З гарбатай не сумуем

15 верасня адзначаўся Дзень бібліятэк Беларусі. З гэтай нагоды Фундаментальная бібліятэка БДУ падрыхтавала для сваіх чытачоў цэлы шэраг актыўнасцей.

У прыватнасці, была абвешчана любімая ў студэнтаў акцыя — “Дзень вернутай кнігі”, якая дазволіла здаць затрыманую літаратуру без выплаты запазычанасці. А на тэматычнай сустрэчы “У свята з гарбатай не сумуем” кожнаму наведвальніку бібліятэкі ў галоўным корпусе БДУ прапаноўвалі гарачыя напіткі і пачастункі. 

У бібліятэчных залах факультэтаў прайшлі тэматычныя кніжныя выставы. Так, у экспазіцыю “З кнігай праз стагоддзі” ўвайшлі выданні, прысвечаныя гісторыі бібліятэкі і сучаснаму развіццю бібліятэчнай справы. Класіку айчыннай і сусветнай мастацкай літаратуры, а таксама навуковыя і вучэбныя выданні вучоных БДУ і замежных універсітэтаў прапанавалі на выставе “Бібліятэкі — скарбніцы ўсіх багаццяў чалавечага духу”.

Дзень бібліятэк Беларусі адзначаецца ў краіне з 2001 года. Устаноўленая дата — 15 верасня — гэта дзень заснавання Нацыянальнай бібліятэкі. Дарэчы, яе аснову склалі кніжныя фонды бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Акрамя таго, кожны жадаючы мог прыняць удзел у акцыі “Падары кнігу бібліятэцы” і перадаць літаратуру ў фонд бібліятэкі філалагічнага факультэта. 

Да Дня бібліятэк  Беларусі Фундаментальная бібліятэка БДУ алічбавала і размясціла ва ўніверсітэцкім рэпазіторыі бібліяграфічныя звесткі работ вучоных БДУ за 1959—1970 гг. па фізіцы, хіміі, матэматыцы і вылічальнай тэхніцы.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.