У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на базе Інстытута інфармацыйных тэхналогій адкрылася кафедра ЮНЕСКА “Прафесійная адукацыя ў галіне інфа-камунікацыйных тэхналогій людзей з асаблівымі патрабаваннямі”. Гэта першая падобная кафедра на постсавецкай прасторы, а магчыма, і ў свеце (з больш чым 700 кафедраў ЮНЕСКА). Яе мэтай з’яўляецца пашырэнне даступнасці адукацыі інвалідаў па слыху, іх прафесійная і сацыяльная рэабілітацыя, а таксама павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў, сацыяльных работнікаў, сурдаперакладчыкаў, якія забяспечваюць адукацыйны працэс.
Даследаванне, праведзенае НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паказала, што сучасную канкурэнтаздольную адукацыю мае толькі нязначная частка з паўмільёна беларускіх інвалідаў працаздольнага ўзросту. З-за адсутнасці неабходных прафесійных ведаў і навыкаў многія з гэтых людзей выконваюць некваліфікаваную і таму нізкааплатную працу. Іх творчы і інтэлектуальны патэнцыял не выкарыстоўваецца ў належнай меры.
Аднак, улічваючы складаную дэмаграфічную сітуацыю ў краіне і павелічэнне колькасці непрацаздольных членаў грамадства, вельмі важна забяспечыць іх запатрабаванымі на рынку працы спецыяльнасцямі. Сёння гэтаму могуць паслужыць інтэрнэт-тэхналогіі, а таксама спецыяльныя адукацыйныя праграмы і тэхнічныя сродкі навучання інвалідаў з парушэннямі органаў зроку, слыху, апорна-рухальнага апарату.
Што тычыцца людзей з парушэннямі слыху, тое ж даследаванне паказала: толькі 2% з іх атрымліваюць у нас вышэйшую адукацыю. Хаця ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША ва ўніверсітэтах вучацца ўсе, хто хоча, для гэтага там створаны ўсе неабходныя ўмовы. Напрыклад, Галадэцкі ўніверсітэт у Вашынгтоне быў адмыслова створаны для навучання студэнтаў з парушэннямі слыху, і там усе вучэбныя праграмы адаптаваны пад іх патрэбы.
У нашай краіне інваліды з парушэннямі слыху і апорна-рухальнага апарату маюць пакуль вельмі абмежаваныя магчымасці ў атрыманні вышэйшай адукацыі з-за асаблівасцей уласнага ўспрымання і непрыстасаванасці інфраструктуры навучальных устаноў. Варта адзначыць таксама недахоп выкладчыкаў і спецыялістаў у галіне прафесійнай адукацыі людзей з асаблівымі патрэбамі, а яшчэ адсутнасць цэнтра, які мог бы каардынаваць гэтую дзейнасць, абагульняць і распаўсюджваць навукова-метадычныя напрацоўкі і перадавы вопыт. Усё гэта патрабуе вырашэння.
Як расказаў намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Інстытута інфармацыйных тэхналогій Рыгор Міхайлавіч Шахлевіч, БДУІР ужо даўно падступаецца да праблемы падрыхтоўкі інвалідаў, але стварэнне безбар’ернага асяроддзя аказалася складанай задачай. Устаноўка пандусаў па сутнасці нічога не мяняе, калі ў карпусах з самага пачатку не былі прадугледжаны ліфты і іншыя ўмовы для перамяшчэння на калясках. Іншая справа — новы корпус, які зараз дабудоўваецца. Вось там будуць створаны ўсе ўмовы для інвалідаў — ад пандусаў і ліфтаў да туалетаў. Пакуль жа калясачнікі могуць вучыцца на дыстанцыйнай форме. Зараз у БДУІР 17 такіх студэнтаў.
Ужо трэці год універсітэт прымае на дзённае і вячэрняе навучанне па скарочанай форме выпускнікоў каледжаў са зніжаным слыхам.
“Я працую ў БДУІР 34 гады, і дагэтуль у мяне быў толькі ад зін студэнт — інвалід па слыху. Вельмі здольны хлопец, які пасля скончыў магістратуру і зараз паспяхова працуе на “Інтэграле”, — расказвае Рыгор Міхайлавіч. — А за апошнія тры гады, калі мы пачалі прымаць выпускнікоў каледжаў, да нас прыйшлі ўжо 7 чалавек са зніжаным слыхам. Так што сітуацыя зрушылася”.
Дарэчы, у Беларусі ўсяго тры каледжы, якія прымаюць на вучобу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі і Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, дзе таксама даецца сярэдняя спецыяльная адукацыя. БДУІР супрацоўнічае з першымі двума, бо менавіта там вучацца інваліды па слыху.
“На жаль, паступаючы ва ўніверсітэт, гэтыя людзі не маю ць ніякіх прывілеяў, — гаворыць Р.М.Шахлевіч. — На ўсіх папярэдніх ступенях яны вучацца за дзяржаўны кошт, а ў нас ім даводзіцца аплачваць навучанне. Універсітэт як можа стараецца палепшыць гэтую сітуацыю і за кошт уласных сродкаў робіць для такіх студэнтаў зніжкі. Я спадзяюся, што гэтая практыка будзе выкарыстоўвацца і далей”.
Рыгор Міхайлавіч удакладняе, што ва ўніверсітэт не прымаюць глухіх, бо для работы з імі патрэбны іншыя ўмовы, у прыватнасці неабходна мець у штаце сурдапера-кладчыкаў. А гэта, на жаль, пакуль немагчыма.
“Мы часта бываем у каледжах і размаўляем з навучэнцамі, — расказвае Р.М.Шахлевіч. — Яны вельмі дасціпныя, жвавыя, цікаўныя, з разумнымі вачыма. І мне заўсёды вельмі прыкра гаварыць ім, што мы не можам навучаць глухіх, хаця з іх, напэўна, маглі б атрымацца вельмі добрыя спецыялісты. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе ўсё зменіцца”.
Рыгор Міхайлавіч расказвае, што нядаўна сустракаўся са старшынёй Нідэрландскай асацыяцыі сурдаперакладчыкаў Эрыкай Зігерс, якая праводзіла майстар-клас для беларускіх спецыялістаў. Яна распавяла пра тое, як працуюць з маладымі інвалідамі па слыху ў навучальных установах Галандыі, і азнаёмілася з адпаведнай работай нашых устаноў.
“Вядома, з інклюзіяй у галандскіх універсітэтах усё нармальна, — гаворыць Р.М.Шахлевіч, — але Эрыка Зігерс заўважыла, што калі яна пачынала сваю работу 26 гадоў назад, то там сітуацыя была горшай, чым зараз у Беларусі. Таму, калі прыкласці намаганні і знайсці сродкі, усё можа даволі хутка змяніцца ў лепшы бок. Але на сённяшні дзень сурдаперакладчыкаў у Галандыі ў 10 разоў больш, чым у нас (на тую ж прыкладна колькасць глухіх — каля 20 тысяч), прычым гэта прафесіяналы высокага ўзроўню. Яны прысутнічаюць на занятках і, што вельмі важна, валодаюць жэставай мовай па тым прадмеце, які выкладаецца”.
Зараз у БДУІР з’явілася кафедра ЮНЕСКА, і спецыялісты звязваюць з ёй вялікія надзеі. Рыгор Міхайлавіч расказвае, што адкрыць такую кафедру было няпроста. Падаўшы адпаведную заяўку, работнікам інстытута давялося правесці вялікую работу, каб заручыцца падтрымкай аўтарытэтных людзей і арганізацый. Справа ў тым, што ў свеце існуе звыш 730 кафедраў ЮНЕСКА, але рэальна працуюць не ўсе. Таму зараз новыя кафедры амаль не адкрываюцца, а калі і адкрываюцца, то з сур’ёзным папярэднім адборам.
Кафедра ЮНЕСКА ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР з’явілася дзякуючы таму, што ёсць значны задзел у вырашэнні існуючых праблем і цэлая каманда людзей, якія імкнуцца пашырыць доступ моладзі з асаблівымі патрэбамі да якаснай адукацыі.
Так, з 2012 года наладжана супрацоўніцтва ІТТ БДУІР з Інстытутам ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях у адукацыі (Масква). Былі падрыхтаваны праекты дзвюх сумесных навукова-даследчых работ, адна з якіх — “Інфармацыйна-адукацыйны партал для асоб з абмежаванымі магчымасцямі (слыху, апорна-рухальнага апарату)” — прайшла ўзгадненне і прынята да распрацоўкі.
У маі 2013 года падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з Акадэміяй Мадэрн ТРВЗ — тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач (Берлін), разам з якой плануецца развіваць новы ў міжнароднай практыцы напрамак адукацыі ― падрыхтоўку вынаходнікаў з ліку асоб з абмежаванымі магчымасцямі.
Пры падтрымцы прадстаўніцтва Міжнароднай інжынернай акадэміі падрыхтаваны праект “Нефармальная адукацыя асоб з абмежаванымі магчымасцямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій” для падачы ў Праграму падтрымкі Беларусі Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB).
Распачынаецца цеснае супрацоўніцтва БДУІР з Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя М.Э.Баўмана, у прыватнасці галоўным вучэбна-даследчым і метадычным цэнтрам прафесійнай рэабілітацыі асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя (інвалідаў па слыху) гэтага ўніверсітэта. МДТУ — першы ў свеце ўніверсітэт тэхнікі і тэхналогій, які ў сістэме бесперапыннай шматузроўневай прафесійнай адукацыі паспяхова рэалізоўвае спецыяльныя адукацыйна-рэабілітацыйныя праграмы інжынернай адукацыі грамадзян са зніжаным слыхам і глухіх. Ужо ёсць узаемная дамоўленасць аб сумесных даследаваннях, распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння і адукацыйных рэсурсаў, стварэнні інтэрактыўнай жэставай базы тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца пры вывучэнні дысцыплін інжынерна-тэхнічнага і IT-профілю, абмене і стажыроўках выкладчыкаў і студэнтаў з парушэннямі слыху.
“Мне было вельмі крыўдна, калі я прыехаў у гэты цэнтр і ўбычыў, што там навучаецца ў тым ліку і беларуская моладзь, якой мы не змаглі стварыць адпаведныя ўмовы на радзіме, — гаворыць Рыгор Міхайлавіч. — Для іх там ёсць усе прывілеі: месца ў інтэрнаце, стыпендыя, бясплатны праезд у транспарце, поўны камплект камп’ютарнай і аргтэхнікі, бясплатны доступ ва ўсе тэлекамунікацыйныя сеткі. Пры гэтым навучанне бясплатнае. Выкладчыкі ў аўдыторыях абавязкова працуюць з сурдаперакладчыкамі, якія ведаюць тэхнічную тэрміналогію. У кожнага ёсць спецыяльная кліпса з узмацняльнікам гуку і радыёконтур, па якім трансліруецца маўленне. Вісяць экраны, што дазваляе студэнтам з любога месца бачыць твар выкладчыка, каб яшчэ і з вуснаў счытваць інфармацыю”.
Згаданы цэнтр у МДТУ дзейнічае больш як 80 гадоў, і там ёсць усё — тэхнічнае абсталяванне, методыкі, распрацавана ўся тэхнічная тэрміналогія для спецыяльнай жэставай мовы. Дарэчы, гэта адна з прычын, чаму БДУІР не можа прымаць на вучобу абсалютна глухіх: нават калі і з’явяцца сурдаперакладчыкі, іх яшчэ трэба будзе навучыць карыстацца тэхнічнай жэставай мовай. Фактычна яны павінны быць спецыялістамі ў галіне навукі і тэхнікі. Задача адна з найскладанейшых.
“Такім чынам, мы ведаем, куды нам імкнуцца, — гаворыць Рыгор Міхайлавіч. — Самім зрабіць такі рывок нам не па сілах, трэба кааперавацца ў міжнародныя праграмы, і ў гэтым сэнсе кафедра ЮНЕ СКА дае нам вялікія магчымасці. Цяпер мы можам атрымліваць прагрэсіўныя тэхналогіі і нават фінансаванне. Праўда, для гэтага павінна прайсці гады два, каб у ЮНЕСКА пераканаліся, што мы стварылі не фармальную структуру, а працуем і маем пэўныя вынікі. Пакуль жа вядзецца работа за ідэю, за кошт уласнага часу. Але спадзяёмся, што будзе плён і ў хуткім часе мы зможам прымаць на вучобу не толькі людзей са зніжаным слыхам, але і цалкам глухіх, і інвалідаў-калясачнікаў. Як з Мінска, так і з іншых гарадоў і мястэчак”.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.