Рэспубліканскі фотаконкурс для школьнікаў упершыню пройдзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы школ, ліцэяў і гімназій.
Як паведамілі ў прэс-службе БДУ, мэта конкурсу — стварэнне ўмоў для самарэалізацыі школьнікаў у галіне дзіцячай журналістыкі і фарміраванне ў іх інфармацыйнай культуры. Арганізатарам творчага спаборніцтва выступіў факультэт журналістыкі БДУ пры ўдзеле міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды “Планета без меж”, Беларускага саюза журналістаў, рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.
Конкурс пройдзе ў намінацыях: “Невядомая Беларусь”, “Прырода” і “Людзі”. Удзельнічаць можна ва ўсіх трох адначасова, але прымаюцца не больш за пяць фота ад аднаго аўтара. Здымкі павінны быць захаваны ў фармаце JPG без значнай апрацоўкі і з тлумачальным тэкстам.
Работы трэба выслаць да 3 мая на электронны адрас: zhurnalistikifakultet01@gmail.com, а кароткую біяграфію і асабістае фота ў друкаваным выглядзе — на паштовы адрас: 220004, Мінск, вул.Кальварыйская, 9 з паметкай “Фотаконкурс для школьнікаў”.
Пераможцы будуць вызначаны 15 мая. Іх чакаюць дыпломы і падарункі.
Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.