Гэтым людзям падуладны каштоўныя металы і камяні. І які б капрызны характар ні быў у высакародных багаццяў зямлі, як бы цяжка ні было іх апрацоўваць, гэтыя майстры здолеюць саўладаць з імі і стварыць сапраўднае ўпрыгажэнне. Напэўна, вы здагадаліся: размова ідзе пра майстроў ювелірных спраў. Нягледзячы на тое, што вырабы гэтых людзей мы часта бачым на вітрынах, якія так любяць разглядаць жанчыны, мы вельмі мала ведаем аб іх рабоце. І не кожны скажа, дзе можна вывучыцца на ювеліра.
Адзін выраб — розныя ювеліры
Каб даведацца аб асаблівасцях работы сучаснага ювеліра, я накіравалася на ювелірны завод ZORKA, што ў Мінску.
“У рабоце ювеліра на заводзе і рабоце ў майстэрні ёсць як агульнае, так і адрознае”, — гаворыць Андрэй Серафімавіч Юшын, ювелір старой загартоўкі з вялікім вопытам работы. Пра яго вопыт гаворыць і 6-ты, найвышэйшы, разрад. Зараз майстар стварае ўпрыгажэнні на заводзе, аднак на яго рахунку і работа ў ювелірнай майстэрні. Што мае на ўвазе Андрэй Серафімавіч, калі гаворыць пра адрознае і агульнае? У майстэрні ўсё робіць адзін ювелір: ад распрацоўкі і падбору эскіза да яго ўвасаблення ў метале. На заводзе іншая сістэма. Кожны адказвае за свой участак работы, што дазваляе сэканоміць час вырабу ўпрыгажэння.
Сярод ювеліраў вылучаюць, напрыклад, ювеліраў-манціроўшчыкаў, якія збіраюць упрыгажэнні, як канструктар, ювеліраў — замацоўшчыкаў камянёў, ювеліраў-паліроўшчыкаў. На заводзе гэта розныя людзі. Тым не менш яны часта ўмеюць выконваць работу сваіх калег па іншым цэху.
Для таго каб было што манціраваць і паліраваць, неабходна зрабіць нарыхтоўкі (дэталі спачатку адліваюць з воску, а пасля ўжо з расплаўленага металу).
“Спатрэбіцца цярпенне. Працаваць трэба з дробнымі рэчамі, пайка гэта будзе ці замацоўванне — не мае значэння. Усе этапы стварэння ювелірнага вырабу патрабуюць ад чалавека вялікай уседлівасці. На гэта не кожны здатны”, — гаворыць Андрэй Юшын. Зараз Андрэй Серафімавіч працуе ювелірам-манціроўшчыкам. У ранейшыя часы ён распрацоўваў і эскізы. “У майстэрні я таксама працаваў як дызайнер, — расказвае суразмоўца. — Былі сітуацыі, калі з заказчыкам праседжваў палову дня, абклаўшыся каталогамі, малюнкамі”.
На заводзе сітуацыя іншая. Над стварэннем эскізаў, якія будуць разглядацца мастацкім саветам, працуюць дызайнеры. І толькі той эскіз, які атрымлівае дабро, можа стаць рэальным вырабам.
Навучыць ювелірнай справе могуць і непасрэдна на ювелірных заводах. Там арганізоўваюць спецыяльныя курсы для ўсіх жадаючых, незалежна ад атрыманай раней спецыяльнасці ці вопыту работы. Галоўнае, каб у чалавека былі ўседлівасць і жаданне вучыцца.
Асвоіць гэтую прафесію дапамогуць і вопытныя ювеліры, якія працуюць у майстэрнях. Адпаведныя аб’явы можна сустрэць у інтэрнэце ці проста ў горадзе.
Зараз на заводзе шмат сучаснага абсталявання, з дапамогай якога можна рабіць алмазную і лазерную рэзку, гравіроўку, што надае ўпрыгажэнням адметнасць.
Аднак, як патлумачылі на заводзе, нават у наш тэхналагічны час гэта не адмяняе ўмельства чалавечых рук і арыгінальнасці чалавечай ідэі. Ювелірная вытворчасць нават у заводскіх маштабах у якойсьці меры ўсё роўна застаецца ручной: манціроўка, замацоўванне камянёў, паліроўка патрабуе сапраўднага майстэрства ювеліра.
Падрыхтавала Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена ювелірным заводам ZORKA.