Слова “сучасны” азначае “той, хто жыве ў суладдзі з часам”. Сёння ў кожнага з нас ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсе нашы шляхі, лёсы, прафесіі і інтарэсы — наша Беларусь. Якой яна стане заўтра? Ці зможам мы яе зберагчы і абараніць, зрабіць яшчэ больш прыгожай, моцнай і квітнеючай? Вельмі многае тут залежыць ад абітурыентаў — будучых навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі.
Полацкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці — адна з лепшых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Віцебскім рэгіёне. Для педагогаў і навучэнцаў гэта агульны вялікі ўтульны дом. Чым ён слаўны і чаму менавіта яму аддаюць перавагу абітурыенты? Напэўна, найперш таму, што тут рыхтуюць кадры для сельскагаспадарчай вытворчасці — а яны заўсёды былі і будуць запатрабаваныя. Спрадвек харчаванне з’яўляецца першачарговым пытаннем у жыцці кожнай сям’і.
З 2008 года калектыў Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці ўзначальвае Ірына Кісялёва, выдатнік адукацыі, чалавек года Віцебшчыны-2014. Навучэнцы вельмі паважаюць свайго дырэктара за глыбокія веды і кампетэнтнасць, але ці не ў першую чаргу — за спагаду і справядлівасць.
— За кожнай старонкай гісторыі нашага ліцэя стаяць справы, поспехі, дасягненні і наша галоўнае багацце — дзеці, — падкрэслівае Ірына Леанідаўна. — Гэта ім мы даём упэўненасць у шчырасці пачуццяў і праваце ўчынкаў. Гэта іх майстэрства і творчасць так неабходны нашай дзяржаве. І наша найважнейшая задача — выхаваць прафесіяналаў і дастойных грамадзян роднай Беларусі.
Студэнцкі гарадок, які размешчаны ў гарадскім пасёлку Ветрына Полацкага раёна, з ранняй вясны і да позняй восені радуе вока кветкамі. У маі акутваюцца бялюткім флёрам сады. Непадалёк традыцыйнага яблыневага саду шапаціць маладым галлём выдатны слівавы, а не так даўно педагогі разам з навучэнцамі заклалі экзатычную плантацыю калонападобных і карлікавых яблынь! Акрамя таго, яны вырошчваюць маліну, парэчкі, клубніцы. Саджанцы, між іншым, паспяхова рэалізуюць: высокагатункавы матэрыял з задавальненнем набываюць і мясцовыя жыхары, і пакупнікі з усёй вобласці.
Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для навучання і выхавання, развіцця творчай асобы і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных, канкурэнтаздольных і запатрабаваных на рынку працы кадраў. Матэрыяльна-тэхнічная база ліцэя па-добраму ўражвае: 23 вучэбныя кабінеты, 10 вучэбна-вытворчых майстэрань, камп’ютарныя класы, выдатная бібліятэка і нядаўна рэканструяваная актавая зала. Сталовая абсталявана па апошнім слове тэхнікі. Усе, хто паступае сюды на трохгадовы тэрмін навучання, забяспечваюцца бясплатным трохразовым харчаваннем (без прадастаўлення даведак). А маладыя людзі, якія вучацца адзін год, атрымліваюць стыпендыю. Установа мае ўласны інтэрнат, дзе прадастаўляюцца месцы ўсім іншагароднім навучэнцам. Блокі са светлымі ўтульнымі пакоямі, у якіх жыве па 2—3 чалавекі, узорная чысціня і парадак, новая мэбля і сантэхніка, пакоі для самападрыхтоўкі — інтэрнат з’яўляецца асаблівым гонарам ліцэя!
Установа адукацыі працуе па доўгатэрміновых планах падрыхтоўкі і працаўладкавання выпускнікоў. Царства аграрыяў — цяпліцы і агарод, дзе прымяняюцца найноўшыя тэхналогіі вырошчвання раслін. Аўтатрактарны парк ліцэя налічвае звыш 120 адзінак аўтамабіляў, трактароў і іншай тэхнікі. Навыкі ваджэння хлопцы і дзяўчаты адпрацоўваюць на ўласным аўтадроме і трактарадроме. Вучэбная гаспадарка займае амаль 900 гектараў. Структура пасяўных плошчаў дазваляе адпрацоўваць усе тэмы вытворчага навучання. Выкладчыкі і майстры ведаюць сакрэты высокіх ураджаяў і шчодра дзеляцца імі з навучэнцамі. На працягу шэрага гадоў ліцэй уваходзіць у лік лідараў па валавым зборы зерня сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Віцебшчыны.
У Ветрына прыязджаюць тыя, хто хоча атрымаць запатрабаваную рабочую прафесію. Прычым сярод абітурыентаў не толькі сяльчане, але і гараджане, якія ахвотна карыстаюцца магчымасцю атрымаць вадзіцельскае пасведчанне: тут на трактарыстаў і вадзіцеляў вучаць бясплатна. Заўсёды паспяхова працаўладкоўваюцца муляры. Буйныя прадпрыемствы літаральна вядуць паляванне на кваліфікаваныя кадры! На сяле сёння таксама нельга без ведання сучасных тэхналогій. Напрыклад, аператару машыннага даення на буйной малочнатаварнай ферме ўжо не абысціся без навыкаў работы з камп’ютарам. Навучэнцы сябруюць з разумнай тэхнікай: практычна штогод яны выходзяць у пераможцы раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў па інфарматыцы.
Кожны дзень ліцэя — асаблівы: цікавыя ўрокі і мерапрыемствы, заняткі ў гуртках і секцыях… Сумаваць няма калі! У 2000 годзе ў ліцэі быў створаны маладзёжны цэнтр “Світанак”. Візітоўка ўстановы адукацыі — музей, дзе ў ролі экскурсаводаў выступаюць самі навучэнцы. Ёсць у “Світанку” і свой прэс-клуб “Журналіст”, дзе ліцэісты выпускаюць уласную газету.
Традыцыйна праводзяцца конкурсы “Лепшы па прафесіі” і мастацкай самадзейнасці, алімпіяда па агульнаадукацыйных прадметах, спартыўныя святы, прадметныя тыдні і дэкады, Зажынкі, Дажынкі, Масленіца (папулярнае вясёлае свята ўключае тэатралізаваны паказ), Кірмаш здароўя і конкурс снежных фігур.
Штогод ветрынцы ўдзельнічаюць у разнастайных кірмашах, дзе прадстаўляюць прадукцыю, вырашчаную на палетках і ў цяпліцах вучэбнай гаспадаркі, зробленую ў майстэрнях і на занятках гурткоў. Кірмашы яшчэ раз даказваюць: моладзь здольная дасягнуць высокіх працоўных вынікаў, галоўнае, каб юнакі і дзяўчаты адчувалі сябе сапраўднымі гаспадарамі.
Для атрадаў маладых механізатараў пасяўная і ўборачная — гэта і натхненне, і практыка, чарговы рывок наперад у прафесійным станаўленні, і адвечнае змаганне з прыроднай стыхіяй, і задавальненне ад выкананага абавязку перад сабой, сваёй зямлёй і сваёй краінай.
Асаблівая ўвага ў ліцэі ўдзяляецца фарміраванню здаровага ладу жыцця і адказных паводзін навучэнцаў. Да паслуг аматараў спорту — трэнажорная зала і лёгкаатлетычны гарадок, пляцоўкі для баскетбола і гандбола, спартыўная зала. Увечары арганізавана работа спартыўных секцый. Навучэнцы ўжо неаднойчы станавіліся пераможцамі спаборніцтваў розных узроўняў.
Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ўстановы адукацыі яе дырэктар лічыць развіццё пазабюджэтнай дзейнасці і спалучэнне тэорыі з практыкай. Пазабюджэтная дзейнасць дазволіла значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу: правесці бягучыя рамонты, забяспечыць вучэбны працэс неабходнымі матэрыяламі і абсталяваннем, стварыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Толькі ў 2014 годзе на пазабюджэтныя сродкі было набыта 12 адзінак новай тэхнікі, камп’ютарны клас, новая мэбля для інтэрната і сталовай, праведзена рэканструкцыя машынна-трактарнага парка, аўтадрома.
Ліцэй пастаянна развіваецца, самаўдасканальваецца, расце, рушыць наперад. Яго выпускнікі паспяхова працуюць у сельскіх гаспадарках рэгіёна, многія атрымалі сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю па бесперапыннай інтэграванай сістэме прафесійнай адукацыі і зараз займаюць кіруючыя пасады.
— Мы ўсе тут дома. Будзем рады прыняць у нашу дружную сям’ю і вас, абітурыенты-2015! — ад імя калектыву запрашае Ірына Кісялёва.
Таццяна БОНДАРАВА.