20 мінут для прафесіі

Сёння, дзякуючы адкрытасці і даступнасці інфармацыі, вызначыцца з будучай прафесіяй і лёгка, і адначасова складана. Нехта выбірае сам, некаму дапамагае прыклад сяброў ці парады бацькоў і настаўнікаў. Цяпер такой “палачкай-выручалачкай” можа стаць прафарыентацыйнае анлайн-тэсціраванне ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

— Усведамленне таго, што нам патрэбен анлайн-фармат правядзення прафарыентацыйнага тэсціравання, прыйшло даўно. Тым больш сёння гэта — патрабаванне часу. Падобнае кансультаванне, толькі ў вочным рэжыме, мы праводзім ужо 10 гадоў. Іх адметнасць у тым, што мы тэсціруем не толькі сваіх патэнцыяльных абітурыентаў, а ўсіх школьнікаў, якія ма­юць у гэтым патрэбу. Тэсты ўказваюць на схільнасць ці нясхільнасць да нечага, а выбар застаецца за маладымі людзь­мі. Калі мы бачым — “чалавек-тэхніка”, тады знаёмім яго са спецыяльнасцямі нашага ўніверсітэта, — расказвае начальнік аддзела прафарыентацыйнай работы Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ Ірына Лыкава. — Вартасць такога фармату яшчэ і ў тым, што ён дазваляе нам кантактаваць з педагогамі. А яны, у сваю чаргу, час ад часу запрашаюць нас выступіць перад школьнікамі, бо ведаюць зацікаўленасць сваіх вучняў у спецыяльнасцях БНТУ.

Прафарыентацыйныя тэсты дзеляцца на тры блокі: адзін аналізуе здольнасці школьнікаў, другі — схільнасці да пэўных галін, трэці — супа­дзенне інтарэсаў і магчымасцей вучня з рэальнымі спецыяльнасцямі. Для праходжання тэсціравання трэба 15—20 мінут (у залежнасці ад ўзросту і асаблівасцей дзіцяці) і прылада з выхадам у інтэрнэт. Пасля выканання на камп’ютары карыстальнік націскае на акенца “Печать” і атрымлівае разгорнутае тлумачэнне вынікаў. Інтэрпрэтацыя ўключае інфаграфіку ў выглядзе шкал, пералік прафесій, якія найбольш падыходзяць школьніку, і разгорнутае тэкставае тлумачэнне вынікаў. За месяц функцыянавання прафарыентацыйныя анлайн-тэсты прайшлі больш за 300 школьнікаў з усёй краіны.

— Калі чалавек праходзіць тэсціраванне ўпершыню ў 8 класе, у яго ёсць магчымасць параўнаць вынікі розных гадоў і выбраць, абапіраючыся на тое, што падабаецца і што стане пасільным. Зразумела, што вынікі ў 8 і ў 10 класе могуць істотна адрознівацца, — тлумачыць Ірына Аляксандраўна. — Акрамя таго, дзеці могуць звязацца з нашымі спецыялістамі і абмеркаваць вынікі па тэлефоне. Таксама зацікаўленыя падлеткі прыходзяць на індывідуальную кансультацыю з педагогам-псіхолагам у наш аддзел, нярэдка разам з бацькамі — так дзеці займаюцца прафарыентацыйнай работай больш паглыблена.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.