Знайдзіце ў сабе прызванне

Няма сумненняў: урач — адна з самых складаных і адказных прафесій. Тым не менш яна няспынна вабіць моладзь, якая стаіць перад выбарам свайго далейшага лёсу. Медыцынскія ўніверсітэты ніколі не мелі недахопу ў абітурыентах.
Чаму гэтая нялёгкая праца так прыцягвае? Напэўна, сакрэт тоіцца ў магчымасці быць карысным людзям у цяжкія моманты іх жыцця, калі менавіта ўрач прыходзіць на дапамогу. Ды і па сваім прафесійным статусе ён заўсёды бліжэй да чалавека, чым хто-небудзь іншы. Каму яшчэ адведзены такі лёс — быць побач з намі з моманту нараджэння і да канца жыцця?
Разам з тым, прымаючы рашэнне прысвяціць сябе медыцыне, кожны юнак ці дзяўчына павінны разумець, наколькі вялікая адказнасць кладзецца на іх плечы. Гэтая неабходная і высакародная прафесія патрабуе не толькі вынослівасці і спагады, але яшчэ шмат часу і цярпення.
Пра тое, чым кіруецца сённяшняя моладзь, выбіраючы пасля школьнай парты медыцынскія ўніверсітэты, і як вядзецца падрыхтоўка ўрачоў XXI стагоддзя, нам расказаў рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар Анатолій Мікалаевіч ЛЫЗІКАЎ.

— Прафесія ўрача асаблівая. Каб стаць сапраўдным прафесіяналам, трэба валодаць пэўнымі якасцямі і нястомна працаваць. Вось тут якраз важна, чым чалавек кіраваўся пры выбары прафесіі. Як правіла, добрыя дактары атрымліваюцца з тых, хто ідзе ў медыцыну па закліку сэрца. Нельга быць хірургам, калі чалавек не гатовы выстаяць у аперацыйнай дванаццаць, а то і больш гадзін.
Раней, калі ўступныя экзамены ўключалі ў сябе субяседванне, можна было пагаварыць з абітурыентам, зазірнуць яму ў вочы. Гэта дапамагала вызначыць, чаму ён абраў прафесію: таму што так патрабуе душа, ці яго проста вабіць прэстыж, або ён пайшоў у медыцыну “за кампанію”, а бывае, што прычына — у настойлівасці бацькоў. Такіх выпадкаў у нас нямнога, але ж яны ёсць.
Для многіх маладых людзей, дарэчы, вырашальную ролю іграюць асабістыя перажыванні. Шмат студэнтаў абралі прафесію ўрача, таму што ім давялося бачыць пакуты і боль блізкіх людзей. У нашай сферы гэта даволі распаўсюджана. Дынастыя майго роду таксама пачыналася з гэтага. Мой бацька быў вядомым акушэрам-гінеколагам, прафесарам. А выбар такі зрабіў, бо яму прыйшлося назіраць, як пакутавала маці: з трынаццаці народжаных ёю дзяцей выжылі толькі чацвёра.

— Анатолій Мікалаевіч, калі правесці параўнанне паміж студэнтамі-медыкамі вашага пакалення і тымі, хто вучыцца ва ўніверсітэце зараз, ці ёсць нейкія адрозненні?
— Сучасныя студэнты — будучыя ўрачы — больш прагматычныя. Яны дакладна ведаюць, што ім патрэбна, і адсейваюць усё “лішняе”: спагаду, перажыванні. Гэта не азначае, што яны жорсткія і горшыя за сваіх старэйшых калег. Проста сучасная моладзь па-іншаму ставіцца да сваёй працы, больш цвёрдая, без эмоцый, умее браць ад прафесіі тое, што ёй патрэбна, не больш. А цікавасць у іх вельмі вялікая.

— У медыцынскім універсітэце больш чым у якой іншай установе Гомельшчыны вучыцца юнакоў і дзяўчат з замежжа. Якія ўмовы створаны для гэтых студэнтаў?
— Яны жывуць тым жа, чым і ўсе астатнія студэнты нашай установы: наведваюць заняткі, удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, актыўна займаюцца валанцёрскім рухам і добра ладзяць з беларускімі юнакамі і дзяўчатамі.
Зразумела, мы зацікаўлены ў студэнтах-замежніках, таму стараемся стварыць для іх прывабныя ўмовы. Так, сёння ва ўніверсітэце наладжана выкладанне на англійскай мове. Практыкаваць гэта мы пачалі яшчэ ў 2003 годзе. Спачатку заняткі па-англійску вяліся толькі на першым курсе. Паспрабавалі — атрымалася, уключылі ў эксперымент другі курс, потым — трэці… І так да шостага. Атрымалі міжнародны сертыфікат на выкладанне на англійскай мове. Дзякуючы гэтаму, значна павялічылася геаграфія нашых студэнтаў-замежнікаў. Зараз у нас вучыцца больш за 550 юнакоў і дзяўчат з замежжа, усяго 28 нацыянальнасцей.

— Як з гэтым спраўляюцца выкладчыкі?
— Наш універсітэт малады па ўзросце, і выкладчыкі пераважна таксама маладыя. А моладзь зараз нядрэнна ведае замежную мову, трэба было толькі крыху падцягнуць узровень.
Калі было прынята рашэнне выкладаць для студэнтаў-замежнікаў на англійскай мове, мы адразу арганізавалі спецыяльныя моўныя курсы па падрыхтоўцы выкладчыкаў. Потым кожны з іх вытрымаў экзамен, на якім трэба было даказаць уменне выкладаць па-англійску. Такія выкладчыкі, дарэчы, нядрэнна зарабляюць. Акрамя таго, у нас застаюцца працаваць на кафедрах былыя студэнты-замежнікі, для якіх англійская мова — родная. Яны як бы пасрэднікі паміж студэнтамі з замежных краін і адміністрацыяй, выкладчыкамі.

— А як вырашаецца жыллёвае пытанне вашых студэнтаў, у тым ліку замежнікаў?
— Доўгі час жыллёвае пытанне было сур’ёзнай праблемай для Гомельскага медуніверсітэта. Па сутнасці, наша ўстанова размяшчаецца ў памяшканнях, у якіх пры будаўніцтве не планаваліся лекцыйныя аўдыторыі ці лабараторыі для навукова-даследчых работ. І пра студэнцкі гарадок мы пакуль толькі марым.
З адкрыццём універсітэта ў 1990 годзе быў пабудаваны ўсяго адзін інтэрнат. Зразумела, гэта кропля ў моры. Даводзілася студэнтаў неяк уладкоўваць, некаторыя арандавалі кватэры. І толькі пяць гадоў назад быў пабудаваны яшчэ адзін інтэрнат на 260 месцаў. Аднак цалкам праблему гэта не вырашала, і мы працягвалі шукаць выйсце. Два інтэрнаты больш чым на 400 месцаў нам дасталіся ад гомельскіх прамысловых прадпрыемстваў, і ўжо амаль вырашана пытанне аб перадачы ўніверсітэту яшчэ аднаго інтэрната на 350 месцаў. Вось так за шэсць гадоў у нас з’явіліся чатыры інтэрнаты для студэнтаў. Калі і ёсць якая нязручнасць, дык яна толькі ў тым, што ўсе інтэрнаты — у розных кутках горада. Але ж хіба гэта праблема для моладзі?!

— Упэўнена, што акрамя прафесійных здольнасцей, у вашых студэнтаў ёсць шмат іншых інтарэсаў. Як яны бавяць вольны час?
— Так, сапраўды, таленавітых студэнтаў шмат. На працягу двух гадоў, у 2011 — 2012, тры нашы калектывы — вакальны і танцавальны ансамблі, а таксама тэатральная студыя — атрымалі званне народных. У нас цудоўная студэнцкая самадзейнасць. Нашы студэнты заўсёды ўдзельнічаюць ва ўсіх мясцовых мерапрыемствах. У нас працуе 20 спартыўных секцый, праходзяць розныя інтэлектуальныя і забаўляльныя мерапрыемствы.

— Анатолій Мікалаевіч, як працуюць у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце з найбольш перспектыўнымі студэнтамі? Ці сочыце вы за іх далейшым лёсам, калі яны пакідаюць сцены ўстановы?
— У нас ёсць банк даных таленавітай моладзі. Гэта тыя, хто актыўна ўдзельнічае ў розных навуковых канферэнцыях, алімпіядах і конкурсах па медыцыне як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўняў. На самай справе, я хацеў бы, каб гэтыя людзі сталі нашымі выкладчыкамі. Але далёка не ўсе яны хочуць заставацца ва ўніверсітэце. Галоўная прычына ў тым, што нельга адразу пасля атрымання дыплома ісці выкладаць на клінічныя кафедры. А яны ж таленавітыя, ім нецікава тэорыя, яны могуць шмат новага і патрэбнага зрабіць менавіта ў практычным сэнсе. Добра, калі б было нейкае выключэнне з правіл для такіх выпускнікоў, я маю на ўвазе тых, чые таленты адзначаны на ўзроўні рэспублікі.
А ўвогуле нам цікавы ўсе нашы выпускнікі: дзе яны працуюць, як рухаецца іх кар’ера і г.д. Мы збіраем звесткі пра іх па ўсіх раёнах Гомельскай вобласці.

— Зараз універсітэты бяруць кірунак на тое, каб ствараць філіялы кафедр на прадпрыемствах і ў арганізацыях, што дае магчымасць пацвярджаць тэорыю практыкай…
— Калі казаць пра медыцынскія ўстановы, то такі напрамак існуе ў нас, як кажуць, спрадвеку. Сістэма падрыхтоўкі ўрачоў была закладзена яшчэ ў СССР, і гэта вельмі добрая, дзейсная сістэма.
Пачынаючы з другога курса нашы студэнты ўжо адпраўляюцца ў клінікі, а значыць, яны маюць магчымасць не проста збоку паназіраць за работай хірурга, педыятра, гінеколага, а і самі прымаюць непасрэдны ўдзел у працэсе. Без такой практыкі наўрад ці можна падрыхтаваць добрага доктара. Ды і для студэнта гэта вельмі цікава, бо ён адразу ўключаецца ў работу, спрабуе свае здольнасці. Нярэдка кіраўнік практычных заняткаў можа запытацца: “Як вы лічыце, які дыягназ у гэтага пацыента?” Разумееце, які гэта стымул? А падумайце пра тое, колькі ў студэнта эмоцый, калі ён расказвае бацькам, што зрабіў першы ўкол!
У нашым універсітэце 36 кафедр, 19 з якіх — клінічныя, якія размешчаны на базе лепшых медыцынскіх устаноў абласнога цэнтра. Да гэтага дададзім яшчэ паліклінікі. Так што сувязь тэорыі з практыкай у нашых студэнтаў вельмі цесная. Так было заўсёды.

— На вашу думку, якія сёння асноўныя праблемы медыцынскай адукацыі?
— Адну праблему я ўжо агучыў на пачатку нашай размовы — гэта адсутнасць субяседвання, магчымасці адчуць, чым кіруецца абітурыент пры выбары медыцынскага ўніверсітэта.
Па-другое, напрыклад, у мой студэнцкі час была цесная сувязь паміж урачом і пацыентам, але сёння яна страчана. І справа тут не ў асобе ўрача. Калі раней было дастаткова рук, вушэй, іншых органаў пачуццяў, каб паставіць дыягназ, то сёння неабходна шмат усялякіх дапаможных сродкаў: камп’ютарная тамаграфія, магнітна-ядзерны рэзананс, біяхімічны аналізатар і г.д. З аднаго боку, гэта вельмі добра, а з другога — кантакт з пацыентам знікае.
І яшчэ адна праблема. Раней вельмі важнае значэнне надавалася ролі асобы ў адукацыі, калі вядомы прафесар чытаў лекцыі, расказваў свае назіранні і дзяліўся сваімі практычнымі навыкамі. Шкада, што зараз ідзе пэўнае абязлічванне. Гэта адбываецца таму, што шмат інфармацыі паступае звонку, хаця яна не заўсёды правільная і аб’ектыўная. А студэнты думаюць так: навошта наведваць лекцыю, калі я магу ўсё знайсці ў інтэрнэце. Я, напрыклад, памятаю сваіх выкладчыкаў, якія паказвалі мне, як трымаць руку, як трымаць скальпель, як вязаць хірургічны вузел. Раней было прэстыжна, калі ў цябе, ужо практыкуючага ўрача, ёсць шмат вучняў. Зараз гэта ў нейкай ступені разглядаецца як канкурэнцыя: я майстар, навошта мне гадаваць сабе канкурэнта.

— Анатолій Мікалаевіч, якія мэты і задачы вы як рэктар ставіце сёння перад сабой?
— Зразумела, зараз я мыслю больш як адміністратар, а не як урач. Мне важна, каб кожны студэнт атрымаў месца ў інтэрнаце, каб для яго там былі створаны камфортныя ўмовы. Мяне хвалюе сістэма харчавання. Я мару, каб нашы студэнты слухалі лекцыі ў спецыяльных аўдыторыях, бо, як я ўжо казаў, нашы аўдыторыі непрыстасаваныя. Шмат часу займаюць менавіта пытанні будаўніцтва, планаванне.

— Што вы пажадаеце маладым людзям, якія маюць намер прыйсці ў наступным годзе ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт?
— Маладыя людзі павінны быць гатовымі да таго, што першыя тры гады вучобы ў медыцынскім універсітэце трэба проста зубрыць прапанаваны матэрыял. Гэта можа вас здзівіць, але яно сапраўды так: будучаму ўрачу неабходна ведаць кожны сасуд чалавечага арганізма, разумець, дзе ён размяшчаецца, як пралягае… Акрамя таго, медыкам даводзіцца ўвесь час працаваць з людзьмі, а гэта вельмі складана.
А ўвогуле, выбіраючы прафесію ўрача, трэба ўсвядоміць, што ў медыцыне, якімі б талентамі цябе ні ўзнагародзіў бог, не атрымаецца лёгка без упартай нястомнай працы атрымаць прызнанне і павагу.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.