцэяў, прымаюцца пэўныя меры па прыцягненні моладзі. І трэба сказаць, што ў шэрагу выпадкаў яны вельмі эфектыўныя.
Напрыклад, у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 10 недахопу ў навучэнцах няма. Прычына такой запатрабаванасці ліцэя сярод моладзі простая: на сённяшні дзень гэтая навучальная ўстанова гарантуе сваім навучэнцам не толькі якаснае навучанне па запатрабаваных у грамадстве рабочых спецыяльнасцях, але і стапрацэнтнае працаўладкаванне пасля атрымання дыплома.
Пра тое, што прыводзіць навучальную ўстанову да поспеху, мы пагутарылі з дырэктарам Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 10 Валянцінай СТРАХАЛЕТ.
— Валянціна Міхайлаўна, раскажыце, калі ласка, што сёння ўяўляе сабой ліцэй № 10?
— Гэта шматпрофільная ўстанова, арыентаваная на інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання, дзе рыхтуюць кваліфікаваныя рабочыя кадры для сферы гандлю і грамадскага харчавання. Першапачаткова навучальная ўстанова функцыянавала як вучылішча па падрыхтоўцы кухараў. Пазней тут пачалі вучыць прафесіі прадаўца. Аднак патрэбы рынку працы дыктавалі неабходнасць увядзення новых прафесій, і таму сёння ў нас ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў па прафесіях “Кухар”, “Кухар і кандытар”, “Кухар і афіцыянт”, “Кухар і член брыгады аб’екта хуткага абслугоўвання”, “Прадавец і кухар”, “Прадавец і аператар ПВЭМ”.
Мы дакладна разумеем, што канкурыраваць на рынку працы нашым выпускнікам дазволіць толькі іх прафесіяналізм. Таму вялікую ўвагу ўдзяляем бесперапыннаму павышэнню якасці прафесійна-тэхнічнай адукацыі маладых рабочых, прафесійнай кампетэнцыі нашых педагогаў. У адукацыйным працэсе прымяняюцца інавацыйныя метады навучання, укараняюцца інфармацыйныя і камунікатыўныя тэхналогіі.
Увогуле, ліцэй знаходзіцца ў пастаянным пошуку: установа неаднаразова станавілася рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай. З 2008 па 2011 гады ў нас рэалізоўваўся праект “Апрабацыя мадэлі прафесійнага навучання навучэнцаў ва ўмовах узаемадзеяння агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”. Завяршыўшы адзін рэспубліканскі праект, мы прыступілі да новага, з 2011 па 2014 гады ажыццяўляючы “Апрабацыю адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія забяспечваюць падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых для сучасных адукацыйных тэхналогій”.
— Каб трымаць стабільна высокую планку, патрэбны адпаведныя ўмовы…
— Гэта сапраўды так, таму ў ліцэі створаны ўсе ўмовы для забеспячэння якаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу. Скажу больш: на сённяшні дзень мы ганарымся сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базай. За апошнія пяць гадоў змаглі адкрыць буфет і сталовую, абсталявалі і зрабілі мадэрнізацыю вучэбных кабінетаў, у кожным з якіх зараз ёсць камп’ютар і тэлевізар. А наяўнасць мультымедыйнай устаноўкі і інтэрактыўнай дошкі дазваляе кожнаму педагогу на высокім узроўні праводзіць заняткі.
У выніку рэканструкцыі былі створаны вучэбна-вытворчыя майстэрні для навучэнцаў спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”. У іх устаноўлена найноўшае энергазберагальнае тэхналагічнае абсталяванне, што дазваляе ажыццяўляць вытворчае навучанне дзяцей непасрэдна на выпуску гатовай прадукцыі — кулінарных і кандытарскіх вырабаў, якія потым рэалізуюцца ў буфетах прафесійных ліцэяў № 9 і № 10. Пераабсталяваны і цалкам тэхнічна аснашчаны вучэбныя лабараторыі для навучання па кваліфікацыях “кухар”, “кандытар”, “афіцыянт”, “бармен”, адкрыты вучэбны кабінет “Гандлёвае абсталяванне”, які аснашчаны сучаснымі мадэлямі касавых апаратаў і спецыяльнай камп’ютарнай сістэмай.
— Рынак працы чакае высакакласных рабочых. Ці аналізуеце вы патрэбы работадаўцаў?
— Безумоўна, мы ладзім сваю работу з улікам патрэб рынку працы. Паколькі нашай прыярытэтнай задачай з’яўляецца падрыхтоўка высокапрафесійных, канкурэнтаздольных кадраў, якія ўмеюць арыентавацца ва ўмовах рынкавых адносін, мы знаходзімся ў няспынным развіцці.
За апошнія дзесяць гадоў у ліцэі было адкрыта завочнае і вячэрняе навучанне, з’явіўся шэраг новых прафесій з улікам патрабаванняў часу. Новыя тэхналогіі і методыкі ўкараняюцца таксама ў вучэбныя праграмы традыцыйных прафесій. Акрамя таго, мы даём навучэнцам магчымасць паралельна з навучаннем асноўнай прафесіі атрымаць дадатковую. За восем месяцаў (на платнай аснове) яны могуць атрымаць кваліфікацыю “бармен” або “кантралёр-касір”, “кандытар” або “афіцыянт”. Дадатковыя навыкі яны могуць асвоіць і на тыднёвых курсах. Напрыклад, вялікай папулярнасцю ў нас карыстаюцца курсы па карвінгу. Дарэчы, наведваць гэтыя курсы маюць магчымасць не толькі нашы навучэнцы, але і ўсе жадаючыя.
— Прафесію навучэнцы атрымалі, а як з працаўладкаваннем?
— Штогод наш ліцэй заканчваюць болей за 250 чалавек. І ўсім без выключэння выпускнікам прадастаўляецца першае рабочае месца. Дасягаць такога выніку нам дапамагаюць дамовы аб супрацоўніцтве і падрыхтоўцы кадраў з дзесяццю найбуйнейшымі арганізацыямі гандлю і грамадскага харчавання Магілёва. Так, сёння мы рыхтуем кадры для вытворчасці ААТ “Універмаг “Цэнтральны”, ААТ “Задняпроўе”, ААТ “Булачна-кандытарская кампанія “ДАМАЧАЙ”, кафэ і рэстаранаў, што найлепшым чынам пацвярджае запатрабаванасць нашых выпускнікоў на рынку працы.
— У любой установе адукацыі навучанне заўсёды на першым месцы, але ж жыццё вашага ліцэя насычана не толькі вучобай?
— Сапраўды, нашы ліцэісты з цікавасцю праводзяць свой вольны час, сумаваць не выпадае нікому. У нас кожны мае магчымасць рэалізаваць сябе ў тым, што яму падабаецца. У ліцэі працуюць гурткі прафесійна-тэхнічнай і мастацка-эстэтычнай накіраванасці, спартыўныя секцыі, пастаянна праводзяцца фізкультурна-аздараўленчыя і культурна-масавыя мерапрыемствы.
Усе нашы педагогі імкнуцца да выяўлення і развіцця здольнасцей кожнага вучня і стварэння ўмоў для рэалізацыі іх інтарэсаў у розных відах дзейнасці. Дзякуючы гэтаму, у ліцэі склалася спрыяльная сістэма ўзаемаадносін паміж педагогамі і навучэнцамі, сфарміраваўся прыязны мікраклімат у калектывах вучэбных груп, што прыносіць добрыя вынікі ў працы і вучобе.
— Тэхналогіі няспынна развіваюцца, і сёння, каб вучыць іншых, выкладчыкам і майстрам вытворчага навучання трэба пастаянна вучыцца самім. Скажыце, што дапамагае вашаму калектыву заўсёды быць на вышыні?
— Я з упэўненасцю магу сказаць, што ўсе дасягненні ліцэя — гэта вынік карпатлівай работы ўсяго педагагічнага калектыву. Сёння ў нас працуюць 30 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, кожны з якіх сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Усе педагогі не толькі выразна арыентуюцца ў сваёй прадметнай вобласці, але і валодаюць сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі, умеюць працаваць у інфармацыйнай прасторы, здольныя да сістэмных дзеянняў у прафесійна-педагагічнай сітуацыі і валодаюць аналітычнай і рэфлексіўнай культурай.
І пры гэтым педагагічны калектыў пастаянна ўдасканальваецца. Традыцыяй у ліцэі стала правядзенне выкладчыкамі і майстрамі вучэбных семінараў, семінараў-практыкумаў, адкрытых урокаў, педагагічных чытанняў, на якіх яны дзеляцца вопытам, знаходкамі, паказваюць прымяненне новых методык, тэхналогій, прадстаўляюць распрацаваныя і апрабаваныя імі структурныя элементы вучэбна-метадычных комплексаў. З мэтай павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогі прымаюць удзел у многіх рэспубліканскіх выставах.
Важным момантам з’яўляецца тое, што нашы педагогі ўдасканальваюць сваё майстэрства не толькі для жыццёвага самасцвярджэння, а перш за ўсё для таго, каб перадаць яго сваім выхаванцам. І вельмі прыемна ўсведамляць, што іх вопыт многім дапамог стаць на ногі і знайсці сваю дарогу ў жыцці, што нашы ўчарашнія выхаванцы сталі майстрамі сваёй справы.
— Прафесійны калектыў — адзін з асноўных складнікаў поспеху. Мэтанакіраваная каманда прафесіяналаў у вас ёсць, значыць, маюцца і адпаведныя дасягненні?
— Вядома. У абласным спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі (прафесійныя ліцэі) па выніках 2012 года наша ўстанова была ўдастоена дыплома ІІ ступені. А ў мінулым годзе па выніках гэтага спаборніцтва ліцэй № 10 быў прызнаны лепшым у рэгіёне.
Радуюць сваімі дасягненнямі таксама педагогі і майстры вытворчага навучання ліцэя. Асабліва хочацца адзначыць Таццяну Васільеўну Сямёнаву, Ірыну Мікалаеўну Кубліцкую, Алену Мікалаеўну Лажбанаву, Вікторыю Аляксандраўну Красільнікаву, Аксану Валянцінаўну Кныш, Наталлю Сямёнаўну Пузікаву, Таццяну Аркадзьеўну Зайцаву. Усе яны дасягнулі значных поспехаў у педагагічнай дзейнасці: узнагароджваліся ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі, з’яўляюцца прызёрамі розных конкурсаў прафесійнага майстэрства.
Не адстаюць ад сваіх настаўнікаў і навучэнцы, якія таксама бліскуча праяўляюць сябе на шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах. Ганарымся мы і тым, што сямёра нашых вучняў з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— Скажыце, Валянціна Міхайлаўна, якія перспектывы развіцця ліцэя?
— Планаў шмат. У прыватнасці, у новым навучальным годзе мы пачнём рэалізацыю новага Рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі завочнай формы атрымання адукацыі на аснове модульнага падыходу ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай адукацыі”. У нашым ліцэі ўжо маюцца напрацоўкі ў гэтым напрамку.
З мэтай ажыццяўлення дадатковага навучання дарослых набіраем групы з ліку абслуговага персаналу прадпрыемстваў грамадскага харчавання і гандлю для атрымання імі спецыяльнасцей “Кухар” і “Прадавец”. Навучанне доўжыцца паўгода, пасля чаго людзям выдаецца адпаведнае пасведчанне, якое дае права вучыцца ў ліцэі на завочнай форме навучання за кошт бюджэту.
Акрамя таго, плануем далей удасканальваць вучэбна-выхаваўчы працэс і рабіць усё магчымае для павышэння ўзроўню адукацыі нашых навучэнцаў, іх творчых здольнасцей, побытавых умоў пражывання, арганізацыі вольнага часу. І мы шчыра чакаем у ліцэі ўсіх, хто хоча ў нас вучыцца.
Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.