Новыя спецыяльнасці — патрэба рынку працы

Універсітэты Віцебшчыны прапануюць абітурыентам 5 новых спецыяльнасцей.

На факультэце машынабудавання і аўтамабільнага транспарту Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з’явілася новая спецыяльнасць “Арганізацыя дарожнага руху”, у плане набору на якую — 10 бюджэтных і 20 платных месцаў на дзённай форме навучання. Адкрыццё спецыяльнасці абумоўлена запатрабаванасцю спецыялістаў з кваліфікацыяй “інжынер-інспектар”. Асноўны заказчык кадраў — ДАІ Віцебскай вобласці.

— Парк аўтамабіляў, колькасць аўтатранспартных і аўтарамонтных прадпрыемстваў розных форм уласнасці ў краіне і ў свеце імкліва растуць, — патлумачыла загадчык кафедры аўтамабільнага транспарту кандыдат тэхнічных навук Таццяна Вігерына. — Адпаведна, развіваюцца транспартна-экспедыцыйныя службы, сістэмы аптовага і рознічнага гандлю аўтатранспартнай тэхнікай, запаснымі часткамі і камплектуючымі, сеткі фірменных і дылерскіх цэнтраў аўтамабільных і рамонтных заводаў. Тэхніка ўдасканальваецца, павышаюцца патрабаванні да яе бяспекі. Усё гэта востра ставіць пытанне аб забеспячэнні народнай гаспадаркі высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Пасля заканчэння навучання наш выпускнік зможа ажыццяўляць праектаванне як транспартных сістэм у цэлым, так і іх асобных элементаў. Інжынер-інспектар па арганізацыі дарожнага руху будзе займацца прагназаваннем развіцця транспартных сістэм і распрацоўкай генеральных планаў, комплекснай ацэнкай эфектыўнасці функцыянавання сістэм арганізацыі руху, кантролем работы сістэм і персаналу па арганізацыі руху, выконваць многія іншыя функцыі ў сферы сваёй прафесійнай дзейнасці.

Для забеспячэння адукацыйнага працэсу ва ўніверсітэце створаны і ўведзены ў эксплуатацыю новыя вучэбныя лабараторыі агульнай плошчай каля 1500 квадратных метраў, абсталяваныя згодна з сучаснымі стандартамі. ПДУ мае ўзгоднены з Віцебскім абласным упраўленнем Дзяржаўтаінспекцыі аўтадром плошчай 0,9 га і аўташколу, якая па выніках 2015 і 2016 гадоў у рэйтынгу адукацыйнага праекта ADrive займае стабільна высокія пазіцыі. У катэгорыі аўташкол, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства адукацыі, ПДУ не апускаецца ніжэй за другое месца. З 2015 года аўташкола рыхтуе вадзіцеляў катэгорыі В, а ў 2017 годзе прэтэндуе на атрыманне сертыфіката на перападрыхтоўку вадзіцеляў з катэгорыі В на катэгорыю С. Навыкі па дыягнаставанні агрэгатаў студэнты будуць набываць не толькі ва ўніверсітэце, але і непасрэдна на вытворчасці: плануецца выкарыстоўваць вытворчую базу аўтатранспартнага прадпрыемства № 6 Наваполацка і транспартнага прадпрыемства № 2 Полацка. Наладжана таксама цеснае супрацоўніцтва з ДАІ.

Як дапоўніла адказны сакратар прыёмнай камісіі Вольга Пятровіч, грунтоўныя веды і навыкі ў галіне юрыспрудэнцыі, эканомікі і экалогіі дазволяць маладым спецыялістам эфектыўна і кампетэнтна займацца папярэджаннем, экспертызай транспартных здарэнняў і аварый, судовай экспертызай, таваразнаўчай экспертызай (ацэначнай дзейнасцю) на транспарце, страхаваннем транспартных сродкаў і грузаў, ацэнкай экалагічнай бяспекі функцыянавання транспартных сістэм.

Будучых інжынераў — інспектараў і даследчыкаў, кантралёраў, лабарантаў, механікаў, а таксама інжынераў па ўкараненні новай тэхнікі і тэхналогіі, камплектацыі абсталявання, механізацыі і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў, наладцы і выпрабаваннях, інструменце, тэхнічным наглядзе (такія першасныя пасады змогуць займаць выпускнікі згодна з існуючым класіфікатарам) — чакае работа ў арганізацыях і на прадпрыемствах розных форм уласнасці. У іх ліку — Дзяржаўтаінспекцыя, аўтатранспартныя і аўтарамонтныя станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу, транспартныя аддзелы і службы прамысловых прадпрыемстваў, камунальнай гаспадаркі гарадскога транспарту, установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

На 9 факультэтах Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта атрымліваюць падрыхтоўку больш за 12 тысяч студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. У 2017 годзе ўніверсітэт абвясціў набор на 33 спецыяльнасці дзённай, 10 — завочнай, 12 — завочнай са скарочаным тэрмінам навучання і 2 спецыяльнасці дыстанцыйнай формы навучання. З 2015 года ў ПДУ дзейнічае сістэма аўтаматызаванага залічэння, што дазваляе абітурыентам удзельнічаць у конкурсе на некалькі спецыяльнасцей адначасова.

Факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта адкрывае падрыхтоўку на дзённай форме навучання па спецыяльнасцях “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій” і “Камп’ютарная мехатроніка” (кваліфікацыя “інжынер”), “Тэхнічная эксплуатацыя энергаабсталявання арганізацый” (кваліфікацыя “інжынер-энергетык”).

Трохмерны друк многія ў свеце лічаць адным з галоўных адкрыццяў XXI стагоддзя. Адытыўныя тэхналогіі — гэта ў першую чаргу новыя матэрыялы з унікальнымі ўласцівасцямі і паскоранае прататыпаванне прадукцыі на вытворчасці. Без іх сёння немагчыма ўявіць сучасныя навуковыя даследаванні, работу інжынераў, архітэктараў, дызайнераў, канструктараў, нават медыкаў (перспектывы перасадкі 3D-друкаваных тканак і органаў адкрываюць проста фантастычныя магчымасці).

Калі для большасці 3D-друк і адытыўныя тэхналогіі — перспектывы найбліжэйшай будучыні, то для выкладчыкаў і студэнтаў ВДТУ — звычайная практыка. Першая ўстаноўка для вытворчасці трохмерных прататыпаў у Навукова-тэхналагічным парку ўніверсітэта з’явілася яшчэ ў 2012 годзе. Цяпер іх ужо налічваецца пяць. А зусім нядаўна, 20 красавіка, універсітэт сумесна з тэхнапаркам адкрыў першую і пакуль адзіную ў краіне вучэбна-вытворчую лабараторыю адытыўных тэхналогій “Цэнтр прататыпавання”, абсталяваную 3D-прынтарамі і сканерамі, фотапалімернай PolyJet-устаноўкай і ліцэнзійнымі сістэмамі аўтаматызаванага праектавання. Асноўныя напрамкі работы цэнтра — пашырэнне спектра паслуг па 3D-прататыпаванні, інтэграцыя адытыўных тэхналогій у адукацыйны працэс, прыцягненне студэнтаў да выканання практыка-арыентаваных даследаванняў. І, безумоўна, прыярытэтам з’яўляецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў: вучэбна-вытворчая лабараторыя будзе задзейнічана па кожнай спецыяльнасці і ў курсах кожнага выкладчыка ўніверсітэта.

У выпускнікоў новай спецыяльнасці “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій” будзе магчымасць рэалізаваць сябе ў канструктарскай, тэхналагічнай і інжынірынгавай дзейнасці ў галіне 3D-тэхналогій у машына- і прыборабудаванні, архітэктуры, будаўніцтве, дызайне, выпуску тавараў народнага спажывання.

— Мы навучым студэнтаў не толькі ствараць канструкцыі і 3D-мадэлі дэталей і вузлоў, праводзіць камп’ютарны аналіз канструкцый, распрацоўваць тэхнічную дакументацыю з прымяненнем CAD-сістэм, выкарыстоўваць тэхналогіі 3D-сканіравання і 3D-друку для выпуску распрацаваных вырабаў, але і непасрэдна праектаваць, аптымізаваць канструкцыі прылад для 3D-друку, ажыццяўляць навучанне персаналу і даследчую работу па ўкараненні адытыўных тэхналогій у вытворчасць, — паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі Усевалад Сюбараў. — Высокая запатрабаванасць такіх інжынераў — механікаў, канструктараў, тэхнолагаў, спецыялістаў па ўкараненні новай тэхнікі і тэхналогій — пацверджана заяўкамі ад прадпрыемстваў і арганізацый.

У 2017 годзе Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт будзе весці падрыхтоўку на факультэтах дызайну, інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, вытворчых тэхналогій, эканомікі і бізнес-кіравання па 22 спецыяльнасцях. Агульны план прыёму складае 788 чалавек. Асноўнымі заказчыкамі спецыялістаў з дыпломам ВДТУ з’яўляюцца прадпрыемствы лёгкай і машынабудаўнічай прамысловасці, банкаўскія ўстановы, эканамічныя службы аб’ектаў гаспадарання.

Спецыяльнасць “Камп’ютарная мехатроніка” зацікавіць будучых IT-спецыялістаў, інжынераў-канструктараў, кібернетыкаў, распрацоўшчыкаў аўтаматызаваных сістэм кіравання, сістэмных праграмістаў, электронікаў і спецыялістаў у галіне штучнага інтэлекту.

— Нашы студэнты авалодаюць шэрагам востра запатрабаваных на вытворчасці і ў навукова-даследчай сферы прафесійных кампетэнцый, — падкрэсліў Усевалад Сюбараў. — Яны змогуць праектаваць мехатронныя, робататэхнічныя і інфармацыйна-вымяральныя прамысловыя сістэмы, распрацоўваць сэнсарныя, праграмныя і апаратныя сродкі аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў вытворчасці, мадэляваць мехатронныя сістэмы з выкарыстаннем вылічальных сродкаў і матэматычных метадаў, разлічваць і праектаваць асобныя блокі і прылады мехатронных і робататэхнічных сістэм, а таксама кіруючыя, інфармацыйна-сэнсарныя і выканаўчыя падсістэмы і мехатронныя модулі, распрацоўваць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для вырашэння задач праектавання сістэм і канструявання механічных, мехатронных модуляў, кіравання і апрацоўкі інфармацыі. Акрамя таго, пасля 4,5-гадовай падрыхтоўкі на першай ступені вышэйшай адукацыі па абедзвюх згаданых спецыяльнасцях у выпускнікоў будзе магчымасць працягнуць вучобу ў магістратуры.

Для абітурыентаў, якія звязваюць сваю прафесійную будучыню з энергетыкай, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт адкрывае спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя энергаабсталявання арганізацый” з 5-гадовым тэрмінам навучання.

— Выпускнікі змогуць знайсці работу як на вытворчасці, так і ў адукацыі, — пракаменціраваў адказны сакратар прыёмнай камісіі. — Маладыя спецыялісты будуць умець выконваць работы па мантажы, наладцы, выпрабаваннях, рамонце і тэхнічным абслугоўванні энергасілавых аб’ектаў і ўстановак, электра- і цеплаэнергетычнага абсталявання, розных прылад па вытворчасці, пераўтварэнні, перадачы, размеркаванні і спажыванні электрычнай і цеплавой энергіі, кіраваць тэхналагічнымі працэсамі энергазабеспячэння і падраздзяленнямі энергетычнага профілю, распрацоўваць і асвойваць новае энергетычнае абсталяванне і працэсы, ажыццяўляць энергетычны аўдыт і кіраванне энергаспажываннем, эфектыўна ўкараняць энергазберагальныя тэхналогіі і абсталяванне, займацца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі. Тых, хто мае намер вучыцца далей, таксама чакае магістратура. Усе тры нашы новыя спецыяльнасці сучасныя і перспектыўныя, яны цалкам адпавядаюць узятаму краінай курсу на эканоміку ведаў.

Юрыдычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава з гэтага года прапануе абітурыентам новую спецыяльнасць на дзённай форме навучання — “Міжнароднае права (міжнароднае прыватнае права)” з кваліфікацыяй “юрыст-міжнароднік з веданнем замежных моў”.

У гэтым навучальным годзе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава вышэйшую адукацыю атрымлівае 7851 студэнт. Навучанне ажыццяўляецца па 43 спецыяльнасцях на першай ступені вышэйшай адукацыі, падрыхтоўка магістраў — па 18 спецыяльнасцях.

На англійскай мове выкладаюць студэнтам спецыяльнасці “Прыкладная інфарматыка”, а таксама магістрантам па біялогіі, геаграфіі і матэматыцы.

— Нашы выпускнікі змогуць на высокім прафесійным узроўні ажыццяўляць праваахоўную, праваабарончую, кансультацыйную, экспертную, інфармацыйна-аналітычную, праектную, арганізацыйна-кіраўніцкую і адукацыйную (педагагічную) дзейнасць у дэпартаментах па знешніх сувязях органаў дзяржаўнай улады і кіравання, міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, праваахоўных органах, знешнеэканамічных аддзелах камерцыйных і некамерцыйных арганізацый і прадпрыемстваў розных форм уласнасці, — ахарактарызаваў перспектывы працаўладкавання і далейшай кар’еры будучых спецыялістаў дэкан юрыдычнага факультэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Бачкоў. — Паступленне на факультэт будзе першым крокам у прафесію для будучых юрыстаў і юрысконсультаў, адвакатаў, кансультантаў у галіне міжнароднага права і спецыялістаў у апараце органаў мясцовага дзяржаўнага кіравання. Спецыяльнасць запатрабаваная, у чым ужо сёння пераконваюць запыты наймальнікаў.

Дынаміка попыту на высокакваліфікаваных спецыялістаў згаданага профілю мае ўстойлівую тэндэнцыю росту, што выклікана найперш працэсамі глабалізацыі і інтэграцыі вытворчасцей. Сур’ёзны акцэнт у падрыхтоўцы зроблены на дасканалым веданні замежных моў, дзве з якіх студэнты будуць вывучаць у абавязковым парадку, на што адводзіцца больш за 100 гадзін. Пры жаданні можна будзе дадаткова авалодаць трэцяй замежнай мовай.

Як адзначыла адказны сакратар прыёмнай камісіі Алена Віцько, галоўнай задачай для будучых юрыстаў-міжнароднікаў стане ўсебаковае прававое суправаджэнне дзейнасці кампаніі ў галіне міжнароднага права. У іх прафесійныя абавязкі будзе ўваходзіць распрацоўка, суправаджэнне і прававая экспертыза міжнародных дагавораў, вядзенне перамоў з замежнымі кліентамі і контрагентамі, юрыдычнае суправаджэнне здзелак, маніторынг і аналіз змяненняў беларускага і замежнага заканадаўства, юрыдычнае суправаджэнне дзейнасці кампаніі ў галіне міжнароднага права, вядзенне судовых спраў у кампетэнтных органах і міжнародных арбітражных юрысдыкцыях, маніторынг і аналіз змяненняў беларускага і замежнага заканадаўства.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.