Дапамога кожнаму абітурыенту

Сёння амаль усе абітурыенты жадаюць удзельнічаць у рэпетыцыйным тэсціраванні, бо гэта дадатковая магчымасць праверыць свае веды, лепш падрыхтавацца да ўступных выпрабаванняў.

Дадатковая адукацыйная паслуга — кантрольны зрэз ведаў — была апрабавана ў Рэгіянальным цэнтры тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы 10 гадоў назад. Гэта была першая спроба рэпетыцыйнага тэсціравання, якая паказала вялікую зацікаўленасць абітурыентаў і добрыя вынікі. Такія дасягненні сталі магчымымі не толькі за кошт простай “рэпетыцыі”, але і дзякуючы сістэме, якую пачалі ўкараняць і развіваць у ГрДУ.
Сёння рэпетыцыйнае тэсціраванне проводзіцца па тэхналогіях ЦТ па матэрыялах Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, толькі без выдачы сертыфікатаў. Усё арганізавана так, як і на ЦТ, — з рэгістрацыяй, выдачай пропуску, праверкай дакументаў, лёсаваннем пасадачных месцаў. Так абітурыентам дапамагаюць адаптавацца да ўмоў ЦТ, а для арганізатараў, якія працуюць у аўдыторыях і будуць удзельнічаць у правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання, гэта таксама добры досвед.
“Абітурыенты, якія прайшлі тры этапы рэпетыцыйнага тэсціравання, паказваюць на ЦТ вынікі ў сярэднім на 15—20 працэнтаў лепшыя ў параўнанні з іншымі ўдзельнікамі, — расказвае начальнік Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Валюк. — Мы паказваем абітурыентам, што праз рэпетыцыйнае тэсціраванне можна вучыцца. Гэта не толькі падвядзенне вынікаў, а магчымасць прааналізаваць свае веды і атрымаць дапамогу ў далейшай падрыхтоўцы”.
Дарэчы, прыняць удзел у РТ могуць усе жадаючыя. Статыстыка апошніх гадоў сведчыць аб тым, што гэтай паслугай карыстаецца вялікая колькасць дзесяцікласнікаў. Так, у двух этапах РТ гэтага года дзясятую частку ад усіх удзельнікаў склалі вучні 10 класаў. Прыходзяць на РТ настаўнікі, бацькі і нават рэпетытары. Аксана Уладзіміраўна ўзгадвае выпадак, калі ў рэпетыцыйным тэсціраванні ўдзельнічалі ўсёй сям’ёй — мама, тата і дачка-абітурыентка. Не абмежавана і колькасць прадметаў. Але часцей за ўсё ўдзельнікі выбіраюць не больш як чатыры прадметы.
“Калі мы правялі першыя рэпетыцыйныя тэсты, то зразумелі, што атрымалі сур’ёзны матэрыял для аналізу. Мы ўбачылі дасягненні і недахопы падрыхтоўкі абітурыентаў і зразумелі, што можам дапамагчы і школьнікам, і настаўнікам. Так узнікла ідэя праводзіць індывідуальныя кансультацыі па выніках РТ, і нас падтрымаў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў”, — расказвае дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ Лілія Баброўнік, якая ў той час узначальвала РЦТіПАМ.
Індывідуальная кансультацыя для самастойнай работы над памылкамі дазваляе не толькі ўбачыць тэставыя заданні, з якімі не справіліся ўдзельнікі, а таксама тэматыку раздзелаў і тэм школьнай праграмы з указаннем года вывучэння (класа). Даюцца адказы і арыенціры на правільнае выкананне тэставых заданняў, а таксама спіс вучэбнай і метадычнай літаратуры. Абітурыенту важна ведаць не толькі, як рашаць канкрэтнае заданне, што выклікала цяжкасць, але і ўбачыць, з якой тэмай ён не справіўся, каб яе паўтарыць і не зрабіць памылак у будучыні.
Скарыстацца такой паслугай могуць абітурыенты не толькі Гродзенскай вобласці, але і любога населенага пункта Беларусі. Заказаць кансультацыю можна як у перыяд рэгістрацыі на рэпетыцыйнае тэсціраванне, так і пасля атрымання вынікаў. Колькасць індывідуальных кансультацый штогод узрастае. Так, у 2012 годзе індывідуальную кансультацыю пры аналізе сваіх вынікаў выкарысталі 24% абітурыентаў, у 2013 годзе — 38%. На другім этапе РТ у 2014 годзе колькасць кансультацый склала 6491 на 13411 выкананых тэстаў (48%).
Яшчэ адна форма падрыхтоўкі — дыстанцыйнае навучанне. Яно пачынаецца з правядзення кантрольнага зрэзу ў форме тэсціравання, што дазваляе вызначыць узровень ведаў і якасць засваення матэрыялу, скарэкціраваць вывучэнне матэрыялу з улікам выяўленых праблем. Складаецца індывідуальны графік навучання. На сайце РЦТіПАМ размешчаны ўсе неабходныя матэрыялы, у тым ліку дэмаверсіі курсаў. З удзельнікамі такіх курсаў працуюць выкладчыкі ўніверсітэта і вопытныя настаўнікі. Для абмеркавання пытанняў яны карыстаюцца скайпам ці электроннай поштай. Прадугледжана выкананне васьмі кантрольных работ па розных блоках.
Такая работа дае вынікі. Гродзенская вобласць на працягу апошніх гадоў з’яўляецца адным з лідараў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў краіне.
Дарэчы, у абітурыентаў 2014 года ёсць яшчэ адзін шанс праверыць свае веды і лепш падрыхтавацца да ўступных іспытаў — прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне. Сацыялагічнае апытанне паказала, што 90% удзельнікаў лічаць яго якаснай формай падрыхтоўкі да ЦТ.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.