Нашпігоўваць на тэст ці вучыць прадмету?

Чаму старшакласнікі пры падрыхтоўцы да ЦТ вельмі часта наймаюць рэпетытараў? З-за сваёй няўпэўненасці ў ведах, недастатковасці школьных урокаў ці недасканаласці падручнікаў? Ці, магчыма, існуюць іншыя прычыны? Калі можна выкарыстоўваць тэставую форму кантролю ведаў, а калі рабіць гэта не варта? Што на гэты конт думаюць людзі, якія не першы год працуюць у сферы адукацыі?

“Трэба вывучаць сам прадмет, як гэта было раней”

— Ці можа добры настаўнік падрыхтаваць вучня да здачы ЦТ без рэпетытара?
— Лічу, што нармальнага вучня добры настаўнік да ЦТ можа падрыхтаваць і без рэпетытара. Аднак гэта павінен быць настаўнік, які вучыць прадмету, бо тэстамі прадмету не навучыш. Тэсты — гэта знешні кантроль, таму ён не з’яўляецца навучальным. Яго варта прымяняць эпізадычна, або ў канцы тэмы, курса, або пры паступленні, — упэўнены Міхаіл Мікалаевіч Волкаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Дзеці ідуць да рэпетытара, таму што ўзровень сярэдняй школы значна знізіўся. Існуюць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны гэтаму. Колькасць гадзін, у прыватнасці па матэматыцы, стала значна меншай. Раней, да апошняга рэфармавання адукацыі, матэматыкі было 6 гадзін у агульнаадукацыйных класах. Зараз 5 гадзін матэматыкі, і гэта ў гімназіях.

— Дарэчы, на тое, што не хапае гадзін на свой прадмет, скардзяцца многія настаўнікі. У чым, на ваш погляд, прычына?
— Ведаеце, назіраецца парадокс. Раней было больш гадзін па агульнаадукацыйных прадметах — па матэтыцы, фізіцы, мовах, гісторыі і па іншых. І ў дзяцей было па 6 урокаў. Зараз колькасць гадзін па гэтых прадметах скарацілася, аднак дзеці наведваюць па 8 урокаў, што шкодзіць здароўю і якасці іх ведаў, таму што апошнія ўрокі наогул не ўспрымаюцца вучнямі. І на гэта абавязкова трэба звярнуць увагу.
Да таго ж, у гэтым я ўпэўнены, трэба ўдасканальваць праграмы і падручнікі. Зараз праграма, як гарох. Тэмы рассыпаны. Кожны раз настаўнік прыходзіць да вучняў і кажа: “Дзеці, я раскажу вам тое, чаго раней вы не ведалі”. Але кожная новая тэма павінна быць натуральным працягам папярэдняй, каб вучні атрымлівалі новыя веды, зыходзячы з сістэмы набытых ведаў. А гэта — іншы ўзровень навучання. Тут многае залежыць ад майстэрства настаўніка. Павінна быць сістэмнае бягучае паўтарэнне. Тады, дайшоўшы да адзінаццатага класа, дзеці не забудуць тое, што яны вывучалі раней, — упэўнены М.М.Волкаў.

— Пакуль ЦТ лічыцца адзінай найбольш аб’ектыўнай формай адбору вучняў пры паступленні. Аднак які яго варыянт можа дазволіць найбольш поўна прасачыць мысленне дзіцяці, што з’яўляецца індыкатарам яго здольнасцей?
— Мне падаецца, што прыйшоў час стварыць тэсты хаця б з трох раздзелаў: раздзел А, раздзел В і раздзел С. У раздзеле С падлетак паказваў бы, як ён рашае, як абгрунтоўвае. І нават калі абітурыент дапусціць памылку, то па рашэнні задачы будзе відаць, ці цяміць дзіця. Хай яму трошкі менш залічаць балаў за задачу, але будзе відаць, што дапушчана менавіта вылічальная памылка, і дзіця сапраўды валодае прадметам.
Дарэчы, многія абітурыенты атрымліваюць нізкія балы па ЦТ, таму што перасталі даказваць тэарэмы, перасталі рабіць высновы, перасталі рашаць доказныя задачы, а гэта значыць перасталі мысліць. У навуцы вядома, што чалавек можа рашыць толькі тую задачу, якая ніжэйшая за яго ўзровень ведаў альбо ён зараней ведае рашэнне. Ва ўсіх астатніх выпадках трэба ўмець зводзіць невядомую задачу да вядомых ведаў. А гэта можна зрабіць з дапамогай прыёмаў і метадаў мысліцельнай дзейнасці.
Калі я працаваў настаўнікам, я толькі з чацвёртай чвэрці апошняга года навучання пачынаў адпрацоўваць хуткасць напісання тэстаў. Аднак да гэтага абавязкова трэба вучыць самому прадмету і доказным разважанням, як гэта было раней: з рашэннем, афармленнем, вывадамі.

“Навошта табе рэпетытар, калі ты можаш вывучыць сам?”

— Ці магчыма паўтарыць праграму 6—9 класаў самастойна?
— Праграма па біялогіі за адзінаццаты клас не прадугледжвае паўтарэння праграмы за 6, 7, 8, 9 класы. Дзеці матэрыял забываюць. Тым больш што ў 6 класе дзіця нават не ведала, што будзе здаваць біялогію, — гаворыць Вольга Аляксандраўна Сцяпанава, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 35 Магілёва. — Так, у 11 класе школьнікі праходзяць апошні раздзел — агульную біялогію, якую пачалі вывучаць у 10 класе. Астатні матэрыял (а гэта 3 раздзелы), рыхтуючыся да ЦТ, ім трэба ўспамінаць.
— Разумным дзецям я задаю пытанне: “Навошта табе рэпетытар, калі ты можаш вывучыць сам?” Падлетак адказвае, што з рэпетытарам ён адчувае большую адказнасць, а таму садзіцца і вучыць, а калі надумае займацца сам, то ўвесь час будзе адкладваць, — адзначае В.А.Сцяпанава.
Вольга Аляксандраўна ўпэўнена, што нават моцнаму вучню па біялогіі патрэбен рэпетытар. Праўда, на яе думку, слабага вучня за год падрыхтаваць нерэальна, пачынаць трэба з 10 класа. “Добры рэпетытар заўсёды скажа бацькам, на які бал яго дзіцяці варта разлічваць. Калі правядзеш некалькі заняткаў, відаць, што можа атрымацца ў выніку,” — дадае настаўніца.

Падрыхтоўка да ЦТ? У школьнага ўрока іншыя мэты

— Калі вучань працуе на ўроках, наведвае факультатывы, удзельнічае, напрыклад, у алімпіядах, то ён здольны падрыхтавацца і без рэпетытара. Рэпетытар кантралюе, можа растлумачыць пэўныя нюансы. Але тыя ж нюансы можна выясніць, напрыклад, з дапамогай настаўніка-прадметніка. Аднак калі вучань хоча засцерагчы сябе, то можа займацца з рэпетытарам год ці паўгода, — гаворыць настаўнік геаграфіі гімназіі № 2 Віцебска Сяргей Мікалаевіч Крыленка.
Аднак Сяргей Мікалаевіч упэўнены, што ў школьных урокаў зусім іншыя мэты і задачы, чым рашэнне тэстаў. Падобнай думкі прытрымліваецца і настаўнік фізікі і астраноміі гімназіі № 3 Гродна і адначасова намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ігар Сяргеевіч Маслаў.
— Для таго каб у вучня былі глыбокія веды па прадмеце, павінен быць і дэманстрацыйны, і лабараторны эксперымент. Адпрацоўка тэставых заданняў павінна весціся ў рамках факультатыўных заняткаў, — упэўнены Ігар Сяргеевіч.
Найбольш аптымальны варыянт ён бачыць у выкарыстанні тых магчымасцей, якія дае школа. Калі эфектыўна арганізоўваць факультатыўныя, стымулюючыя заняткі, то прабелы ў ведах могуць быць ліквідаваны ў рамках сістэмы “ўрок — факультатыўныя заняткі”. Калі гэтага недастаткова, як варыянт можна разглядаць дадатковыя заняткі на платнай аснове. Але, на думку Ігара Сяргеевіча, гэта выключная сітуцыя.
— У грамадстве існуе стэрэатып, быццам рэпетытар — гэта гарант таго, што дзіця паспяхова здасць тэсціраванне і атрымае дастаткова высокі бал. Гарантам з’яўляецца не рэпетытар і нават не настаўнік, а сам вучань, яго жаданне працаваць, — упэўнены педагог.
У размове Ігар Сяргеевіч акцэнтаваў увагу на недастатковай колькасці гадзін па фізіцы. А гэта адна гадзіна ў 6 класе і 2 гадзіны ў тыдзень у 7—11 класах не фізіка-матэматычнага напрамку. І.С.Маслаў звярнуў увагу і на падручнікі.
— Савецкія падручнікі, напрыклад, у 7—8 класе былі больш даступныя для разумення вучняў. Нельга сказаць, што заданні, якія прапаноўваюцца сучаснымі падручнікамі, больш складаныя, аднак самі фармулёўкі ў дзяцей выклікаюць цяжкасці, — расказвае Ігар Сяргеевіч.
Таксама суразмоўца выказаў неўразуменне, чаму на тэсціраванні па фізіцы прапаноўваюцца задачы, якія патрабуюць значных матэматычных разлікаў, чаму тэсціраванне разлічана не столькі на праверку разумення сутнасці фізічных з’яў і працэсаў, колькі на ўменне праводзіць матэматычныя разлікі. “Атрымліваецца, што фізіка — гэта інтэграваны прадмет, дзе правяраецца веданне і матэматыкі, і фізікі, — рэзюмаваў І.С. Маслаў.

Тэст здадзены, ці змагу размаўляць?

Аксана Васільеўна Бадунова, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 49 Гомеля, упэўнена, што ў школе ёсць усе магчымасці, каб дзеці рыхтаваліся да ЦТ. Аднак у дачыненні да замежнай мовы яна зрабіла агаворку:
— Вельмі важна развіваць камунікатыўныя навыкі. Нашы вучні паступаюць у лінгвістычны ўніверсітэт па выніках алімпіяды. Ва ўніверсітэт паступаюць і дзеці, якія атрымліваюць высокія балы на ЦТ. Вучацца яны ў адной групе. Алімпіяднікам (я размаўляла з выпускнікамі) лягчэй даецца практыка вуснага і пісьмовага маўлення ва ўніверсітэце. А студэнты, якія добра напісалі ЦТ, часта не могуць прымяніць гэтыя веды на практыцы. Таму, калі глядзець з гэтай пазіцыі, на занятках па мове ў першую чаргу трэба вучыцца размаўляць.

Што на гэты конт думаюць студэнты-стабальнікі?

Сяргей Кавальчук ужо трэці год вучыцца на адным з самых прэстыжных факультэтаў у БДУІР — на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак. Два з паловай гады назад хлопец набраў 100 балаў па фізіцы, што дало яму магчымасць паступіць у жаданую ўстанову. У Сяргея, можна сказаць, амаль не было рэпетытараў. Чаму амаль, таму што з рэпетытарам хлопец займаўся ў апошнія 2 месяцы вучобы ў 11 класе. Як прызнаўся сам Сяргей, ён рабіў гэта для таго, каб навучыцца рашаць задачы больш высокага ўзроўню, чым заданні на ЦТ.
Задачы ЦТ Сяргей умеў рашаць яшчэ ў 10 класе. Хлопцу значна дапамагла алімпіяда па фізіцы, да таго ж ён наведваў факультатыўныя заняткі. Ён упэўнены, што падрыхтавацца без рэпетытара рэальна. Імкненне самастойна паступаць падтрымалі і яго бацькі.
Яшчэ адзін студэнт факультэта камп’ютарных сістэм і сетак — Мікіта Латушкін. Гэтым летам ён набраў максімальны бал адразу па двух прадметах — фізіцы і матэматыцы.
— Спачатку не збіраўся браць урокі ў рэпетытараў, асабліва па матэматыцы. Аднак хваляваўся, што на факультэт, які я выбраў для сябе, высокі прахадны бал. Таму ў 11 класе ўсё ж такі стаў з імі займацца. Усё залежыць ад таго, ці гатовы ты без рэпетытара, сам, па сваёй волі займацца. Калі ж пачынаць рыхтавацца самому, то рабіць гэта варта ўжо з 10 класа, — упэўнены Мікіта. Трэба сказаць, што ў школьныя гады ён таксама ўдзельнічаў у алімпіядзе, аднак у 11 класе перавагу аддаў падрыхтоўцы да ЦТ.

Святлана ШЫЯН.