Сям’я, у якой усё атрымалася

Летам гэтая навіна хутка абляцела адукацыйную прастору. Дзіва што: не часта здараецца, што студэнтамі адной навучальнай установы становяцца тата, мама і дачка. У гэтым годзе першакурснікамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў сталі Аляксандр, Кацярына і Дар’я Раньшавы.

Даша Раньшава, як і многія маладыя людзі яе ўзросту, пра сябе расказвае мала. Гавораць толькі, што можа назваць сябе адказным, камунікабельным, дружалюбным чалавекам і рознабаковай асобай. І гэта нядзіўна: з дзяцінства дзяўчына паспрабавала сябе ў розных сферах — наведвала музычную школу і мадэльную студыю, займалася спартыўнымі бальнымі танцамі. Партрэт студэнткі дапаўняе яе матуля Кацярына Міхайлаўна: “Даша — вельмі прамалінейны чалавек. Яна ніколі не выкручваецца і задае навакольным людзям безліч пытанняў, якія выклікаюць яе цікавасць. Яшчэ дачка значную частку часу ўдзяляе творчасці, шмат чытае і любіць пагаварыць аб прачытаным. Яна імкнецца пражыць сюжэт, прапускае інфармацыю праз сябе. Мы часта заседжваемся, каб абмеркаваць тую ці іншую кнігу”.

Дар’я — сёлетняя выпускніца першай гімназіі Наваполацка. Школьныя гады дзяўчына апісвае як шчаслівы і бесклапотны час. Любімымі прадметамі Дар’і былі руская і замежная мовы, а таксама літаратура. У малодшым узросце яна з захапленнем назірала за тэлевядучымі і з тых часоў марыць “трапіць у тэлевізар”, як Кацярына Андрэева.

Калі прыйшла пара выбіраць універсітэт, школьніца накіравалася да прафарыентолага. Прайшоўшы тэсты, якія ўлічваюць асаблівасці характару, схільнасці і інтарэсы, Даша разам са спецыялістам спынілася на Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і выбрала напрамак “Сацыяльна-культурная дзейнасць” (факультэт культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці).

“Дачка адразу захацела схадзіць на дзень адкрытых дзвярэй. Мы прыехалі ва ўніверсітэт і пачулі пра спецыяльнасць “Народная творчасць (Народныя рамёствы)” на факультэце завочнага навучання, — прыгадвае Кацярына Раньшава. — Даша павярнулася і кажа: “Мама, тата, а давайце паступаць са мной!”. Мы доўга не разважалі: “Давай, дачушка. Будзем вучыцца разам, дапамагаць адно аднаму”. Тым больш што жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю ўзнікла ў нас даўно, але па розных прычынах яго рэалізацыя адкладвалася”.

Кацярына і Аляксандр Раньшавы шмат гадоў працуюць на наваполацкім прадпрыемстве “Мастак-сэрвіс”: Кацярына Міхайлаўна распрацоўвае праекты дызайну інтэр’ераў, Аляксандр Фёдаравіч кіруе працэсам іх ажыццяўлення. Увесь вольны час яны імкнуцца праводзіць з дзецьмі — “быць з імі ўсюды і заўсёды”. Сваіх дачок (у Дар’і ёсць малодшая сястрычка) яны называюць сябрамі і заўсёды з імі на сувязі — па тэлефоне і ў месенджарах. Бацькі гавораць, што іх сям’ю характарызуе слова “разам”. 

Пасля прыняцця агульнага рашэння сям’я пачала падрыхтоўку да іспытаў. Старэйшая дачка зарэгістравала бацькоў на цэнтралізаванае тэсціраванне, тлумачыла ім асаблівасці ўступнай кампаніі. А пасля амаль поплеч яны праходзілі ўнутраныя экзамены ва ўніверсітэт. 

У Кацярыны Міхайлаўны і Аляксандра Фёдаравіча іспыты праходзілі ў тры этапы: яны здавалі жывапіс, кампазіцыю і малюнак. Вынікам сталі адзнакі “10” і “9”. Даша таксама пераадолела тры экзаменацыйныя прыступкі (экзамены па культурна-адпачынкавай дзейнасці, аматарскай творчасці і субяседаванне) і атрымала дзявятку.

“На першым экзамене трэба было распрацаваць сцэнарны план культурнай праграмы. Я выцягнула білет, дзе называліся тры кампаненты, якія неабходна было звязаць паміж сабой адзіным лагічным сюжэтам. Ад мяне патрабавалася вызначыць тэму, задачы, мэту гэтай праграмы, яе выразныя сродкі, сцэнічнае, музычнае і мультымедыйнае суправаджэнне. На другім экзамене трэба было паказаць сябе з творчага боку, таму я падрыхтавалася грунтоўна — вывучыла байку і верш, праспявала, станцавала і сыграла на піяніна. Трэці этап — субяседаванне: я прынесла сваё партфоліа з дасягненнямі і ўзнагародамі, камісія задавала пытанні па культуры Беларусі, — расказвае першакурсніца. 

У сям’і лічаць, што высокія вынікі — гэта заканамерны працяг той дзейнасці, якой яны жывуць увесь час, таго, што пастаянна прымяняюць у рабоце і ў вучобе. 

“Саша ў вольны час малюе для сябе, я распісваю адзенне. У нашай справе, як і ў рабоце музыкантаў, калі не падтрымліваеш свае навыкі, майстэрства, можаш апынуцца не ў сваёй талерцы, разгубіць уменні, — лічыць Кацярына Міхайлаўна. — Таму мы заўсёды нешта ствараем, майструем вырабы”.

У перыяд паступлення сям’і Раньшавых чакала з іспытаў, хвалявалася і распытвала пра вынікі Дашына малодшая сястра — Глафіра. Калі сям’я даведалася пра залічэнне, першай рэплікай меншай дачкі стаў зварот да матулі: “Мам, ты ж разумееш, што мне засталося вучыцца ў школе ўсяго 6 гадоў. Вы ж будзеце са мной паступаць?”. Бацькі ўжо тады ведалі, што падтрымаюць і сваё другое дзіця. 

 Пасля заканчэння ўніверсітэта Дар’я Раньшава атрымае кваліфікацыю “спецыяліст па сацыяльна-культурнай дзейнасці. Выкладчык”, яе бацькі — кваліфікацыю “мастак народных рамёстваў”. А пакуль карціну сваёй будучыні Дар’я малюе ў марах: “Гэта вельмі пяшчотная і светлая выява, з вялікай колькасцю кветак, аблокаў і птушак. На пярэднім плане стаіць дзяўчына з доўгімі косамі і вялікімі карымі вачыма. Яна глядзіць у неба і ўсміхаецца — гэта ўсмешка чалавека, які ведае, што ў яго ўсё атрымаецца”.  

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.