У размовах пра змену спецыяльнасці большасць людзей дзеліцца на два лагеры. Адны лічаць падобныя спробы дзёрзкасцю ці жаданнем вызначыцца (“Марыць не шкодна!”), другія — несвядомасцю ці поўнай безадказнасцю (“Бач ты, як з раскошы шалеюць!”). Але ўсё гучней заяўляюць пра сябе тыя, хто аспрэчвае і першых, і апошніх: студэнты, якія самі змянілі месца навучання. Маладыя людзі амаль у адзін голас гавораць: “Самае важнае — знайсці сябе, не зважаючы ні на што”.
“Зірнуць у лужыну — убачыць цэлы свет. І так ва ўсім…”
Гэтыя словы пакінула ў Facebook студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга Бруевіч. І яны як мага лепш адлюстроўваюць асобу свайго аўтара.
З дзяцінства Вольга мела дапытлівы розум: малой падабалася паглыбляцца ў тое, што выклікала цікавасць. Яна нават выпрацавала ўласную тактыку: разумець хаця б патроху, але ў розных галінах. Са школьных прадметаў дзяўчынцы падабаліся гісторыя і літаратура, але не абмінала яна і хімію з матэматыкай. Магчыма, таму да паступлення абітурыентка падышла з сярэднім балам 9,3.
— У сярэдзіне 11 класа зразумела, што бал атэстата выходзіць нядрэнны. Падумала, чаму б не паспрабаваць свае сілы ў расійскай Вышэйшай школе эканомікі. Мяне нават залічылі, але я не атаясамлівала сябе з Расіяй. У выніку выбрала Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (добра, што запісалася на ЦТ). Былі ваганні паміж медыя і лінгвістыкай, але ўсё ж перамагла апошняя. Праўда, у той час яшчэ не бачыла сябе ў канкрэтнай галіне, — успамінае дзяўчына.
Амаль адразу Вольга захапілася арганізацыяй культурных праектаў, сумяшчаючы хобі з вучэбным працэсам. З цягам часу зразумела, што мерапрыемствы і падрыхтоўка да іх паступова выходзяць на першы план. І пасля летняй стажыроўкі ў Венгрыі ў яе нарадзілася думка перавесціся на спецыяльнасць, звязаную з адраджэннем культурнай і гістарычнай спадчыны.
Па словах Вольгі, на працягу 2 курса яе не пакідала ўражанне, што яна носіць адзенне не свайго памеру. Адносіны да вучобы змяніліся, хоць адзнакі заставаліся такімі ж высокімі, як і раней: студэнтка баялася не зрабіць усяго таго, што магла б. У вольны час яна ездзіла на археалагічныя раскопкі, удзельнічала ў “Фэсце экскурсаводаў” і канчаткова пераканалася, што таксама хоча трансліраваць унікальныя веды.
— Многія разумеюць атрыманне адукацыі як “выбраў спецыяльнасць, скончыў універсітэт, адпрацаваў”, нават калі больш не плануеш працаваць па ёй. Без адыходу ўправа ці ўлева. І для такіх людзей ты з думкамі аб пераходзе на іншую спецыяльнасць іншапланецянін. Мне часта задавалі пытанне: “А не баішся страчаных гадоў?” Першы час у такія моманты проста гублялася. А хіба тыя, хто, не знаходзячы радасці ў сваёй спецыяльнасці, вучыцца, адпрацоўвае і больш ніколі не вяртаецца ў яе, нешта выйграе? — разважае Вольга. — Ад падобных размоў станавілася толькі горш: ты затухаеш, як свечка. Мне тады пашанцавала з людзьмі, якія былі побач, — у некаторых быў вопыт змены спецыяльнасці (знаёмая 4 гады вучылася ў БНТУ, а на апошнім курсе паступіла ў Акадэмію мастацтваў, сябар лінгвістычную спецыяльнасць змяніў на рэжысёрскую). Іх прыклад дапамог мне. Я падумала: “Іншыя змаглі, і я змагу”.
У канцы 3 курса Вольга пачала рыхтавацца да творчага экзамену ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Блізкае асяроддзе паставілася да яе выбару спакойна: у ім не прынята асуджаць (магчыма, таму, што побач са студэнткай людзі з падобнымі поглядамі). Упэўненасці надавала і супадзенне мар пра ахову гістарычнай спадчыны з назвай будучай спецыяльнасці. Пры падачы дакументаў дзяўчына пагутарыла з выкладчыкамі і натхнілася яшчэ больш.
— Калі падавала дакументы, зразумела, што я і павінна быць тут. Толькі крыху спазнілася. Таму папку заносіла з выглядам дырэктара буйнога прадпрыемства, — смяецца студэнтка. — На экзаменах мяне ўразілі мары ўчарашніх выпускнікоў: адны абмяркоўвалі, які спектакль паставіць на 2 курсе, другія — які аб’ект хацелі б унесці ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Большасць абітурыентаў ужо былі глыбокімі, сфарміраванымі людзьмі. І гэта было непадобным да бачанага мной раней.
Другакурсніца пераканана, што адносіны да вучобы мяняюць жыццё. Для яе важна, каб атрыманне адукацыі супадала з унутраным станам чалавека. А людзі, што апынуцца побач у гэты час, абавязкова будуць такімі ж натхнёнымі і захопленымі сваёй тэмай. Таму БДУКМ для яе — “кактэйль адукацыі, навукі і культуры”. Цяпер Вольга ведае, што дакладна не прападзе.
Расказаў сваім — дзяўчаты ў слёзы
Віктар Есін — сёлетні выпускнік філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па словах хлопца, у дзяцінстве і падлеткавым узросце ён мала задумваўся пра вучобу і будучыню ў цэлым, пакуль у канцы 9 класа не загарэўся думкай паступіць у Ліцэй БДУ.
Напярэдадні іспытаў школьнік “змёў” усе бібліятэчныя дапаможнікі і за месяц, на працягу якога амаль нікуды не выходзіў, падрыхтаваўся самастойна. Днямі Віця займаўся мовай, вечарамі чытаў Пушкіна, Гогаля, Грыбаедава. І ў выніку паступіў у філалагічны клас.
— Два гады я правучыўся ў гэтай казцы. Быў актыўным, камунікабельным, але з прафарыентацыяй не складвалася. У 11 класе ліцэйская газета штогод вызначае лепшых ліцэістаў у розных намінацыях (галасуюць самі вучні). Дык я, сам таго не чакаючы, стаў першым у намінацыі “Залатое пяро”. Крыху пазней удзельнічаў у конкурсе эсэ ад газеты “Звязда”. Пераможцу конкурсу давалася рэкамендацыя галоўнага рэдактара для паступлення на факультэт журналістыкі. Так я, адштурхоўваючыся ад гэтых перамог, і выбраў спецыяльнасць. Тады ж аднакласніца з паралелі ўпершыню прывяла на радыё — каб напрацаваў партфоліа для паступлення. І хутка я ўжо пісаў сачыненне “7 рэчаў, якія я зрабіў бы, будучы галоўным рэдактарам” на творчым экзамене.
Хлопец апынуўся ў “неверагоднай групе”, дзе вучыцца было камфортна (ён спыніўся на спецыяльнасці “Менеджмент СМІ”). Але Віцю хапіла паўгода, каб зразумець, што авалодаць рамяством журналіста яму не дадзена.
— Зразумеў, што не змагу пераадолець сябе: не давалася напісанне тэксту пад канкрэтную падзею. Мне здаецца, напісаць нешта вартае можна тады, калі ёсць натхненне. Але ты ж не будзеш яго чакаць, калі ў адпаведны час неабходна здаць пэўную колькасць знакаў, — расказвае Віктар. — Расказаў сваім, што сыходжу, — дзяўчаты-аднагрупніцы адразу ў слёзы. Але мяне падтрымалі. Ніхто з асяроддзя не сказаў і слова насуперак. Бацькі заўсёды падтрымліваюць мяне, маўляў, тваё жыццё — твой выбар. Сябры спачатку спалохаліся, ці ўсё ў мяне добра, але прынялі. Негатыву ці асуджэння, як гэта часта бывае, не адчувалася. Магчыма, мяне аберагалі, а можа, я сам не зважаў на гэта. Тады я быў вельмі смелы. Многае ў гэты час залежыць ад асяроддзя, ад людзей, якія могуць узяць за руку і сказаць: “Што б ні здарылася, я з табой у любым выпадку”.
Віця вярнуўся да таго, што вабіла з самага пачатку. Цяга да мовазнаўства ўзяла над хлопцам верх. Так ён апынуўся на філалагічным факультэце. І цяпер, пасля чатырохгадовага перыяду спроб і памылак, пра сваіх вучняў і сферу дзейнасці малады педагог гаворыць так захоплена і шчыра, быццам хоча абняць свет.
— Усё склалася найлепшым чынам. Дзе б я ні вучыўся, са мной былі добразычлівыя, шчырыя людзі. За час вучобы набыў сяброў, прафесійныя напрацоўкі і кантакты. Некаторыя выкладчыкі з журфака цяпер мае калегі, з якімі працуем над сумеснымі праектамі. Здорава, што так склалася ў маім жыцці, і я ўдзячны за гэта Сусвету, — падкрэслівае Віця. — Але, змяніўшы спецыяльнасць, я не зрабіў нічога асаблівага. Гэта абсалютна нармальна і правільна, калі ты можаш рэалізавацца ў тым, да чаго цягнешся. Людзі, якія робяць гэта, не героі і не вар’яты. Праўда, гэта многім пакуль што трэба тлумачыць.
Стрэсаваць не мае сэнсу
Аліна Фалко — магістрантка хімічнага факультэта БДУ. У 2013 годзе яна скончыла Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй, дзе вучылася на хіміка-біялагічным напрамку. Большасць аднакласнікаў дзяўчыны хацелі паступаць на медыцынскія спецыяльнасці. Яна ж, хоць і вырасла ў сям’і медыкаў (бацька і маці Аліны — стаматолагі), урачом сябе не бачыла.
— Я старалася цвяроза глядзець на ўласныя магчымасці і не скакаць вышэй за галаву, — гаворыць магістрантка. — Тры апошнія месяцы перад паступленнем былі вызначальнымі. Зрабіць выбар было складана, бо я не ўмею завучваць, мне неабходна разбірацца ў матэрыяле, які трэба запомніць.
У ліцэі старшакласніца вельмі палюбіла сваю настаўніцу біялогіі Ларысу Сапега. Яна вучыла дзяцей думаць і часта расказвала ім пра біялагічны факультэт БДУ, знаёміла з некаторымі спецыяльнасцямі. У многім добрыя водгукі Ларысы Мікалаеўны сталі штуршком да канчатковага выбару Аліны.
Праз некаторы час пасля паступлення студэнтка заўважыла, што цікавасць да выбранай спецыяльнасці падае, і падумала, што далей біятэхналогіямі займацца не хочацца. Адзінае, што выклікала цікавасць студэнткі, — заняткі па хіміі. Упершыню прыгадалася забытая мара, якая жыла ў Аліне з 10 класа: вучыцца на хімфаку. Так дзяўчына задумалася аб пераходзе на іншы факультэт.
Бацькі, даведаўшыся пра такія думкі дачкі, не зразумелі яе. Неаднойчы дзяўчына чула, што ёй не ўдасца “выцягнуць” матэматыку. А пасля просьбы дапамагчы перападаць дакументы, пачула: “Выбрала біяфак — і вучыся на біяфаку”. Бабулі і дзядулі былі перакананы ў тым жа.
— На фоне гэтых перажыванняў у мяне развіўся дэрматыт. І ў той момант нічога лепшага, акрамя таго, каб “заваліць” экзамены для адлічэння, я прыдумаць не змагла. Гэта пасля ўжо падумала пра бацькоў: можна ж было проста забраць дакументы, але было ўжо позна, — успамінае Аліна. — Сказала родным, што хачу вучыцца на хімфаку, але паміж намі ўзнік вялізны псіхалагічны бар’ер. Яны стараліся пераканаць, што з гэтага нічога не выйдзе. Маўляў, у цябе была магчымасць атрымаць добрую адукацыю, а цяпер не будзе ніколі. І калі не возьмешся за галаву, застанешся без адукацыі. Больш за ўсё крыўдзілі не словы бацькоў, а пазіцыя бабуль і дзядуляў, якія ніяк не ўспрымалі мой выбар. Я быццам здрадзіла сям’і. Тады здавалася, што мяне не да канца прымаюць блізкія, хоць, канечне, гэта было не так.
Уступіўшы довадам родных, дзяўчына перавялася на завочнае аддзяленне. Але задуманае не кінула: пачала ўспамінаць хімію і “падцягваць” матэматыку для ЦТ. Перакананасць у тым, што яна будзе вучыцца на хімфаку, не знікала. Імкненне дачкі пачала падтрымліваць матуля. І Аліна стала студэнткай хімічнага факультэта БДУ.
— На хімфаку мне стала ўтульна. Часта лавіла сябе на думцы: “Чаму я не прыйшла сюды раней?”, і не было ніводнай накшталт “А што я тут раблю?”, — расказвае Аліна Фалко.
Зараз дзяўчына давучваецца ў магістратуры (спецыяльнасць “Прыродаахоўная дзейнасць”). Аліна не выдатніца, але яе ўпэўнена можна назваць харашысткай. У планах магістранткі — вывучыць сваю галіну з розных бакоў і, па-магчымасці, не развітвацца з хіміяй.
— Гэтая сітуацыя навучыла мяне прасцей адносіцца да жыцця. Калі існуе праблема, стрэсаваць няма сэнсу. Неабходна шукаць рашэнне. Упэўнены ў сваім шляху — ідзі па ім. Калі твой выбар важны для цябе, з цягам часу ён стане такім і для іншых. Большасць людзей баіцца рабіць памылкі, але гэта не твая праблема, і ты не павінен за гэта адказваць, — разважае Аліна. — У такім выпадку можна абараніцца толькі псіхалагічна. Трэба данесці да родных, нават калі адразу цябе не хочуць слухаць, што, калі вучышся на чужой табе спецыяльнасці, ты знаходзішся ў пекле. Не трэба несціся напралом, бо можна нашкодзіць здароўю блізкіх, але адстойваць свой пункт гледжання неабходна.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіваў герояў.