Пры падачы дакументаў абітурыенты цікавяцца будучым размеркаваннем
8 ліпеня пачаўся самы адказны час у жыцці ўчарашніх школьнікаў, гімназістаў і ліцэістаў — уступная кампанія ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Дзверы для будучых студэнтаў адчыніў у гэты дзень і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна.
Сёлета на дзённую форму навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца прыняць 343 чалавекі, 36 з іх — на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Найбольшая колькасць заяў на вечар суботы была зарэгістравана на спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “Лагапедыя” (дарэчы, менавіта на гэтыя спецыяльнасці выдзелена больш за ўсё мэтавых месцаў), а таксама на спецыяльнасці, звязаныя з фізічнай культурай. Аднак у прыёмнай камісіі па вопыце мінулых гадоў ведаюць, што большасць абітурыентаў арыентавана на падачу дакументаў у апошнія дні ўступнай кампаніі.
Увесь час у прыёмную камісію паступае шмат зваротаў ад абітурыентаў і іх бацькоў адносна паступлення, будучага размеркавання, забяспечанасці студэнтаў месцамі ў інтэрнаце. Неабходна адзначыць, што інтэрнат прадастаўляецца ўсім іншагароднім студэнтам.
Актуальным таксама з’яўляецца пытанне пра ўмовы паступлення алімпіяднікаў — пераможцаў рэспубліканскага этапу, выпускнікоў школ, якія маюць залаты або сярэбраны медаль, выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія маюць дыплом з адзнакай (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы, якую яны скончылі). Гэтыя катэгорыі абітурыентаў залічваюцца на пэўныя педагагічныя спецыяльнасці без уступных экзаменаў. Дарэчы, сёлета пералік такіх спецыяльнасцей пашырыўся (сярод іх, напрыклад, “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)”, “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Дашкольная адукацыя” і інш.).
За шматгадовую гісторыю Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна тут было падрыхтавана звыш 40 тысяч спецыялістаў. Многія з іх дасягнулі высокіх прафесійных вяршынь.
Моладзь таксама ўдзяляе ўвагу тэрмінам атрымання вышэйшай адукацыі. Самы доўгі перыяд навучання на дзённай форме (5 гадоў) на спецыяльнасцях “Камп’ютарная фізіка. Камп’ютарнае мадэляванне фізічных працэсаў” і “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)”. На астатніх жа давядзецца вучыцца 4 гады. Што тычыцца завочнай формы, то там вышэйшую адукацыю можна атрымаць за 5 гадоў, а пры паступленні на скарочаную форму навучання (на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі) — за 3,5 або 4,5 года.
Важным пры падачы дакументаў з’яўляецца пытанне будучага працаўладкавання. Па выніках мінулага навучальнага года ўсе выпускнікі Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта, якія вучыліся за кошт сродкаў бюджэту, былі размеркаваны на работу ва ўстановы адукацыі. Не засталіся без увагі і выпускнікі платнай формы. Тыя з іх, хто выказаў жаданне атрымаць накіраванне, таксама былі забяспечаны першым рабочым месцам і статусам маладога спецыяліста.
На сёння структура ўніверсітэта ўключае 6 факультэтаў (дашкольнай і пачатковай адукацыі, тэхнолага-біялагічны, фізіка-інжынерны, філалагічны, фізічнай культуры, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў), 21 кафедру, 11 філіялаў кафедраў. Філіялы кафедраў арганізаваны на базе школ, гімназій, дашкольных устаноў адукацыі, прадпрыемстваў.
На філіялах вядзецца падрыхтоўка практыка-арыентаваных курсавых, дыпломных работ, магістарскіх дысертацый, праводзяцца вучэбныя і вытворчыя практыкі, сумесныя навукова-метадычныя і вучэбна-метадычныя семінары, трэнінгі, выконваюцца заданні гаспадарчых дагавораў, праводзіцца прафарыентацыйная работа.
Ва ўніверсітэце падрыхтоўка студэнтаў першай ступені вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца па 26 спецыяльнасцях, 10 напрамках, 5 спецыялізацыях, 14 дадатковых спецыяльнасцях.
Па большасці спецыяльнасцей дзённай формы тэрмін навучання складае 4 гады, завочнай формы — 5 гадоў. Па многіх спецыяльнасцях завочнай формы вядзецца падрыхтоўка на аснове скарочанай формы атрымання адукацыі.
Усяго ва ўніверсітэце вучыцца каля 4 тысяч студэнтаў, з іх 184 —замежныя грамадзяне. Студэнты з сельскай мясцовасці складаюць 35%; акрамя таго, значная частка студэнтаў да паступлення пражывала ў невялікіх населеных пунктах — Ельску, Лельчыцах, Нароўлі, Брагіне і інш.
“Гэта сведчыць пра тое, што з боку грамадства і сістэмы адукацыі існуе трывалы попыт на настаўнікаў, — адзначае намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі ўніверсітэта Мікалай Лебедзеў. — І абітурыенты разумеюць, што ў будучыні яны атрымаюць работу, таму ахвотна ідуць на педагагічныя спецыяльнасці”.
Калі гаварыць пра магістратуру Мазырскага ўніверсітэта, то сёлета тут была адкрыта новая спецыяльнасць — “Адукацыйны менеджмент”. Па словах Мікалая Лебедзева, яна адразу зацікавіла выпускнікоў першай ступені, таму на яе вялікі конкурс не толькі на дзённую форму навучання, але і на завочную — звыш 2-х чалавек на месца. Выпускнікі магістратуры па гэтай спецыяльнасці змогуць працаваць у адміністрацыі школ, дзіцячых садкоў, ліцэяў, гімназій, каледжаў, кіраўнікамі і супрацоўнікамі абласных і раённых аддзелаў адукацыі.
Ірына ІВАШКА.
Фота прадстаўлены ўстановамі адукацыі.