Вынікі ЦТ: інтэрпрэтуй правільна!

Інтэрпрэтуючы вынікі цэнтралізаванага тэсціравання заўсёды трэба ўлічваць, з пазіцыі каго вы гэта робіце: бацькоў, абітурыентаў (якія паступілі ў ВНУ ці не паступілі), настаўнікаў ці кіраўнікоў адукацыі. Для кожнай катэгорыі “спажыўцоў” ЦТ вынікі будуць рознымі. Так сцвярджае начальнік гомельскага Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі У.І.ГЛАЗУНОЎ. Уладзімір Іванавіч расказаў нашай газеце пра вынікі цэнтралізаванага тэсціравання на Гомельшчыне, пра тое, як іх правільна “чытаць” і чаму іх недастаткова для ацэнкі работы школы.

— Калі параўноўваць статыстыку цэнтралізаванага тэсціравання па Гомельшчыне за 2012 і 2011 гады, то можна заўважыць, што сярэднія балы па прадметах заставаліся прыкладна аднолькавымі. А ў 2013 годзе яны якія?
— Параўноўваючы вынікі сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання з вынікамі 2012 года, можна адзначыць, што лічбы калі і падраслі, то вельмі нязначна. Агульны сярэдні тэставы бал па ўсіх прадметах таксама вырас настолькі, што статыстычна гэта не мае значэння. Можна зрабіць выснову, што і прахадныя балы ў асноўным засталіся на ўзроўні мінулага года, калі разглядаць бюджэтныя месцы. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання-2013 навучэнцаў Гомельскай вобласці, уключаючы сярэднія тэставыя балы па прадметах, рэгіянальны цэнтр тэсціравання накіраваў ва ўсе ВНУ вобласці, а таксама органы кіравання адукацыi раённага, гарадскога і абласнога ўзроўню.

— Як адбіліся новыя мінімальныя станоўчыя балы ЦТ на колькасці залічаных у ВНУ рэгіёна? Прагназаваўся 30-працэнтны адсеў… Прагноз спраўдзіўся?
— У большай ступені павышэнне мінімальнай планкі паўплывала на колькасць абітурыентаў, што паступалі на завочную форму навучання, хаця гэтая мера адмоўна адбілася ў канчатковых лічбах прыёму і на дзённую форму. У гэтым годзе практычна ва ўсіх ВНУ Гомельскай вобласці быў зафіксаваны недабор абітурыентаў, у тым ліку на бюджэтныя месцы. Такая сітуацыя назіралася і ў цэлым па рэспубліцы. Адносна прагнозу аб 30-працэнтным адсеве: найбольшыя страты абітурыентаў адзначаны на спецыяльнасцях, дзе профільнымі былі матэматыка і фізіка. У Гомельскай вобласці, дзе пераважаюць спецыяльнасці тэхнічнага профілю, лічбы тых, хто не прайшоў гэтую планку, нават перавысілі 30 працэнтаў. Але тут хацелася б удакладніць, што гаворка ідзе пра ўсіх абітурыентаў. Для выпускнікоў школ бягучага года доля адсеяных значна ніжэй за 20 працэнтаў. Калі прыводзіць абсалютныя лічбы, то па матэматыцы не пераадолелі планку 808 абітурыентаў, а па фізіцы — 455 з 6832 вучняў, што праходзілі цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэгіёне.

— Уладзімір Іванавіч, якую ролю, на ваш погляд, адыграла павышэнне планкі? Быццам бы вышэйшая адукацыя стала ў добрым сэнсе менш даступнай…
— Ці стала вышэйшая адукацыя менш даступнай для абітурыентаў 2013 года, казаць, напэўна, рана. Неабходна ўлічваць, што колькасць выпускнікоў школ сёлета зменшылася больш чым на 10 працэнтаў у параўнанні з 2012 годам. Разам з тым лічбы прыёму ў ВНУ практычна не памяняліся. Шмат хто сёння задаецца пытаннем, наколькі абгрунтаваным было павышэнне прахаднога бала ў гэтым годзе. Хацелася б нагадаць, што некалькі гадоў назад прахадная планка ў ВНУ была зніжана да 1 бала і цэнтралізаванае тэсціраванне перастала выконваць сваю асноўную функцыю ранжыравання і адбору абітурыентаў. Паступіць у ВНУ маглі практычна ўсе, хто ўдзельнічаў у цэнтралізаваным тэсціраванні, ні пра які адбор лепшых не магла ісці гаворка. Разам з тым нязначнае павышэнне прахадных балаў з 7 да 10 або 15 не заўсёды дае магчымасць ранжыравання часткі абітурыентаў з высокай ступенню дакладнасці. Выкарыстанне тэставых заданняў з выбарам аднаго адказу з пяці прапанаваных мае 20-працэнтную верагоднасць угадвання. Значыць, узнікае сітуацыя, калі адзін абітурыент “нагадаў” на 15 балаў, а другі нарашаў на такія ж балы. І хто з іх больш годны для навучання? Але, разам з тым, адмовіцца ад такіх заданняў не ўяўляецца магчымым, бо мы ацэньваем абітурыентаў, якія скончылі школу шмат гадоў назад і лепшых выпускнікоў гімназій, ліцэяў, школ. Для кожнай катэгорыі павінны быць свае заданні, г.зн. заданні, якія яны могуць рашыць. Абмеркаванне пытання пра далейшае павышэнне прахадных балаў — актуальнае.

— Цікава, якія вынікі на ЦТ паказалі менавіта выпускнікі 11 класаў? Як вы лічыце, чаму ў абывацеляў прынята па выніку цэнтралізаванага тэсціравання меркаваць пра работу школы?
— Сярэдні бал выпускнікоў 2013 года ў Гомельскай вобласці вар’іруецца ад 32,7 па фізіцы да 55,82 па іспанскай мове. Напрыклад, 32,7 бала — гэта добры або дрэнны вынік? Каб зрабіць выснову, трэба звярнуцца да мэты цэнтралізаванага тэсціравання — а гэта адбор выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Адпаведна, задача абітурыента — набраць як мага больш балаў для таго, каб вытрымаць конкурс і паступіць у выбраную ВНУ на жаданую спецыяльнасць. Чым вышэй прэстыж ВНУ ў абітурыентаў, тым больш трэба набраць балаў. Напрыклад, абітурыента, які сабраўся паступаць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, бал 32,7 расчаруе. Пры інтэрпрэтацыі вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання трэба ўлічваць, па-першае, яго мэты, задачы і асаблівасці, а па-другое, — запыты спажыўцоў гэтай ацэначнай працэдуры. Аб мэтах і задачах цэнтралiзаванага тэсцiравання я ўжо казаў. А да яго асаблівасцей неабходна аднесці тое, што ацэньванне праводзіцца не для ўсіх выпускнікоў бягучага года, а толькі для часткі, якая плануе паступленне ў ВНУ. Напрыклад, наколькі дакладнай будзе ацэнка дзейнасці школы, калі з 50 яе выпускнікоў у цэнтралізаваным тэсціраванні па якім-небудзь прадмеце ўдзельнічаў толькі адзін вучань? Што да спажыўцоў, то яны розныя ва ўступнага экзамену ў ВНУ і ССНУ і ў маніторынгу дзейнасці настаўніка, школы і г.д. У іспытаў — гэта вучні і іх бацькі, настаўнікі і кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а ў маніторынгу — кіраўнікі сістэмы адукацыі ўсіх узроўняў. Паўтару, што для навучэнцаў і бацькоў важна набраць дастатковую колькасць балаў для паступлення ў ВНУ згодна з іх планамі і інтарэсамі. Як я патлумачыў на прыкладзе, для аднаго школьніка 30 балаў — гэта дрэнны вынік, для іншага — дастатковы для паступлення ў абраны ўніверсітэт, значыць, добры. Для настаўнікаў важна змястоўная інтэрпрэтацыя вынікаў: якія заданні вучань выканаў паспяхова, а якія не. У маніторынгу кіраўнікам важныя параўнанні, напрыклад, у выглядзе рэйтынгу: якая школа на першым месцы, якая на другім і г.д. І вынік у 30 балаў можа быць паспяховым, калі дазваляе заняць больш высокае месца. Падагульню. Даючы ацэнку выніку цэнтралiзаванага тэсцiравання, неабходна ўлічваць, што, па-першае, вынік мы разглядаем у кантэксце паспяховага паступлення ў ВНУ або ССНУ. Па-другое, пры ацэнцы дзейнасці настаўніка, школы, рэгіянальнай адукацыйнай сістэмы сярэднія тэставыя балы могуць выкарыстоўвацца толькі ў спалучэнні з іншымі данымі.

— Можа, школе не хапае знешняга ацэньвання, і за яго памылкова прымаюць цэнтралізаванае тэсціраванне? Настаўнік, выстаўляючы адзнаку навучэнцу, ставіць яе самому сабе. І часта завышае. Дастаткова распаўсюджаная з’ява: высокія балы ў атэстаце і нізкія на ЦТ…
— Аб параўнанні адзнак цэнтралізаванага тэсціравання і ў атэстаце: нельга паставіць знак роўнасці паміж школьнай ацэнкай і тэставым балам. Адзнака ў атэстаце — гэта кваліфікацыйная ацэнка, якая вызначае не толькі ўзровень атрыманых ведаў і сфарміраванасць уменняў, але і інтэгруе ўменне працаваць самастойна, вучэбна-даследчую дзейнасць вучня, іншую вучэбную работу ў школе. Цэнтралізаванае тэсціраванне — аднакрокавая працэдура адбору абітурыентаў. Змест тэстаў вызначаецца не толькі школьнай праграмай, але і праграмай паступлення ў ВНУ і ССНУ. Значыць, абітурыенту могуць быць прапанаваны заданні павышанага ўзроўню складанасці, хоць і ў рамках школьнай праграмы. У такім выпадку для вывучэння гэтых элементаў неабходна была дадатковая падрыхтоўка, калі навучанне не профільнае. Разам з тым вучань добрасумленна выканаў стандартны вучэбны план і атрымаў заслужаную высокую ацэнку ў атэстат. Але на тэсціраванні з часткай складаных заданняў не справіўся і атрымаў невысокі бал. З гэтага вынікае, што ацэнкі могуць адрознівацца. Кантроль за дзейнасцю школ, у тым ліку вучэбнай, ажыццяўляецца зусім не знешнім ацэньваннем, а органамі кіравання сістэмы адукацыі, Дэпартаментам кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі. Іх дзейнасць рэгламентавана адпаведнымі нарматыўнымі дакументамі. Калі звярнуцца да знешняга ацэньвання як маніторынгавай працэдуры, то тут цікавы вопыт удзелу расійскіх школьнікаў у міжнародных праграмах PIRLS, TIMSS, PISA. Але выкарыстанне гэтых даследаванняў для ацэнкі якасці адукацыйных сістэм вельмі цяжка ўявіць. Гэта пытанне, перш за ўсё, рэпрэзентатыўнасці выбаркі, якая адбіраецца для ўдзелу ў праграмах. Ёсць і іншыя асаблівасці маніторынгу. Як вынік — без дадатковых сур’ёзных другасных даследаванняў наўрад ці можна казаць пра магчымасці міжнародных маніторынгаў для ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці нацыянальнай сістэмы адукацыі. На мой погляд, нам будзе больш цікавы расійскі нацыянальны вопыт маніторынгавых даследаванняў, якія расіяне выбудоўваюць для сваіх рэгіянальных адукацыйных сістэм.

— Выпускнікі мінулых гадоў традыцыйна не ўпрыгожваюць статыстыку ЦТ. Самае сумнае, што пры вялікіх магчымасцях падрыхтоўкі да тэсціравання мала хто імі карыстаецца. Павышэнне планкі падштурхнула гэтую катэгорыю абітурыентаў больш дбайна рыхтавацца?
— Аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, што паказалі выпускнікі мінулых гадоў, сведчыць, што большасць з іх не рыхтавалася сістэмна — на курсах або індывідуальна — да ўступных іспытаў, нягледзячы на павышэнне прахадных балаў. Гэта пацвярджаюць і іх паводзіны на самім тэсціраванні: частка такіх абітурыентаў і не імкнулася знаёміцца з тэставым заданнем, а проста наўздагад ці па нейкай сістэме запаўняла бланк адказу на працягу першай гадзіны. А некаторыя і праз 15 хвілін пакідалі аўдыторыі. Напэўна, каб усвядоміць, што неабходна рыхтавацца для паступлення ў ВНУ, трэба час.

— Уладзімір Іванавіч, раскажыце, як працуе праграма “Прафпрагноз”? Дзякуючы ёй, ВНУ прыблізна ведаюць, колькі абітурыентаў плануе да іх паступаць. Ці дапамагае гэта праводзіць уступную кампанію?
— Праграма “Прафпрагноз”, прапанаваная ў свой час Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў для анкетавання абітурыентаў, сёння шырока выкарыстоўваецца ў прафарыентацыйнай дзейнасці рэгіянальнымі цэнтрамі тэсціравання ў Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Мэта праграмы — прагназаванне і карэкціраванне конкурснай сітуацыі па спецыяльнасці, форме навучання ў навучальных установах розных тыпаў у Гомельскай вобласці і рэспубліцы (у ВНУ, ССНУ, ПТВ). Праграма дазваляе выяўляць раёны рэгіёна, якія маюць патрэбу ў больш глыбокай індывідуальна-тлумачальнай працы па спецыяльнасці і формах навучання ў розных установах адукацыі, планаваць этапы арганізацыі і правядзення падрыхтоўкі да ўступных іспытаў у форме цэнтралізаванага тэсціравання. У Гомельскім рэгіёне ў анкетаванні наконт сваіх прафесійных намераў удзельнічаюць не толькі навучэнцы-выпускнікі, але і школьнікі 9-10 класаў. У 2013/2014 навучальным годзе рэгіянальны цэнтр плануе правесці анкетаванне вучняў 7-8 класаў для высвятлення іх адносін да прадметаў у кантэксце профілю навучання. Гэта дасць магчымасць эфектыўна арганізаваць і праводзіць прафарыентацыю навучэнцаў, у тым ліку раннюю. Наогул неабходна адзначыць, што своечасовы і правільны прафесійны выбар з’яўляецца вельмі важнай умовай поспеху вучня на цэнтралізаваным тэсціраванні. Статыстыка мінулых гадоў гаворыць пра перавагу нематываваных абітурыентаў, якія вырашаюць свой лёс у апошнія месяцы навучання ў школе, часта па прынцыпе блізкасці ВНУ да дому або па тым, што спецыяльнасць прэстыжная. Таму маё глыбокае перакананне, што падрыхтоўка да цэнтралiзаванага тэсцiравання павінна пачынацца з прафарыентацыі школьнікаў.

— У тых, хто будзе паступаць у наступным годзе, ёсць шмат часу ў запасе. Як яго правесці з максімальнай карысцю? Што вы парэкамендуеце?
— Хацелася б параіць абітурыентам 2014 года як мага раней выбраць, чым бы яны хацелі займацца пасля заканчэння школы, з якімі прадметамі хацелі звязаць сваю будучую прафесію. Дапамагчы ў прафесійным выбары могуць у гомельскім рэгіянальным цэнтры тэсціравання. У межах праекта “Прафарыентацыйны псіхолага-педагагічны кансалтынг навучэнцаў” цэнтр арганізуе прафарыентацыйную дыягностыку для навучэнцаў 7—11 класаў з наступным прафарыентацыйным сумоўем. Для кароткатэрміновай падрыхтоўкі вучняў да цэнтралiзаванага тэсцiравання раю звярнуць увагу не толькі на курсы і рэпетытараў, але і на факультатывы, якія арганізоўваюцца ў школах. Іх эфектыўнасць можа быць адназначна вышэй за іншую кароткатэрміновую падрыхтоўку, таму што ніхто іншы, як свой педагог, так добра не ведае асаблівасці кожнага вучня, яго моцныя і слабыя бакі.

— Вялікі дзякуй за інтэрв’ю!

Падрыхтавала Іна НІКІЦЕНКА.