Напэўна, прыйдзе час, калі людзі значна больш, чым зараз, пачнуць цаніць сапраўднае жыццё. Тое жыццё, дзе шмат чыстага паветра і зеляніны. Дзе кожную раніцу можна назіраць, як узыходзіць сонца, і штовечар дзівіцца прыгажосці неба на захадзе. Дзе час праходзіць не ў пагоні за нейкім верагодным шчасцем, а ў зямным клопаце пра сваю сям’ю, свой дом і сваю гаспадарку. Вясковыя людзі таму і жывуць даўжэй, што іх жыццё сапраўднае і напоўнена штодзённым сэнсам. Гэта ў гарадскога чалавека “жыццё не ўдалося”, а селяніну няма калі пакутаваць — яму трэба пачысціць дарожкі ад свежага снегу і накарміць жывёлу…
Вядома, выглядае крыху ідэалістычна, але калі ўзважыць усе “за” і “супраць”, то сельскае жыццё сапраўды мае цэлы шэраг пераваг. І хоць моладзь па-ранейшаму выбірае пераважна “гарадскія” спецыяльнасці, тыя юнакі і дзяўчаты, якія выраслі ў аграгарадках і ведаюць сучасную сельскагаспадарчую вытворчасць, разглядаюць аграрную адукацыю як добры варыянт уладкавання будучага жыцця.
Пра асаблівасці сельскага побыту, перспектывы развіцця сельскаспадарчай галіны і перавагі аграрнай адукацыі мы гутарым з начальнікам Галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання У.А.Самсановічам.
— Скажыце, Уладзімір Аляксеевіч, якія сельскагаспадарчыя спецыяльнасці карыстаюцца ў абітурыентаў найбольшым попытам? А на якія спецыяльнасці сёлета былі складанасці з наборам?
— У гэтым годзе найбольш высокія конкурсы адзначаны на спецыяльнасцях “Метралогія, стандартызацыя і сертыфікацыя” (8,5), “Інфармацыйны менеджмент” (6,8), “Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі” (6,3). На жаль, былі складанасці пры наборы на спецыяльнасці “Заатэхнія” і “Аграномія”. У Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі недабор па іх склаў 81 месца ад плана прыёму. Зрэшты, у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны праблем з наборам на згаданыя спецыяльнасці не было.
— Крыўдна, што такая знакамітая ВНУ, як сельгасакадэмія ў Горках, сутыкнулася з праблемай недахопу абітурыентаў…
— Хачу сказаць, што Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках па многіх параметрах можа спаборнічаць з найлепшымі ўніверсітэтамі. Выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад, сусветнага ўзроўню навука.
Тэрытарыяльная аддаленасць сельгасакадэміі — у гэтым яе і плюсы, і мінусы. Калі ў 30-х гадах ХІХ стагоддзя ўрад Расійскай імперыі шукаў месца для заснавання навучальнай ўстановы, то выбралі мястэчка Горкі Аршанскага павета Магілёўскай губерніі. Прычына простая: гэта быў надзвычай аддалены населены пункт, што павінна было захаваць студэнцкую моладзь ад розных рэвалюцыйных ідэй і хваляванняў. У Горкі, дарэчы, і сёння не так проста дабрацца. І мітусня, якая здараецца ў апошні дзень падачы дакументаў, горацкай акадэміі ніяк не тычыцца: нават калі абітурыент зразумеў, што ён не праходзіць у сталічны ўніверсітэт, да Горак ён усё роўна не дабярэцца.
Гэта вельмі маленькі, кампактны горад, і для многіх выкладчыкаў акадэмія — адзінае месца для працы і прыкладання творчых ідэй. Таму, як і ў многіх еўрапейскіх універсітэцкіх гарадках, у Горках актыўна развіваецца навука. Да даследаванняў шырока прыцягваюцца студэнты, магістранты, аспіранты. У выніку якасць навучання істотна павышаецца. І хоць абітурыенты прыходзяць у акадэмію не з самымі высокімі баламі, дзякуючы велізарнаму патэнцыялу, з яе сцен выходзяць высокападрыхтаваныя спецыялісты.
— На калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечанай вынікам прыёмнай кампаніі 2014 года, вы заўважылі, што час лёгкіх і хуткіх грошай даўно скончыўся. І сёння, каб дасягнуць пэўнага жыццёвага ўзроўню, трэба аднолькава шмат працаваць і ў горадзе, і ў вёсцы. Але многія дзеці ўпарта імкнуцца на “гарадскія” спецыяльнасці, думаючы, што ўсіх іх тут чакае вялікі бізнес і вялікія грошы, што, на жаль, не так. Можа, трэба нешта мяняць у сістэме прафарыентацыйнай работы? Бо многія аграгарадкі сёння па ўмовах працы і жыцця не саступаюць гораду, а шмат у чым нават выйграюць параўнанне…
— Сапраўды, прафарыентацыйная работа сёння павінна весціся на канкрэтных прыкладах паспяховых выпускнікоў сельскагаспадарчых ВНУ. А ў нашай галіне такіх прыкладаў як нідзе шмат. Чацвёра з шасці старшынь аблвыканкамаў у свой час атрымалі сельскагаспадарчую адукацыю. Больш як 80% старшынь райвыканкамаў — таксама нашы выпускнікі. Я ўжо не кажу пра кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў.
Яшчэ адной важнай справай, якая здольная разбурыць усе стэрэатыпы, могуць стаць экскурсіі школьнікаў на перадавыя сельгаспрадпрыемствы. Якраз там, на прыкладах сучаснай высокатэхналагічнай вытворчасці, найлепшым чынам можна паказаць перспектывы развіцця галіны і ўвогуле сяла.
Ну і, вядома, установы адукацыі павінны больш шырока дэманстраваць свае адукацыйныя магчымасці. Сёння ва ўніверсітэтах і акадэміях аграрнага профілю створана вельмі сур’ёзная матэрыяльна-тэхнічная база. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання рэгулярна выдзяляе ім значныя сродкі на набыццё сучаснай тэхнікі і абсталявання. Цесна працуем з заводамі-вытворцамі сельскагаспадарчай тэхнікі, доследныя ўзоры, якія прайшлі выпрабаванні, перадаюцца ва ўніверсітэты і акадэміі для вучэбных мэт. Таму нашы студэнты ведаюць сучасную тэхніку не толькі ў тэорыі, але і на практыцы.
— Наколькі сур’ёзная сёння праблема з кадрамі ў аграрнай галіне?
— Трэба адзначыць, што ў апошні час забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў спецыялістамі павялічылася, павысіўся іх кваліфікацыйны ўзровень. Сёння палова маладых спецыялістаў пасля абавязковага размеркавання застаецца працаваць на сельгаспрадпрыемствах (у 2008 годзе заставалася толькі трэць). Што да другой паловы, то іх далейшы лёс мы не адсочваем. Не факт, што яны з’ехалі ў горад. Магчыма, яны перайшлі на працу ў іншую гаспадарку або ў іншую сферу дзейнасці, але засталіся на сяле. Гэта мы таксама расцэньваем як станоўчы вынік.
Можна меркаваць, што калі ў гаспадаркі пачнуць вяртацца мэтавікі з пяцігадовым тэрмінам адпрацоўкі, то працэнт іх замацавання яшчэ больш павысіцца. І тут нам трэба папрацаваць па ўсёй вертыкалі, каб стварыць для гэтых маладых людзей яшчэ больш спрыяльныя ўмовы. Гэта і настаўніцтва, каб пад апекай вопытных спецыялістаў яны адчувалі сябе камфортна і прафесійна раслі. Гэта і побытавыя ўмовы: прыязджаючы на пяць гадоў, маладым людзям важна адчуваць клопат і падтрымку гаспадаркі, упэўненасць, што ўсе праблемы будуць хутка вырашаны. Гарантаваны выхадны дзень (не абавязкова субота і нядзеля, на вёсцы гэта немагчыма, а па графіку). У нас часта, ведаеце, як бывае: у чалавека як быццам выхадны, але яму ў любы момант могуць патэлефанаваць і выклікаць на працу. Вядома, жывёлы і нават тэхніка ў разгар сезона не могуць доўга чакаць, але павінна быць прадугледжана ўзаемазамяняльнасць: інжынера ў выпадку неабходнасці можа падмяніць механік і г.д. Практыка паказвае, што ўстанаўленне на сельскагаспадарчым прадпрыемстве гарантаванага выхаднога дня дае відавочны вынік: колькасць звальненняў істотна зніжаецца.
— Скажыце, Уладзімір Аляксеевіч, а як за мяжой вырашаецца праблема падрыхтоўкі спецыялістаў для аграрнай галіны?
— Замежны вопыт таксама складаны, і прымяніць яго вось так проста ў нашай сітуацыі немагчыма. Справа ў тым, што на Захадзе, напрыклад у той жа Германіі, дзейнічае хутарная сістэма вядзення сельскай гаспадаркі, якая стваралася стагоддзямі. Землі ў спадчыну перадаюцца ад бацькоў дзецям, і хачу заўважыць, што праца нямецкага фермера значна больш складаная, чым у рабочых нашых сельгаспрадпрыемстваў. Штодня ён прачынаецца на досвітку і працуе да цемнаты, а потым у яго яшчэ баліць галава, як збы ць сваю прадукцыю. Гэта велізарная праблема. У Баварыі мне расказвалі, што шматвекавыя традыцыі нярэдка перарываюцца: дзеці фермераў вырастаюць і выбіраюць іншы жыццёвы шлях, у выніку бацькі мусяць здаваць свае землі ў арэнду больш паспяховым гаспадарам.
Тыя, хто ўслаўляе хутарскую сістэму гаспадарання, павінны разумець, што для яе стварэння патрэбны мінімум дзесяцігоддзі, — гэта зусім іншая ментальная схема. Але наша зямля не фантануе нафтай, і мы не можам дазволіць сабе сацыяльныя эксперыменты ў той галіне, якая нас корміць. Дарэчы, айчынныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы задавальняюць попыт не толькі беларусаў — 60% мясной і малочнай прадукцыі пастаўляецца на экспарт.
— Вядома, што ў аграрных ВНУ ёсць праблема з мэтавым наборам. Я ведаю, ваша ведамства выступіла з ініцыятывай скараціць тэрмін адпрацоўкі для выпускнікоў аграрных ВНУ, якія прайшлі мэтавую падрыхтоўку, да двух гадоў. Скажыце, ці ёсць зрухі ў гэтым пытанні?
— Па прапанове Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання пачынаючы з 2009 года план мэтавага набору ў аграрныя ВНУ павялічыўся з 20 да 60%. І гэта дазволіла амаль утрая павялічыць прыём студэнтаў па мэтавых дагаворах з абавязковай пяцігадовай адпрацоўкай.
Аднак сёння, пры нізкіх конкурсах на вострадэфіцытныя спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, пяцігадовы тэрмін адпрацоўкі не прыцягвае, а хутчэй адпужвае многіх абітурыентаў. Таму яны не заўсёды падаюць мэтавыя дагаворы ў прыёмную камісію, хоць і не супраць вярнуцца пасля заканчэння вучобы ў свае сельскагаспадарчыя арганізацыі.
У гэтай сітуацыі мы прапаноўваем сінхранізаваць тэрміны адпрацоўкі мэтавікаў і звычайных бюджэтнікаў, а пытанні іх замацавання на сяле вырашаць шляхам дадатковых стымулюючых мер з боку арганізацый-заказчыкаў.
Ужо сёння ім трэба падумаць, як сарыентаваць талковых школьнікаў на атрыманне аграрнай спецыяльнасці, даць ім накіраванне, дапамагчы падчас вучобы. У нас ёсць такія кіраўнікі, якія даплачваюць сваім мэтавікам да мільёна (і нават больш) да стыпендыі і ў чаканні маладых спецыялістаў будуюць для іх асобнае жыллё.
Дзеці з вёсак і малых гарадоў, як правіла, добра ведаюць сельскую працу і псіхалагічна і фізічна падрыхтаваны да вясковага жыцця. Таму знайшоўшы іх у сваёй мясцовасці, вывучыўшы і стварыўшы ім добрыя ўмовы жыцця і працы, можна быць упэўненым, што гэтыя людзі з вялікай верагоднасцю застануцца ў гаспадарцы на доўгі тэрмін (асабліва калі тут жа жывуць іх бацькі). Гэтая работа ўжо вядзецца, але хацелася б, каб яна была паўсюднай.
Зрэшты, некаторыя кіраўнікі пайшлі яшчэ далей. Калі ім патрэбен вузкі спецыяліст, напрыклад у галіне абароны раслін, насенняводства, або ветурач-артапед ці гінеколаг, то яны заключаюць адпаведны дагавор з установай адукацыі, і студэнты-мэтавікі ў дадатковы час, па індывідуальным графіку займаюцца з выкладчыкамі. Калі такія студэнты прыйдуць на вытворчасць, іх ужо не трэба будзе вучыць тонкасцям прафесіі: падчас вучобы ў акадэміі ці ўніверсітэце яны набываюць адпаведныя веды і практычны вопыт.
— Нядаўна скончыўся прыём у аграрныя ВНУ на завочную форму навучання. Наколькі паспяховым быў гэты прыём?
— Сістэма аграрнай адукацыі адзіная ў краіне, дзе прыём на завочную форму ажыццяўляецца ў лістападзе — снежні. Гэта звязана са спецыфікай сельскагаспадарчай вытворчасці і занятасцю работнікаў у летні перыяд. Пры гэтым у абітурыентаў, якія паступаюць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, ёсць выбар: яны могуць падаваць у прыёмную камісію сертыфікаты ЦТ або здаваць уступныя экзамены непасрэдна ў ВНУ. Для паступлення на спецыяльнасці несельскагаспадарчага профілю на поўны тэрмін навучання (“Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, “Маркетынг у аграпрамысловым комплексе”, “Фінансы і крэдыт”, “Правазнаўства”, “Землеўстройства”, “Зямельны кадастр”, “Экалогія сельскай гаспадаркі”, “Інфармацыйны менеджмент”, “Тэхналогія захавання і перапрацоўкі харчовай сыравіны”) трэба прадастаўляць сертыфікаты ЦТ.
Сёлета практычна на ўсе спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю быў конкурс. Крыху больш складаная сітуацыя склалася на спецыяльнасцях, дзе трэба было прадастаўляць сертыфікаты ЦТ. Таму хачу звярнуць увагу тых, хто восенню 2015 года мае намер паступаць на згаданыя вышэй спецыяльнасці: ім варта ва ўстаноўленыя тэрміны зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэсціраванне і атрымаць сертыфікаты.
— Уладзімір Аляксеевіч, што б вы маглі сказаць абітурыентам 2015 года, якія ўжо выбралі аграрныя спецыяльнасці або яшчэ толькі прыглядаюцца да іх? Сумленная разумная парада асабліва патрэбна гарадскім дзецям, якія назіраюць за сельскім жыццём збоку. Ды і для вясковай моладзі важна ведаць, як будзе развівацца аграрная сфера і, адпаведна, жыццё на сяле.
— Сёння, напэўна, ні ў адной дзяржаве СНД не ўкладаецца столькі сродкаў у сельскую гаспадарку, як у нас, а праз галіну — у сяло і сельскую інфраструктуру. Паглядзіце, колькі сродкаў выдзяляецца на рэканструкцыю жывёлагадоўчых комплексаў, колькі набываецца новай тэхнікі — а гэта не толькі высокатэхналагічная вытворчасць, гэта яшчэ і занятасць людзей, высокія заробкі.
Вельмі важна, што маладыя спецыялісты на сяле адразу забяспечваюцца жыллём. Прычым жыллёвае будаўніцтва вядзецца пераважна ў аграгарадках, якія маюць развітую інфраструктуру і транспартнае забеспячэнне. Не скажу, што ўсюды ёсць прыродны газ, але нават калі ацяпленне на дровах, гаспадаркі стараюцца забяспечыць спецыялістаў адпаведным палівам.
Увогуле на гэты час прынята 11 нарматыўных прававых актаў, што вызначаюць комплекс матэрыяльных стымулаў і гарантый для спецыялістаў, якія жывуць і працуюць на сяле. Гэта забеспячэнне жыллём (у тым ліку льготныя крэдыты на набыццё жылых памяшканняў), льготныя крэдыты на набыццё хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці, даплаты да заработнай платы (на працягу пяці гадоў пасля размеркавання), адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу на перыяд работы на забруджанай тэрыторыі і г.д.
Зараз мы адпрацоўваем пытанне аб прадастаўленні работнікам сельскагаспадарчых арганізацый крэдытаў на будаўніцтва ўласнага жылля на 40 гадоў пад 1% гадавых (пры ўмове наступнай работы ў гаспадарцы не менш як 15 гадоў). Мы лічым, што калі такое рашэнне будзе прынята, то спецыялісты з большай ахвотай будуць заставацца жыць і працаваць на сяле.
Пакуль маладыя, людзі часта стараюцца замацавацца ў горадзе, думаючы, хто гарадскі хлеб больш лёгкі, здымаюць жыллё, працуюць не па профілі. Але з цягам часу многія ўсё роўна вяртаюцца ў вёску. Сельскае жыццё, безумоўна, няпростае, часта гэта ненармаваны рабочы дзень і ўмовы працы далёка не цяплічныя. Аднак уласны дом, дзе можна шчасліва жыць са сваёй сям’ёй, — гэта вельмі важная ўмова для чалавека, які хоча жыць не заўтрашнім, а сённяшнім днём.
— Дзякуй, Уладзімір Аляксеевіч, за гутарку.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.