У адным з красавіцкіх нумароў газеты мы пісалі пра геаінфармацыйныя сістэмы, якія змянілі навакольны свет. Сёння расказваем пра спецыяльнасці, дзе можна вывучаць геаінфарматыку, каб зрабіць ГІС сваёй прафесіяй.
На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ дысцыпліны, звязаныя з геаінфарматыкай, у той ці іншай ступені вывучаюцца на ўсіх спецыяльнасцях.
— Нашы выпускнікі — даволі прасунутыя карыстальнікі геаінфармацыйных сістэм, — гаворыць дэкан факультэта Дзмітрый Курловіч. — Падчас вучобы яны асвойваюць каля дзясятка розных праграмных прадуктаў. Больш за тое, навыкі праграмавання дазваляюць ім распрацоўваць спецыяльныя дадаткі, мабільныя праграмы для пэўных лакальных задач.
Паглыбленае вывучэнне геаінфарматыкі яшчэ ў студэнцкія гады прыводзіць моладзь у навуковыя лабараторыі. Вынікам з’яўляюцца вельмі цікавыя дыпломныя, магістарскія работы, звязаныя з геаінфармацыйнымі сістэмамі.
— Напрыклад, летась студэнтка зрабіла праект для Баранавіцкага раёна, дзе мадэлявала вільготнасць глеб. Гэта перспектыўная распрацоўка для сельскай гаспадаркі, якая дазваляе ў рэжыме рэальнага часу назіраць за змяненнямі ў глебе на розных участках, — расказвае намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі Яўген Казлоў. — Яшчэ адзін выпускнік прадставіў дыпломны праект (ён быў ацэнены найвышэйшым балам) — вэб-карту веласіпедыста для нацыянальнага парка “Нарачанскі”. Яна паказвае, што бачыць чалавек на розных участках маршруту, якія намаганні ён прыкладае, які кіламетраж накручвае. Кожны, хто плануе вандраваць на веласіпедзе па ўказанай тэрыторыі, можа прыблізна ўявіць сабе, якія краявіды яго чакаюць, колькі часу і сіл трэба затраціць на падарожжа. І такіх работ у нас многа. У большасці дыпломных праектаў на кожнай спецыяльнасці ёсць складнік, звязаны з прасторавым мадэляваннем.
Сёння мы раскажам пра тры спецыяльнасці, дзе геаінфарматыка з’яўляецца вялікай і неад’емнай часткай вучэбнай праграмы з цікавай перспектывай яе прымянення ў будучай прафесіі.
Космааэракартаграфія
Выпускнікам гэтай спецыяльнасці прысвойваецца кваліфікацыя “Географ. Спецыяліст па картографагеадэзічнай дзейнасці”. Грунтоўная падрыхтоўка ў галіне дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі дазваляе ім прафесійна вывучаць і дэшыфраваць матэрыялы аэракасмічных здымак, выконваць іх аналіз і інтэрпрэтацыю з мэтай атрымання геаграфічных выяў рознай тэматыкі і прызначэння (тэматычныя карты, тапаграфічныя карты і планы, ортафотапланы, лічбавыя мадэлі мясцовасці і інш.).
— Прафесійныя кампетэнцыі дазваляюць выпускнікам ствараць карты рознага прызначэння: агульнагеаграфічныя, тэматычныя і комплексныя ў галіне навук аб Зямлі, — тлумачыць Дзмітрый Курловіч. — Яны праводзяць аператыўны маніторынг мясцовасці на падставе касмічных здымкаў; выконваюць комплексны тэрытарыяльны аналіз і інжынернае ўладкаванне; кантралююць правядзенне тапаграфічных работ.
Геаінфармацыйныя сістэмы (зямельна-кадастравыя)
Гэта спецыяльнасць адкрыта на факультэце з 2015 года. Кваліфікацыя выпускніка — “Спецыяліст па кадастры і геаінфармацыйных сістэмах”.
— Спецыяльнасць дазваляе авалодаць метадамі стварэння і выкарыстання ГІС прыкладнога прызначэння, — тлумачыць Дзмітрый Курловіч. — Нашы выпускнікі ўмеюць апрацоўваць геаданыя і іншую інфармацыю, выкарыстоўваюць геаінфармацыйныя мадэлі для апісання і прагназавання з’яў і працэсаў у прыродзе, эканоміцы і сацыяльнай дзейнасці; выкарыстоўваюць метады матэматычнага аналізу і мадэлявання ў кадастры, ацэнцы зямель, землеўпарадкаванні, глебазнаўстве і іншых навуках, звязаных з прасторавай інфармацыяй.
Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць
Сёлета ў Агульнадзяржаўны класіфікатар уключана новая спецыяльнасць — “Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць”. У 2022 годзе факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі пачне падрыхтоўку адпаведных спецыялістаў.
— У вучэбным плане гэтай спецыяльнасці ёсць тры вялікія складнікі,— тлумачыць Дзмітрый Курловіч. — Так, студэнты будуць вывучаць базавыя геаграфічныя дысцыпліны, турыстычна-экскурсійную дзейнасць і геаінфарматыку — усё, што дапаможа ім прафесійна праводзіць інфарматызацыю ў сферы рэакрыацыі і актыўнага адпачынку. На выпуску гэта будуць спецыялісты, якія разумеюць, як фарміраваць і прасоўваць турыстычны прадукт, і адначасова валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі. Яны змогуць распрацоўваць і весці базы даных, складаць картаграфічную прадукцыю, у тым ліку пракладваць новыя маршруты, інтэграваць турыстычныя кластары і г.д. У турыстычнай сферы даўно ёсць запыт на такіх спецыялістаў — не проста турагентаў і экскурсаводаў, а стваральнікаў новых магчымасцей для аматараў вандровак.
* * *
Гонарам факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі з’яўляецца міжкафедральная студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя геаінфармацыйных сістэм (ГІС-лабараторыя). Па выніках штогадовага конкурсу яна пяць разоў займала 1-е месца сярод чатырох дзясяткаў студэнцкіх навукова-даследчых падраздзяленняў БДУ.
— Асноўная задача нашай лабараторыі — прыцягнуць увагу здольных студэнтаў да вырашэння актуальных тэарэтычных і практычных задач сродкамі ГІС, а таксама развіць у іх самастойныя навыкі даследаванняў, — гаворыць дэкан Дзмітрый Курловіч. Разам з дацэнтам кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм Наталляй Жукоўскай ён кіруе ГІС-лабараторыяй.
Каманда выконвае шэраг шматгадовых ГІС-праектаў. Сапраўднай візітоўкай лабараторыі стала арганізацыя і штогадовае правядзенне ўнікальнай для краіны імпрэзы “Міжнародны дзень ГІС”, куды запрашаюцца вядучыя спецыялісты Беларусі і замежжа, студэнты, аспіранты, выкладчыкі, навукоўцы, супрацоўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. На студэнцкай навуковай канферэнцыі, якая праводзіцца ў дзень ГІС, маладыя людзі дэманструюць свае праекты, абмяркоўваюць сучасныя праблемы і дасягненні ГІС-тэхналогій.
Атрыманыя ў лабараторыі веды па ГІС-тэхналогіях спрыяюць актыўнаму ўдзелу студэнтаў у навуковай рабоце. Як вынік — многія выпускнікі працягваюць навучанне ў магістратуры і аспірантуры, пішуць дысертацыйныя даследаванні.
Дарэчы
Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі адзіны ў краіне рыхтуе па спецыяльнасцях “Геаінфармацыйныя сістэмы”, “Космааэракартаграфія”, “Гідраметэаралогія” і напрамку спецыяльнасці “Геадэмаграфія”. Таксама з 2022 года адкрываецца падрыхтоўка па новай спецыяльнасці — “Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць”.
Адкрытая алімпіяда БДУ па геаграфіі
Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ запрашае школьнікаў прыняць удзел у адкрытай алімпіядзе па геаграфіі. Яна пройдзе 15 мая. Рэгістрацыя ўдзельнікаў доўжыцца да 13 мая ўключна.
Арганізатарам алімпіяды выступае факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Інтэлектуальнае спаборніцтва праводзіцца з мэтай праверкі ведаў і папулярызацыі геаграфіі сярод моладзі.
Для ўдзелу запрашаюцца навучэнцы 9—11 класаў школ, гімназій, ліцэяў, а таксама каледжаў з усіх рэгіёнаў краіны. Алімпіяда пройдзе ў адзін этап, які арганізуецца ў вочным фармаце на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ.
Навучэнцам прапануюць выканаць заданні па геаграфіі, якія ахопліваюць тэматыку школьнай праграмы. Вынікі спаборніцтва падвядуць пасля яго заканчэння. Пераможцы атрымаюць прызы і дыпломы. Усе запрошаныя атрымаюць сертыфікаты ўдзельнікаў.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.