Яны правучыліся разам толькі два тыдні, але студэнтаў-першакурснікаў ужо аб’яднала агульная справа. Прычым дабрачынная. Пяты раз на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшла выстава-кірмаш “Беларусь хлебасольная”.
— Калі першы раз ладзілі гэтае мерапрыемства, то хацелі, каб студэнты 1 курса лепш пазнаёміліся і аб’ядналіся агульнай справай, а яшчэ ставілі мэту паказаць традыцыю факультэта — работу валанцёрскіх атрадаў і правядзенне дабрачынных акцый, — расказвае дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава. — На грошы, якія збіраюцца на кірмашы, у тым ліку і ад продажу прысмакаў, набываем неабходныя рэчы для выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Мы бываем там з 2012 года. Вось і пасля цяперашняга кірмашу студэнты паедуць у Васілішкі.
Народныя строі, сталы, застаўленыя прысмакамі, прыпеўкі і запрашэнне гасцей. “Чалавек галодны — ні на што не годны”, “Беларусь хлебасольная, як зямля жытам поўная”, “Частуйцеся на здароўе” — заклікі гучалі наперабой ад кожнай групы.
Усяго ў дабрачынным кірмашы ўзялі ўдзел 17 груп. Да першакурснікаў далучыліся студэнты 2 і 3 курсаў. Журы ўзначаліла дэкан факультэта, у яго склад увайшлі і студэнты — прадстаўнікі прафбюро, першаснай арганізацыі БРСМ і студэнцкага самакіравання. Ацэньваліся касцюмы, афармленне стала, разнастайнасць страў, іх прадстаўленне і, безумоўна, смак. Быў праведзены конкурс і сярод зазывал. І, дарэчы, на сталах былі не толькі беларускія стравы, студэнты з Туркменістана згатавалі свае нацыянальныя прысмакі.
Пакуль журы выконвала нялёгкую справу судзейства, студэнты бавілі час песнямі, танцамі, хто іграў на гітары, хто — на гармоніку.
Лепшай стала група 173 спецыяльнасці “Правазнаўства”. Студэнты расказваюць, што рыхтавацца да конкурсу было вельмі цікава. Юля Кугач згатавала бульбяныя клёцкі з мясам па маміным рэцэпце. Таня Яўсеенка — журавінавы кісель. Дзяніс Дубята, каб выглядаць як сапраўдны беларускі гаспадар, па народны касцюм з’ездзіў у родную гімназію Шчучына. Лізавета Масліневіч падзялілася, што сума грошай, якую назбіралі для дзяцей з Васілішак, даволі значная.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.