Сёлета Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт плануе прыняць на першую ступень навучання 5193 чалавекі, што складае 101% да плана прыёму 2018 года (летась — 5142).
На дзённую бюджэтную форму набор у БДУ складае 2130 чалавек, на завочную бюджэтную — 216 студэнтаў. Суадносіны месцаў на прыродазнаўчыя і сацыяльна-эканамічныя, гуманітарныя спецыяльнасці — 67% і 33% адпаведна.
Звяртаем увагу, што БДУ таксама ажыццяўляе прыём на педагагічныя напрамкі спецыяльнасцей (біялогія, геаграфія, хімія, матэматыка, беларуская філалогія, руская філалогія). Планам прыёму на дзённую бюджэтную форму вызначана 149 месцаў.
Без экзаменаў на педагагічныя спецыяльнасці залічваюцца:
- медалісты і выпускнікі каледжаў, якія маюць дыплом з адзнакай, пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, для якіх дадзены прадмет вызначаны прадметам першага профільнага іспыту, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі;
- выпускнікі педагагічных класаў, пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 7 па ўсіх вучэбных прадметах і адзнак не ніжэйшых за 8 па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных выпрабаванняў, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі, і па выніках сумоўя, што праводзіцца ва ўніверсітэце.
Сёлета на мэтавы прыём у БДУ выдзелена 31 месца (у 2018 годзе — 53). Мэтавы прыём ажыццяўляецца па 10 спецыяльнасцях.
Нагадаем, у Белдзяржуніверсітэце ўпершыню ажыццяўляецца набор у Сумесны беларуска-кітайскі інстытут БДУ — ДПУ (Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт) па спецыяльнасцях “Фізіка (вытворчая дзейнасць)”, “Механіка і матэматычнае мадэляванне” і “Сусветная эканоміка”. Плануецца, што выпускнікі інстытута будуць запатрабаваны прамысловымі, навукова-адукацыйнымі прадпрыемствамі і IT-кампаніямі Беларусі і Кітая, а таксама ў індустрыяльным парку “Вялікі камень”.
Падрыхтоўка студэнтаў у новым інстытуце будзе весціся на першых двух курсах на рускай мове, а з 3 курса шэраг дысцыплін будзе выкладацца на англійскай мове. Мяркуецца таксама вывучэнне кітайскай мовы на базавым узроўні. Выкладаць будуць прадстаўнікі беларускага і кітайскага ўніверсітэтаў. Усяго ў гэтым годзе ў згаданы інстытут запланавана прыняць на дзённую бюджэтную форму навучання 28 чалавек, на платную — 30.
Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.