Філіял Грэцыі ў БДУ

Днямі на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пачаў дзейнічаць унікальны для Беларусі кабінет грэчаскай філалогіі. Мерапрыемства адбылося напярэдадні Дня Незалежнасці Грэцыі і святкавання 80-годдзя факультэта.

Аўдыторыя створана пры падтрымцы Ганаровага консульства Грэцыі ў Мінску. Па словах загадчыцы кафедры класічнай філалогіі Вольгі Пракапчук, кабінет стане добрай базай для падрыхтоўкі студэнтаў спецыяльнасці “Класічная філалогія”. Тут хлопцы і дзяўчаты змогуць працаваць па розных дысцыплінах, сярод якіх старажытнагрэчаская, новагрэчаская, лацінская мовы і гісторыя замежнай літаратуры. Важна і тое, што кабінет стане пляцоўкай для правядзення адукацыйных і культурных мерапрыемстваў і рэалізацыі даследчых праектаў, прысвечаных Грэцыі.

Дзякуючы нестандартнаму дызайнерскаму падыходу ў афармленні шматфункцыянальнай аўдыторыі і выкарыстанню ў інтэр’еры модульнай мэблі, фармат правядзення заняткаў можна будзе змяняць у залежнасці ад патрэб. 

— Адкрыццё кабінета грэчаскай філалогіі будзе садзейнічаць умацаванню культурных і навуковых сувязей паміж Грэцыяй і Беларуссю, а таксама актывізацыі навуковых кантактаў у акадэмічнай супольнасці абедзвюх краін. Шчыльныя ўзаемаадносіны дзяржаў пачынаюцца перш за ўсё з нашай моладзі, якая, вывучаючы грэчаскую культуру, літаратуру, гісторыю і мову, зможа плённа працаваць на ніве грэка-беларускага ўзаемадзеяння, — адзначыла Вольга Генрыхаўна.

Уваходзячы ў аўдыторыю, наведвальнік пераносіцца ў іншы свет, цёплы, сонечны, напоўнены яркімі фарбамі, і, галоўнае, настройваецца на прадукцыйную працу. Куды ні глянь — паўсюль грэчаская атрыбутыка. Тут і карта Грэцыі, і калаж з пейзажамі краіны, навуковая і метадычная літаратура. Аднак самае запамінальнае звязана з антычнымі міфамі: на палічках размешчаны мініяцюрныя копіі галоўнага бога старажытных грэкаў Зеўса на троне і апетай Гамерам хітрасці Адысея — Траянскага каня.

— Грэцыя — сонечная краіна, і сёння невялікі кавалачак гэтага сонца назаўсёды пасяліўся на філфаку. Такі своеасаблівы філіял Грэцыі ў БДУ, — адзначыў дэкан філалагічнага факультэта Іван Роўда.

Адметна, што такая ўнікальная пляцоўка створана для студэнтаў унікальнай спецыяльнасці. І гэта не проста словы, бо філалагічны факультэт БДУ — адзінае ў краіне падраздзяленне, якое рыхтуе спецыялістаў па нова- і старажытнагрэчаскай мове.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.