Мінулы, цяперашні і будучы час у адным імгненні

Звычайна ў верасні першакурснікі робяць першыя крокі ў навуку, а навучэнцы выпускных класаў вызначаюцца з выбарам будучай прафесіі. Як паказала ўступная кампанія ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, у рэгіёне застаюцца папулярнымі спецыяльнасці, звязаныя з IT, эканомікай, юрыспрудэнцыяй. Сёлета шмат абітурыентаў пажадалі вывучаць і міжнародны турызм. Новая для ГДУ спецыяльнасць была адкрыта на гістарычным факультэце, пра які і пойдзе размова ў матэрыяле.

Станіслаў ЧАРОПКА, дэкан гістарычнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны:

— Наша краіна мае багатую гістарычную спадчыну. Усе ведаюць Мірскі замак, Нясвіжскі палацава­паркавы комплекс і шмат іншых аб’ектаў. Аднак акрамя пазнавальнага турызму існуе шмат іншых напрамкаў — аздараўленчы, экалагічны, event­турызм і г.д. Беларусь, як мне здаецца, становіцца ўсё больш цікавай не толькі для знешніх турыстаў, але і для жыхароў нашай краіны. Пандэмія COVID­19 і звязаныя з ёй змены ў свеце значна інтэнсіфікавалі ўнутраны турызм. Упэўнены, што, калі, нарэшце, гэтая інфекцыя будзе пераможана, аб’ёмы ўнутранага турызму не зменшацца. Многія ўбачылі, якая прыгожая і цікавая наша краіна і колькі ў ёй яшчэ непазнанага.

Міжнародны турызм

“Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)” — так гучыць назва спецыяльнасці, для паступлення на якую трэба было набраць не менш за 325 балаў. Абітурыенты здавалі ЦТ па англійскай мове, гісторыі Беларусі і беларускай або рускай мове. Высокі бал, грунтоўныя веды, шырокія перспектывы…

— Раней на гістарычным факультэце ўжо вялася падрыхтоўка спецыялістаў у галіне турыстычнага бізнесу. Выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю “менеджар па культурнай спадчыне і турызме” і ў далейшым паспяхова ўладкоўваліся на працу ў турыстычнай галіне, — удакладняе дэкан факультэта Станіслаў Чаропка. — Новая спецыяльнасць “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)” прынцыпова адрозніваецца ад нашай традыцыйнай спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гістарычна-культурнай спадчыны (культурная спадчына і турызм)” больш моцным узроўнем моўнай пад­рыхтоўкі. Спецыялісты па міжкультурных камунікацыях будуць перакладчыкамі з англійскай і нямецкай моў. Тэрмін навучання ў іх на паўгода даўжэйшы, а сфера прафесійнай дзейнасці шырэйшая.

Станіслаў Аляксандравіч адзначае, што выпускнікі гэтай спецыяльнасці атрымаюць кваліфікацыю “спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык-рэферэнт”. Яны змогуць размаўляць з замежнымі партнёрамі літаральна на адной мове, а кваліфікавана пабудаваныя дзелавыя перамовы будуць садзейнічаць прасоўванню айчыннага бізнесу на замежным рынку.

— Невыпадкова спецыяльнасць “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)” з’явілася менавіта на гістарычным факультэце. Спасціжэнне сусветнай культурнай спадчыны немагчыма без вывучэння гісторыі сваёй краіны, — адзначае дэкан.

Іна НЕНАДАВЕЦ, малады спецыяліст:

— Кожная лекцыя па мастацтве ці культуры — нешта неверагоднае! А калі ка­заць пра найбольш яркія падзеі студэнцкага жыцця, то гэта адназначна наш “Жывы музей”, бо такога больш няма нідзе. Цяпер я вельмі рада атрыманыя веды прымяняць на практыцы. Думаю, што музейная сфера ў нашай краіне павінна развівацца, а мы па магчымасці будзем гэтаму спрыяць. 

Музейная справа

Не менш значным і цікавым напрамкам на гістарычным факультэце з’яўляецца ахова гістарычна-культурнай спадчыны (гісторыя і музеялогія). Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю гісторыка-музеёлага і выкладчыка.

Сёлетняя выпускніца Іна Ненадавец ужо ўзялася за працу ў Лунінецкім раённым краязнаўчым музеі. Дзяўчына расказвае, што гісторыя заўсёды была яе любімым прадметам у школе. Ужо ў пятым класе яна вырашыла паступаць на гістарычны факультэт.

— Трэба было толькі вызначыцца са спецыяльнасцю. Пры падачы дакументаў нам патлумачылі ўсе нюансы, і я выбрала музейную справу, бо выпускнікі гэтай спецыяльнасці могуць працаваць як у музеях, так і ў школах, — расказвае Іна.

З бляскам у вачах і сапраўдным натхненнем успамінае студэнцкія гады другая выпускніца спецыяльнасці — Вераніка Гардзей. Універсітэт яна скончыла некалькі гадоў назад, зараз працуе малодшым навуковым супрацоўнікам у гістарычна-культурнай установе “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.

— Спачатку было складана, але калегі вучылі, дапамагалі. Больш упэўнена стала адчуваць сябе, калі стала сама праводзіць экскурсіі і выкон­ваць іншыя абавязкі ў аддзеле навукова-асветніцкай працы і па сувязях з грамадскасцю. Я праводжу экскурсіі не толькі ў палацы Румянцавых і Паскевічаў, але і ў парку, у магільным склепе, а таксама па выставах, якія рэгулярна адкрываюцца ў музеі. У мяне вельмі прыгожае месца працы, — прызнаецца дзяўчына.

Намеснік дэкана гістарычнага факультэта па інфарматызацыі Наталля Сіротка дадае, што выпускнікі згаданай спецыяльнасці маюць магчымасць працаваць у галіне кіравання культурай і турызмам, музейнай справы, у навуцы і адукацыі. Сфера іх прафесійнай дзейнасці вельмі шырокая: ад уласных індывідуальных прадпрыемстваў да рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Былыя студэнты працуюць у акадэмічных, галіновых навукова-даследчых інстытутах, музейных установах, службах, арганізацыях.  

Кацярына СУХАРКОВА, першакурсніца:

— Я заўсёды марыла звязаць сваё жыццё з вандроўкамі. Менавіта ў падарожжах можна акунуцца ў традыцыі і побыт розных народаў, пазнаёміцца з асаблівасцямі культуры і мастацтва, даведацца пра гісторыю розных краін, атрымаць асалоду ад цудоўных краявідаў. Жыццё ў дарозе… Што можа быць цікавейшым?

З’яўленне спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)” ва ўніверсітэце роднага горада стала для мяне падарункам. Спадзяюся, што вучоба стане сапраўднай прыгодай, і я змагу не толькі атрымаць глыбокія веды па гісторыі, але і на дастойным узроўні авалодаць замежнымі мовамі, што дапаможа мне мець зносіны з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей.

Гісторыя айчыйнная і сусветная

— Зразумець сябе і наваколле, змадэляваць магчымы ход падзей — вось дзеля чаго неабходна вывучаць гісторыю. Гэта памяць любой галіны культуры, кожнага народа, усяго чалавецтва, — прыкладна так кажуць студэнты, якія вырашаюць быць гісторыкамі ў класічным разуменні. У працэсе навучання ўсе яны падзяляюцца па спецыялізацыях: гісторыя Беларусі новага і найноўшага часу, новая і найноўшая гісторыя замежных краін, гісторыя славянскіх краін.

— Выпускнікам прысвойваецца кваліфікацыя “гісторык. Выкладчык гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін”. Яны здольны весці тэарэтычныя і прыкладныя навуковыя даследаванні, ажыццяўляць педагагічную і метадычную работу ў галіне гісторыі, распаўсюджваць гістарычныя веды сярод моладзі і іншых сацыяльных груп і слаёў насельніцтва, — расказвае Станіслаў Аляксандравіч. — Выпускнікі валодаюць навыкамі кіравання працоўным калектывам, выкарыстоўваць метады гістарычных даследаванняў пры аналізе сучасных сацыяльных працэсаў.

Аляксандр Фелькін скончыў магістратуру, зараз працуе настаўнікам гісторыі ў Пералёўскай сярэдняй школе Веткаўскага раёна. Яму падабаецца работа з падрастаючым пакаленнем.

— На ўроках стараюся выходзіць за рамкі выкладання факталагічнага матэрыялу падручніка, прымяняць розныя методыкі, нават выпрацоўваць свае і ўкараняць іх, — гаворыць Аляксандр.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Кацярыны СТЭЦКАЙ.

Гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны — адзін з найстарэйшых у краіне. Летась ён адзначыў 75-гадовы юбілей. За доўгія гады існавання тут падрыхтавана каля трох тысяч спецыялістаў, якія і зараз працуюць ва ўстановах адукацыі, у музеях, архівах, навукова-даследчых інстытутах, грамадскіх арганізацыях, органах дзяржаўнага кіравання, турыстычным бізнесе, прадпрымальніцкіх структурах. Зараз на факультэце вучацца 250 студэнтаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у педагагічнай, археолага-этнаграфічнай, музейнай, эўрыстычнай (пошукавай) і менеджарскай прак­тыках. Тут створаны ўсе ўмовы для навукова-даследчай дзейнасці, працуе магістратура. Дэвіз факультэта гучыць проста, але змястоўна — “Адукацыя шырокіх магчымасцей”.