Заўсёды сучасная адукацыя

Архітэктурна-будаўнічы каледж у складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта добра вядомы на Магілёўшчыне. У сваім профілі гэта адна са старэйшых устаноў адукацыі краіны. Упершыню каледж расчыніў свае дзверы перад навучэнцамі 90 гадоў назад. За час свайго існавання ён не раз мяняў статус, але якасць падрыхтоўкі кадраў тут заўсёды заставалася нязменна высокай.

З арыентацыяй на рынак працы

Сёння каледж ажыццяўляе навучанне па шасці разнапланавых спецыяльнасцях. З яго сцен выходзяць прафесійныя архітэктары, будаўнікі, тэхнікі-тэхнолагі, сантэхнікі. Прапанаваныя для навучання кваліфікацыі перыядычна абнаўляюцца з улікам патрэб рынку працы.

— Мы імкнёмся, каб усе нашы спецыяльнасці адпавядалі сучасным рэаліям, былі запатрабаванымі, таму перыядычна іх абнаўляем. Напрыклад, за апошнія гады былі адкрыты спецыяльнасці “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў” і “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў”. Уводзячы новыя кваліфікацыі, зыходзім з таго, каб максімальна поўна выкарыстоўваць матэрыяльную базу і патэнцыял педагогаў каледжа. Улічваем і запыты заказчыкаў кадраў. Калі бачым, што ў рэгіёне ёсць патрэба ў пэўных спецыялістах, адкрываем адпаведны набор. Традыцыйныя спецыяльнасці таксама рэгулярна абнаўляем, карэкціруем вучэбныя праграмы ў адпаведнасці з тэхналагічнымі змяненнямі ў будаўнічай галіне. І, што важна, робім гэта разам з заказчыкамі кадраў. Яны ўносяць свае прапановы, выказваюць меркаванні наконт таго, як палепшыць ­якасць адукацыі, — паведаміў дырэктар архітэктурна-будаўнічага каледжа К.А.Башаркін.

Вынікам такога супрацоўніцтва стала арганізацыя экскурсій на прадпрыемствы. Такія выезды раз на год ажыццяўляе кожная вучэбная група каледжа. Гэта спрыяе фарміраванню прафесійнага светапогляду будучых спецыялістаў, дазваляе ім на справе ўбачыць, для чаго канкрэтна патрэбна вывучэнне той ці іншай дысцыпліны.

— Усебаковае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў дазваляе нам рыхтаваць канкурэнтаздольных, неабходных эканоміцы спецыялістаў. У выніку мы не маем праблем з размеркаваннем выпускнікоў. Арганізацыі ахвотна бяруць іх на працу, а нам дзякуюць за якасць іх падрыхтоўкі, — адзначыў Канстанцін Андрэевіч.

Шырокі выбар прафесій у сукупнасці з пераемнасцю навучання і эфектыўна нала­джанай прафарыентацыйнай работай дазваляе каледжу пазбягаць праблем і з выкананнем планаў набору. У першакурсніках недахопу няма. Большасць абітурыентаў загадзя арыентаваны працягваць адукацыю менавіта ў архітэктурна-будаўнічым кале­джы і па канкрэтна вызначанай спецыяльнасці.

— На вучобу ў каледж ішоў свядома, — падзяліўся навучэнец Мікіта Маісеенка. — Мяне падтрымалі родныя, бо я выбраў запатрабаваную спецыяльнасць, якая адкрывае шырокія прафесійныя перспектывы.

— А я спачатку разглядаў для навучання іншыя ўстановы адукацыі, але пасля зразумеў, што мая прафесія павінна быць звазана з будаўнічай галіной. Прыйшоў у наш каледж і ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Вучыцца тут вельмі цікава. У нас цудоўныя педагогі, насычанае студэнцкае жыццё. Важна і тое, што пасля заканчэння каледжа можна працягнуць навучанне ва ўніверсітэце па скарочанай праграме. Менавіта так я і планую зрабіць, — дадаў яшчэ адзін навучэнец Данііл Штаба.

Будучыя архітэктары Валерый Макаранка і Максім Аніськоў таксама ішлі ў каледж мэтанакіравана. У далейшым хлопцы плануюць працаваць толькі па прафесіі, у іх маштабныя кар’ерныя планы.

— Прафесія архітэктара ўнікальная і вельмі запатрабаваная, бо будаўнічая сфера ў нашай краіне актыўна развіваецца. Да нас прыходзяць вельмі матываваныя маладыя людзі, якія ўжо маюць уяўленні аб гэтай працы і імкнуцца стаць добрымі спецыялістамі, — расказаў выкладчык В.А.Маскалёў.

Педагагічны калектыў імкнецца ўсяляк падтрымліваць цікавасць патэнцыяльных абітурыентаў. Ва ўстанове выбудавана эфектыўная сістэма прафарыентацыйнай работы. Старшакласнікі тут частыя госці. Для іх пастаянна арганізуюць разнастайныя мерапрыемствы, якія пераконва­юць моладзь у тым, што навучанне ў кале­джы — гэта прэстыжна і перспектыўна.

Навучанне — якаснае і эфектыўнае

Архітэктурна-будаўнічы каледж інтэнсіўна развіваецца. Дасягнуўшы пэўных поспехаў, тут імкнуцца да далейшых здзяйсненняў.

— Адна з галоўных задач — павышэнне якасці адукацыі. Стараемся стварыць усе неабходныя ўмовы для таго, каб навучэнцы змаглі стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, — падкрэсліў дырэктар К.А.Башаркін.

Належным чынам ажыццяўляць адукацыйны працэс у каледжы дазваляе добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Вучэбныя кабінеты, лабараторыі, майстэрні тут падтрымліваюцца ў актуальным стане і перыядычна абнаўляюцца. Нярэдка ініцыятыву ў гэтым плане праяўляюць самі выкладчыкі. Так, дзякуючы маладому педагогу Вользе Аляксандраўне Шаталавай, ва ўстанове з’явілася сучасная вучэбная лабараторыя гідраўлікі і аэрадынамікі, электратэхнікі і электронікі.

— Са з’яўленнем лабараторыі навучэнцы атрымалі магчымасць на практыцы адтачыць навыкі абслугоўвання інжынерных сістэм жылога дома. На спецыялізаваных стэндах яны вучацца мантажу сантэхнічнага абсталявання, знаёмяцца з асновамі гідраўлікі. Гэта дазваляе навучэнцам стаць сапраўды кваліфікаванымі спецыялістамі. Дарэчы, у выпускнікоў шырокі выбар у працаўладкаванні. Яны могуць знайсці сябе ў будаўніцтве, абслугоўванні і эксплуатацыі інжынерных сістэм, сферы ЖКГ, добраўпарадкаванні і азеляненні, — паведаміла В.А.Шаталава.

Патэнцыял матэрыяльна-тэхнічнай базы каледжа эфектыўна выкарыстоўваецца ўсім педагагічным калектывам. Зараз тут працуюць 60 выкладчыкаў — усе выключныя прафесіяналы, якія штодня стараюцца дапамагчы навучэнцам знайсці сябе і сваё месца ў жыцці.

— Наш калектыў — гэта ідэйныя педагогі, сапраўдныя энтузіясты, якія гараць сваёй прафесіяй. Кожны выкладчык праводзіць заняткі з душой, не лічыцца з уласным часам. Навучэнцы гэта бачаць і заўсёды з жаданнем ідуць на вучобу, — адзначыў Канстанцін Андрэевіч.

Па яго словах, асабліва плённа працу­юць Марыя Ігараўна Левашова, Вольга Аляксанд­раўна Шаталава, Іна Рыгораўна Марудзіна, Ціна Мікалаеўна Філіпава, Святлана Міхайлаўна Жабрак.

Педагогі імкнуцца да павышэння асабістага прафесійнага ўзроўню і разам працуюць над укараненнем у адукацыйны працэс перадавых адукацыйных тэхналогій. Як вынік — каледж часта становіцца пляцоўкай для рэалізацыі рэспубліканскіх эксперыментальных і інавацыйных праектаў. Так, сёлета тут скончылі работу над праектам “Укараненне мадэлі дыстанцыйнага навучання пры падрыхтоўцы спецыялістаў ва ўстановах прафесійнай адукацыі”. У гэтым кірунку педагогі зрабілі шмат напрацовак. Зараз яны рыхтуюць да друку адпаведныя метадычныя рэкамендацыі.

Выкладчыкі актыўна ўкараняюць у вучэбны працэс інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Не так даўно па загадзе Міністэрства адукацыі каледж стаў эксперыментальнай пляцоўкай па тэме “Распрацоўка і апрабацыя методыкі навучання тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання будынкаў (BIM) пры падрыхтоўцы спецыялістаў будаўнічага профілю”.

Вялікую ўвагу ў каледжы ўдзяляюць практычнаму навучанню. Заняткі праводзяць як у майстэрнях, так і непасрэдна на вытворчасці.

— Гэта дазваляе пазбегнуць адарванасці навучэнцаў ад рэальных вытворчых працэсаў і, адпаведна, зрабіць іх прафесійную падрыхтоўку больш якаснай, — упэўнены кіраўнік каледжа К.А.Башаркін.

Вучацца і ўсебакова развіваюцца

У архітэктурна-будаўнічым каледжы ўпор робяць не толькі на прафесійнае навучанне, але і на раскрыццё талентаў, здольнасцей навучэнцаў. Тут дзейнічаюць шматлікія аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі рознай накіраванасці. Гэта дае магчымасць кожнаму падлетку выбраць занятак па душы, рэалізаваць сябе ў тым, што яму падабаецца. У каледжы арганізуецца шмат актыўнасцей, якія развіваюць у моладзі духоўнасць, культуру, імкненне да здаровага ладу жыцця.

Пра эфектыўнасць выхаваўчай работы педагагічнага калектыву лепш за ўсё гаво­раць дасягненні навучэнцаў. Яны пастаянныя прызёры абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, абласной круглагадовай спартакіяды навучэнцаў устаноў ССА, такіх вядомых маладзёжных спаборніцтваў, як “ТэхнаІнтэлект”, WorldSkills і іншыя.

Разам — да ўдасканалення працы

Добрасумленная работа педагогаў каледжа таксама не застаецца без увагі. Многія з іх узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых улад, асобныя выкладчыкі з’яўляюцца лаўрэатамі конкурсу “Лепшы па прафесіі”.

Кіраўніцтва ўстановы ўсяляк заахвочвае любыя імкненні да высокіх вынікаў у працы, творчасці ці вучобе. Лепшыя прадстаўнікі каледжа заўсёды адчуваюць моцную маральную падтрымку, а таксама для іх прадугле­джаны матэрыяльныя прыбаўкі да зарплаты або стыпендыі. Гэта шмат у чым стымулюе педагогаў і навучэнцаў на поспехі.

У архітэктурна-будаўнічым кале­джы плённа працуюць практычна па ўсіх напрамках. Сёння педагагічны калектыў установы можа ганарыцца сваёй паспяховай дзейнасцю. Але тут не прывыклі спыняцца на дасягнутым. На думку кіраўніцтва, імкнуцца па-ранейшаму ёсць куды. Таму ў каледжы абазначаны новыя мэты, да дасягнення якіх зноў будуць ісці сумеснымі, зладжанымі намаганнямі.

У архітэктурна-будаўнічым каледжы можна атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасцях:
 “Архітэктура”;
 “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”;
 “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”;
 “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў”;
 “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”;
 “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.