Заўсёды на сувязі людзі і рэчы

Крыху больш за месяц прайшло з таго часу, як Вышэйшы каледж сувязі змяніў свой статус. Гэта быў апошні вышэйшы каледж краіны. Зараз на шыльдзе гэтай установы адукацыі можна прачытаць: “Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі”. Такія перамены былі прадказальнымі і чаканымі. Хутчэй за ўсё, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі сярод відаў навучальных устаноў ужо не будзе пазначаны вышэйшы каледж. Да таго ж па многіх крытэрыях каледж сувязі адпавядаў такому віду ўстановы адукацыі, як акадэмія.
Аб магчымасцях, якія адкрываюцца перад установай адукацыі і яе навучэнцамі са змяненнем статусу, мы пагутарылі з кіраўніцтвам акадэміі сувязі: прарэктарам па вучэбнай рабоце Аленай Аркадзьеўнай Кудрыцкай, дэканам факультэта павышэння кваліфікацыі Алегам Рэанальдавічам Хадасевічам, дырэктарам Інстытута сучасных тэхналогій сувязі Яўгенам Уладзіміравічам Новікавым і прарэктарам па навуковай рабоце Алегам Канстанцінавічам Бараноўскім. У размове мы не маглі абмінуць і тыя працэсы, што адбываюцца ў сферы сувязі, якая апошнім часам развіваецца вельмі актыўна.

— Паняцце сувязі мае шырокае сэнсавае напаўненне, нават калі з кантэксту становіцца зразумелым, што абазначае яно перадачу інфармацыі на адлегласці. Якія азначэнні мае гэтае паняцце ў адносінах да акадэміі?
Алег Хадасевіч. Каб вам і чытачам стала зразумела, прывяду такі прыклад. У свеце функцыянуе дзве вялікія арганізацыі, якія адказваюць за сувязь. Гэта Міжнародны саюз электрасувязі і Сусветны паштовы саюз. Пад электрасувяззю разумеецца перадача інфармацыі пры дапамозе тэлекамунікацыйных тэхналогій (па валаконна-аптычным, металічным кабелі, а таксама пры дапамозе выпраменьванняў сігналаў у атмасферу у аптычным або радыёдыяпазоне), а таксама перадача інфармацыі па сучасных камп’ютарных сетках. Што да паштовай сувязі, то гэта таксама вялікая галіна, якая забяспечвае перасылку лістоў, бандэролей. Да таго ж з развіццём міжнародных адносін і глабалізацыі вы можаце купляць рэчы дзе заўгодна, якія будуць дастаўлены вам поштай, тым больш што пошта актыўна карыстаецца сучаснымі тэхналогіямі. Так, калі мы пасылаем зарэгістраваны ліст, можам па інтэрнэце сачыць, дзе знаходзіцца гэты ліст на шляху да адрасата.
Хачу адзначыць, што па шэрагу спецыяльнасцей тэлекамунiкацыйнага напрамку вышэйшую адукацыю можна атрымаць у некалькіх унiверсiтэтах нашай краiны, аднак па спецыяльнасцi “Паштовая сувязь” спецыялicтаў з вышэйшай адукацыяй рыхтуе толькi наша акадэмiя.

— Апошнім часам сфера сувязі развіваецца асабліва імкліва. Якія перспектывы чакаюць нас у гэтай галіне?
Алег Хадасевіч. Глабальнай перспектывай у галіне сувязі стаў інтэрнэт рэчаў. Па апошніх звестках, да сусветнай павуціны падключаны толькі 1% ад усіх магчымых. Маюцца на ўвазе не толькі ўстройствы, якімі мы карыстаемся як камп’ютарамі, але і рэчы, якія раней мы ніяк не суадносілі з інтэрнэтам: пральныя машыны, мікрахвалевыя печкі, аўтамабілі… Так, яскравым прыкладам апошніх сталі электрамабілі, падключаныя да інтэрнэту, кампаніі Tesla Motors. Адна з самых простых, даступных электрамабілю функцый дазваляе ўладальніку адсочваць месцазнаходжанне машыны. З дапамогай больш складанай функцыі вадзіцель пры наяўнасці няспраўнасці можа праз інтэрнэт звярнуцца ў службу падтрымкі, якая зноў жа праз інтэрнэт падключаецца да аўтамабіля і праводзіць дыягностыку. Калі адбыўся збой праграмнага забеспячэння ў машыне, праграму можна пераўстанавіць. Гэты працэс нагадвае пераўстаноўку праграмы на камп’ютары.
Яўген Новікаў. У гэтым рэчышчы можна ўзгадаць разумны дом і нават горад. Так, ёсць анекдот пра халадзільнік, які сам заказвае ў магазіне прадукты, якіх не хапае. Аднак гэта не жарт і не фантастыка. Інфакамунікацыйныя тэхналогіі дазваляюць гэта даволі проста рэалізаваць, а інфакамунікацыйныя сеткі пачынаюць аб’ядноўваць усё, нават бытавыя рэчы.

— Якія спецыялісты, на вашу думку, асабліва запатрабаваны зараз і спатрэбяцца ў будучыні ў галіне сувязі?
Яўген Новікаў. У сектары сувязі заўсёды будуць патрэбны спецыялісты, якія, па-першае, умеюць пракладваць сеткі, па-другое, працаваць з праграмным забеспячэннем, якое кіруе гэтымі сеткамі. Такіх спецыялістаў і рыхтуе акадэмія сувязі.

Яўген Новікаў. У сектары сувязі заўсёды будуць патрэбны спецыялісты, якія, па-першае, умеюць пракладваць сеткі, па-другое, працаваць з праграмным забеспячэннем, якое кіруе гэтымі сеткамі. Такіх спецыялістаў і рыхтуе акадэмія сувязі.

Алена Кудрыцкая. Тут варта ўзгадаць новыя спецыяльнасці, якія хутка будуць акрэдытоўвацца ў нашай установе адукацыі. Я маю на ўвазе спецыяльнасць “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі” на ўзроўні вышэйшай адукацыі і спецыяльнасць “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння” на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай. Падрыхтоўка па гэтых спецыяльнасцях пачата ў 2013 годзе. Справа ў тым, што акрэдытацыя спецыяльнасці праходзіць на апошніх курсах. Яна адлюстроўвае якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. У выпадку яе непраходжання навучанне па спецыяльнасці спыняецца. Сёлета якраз і будзе першы выпуск па абедзвюх.
Гэтыя новыя спецыяльнасці сапраўды запатрабаваныя. Каб адкрыць іх, мы збіралі заяўкі, якія сведчаць, што на працягу 10 гадоў выпускнікі гэтых спецыяльнасцей будуць патрэбны прадпрыемствам. Прычым у заяўках пазначалася, колькі пэўнай арганізацыі патрэбна такіх спецыялістаў кожны год пачынаючы з 2015 па 2025 год.

— Ці правільна я зразумела, што па некаторых спецыяльнасцях у акадэміі сувязі рыхтуюць такіх жа спецыялістаў, як і ў БДУІР?
Алена Кудрыцкая. Кожная спецыяльнасць заўсёды мае шэраг спецыялізацый, кірункаў спецыяльнасцей. Мы адкрывалі такія напрамкі спецыяльнасцей, каб яны адрозніваліся ў нас і ў БДУІР. Так, спецыяльнасць “Інфакамунікацыйныя сістэмы” мы адкрылі па кірунках “тэхнічная эксплуатацыя” і “суправаджэнне праграмнага забеспячэння”. У БДУІР гэтая спецыяльнасць звязана са стандартызацыяй, сертыфікацыяй і кантролем параметраў. Так што аднолькавых спецыяльнасцей з БДУІР у галіне інфакамунікацый у нас няма.

Алена Кудрыцкая. Як і ў каледжы, у акадэміі сувязі будзе весціся падрыхтоўка на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Дагэтуль атрымліваць вышэйшую адукацыю ў нас маглі толькі тыя абітурыенты, якія тут атрымалі сярэднюю спецыяльную. 3 гады вучыліся на дзённай форме па інтэграванай скарочанай праграме. З наступнага года ў акадэміі сувязі пачнуць рыхтаваць студэнтаў на ўзроўні вышэйшай адукацыі, мінаючы сярэднюю спецыяльную. Поўны тэрмін навучання будзе складаць 4 гады.

Што да спецыяльнасці “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”, яна была створана па ініцыятыве Міністэрства адукацыі і Парка высокіх тэхналогій. Улічвалася тое, што такія спецыялісты вельмі запатрабаваны. Моладзь па гэтай спецыяльнасці вучыцца пасля 9 класаў, атрымліваючы сярэднюю спецыяльную адукацыю, аднак не 3 гады 10 месяцаў, як звычайна пасля базавай школы, а 2 гады 10 месяцаў. Арганізаваць навучанне, захоўваючы санітарныя нормы аб нагрузцы, захоўваючы дзяржкампанент і ўключаючы дысцыпліны, якія ПВТ вылучыў як абавязковыя для вывучэння, было складана, аднак нам гэта ўдалося. Зараз мы збіраемся інтэграваць вучэбныя планы і прапаноўваць далейшае навучанне маладым людзям, якія вучыліся па гэтай спецыяльнасці, на ўзроўні вышэйшай адукацыі.
Алег Хадасевіч. Калі вы параўноўваеце нас з іншымі ўстановамі адукацыі, адзначу, што навучанне ў нас вельмі якаснае. Так, на WorldSkills — чэмпіянаце свету па рабочых прафесіях — за перамогу па дзвюх кампетэнцыях “Іфармацыйныя тэхналогіі. Адміністраванне сетак” і “Структураваныя кабельныя сеткі”, дзе трэба было пабудаваць сеткі, пракласці медны кабель ці оптавалакно, змагаліся навучэнцы менавіта нашай установы адукацыі. Нягледзячы на тое, што паехалі мы ўпершыню і не зусім добра ўяўлялі, як праходзіць спаборніцтва, па выніках былі далёка не апошнімі.

— Каб падрыхтаваць моцных выпускнікоў, якія здольны не толькі паказаць высокі вынік на конкурсе, але і добра праявіць сябе на працоўным месцы, патрэбна сучаснае тэлекамунікацыйнае абсталяванне. Наколькі я ведаю, каштуе яно дорага.
Алена Кудрыцкая. Яно сапраўды дарагое. Аднак нам вельмі дапамагаюць арганізацыі — заказчыкі кадраў, якія працуюць у галіне сувязі. Да таго ж непасрэдна на прадпрыемствах сувязі — на “Белтэлекаме”, на “Белпошце”, на беларускім радыётэлевізійным передаючым цэнтры працуюць вучэбна-вытворчыя лабараторыі. Гэта дазваляе прыцягваць спецыялістаў галіны да чытання лекцый, правядзення практычных і лабараторных заняткаў. Акрамя гэтага, у якасці спонсараў выступаюць замежныя тэлекамунікацыйныя кампаніі, чыё абсталяванне актыўна выкарыстоўваецца беларускімі арганізацыямі сферы сувязі. Сярод іх — амерыканская кампанія Cisco і кітайскія Huawei і ZTE. Такім чынам, студэнты вучацца працаваць на рэальным абсталяванні.

Спецыялістаў у галіне інфакамунікацый рыхтуюць не толькі ў акадэміі сувязі, але і, напрыклад, у БДУІР. Аднак, па розных напрамках спецыяльнасцей. Так, у акадэміі сувязі спецыяльнасць “Інфакамунікацыйныя сістэмы” адкрыта па кірунках “тэхнічная эксплуатацыя” і “суправаджэнне праграмнага забеспячэння”. У БДУІР гэтая спецыяльнасць звязана са стандартызацыяй, сертыфікацыяй і кантролем параметраў.

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра супрацоўніцтва з вашымі замежнымі спонсарамі. Як вы выйшлі адно на аднаго?
Алег Хадасевіч. Першая кампанія, з якой мы сталі супрацоўнічаць, — амерыканская кампанія Cisco, найбуйнейшы сусветны лідар у галіне тэлекамунікацый. Ужо 11 гадоў на нашай базе працуе рэгіянальная сеткавая акадэмія Cisco.Пачалося ўсё з таго, што ў 1993 годзе кампанія прыняла рашэнне аб арганізацыі вучэбных цэнтраў. Безумоўна, спачатку ў ЗША. Зараз такія вучэбныя цэнтры працуюць у 165 краінах свету. Выклікана гэта было тым, што кампанія імкнулася навучыць людзей працаваць на абсталяванні, якое яна актыўна пастаўляла. Там пачалі распрацоўваць вучэбныя курсы і прапаноўваць установам адукацыі абсталяванне сваёй фірмы са скідкамі. Вартасць курсаў у тым, што на іх не проста расказваецца аб абсталяванні фірмы, але і даюцца ўяўленні аб прынцыпе работы сетак. Гэтыя прынцыпы падыходзяць да работы з тэлекамунікацыйным абсталяваннем любога іншага вытворцы. Гэта штосьці накшталт таго, што калі ты навучыўся ездзіць на адной машыне, то зможаш перасесці і на іншую. Такім чынам, у 1994 годзе мы першымі ў краіне падпісалі пагадненне з кампаніяй Cisco аб арганізацыі вучэбнага цэнтра ў Беларусі. Першы камплект абсталявання мы атрымалі бясплатна. Зараз па падобнай схеме працуюць кітайскія кампаніі Huawei і ZTE.

Алег Хадасевіч. Глабальнай перспектывай у галіне сувязі стаў інтэрнэт рэчаў. Па апошніх звестках, да сусветнай павуціны падключаны толькі 1% ад усіх магчымых. Маюцца на ўвазе не толькі ўстройствы, якімі мы карыстаемся як камп’ютарамі, але і рэчы, якія раней мы ніяк не суадносілі з інтэрнэтам: пральныя машыны, мікрахвалевыя печкі, аўтамабілі…

— Давайце зараз непасрэдна звернемся да змены статусу ўстановы адукацыі. Чым былі выкліканы такія перамены?
Алена Кудрыцкая. Зараз ідзе маніторынг Кодэкса аб адукацыі 2011 года. У праекце яго новага варыянта такога віду навучальнай установы, як вышэйшы каледж, ужо не ісуе. Аднак гэты факт толькі падштурхнуў нас. Прааналізаваўшы азначэнні і пункты на адпаведнасць крытэрыям таму ці іншаму віду ўстановы адукацыі, мы зразумелі, што па патрабаваннях, якія прад’яўляюцца, адпавядаем акадэміі. Напрыклад, у акадэміі 40% прафесарска-выкладчыцкага складу павінна мець вучоныя ступені і званні. У нас гэтая лічба складае больш за 50%. Да таго ж у нас захавана падрыхтоўка спецыялістаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Вядзецца падрыхтоўка і на ўзроўні вышэйшай адукацыі. Такіх крытэрыяў налічваецца ажно 59.

— Якія новыя магчымасці адкрыюцца перад вашымі студэнтамі з набыццём новага статусу? Якіх новаўвядзенняў чакаць сёлетнім абітурыентам?
Алена Кудрыцкая. Як і ў каледжы, у акадэміі будзе весціся падрыхтоўка на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Аднак пакуль паступаць у нас на ўзровень вышэйшай адукацыі маглі толькі тыя абітурыенты, якія атрымалі ў нас сярэднюю спецыяльную адукацыю пасля 9 ці пасля 11 класаў, дзе вучыліся па інтэграванай скарочанай праграме на дзённай форме 3 гады. З наступнага года мы будзем набіраць на поўны тэрмін навучання на ўзроўні вышэйшай адукацыі, мінаючы сярэднюю спецыяльную. Тэрмін навучання будзе складаць 4 гады.
Як і ў мінулыя гады, тыя, хто атрымлівае вышэйшую тэхнічную адукацыю, паралельна змогуць атрымліваць другую вышэйшую — эканамічную адукацыю па скарочаным тэрміне навучання на факультэце павышэння кваліфікацыі. Аднак нельга забываць пра паслядоўнасць: спачатку навучанне, напрыклад, тэлекамунікацыям, і толькі пасля эканамічная адукацыя.
Не выключана, што з наступнага года ў нас пачнецца падрыхтоўка на ваеннай кафедры. Магчыма, набіраць будуць і дзяўчат. Гэтае пытанне пакуль вырашаецца.
Ёсць інфармацыя, якая вядома дакладна. У наступным годзе ў акадэміі з’явіцца магістратура. Спадзяёмся, на кожнай выпускаючай кафедры. Пакуль, каб не сурочыць, спецыяльнасці, па якіх будзе весціся навучанне ў магістратуры, патрымаю ў сакрэце.

— Магістратура абавязкова будзе спрыяць станаўленню навуковых школ у акадэміі. Раскажыце, калі ласка, пра тыя навуковыя распрацоўкі, якія ўжо зараз вядуцца ва ўстанове адукацыі, і пра тыя, што бачацца ў перспектыве.
Алег Бараноўскі. У акадэміі склаліся 4 навуковыя школы, якія сябе ўжо зарэкамендавалі. Гэта школы на кафедрах эканомікі і кіравання, сетак тэлекамунікацый, праграмнага забеспячэння сетак і тэлекамунікацый і на кафедры матэматыкі і фізікі.

Алег Бараноўскі. У акадэміі склаліся 4 навуковыя школы, якія сябе ўжо зарэкамендавалі. Так, адзін з напрамкаў нашай работы — стварэнне квантава-інфармацыйных сістэм — перспектыўных сістэм перадачы даных з выкарыстаннем валаконна-аптычных ліній сувязі. Інфармацыя ў такім выпадку перадаецца асобнымі фатонамі, што дазваляе абараніць каналы перадачы даных ад несанкцыянаванага атрымання інфармацыі.

Так, адзін з напрамкаў нашай работы — стварэнне квантава-інфармацыйных сістэм — перспектыўных сістэм перадачы даных з выкарыстаннем валаконна-аптычных ліній сувязі. Інфармацыя ў такім выпадку перадаецца асобнымі фатонамі, што дазваляе абараніць каналы перадачы даных ад несанкцыянаванага атрымання інфармацыі. Да ўсіх падобных распрацовак актыўна прыцягваюцца студэнты. Так, у верасні мы падалі заяўку на ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў у намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект” з праектам “Комплекс сродкаў для выяўлення страты выпраменьвання ў аптычным валакне, вызначэння месца і ацэнкі верагоднасці пагрозы вываду аптычнага сігналу праз бакавую паверхню аптычнага валакна”. Выпраменьванне стварае магчымасць для падслухвання. Таму перспектыўным даследаваннем мы лічым стварэнне метадаў, з дапамогай якіх можна не дапусціць магчымы несанкцыянаваны перахоп даных.
Таксама ў нас праводзяцца даследаванні, звязаныя з воблачнымі тэхналогіямі. Зараз рэалізоўваецца праект па стварэнні воблачнай платформы, якая будзе прымяняцца ў навучанні. На базе платформы плануецца стварыць вучэбна-навуковую лабараторыю.
Усе гэтыя распрацоўкі абавязкова знойдуць месца ў нашым навуковым выданні, якое з’явілася нядаўна, — часопісе “Праблемы інфакамунікацый”. Да выдання рыхтуецца яго другі нумар.

— Вялікі дзякуй за размову! Поспехаў акадэміі сувязі!

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.