Усе ведаюць знакамітае выказванне Канфуцыя: “Выберы сабе работу па душы, і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў жыцці”. Простая, здавалася б, рэч — зрабіць сваё захапленне прафесіяй, але вопыт многіх пакаленняў паказвае, што гэта не так лёгка ўвасобіць. І праблема нават не ў тым, каб разабрацца, да чаго ляжыць душа. Часта трэба мець сапраўдную смеласць, каб адстаяць сваё права займацца тым, што любіш.
Сёння ў грамадстве і, адпаведна, у многіх сем’ях ёсць устойлівае меркаванне аб прэстыжнасці тых ці іншых спецыяльнасцей, і яны настойліва дыктуюць моладзі сваё бачанне. Калі дзіця ведае фізіку і разбіраецца ў матэматыцы — бацькам зразумела, што трэба ісці ў ІТ. Дзіця мае гуманітарны склад мыслення? Тады міжнародныя адносіны. У залежнасці ад набраных балаў з’яўляюцца іншыя варыянты паступлення, але мэта вядомая — падабрацца як мага бліжэй да топавых спецыяльнасцей.
А калі дзіця выбірае непрэстыжную, на думку грамадскасці, спецыяльнасць, то гэта прынамсі выклікае пытанні. Летась у БДПУ імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка” прыйшла дзяўчына, у якой было 356 балаў. У яе ледзь інтэрв’ю не бралі: чаму яна з такімі вынікамі ідзе ў педагагічны? Тое ж тычыцца пераможцаў алімпіяд, якія могуць паступіць куды заўгодна, аднак, здараецца, ідуць на спецыяльнасці з нізкімі прахаднымі баламі, бо яны ім падабаюцца. Пры гэтым дзецям даводзіцца амаль што апраўдвацца за свой усвядомлены выбар.
Выбіраючы не хуткія грошы, не ўяўны прэстыж, а менавіта тую самую работу для душы, пра якую 2,5 тысячагоддзя назад казаў Канфуцый, абітурыенты спадзяюцца, што будучая прафесія прынясе ім радасць. Наколькі правільны такі разлік? Хочацца думаць, што тая першапачатковая энергія, з якой пачнуць вучобу і кар’еру маладыя людзі, дасць ім імпульс да вялікага поспеху.
Фізічны факультэт БДУ — адзін з тых, куды пераважная большасць абітурыентаў прыходзіць па прызванні. Каб асвойваць складаныя навукаёмістыя спецыяльнасці, трэба не толькі ведаць фізіку, але і любіць яе, бачыць сваё месца ў гэтай навуцы. Пра студэнтаў-фізфакаўцаў і іх прафесійныя перспектывы гутарым з намеснікам дэкана Мікалаем ГАРБАЧУКОМ.
— Мікалай Іванавіч, фізічны факультэт перажываў розныя часы: быў тут і абітурыенцкі бум, былі і спады. У апошнія гады сітуацыя, здаецца, стабілізавалася (ёсць конкурс, і прахадныя балы на фізічныя спецыяльнасці зусім не нізкія), але ў часавай перспектыве бачна: маладыя людзі ўсё часцей выбіраюць больш прыземленыя сферы дзейнасці. Ці можна казаць, што працэнт здольных да навукі людзей змяншаецца, або гэта выключна сацыяльная з’ява?
— На шчасце, працэнт людзей, якія маюць схільнасць да навукі, пастаянны на працягу некалькіх стагоддзяў. А вось калі гаварыць пра сфарміраванае жаданне працягваць сваю дзейнасць у галіне фізічнай навукі, то працэнт жадаючых сапраўды змяншаецца. Зрэшты, нічога фатальнага тут няма, гэта аб’ектыўна і, можна сказаць, нармальна. Патрэба эканомікі ў спецыялістах-фізіках усё ж такі меншая, чым патрэба ў інжынерах, рабочых ці занятых у сферы абслугоўвання.
На сітуацыю з наборам на фізічны факультэт уплываюць шматлікія фактары. Па-першае, гэта абмежаванасць кантынгенту, які жадае звязаць сваё жыццё з навукай. І тут немалаважную ролю адыгрывае дэмаграфічны спад. Па-другое, трэнды ў меркаваннях бацькоў. Падкрэслю: не абітурыентаў, а менавіта бацькоў. Адпаведна, калі ёсць трэнд на атрыманне “дыпламатычнай” (эканамічнай, юрыдычнай) адукацыі, то ён дзейнічае даволі працяглы час. Гэта значыць, што калі 50% абітурыентаў выбіраюць адукацыю па згаданых напрамках, то на ўсе астатнія напрамкі застаецца 50%.
— Фізічны факультэт мусіць канкурыраваць з ІТ-спецыяльнасцямі, дзе абітурыенты прадстаўляюць аналагічны набор сертыфікатаў ЦТ (мова, фізіка, матэматыка). Наколькі гэта праблема — для факультэта, які хоча прыняць лепшых, і для абітурыентаў, якія вагаюцца ў сваім выбары?
— Захапленне ІТ не супрацьпастаўляе і не выключае заняткаў фізікай (як і фізіка не антаганіст ІТ). Гаворка ідзе толькі пра сферу прыкладання працоўных рэсурсаў. І высокія конкурсы на ІТ-спецыяльнасці не азначаюць спаду папулярнасці прародазнаўчых навук. Яны сведчаць пра жаданне абітурыентаў займацца тым, што можа прынесці ў найбліжэйшай будучыні гарантаваны даход.
Перавага ІТ у тым, што пры цяперашняй сітуацыі на рынку працы і ў эканоміцы нават студэнты могуць атрымліваць прымальную зарплату за выкананне простых функцыянальных абавязкаў. У нашай сферы прыбыткі не настолькі хуткія, але фізікі таксама могуць нядрэнна зарабляць. Па вялікім рахунку, зарплата залежыць не ад роду дзейнасці, а ад прафесійнага ўзроўню, якога дасягнуў чалавек.
Мы заўсёды кажам студэнтам: “Пад ляжачы камень вада не цячэ”. Навукаёмістая прадукцыя распрацоўвалася і будзе распрацоўвацца, а значыць, фізікі заўсёды будуць запатрабаваны.
— Адным з самых вядомых выпускнікоў фізічнага факультэта БДУ з’яўляецца заснавальнік кампаніі Wargaming стваральнік сусветна вядомай гульні World of Tanks Віктар Кіслы. У сваіх інтэрв’ю ён прызнаваўся, што менавіта фізіка дапамагла яму зразумець працэсы мадэлявання і ў выніку гэта прывяло да поспеху. Скажыце, увогуле шмат вашых выпускнікоў ідуць працаваць у ІТ-сферу?
— Нашы выпускнікі працуюць у розных сферах, у тым ліку ў ІТ. Але не магу сказаць, што гэта масавая з’ява. У ІТ патрабуецца шмат спецыялістаў, якія ўмеюць вельмі хутка рабіць тую справу, якой навучаны. У гэтым выпадку патрэбен набор навыкаў, адпрацаваных да аўтаматызму. А фізікі — людзі творчыя, і ім нязручна працаваць “на канвееры”, іх падрыхтоўка не накiравана на адпрацоўку метадаў стандартнага праграмавання. Затое ў іх больш шырокі кругагляд, яны ведаюць фундаментальныя прынцыпы і могуць прасцей пераключацца на рашэнне новых творчых задач.
Па гэтай прычыне многія нашы выпускнікі, якія не ідуць у навуку, працуюць у невялікіх кампаніях, дзе займаюцца распрацоўкай рознай навукаёмістай прадукцыі. Такія кампаніі мабільныя, лёгка бяруцца за выкананне маленькіх заказаў, дзеля чаго могуць хутка мяняць і метадалогію, і тэхналогію работы. Яны вельмі стрэсаўстойлівыя і адаптыўныя да патрэб рынку. Напэўна, за такімі кампаніямі будучыня, і нашы выпускнікі вельмі добра ўпісваюцца ў такія сучасныя мабільныя структуры.
— Я чула меркаванне, што абітурыенты, якія прыходзяць на факультэт з нізкімі баламі, маюць усе шансы стаць паспяховымі фізікамі. Ёсць тут рацыя?
— Так яно і ёсць, прычым гэта аднолькава прымяняецца як да фізікі, так і да іншых сфер навукі. Нізкі бал — усяго толькі нізкі бал. Аналагічна няма ніякай гарантыі, што пераможца сусветнай алімпіяды стане вялікім фізікам. У выніку ўсё вызначаецца зацікаўленасцю, упартасцю і працавітасцю чалавека.
Зусім ужо двоечнікаў не ўзгадаю (такія на факультэце не затрымліваюцца), але памятаю студэнта, які скончыў універсітэт у 2005 годзе. Зрэшты, ён якраз і быў пераможцам алімпіяды, але на 3 курсе, калі я выконваў абавязкі куратара ў яго групе, сесію той студэнт здаў на адны “тройкі” (па пяцібалцы), а ўніверсітэт скончыў з сярэднім балам ніжэй за 4. Апошні раз мы сустрэліся гадоў 5 назад. На той час ён ужо абараніў дысертацыю і паспяхова працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук.
Быў у нас яшчэ адзін студэнт, які на першых курсах перабіваўся з “пяцёркі” на “шасцёрку” (ужо па дзесяцібалцы), потым пачаў вучыцца лепш. І таксама ўжо абараніў дысертацыю, зараз выкладае ва ўніверсітэце.
Поспех не вызначаецца тым, кім студэнт быў да паступлення. У нас былі студэнты, якія паспяхова ішлі ў навуку, не з’яўляючыся ні ліцэістамі, ні медалістамі, ні алімпіяднікамі. У той жа час былі пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню, якія не паказвалі нічога асаблівага.
— Зорная хвароба?
— Каштоўнасці чалавека вызначаюцца кожным днём яго жыцця. Таму што атрымалася, тое атрымалася.
— Як мне здаецца, эканомікай ці філасофіяй можна заняцца ў любы момант жыцця, а вось вывучаць фізіку (нават па прычыне адсутнасці завочнай формы) трэба ў пэўны жыццёвы перыяд, пасля школы. Або ў вас ёсць прыклады, калі дарослыя ўжо людзі прыходзяць на фізічны факультэт выправіць памылку маладосці і атрымаць фізічную адукацыю?
— Ведаеце, ёсць такія прыклады. Літаральна нядаўна я гутарыў з вельмі ўзроставым абітурыентам, які хацеў паступаць на фізфак. Аднак я параіў яму лепш ісці на механіка-матэматычны, бо ў нас сапраўды няма завочнага навучання.
І нават на поўны дзённы курс да нас прыходзяць вучыцца дарослыя ўжо людзі. Напрыклад, зараз на 1 курсе вучыцца выпускнік лінгвістычнага ўніверсітэта.
— Мікалай Іванавіч, вы праводзіце шмат прафарыентацыйных акцый для школьнікаў. Што вы ім раіце наконт выбару прафесіі?
— Вядома, мы б хацелі, каб больш дзяцей выбіралі фізіку, але не бяром на сябе адказнасць заклікаць менавiта на фiзiчны факультэт. Хутчэй стараемся выклікаць у дзяцей цікавасць да прыродазнаўчых навук, увогуле цікавасць да пазнання.
Адзінае, што магу ўпэўнена сказаць дзецям: калі вы выберыце фізіку, то ўсё жыццё вам будзе нясумна. І калі ўжо ўспамінаць цытаты, то мне падабаецца менш паэтычнае, чым у Канфуцыя, але больш дакладнае выказванне, якое прыпісваецца Томасу Эдысану: “У мяне не было рабочых дзён і дзён адпачынку. Я проста рабіў справу і атрымліваў ад гэтага задавальненне”.
— Скажыце, што неабходна ведаць абітурыенту, каб не толькі паступіць на фізічны факультэт, але і стаць паспяховым студэнтам?
— Парада вядомая: не рыхтуйцеся да ЦТ, а вучыце фізіку і матэматыку. Мы заўсёды гаворым гэта на сустрэчах з абітурыентамі, але, на жаль, мала хто прыслухоўваецца. Так і цяпер 80% нашых з вамі чытачоў будуць вырашаць найбліжэйшую задачу: атрымаць неабходныя для паступлення балы на ЦТ. Апошнiя школьныя год — паўтара, калі закладваюцца асновы фізіка-матэматычных ведаў, абітурыенты нацэлены не на творчае рашэнне задач, а на простае ўзнаўленне інфармацыі. Натуральна, гэта потым адбіваецца на вучобе ва ўніверсітэце.
Тым маладым людзям, якія не засяроджваліся на тэстах, а ўдумліва спасцігалі фізіку, вучыцца ва ўніверсітэце і лягчэй, і цікавей. Яны хутка ўключаюцца ў працэс і атрымліваюць ад гэтага сапраўдную асалоду.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ірыны ІВАШКА.