Аляксандр ВАСІЛЬЕЎ: “Калі ёсць гатоўнасць працаваць — трэба ісці наперад”

Як памылкова думаць, што матэматыкі — занудлівыя і сумныя людзі. Менавіта пра гэта разважала я, ідучы на сустрэчу з дэканам факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і навучання замежных студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, вядомым матэматыкам, доктарам фізіка-матэматычных навук Аляксандрам Фёдаравічам Васільевым. Жывы, дасціпны, з тонкім пачуццём гумару, з цікавымі разважаннямі і ідэямі — ён абвяргае любыя стэрэатыпы.

— Аляксандр Фёдаравіч, ці ма­юць рацыю тыя, хто лічыць вучоных адзіночкамі, сацыяльна пасіўнымі людзьмі?

— Катэгарычна не згодны, абсалютна памылковае бачанне. Паверце, ёсць такія навукоўцы — матэматыкі, фізікі, хімікі, што і са спортам сябруюць, і ў грамадскім жыцці вельмі актыўныя. Вучоны — гэта звычайны жывы чалавек, і галіна, у якой ён працуе, не паглынае яго асобу. Заўсёды застаецца месца для паўнацэннага жыцця і нават для творчасці.

— Матэматык таксама творца?

— Матэматыка патрабуе неверагоднай канцэнтрацыі: кожны крок, кожная літара, кожная лічба павінны быць правераны. Але каб стаць выдатным матэматыкам (фізікам, хімікам), трэба яшчэ мець уяўленне, фантазію. Калі чалавек думае над складанай задачай, патрабуецца нейкае азарэнне, інсайт. Без гэтага не атрымаецца стварыць новы доказ, новую тэарэму.

— У чым матэматык-навуковец можа чэрпаць натхненне?

— Па-рознаму, у кожнага свой стымул. Я вывучаў біяграфіі розных выбітных матэматыкаў, і практычна ў кожнага з іх быў моцна развіты гуманітарны напрамак: адны захапляліся музыкай, другія — паэзіяй. У сувязі з гэтым у мяне ёсць гіпотэза: верагодна, каб быць са­праўдым матэматыкам, неабходна мець яшчэ і гуманітарны талент. Напрыклад, паважаны прафесар нашага ўніверсітэта, заснавальнік гомельскай алгебраічнай школы, матэматык з сусветным імем Леанід Аляксандравіч Шамяткоў, якога, на жаль, ужо няма з намі, меў цудоўны музычны слых і бездакорна іграў на піяніна.

Чалавеку ўласціва альбо канвергентнае мысленне, калі ён можа дакладна выконваць інструкцыі, альбо дывергентнае — творчае, якое дазваляе яму нешта выдумляць, ствараць. Вось якраз гэтым дывергентным мысленнем і валодалі выдатныя матэматыкі. Дарэчы, былі спробы і ў саміх матэматыкаў, і ў псіхолагаў вывучыць матэматычныя здольнасці, але пакуль адзінага разумення ў гэтым пытанні няма.

— Аляксандр Фёдаравіч, а ў вас ніколі не ўзнікала шкадавання аб тым, што вы пайшлі ў навуку?

— Не, хутчэй наадварот. Я заўсёды адчуваў, што мая роля менавіта ў гэтым. Да таго ж матэматыка дае вельмі добрае развіццё і дазваляе на гэтай аснове знаходзіць нешта для сябе і ў іншых сферах.

— Напэўна, не кожны чалавек можа займацца навукай?

— Каб займацца навукай, адной цікавасці да той ці іншай сферы недастаткова, патрэбна нейкая схільнасць чалавека да пэўнага тыпу мыслення. Магчыма, гэта тое, што даецца звыш. Я магу сказаць з уласнага вопыту і вопыту многіх маіх калег: вучонаму патрэбна ініцыяцыя, патрэбен поспех. Гэта значыць, што на агульным фоне навуковай дзейнасці павінна быць нешта, што цябе захоплівае, і ты запальваешся, як агонь. Такія перыядычныя ўспышкі і прыно­сяць новыя дасягненні. Яны і ёсць поспех, які звычайна дае новы паварот. Разумееце, у навуцы немагчыма бясконца “выстрэльваць” адкрыццямі. Большая частка дзейнасці — гэта ціхая, карпатлівая праца, даследаванні і вылічэнні, таму цярплівасць для вучонага — неабходная якасць.

— Магчыма, недахоп цярплівасці і ёсць прычына таго, што сёння моладзь не вельмі імкнецца ў навуку, маладыя людзі хочуць атрымаць хуткі вынік?

— Мне здаецца, праблема ў тым, што паралельна з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй адбылася змена стану заможнасці людзей. Калі раней навуковая дзейнасць для многіх была як магчы­масць падняцца на больш высокі ўзро­вень сацыяльнай лесвіцы, то цяпер гэта згублена. Яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя фізічная праца амаль цалкам запаўняла жыццё чалавека, але з развіццём тэхналагічнага прагрэсу ліквідуюцца розныя формы не толькі фізічнай, але і разумовай працы, чалавецтва перадае яе машынам, робатам. З аднаго боку, гэта добра: людзі сталі жыць лепш, сталі багацейшымі матэрыяльна. А з другога боку, прагрэс развіваецца настолькі хутка, а чалавецтва — марудна, што людзі проста не паспяваюць псіхалагічна змяніцца, губляюцца ў прыняцці рашэнняў.

— Як, на вашу думку, можна зацікавіць цяперашніх школьнікаў і студэнтаў навуковай дзейнасцю?

— Я бачу два асноўныя кірункі: даследчая дзейнасць і навуковыя школы пры ўніверсітэтах. Ёсць мэта ства­рыць бесперапынны ланцужок “школьнік — студэнт — магістрант — аспірант — навуковец”. І, вядома, важная задача пры гэтым — захаваць і прымножыць нашы навуковыя школы, якія з’яўляюцца ачагамі навукі. Калі будуць навуковыя школы, будзе і высокі ўзровень адукацыі.

— Што сёння перажываюць навуковыя школы?

— У іх зараз няпростыя часы, бо вельмі нялёгка забяспечыць навуку кадрамі. І такая тэндэнцыя назіраецца ва ўсім свеце, бо навуковая дзейнасць складаная, аднак не вельмі грашовая. Тым не менш у Беларусі навуковыя школы ёсць, у тым ліку і буйныя, магутныя. Я кажу найперш пра матэматычныя школы, якія добра ведаю.

Што да Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, то нам таксама ёсць чым ганарыцца. У нас моцныя матэматычныя школы прафесараў Ю.У.Малінкоўскага, У.І.Міроненкі, А.Р.Мі­ро­ціна, А.П.Старавойтава. Вядомая ў свеце алгебраічная школа, створаная  Л.А.Шамятковым, справу якога зараз працягваюць яго вучні, у тым ліку прафесары А.М.Скіба і В.С.Манахаў. Адным словам, навуковыя школы ёсць. Хочацца, каб яны адчулі прыток моладзі.

— Вы згадалі даследчую дзейнасць як адну з магчымасцей прыця­гнуць у навуку моладзь…

— Раней мы скіроўваліся на алімпіяды, але сёння відавочна, што для будучыні навукі недастаткова проста добрых ведаў, няхай сабе і даволі высокіх. Менавіта даследчая падрыхтоўка з’яўляецца залогам паспяховасці і будучага вучонага, і будучага спецыяліста наогул.

— А ў чым прынцыповая розніца гэтых кірункаў?

— Алімпіяда — гэта рашэнне складаных задач, дзе адказ вядомы загадзя. Пры гэтым яна дае шмат карысных кампетэнцый. Калі гаварыць пра матэматыку, па-першае, вучань блізка знаёміцца з метадамі рашэння задач, па-другое, развівае лагічнае мысленне. Ды і само спаборніцтва вучыць дзіця настойлівасці, рашучасці, мэтанакіраванасці.

Даследчая праца адрозніваецца ад алімпіяды тым, што патрабуе генерыравання ідэй, а канчатковы вынік, калі правільна вызначаны тэма і праблема, застаецца невядомым для даследчыка і яго кіраўніка.

— Кажуць, здараюцца выпадкі, калі замест навучэнца даследчую працу піша сам кіраўнік — настаўнік…

— Так, здараюцца. Гэта нядобрасумленнае стаўленне да працы. Аднак усё выяўляецца пры абароне, бо выступае непасрэдна навучэнец. Яго няўпэўне­насць, няведанне адказаў на пытанні адразу выдаюць падлог. Я ўжо шмат гадоў уваходжу ў склад журы і бачыў гэта на свае вочы. Але адзначу, што ў апошні час такіх выпадкаў практычна няма. Больш за тое, у Гомелі ўжо склалася група трэнераў, якія працуюць у гэтым кірунку сур’ёзна і на карысць вучня, імкнуцца, каб ён сам адчуў радасць адкрыцця. Таму і працы нашых навучэнцаў у апошнія гады займаюць высокія месцы як у краіне, так і на міжнародным узроўні.

— Пра які вынік можна гава­рыць зараз? Ці атрымалася праз даследчую вучнёўскую дзей­насць прыцягнуць моладзь у навуку?

— Мы пачалі актыўную даследчую дзейнасць з 2005 года, калі на Гомельшчыне быў пакладзены пачатак правядзенню навукова-практычных канферэнцый школьнікаў па матэматыцы і інфармацыйных тэхналогіях “Пошук”. Сёння тыя, хто быў у ліку першых яе ўдзель­нікаў, ужо абараняюць дысертацыі, друкуюць навуковыя артыкулы, праслаўляюць краіну за мяжой. Такіх прыкладаў шмат. Напрыклад, сёлета скончыў наш універсітэт Вячаслаў Мурашка — чатырохразовы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Хлопец бліскуча абараніў дыпломны праект, падрыхтаваны на англійскай мове. Ён мае каля 50 публікацый, многія з якіх таксама выкананы на англійскай мове. Пачынаў Вячаслаў якраз з даследчай дзейнасці ў школьныя гады. У цяперашніх школьнікаў, як і ў студэнтаў, цудоўныя магчымасці. Было б жаданне вучыцца і ствараць.

— Аляксандр Фёдаравіч, у вас вялікі вопыт працы з маладымі лю­дзьмі, якія прыходзяць ва ўніверсітэт, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Ці даводзілася вам назіраць пераўтварэнне студэнта, калі з сярэдненькага абітурыента атрымліваўся выбітны выпускнік?

— Такіх выпадкаў было шмат. У 2002 годзе я стварыў студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю алгебры і геаметрыі складаных сістэм і там назіраў за пераўтварэннем студэнтаў. Напрыклад, да нас на матэматычны факультэт неяк прыйшоў Аляксей Рабчанка. Хлопец з сельскай школы, падрыхтоўка ў яго была так сабе, паспяховасць ва ўніверсітэце напачатку таксама сярэдняя. Потым ён пачаў займацца ў лабараторыі, заседжваўся дапазна, яго іншы раз нават прыбіральшчыца выганяла. А яму ад Гомеля дадому ў вёску за 40 кіламетраў дабірацца трэба было — жыў па-ранейшаму ў бацькоў. Вось так і бег штодня на апошні аўтобус — такая цяга да навукі ў яго з’явілася. Зараз Аляксей — кандыдат навук, працуе ў вядомай ІТ-кампаніі. Гэты прыклад гаворыць пра тое, што вынік — у працавітасці і настойлівасці.

— Ці можна тады сказаць абітурыентам, што ім не варта баяцца выбіраць спецыяльнасць, дзе, напрыклад, алгебра з’яўляецца профільным прадметам, нават калі ўзровень ведаў па ёй недастаткова высокі?

— Калі ёсць гатоўнасць працаваць, ёсць мэта — трэба ісці наперад. Сёння, дзякуючы інтэрнэту, усё выраўнялася ў плане валодання інфармацыяй і атрымання ведаў. Хочаш быць мацнейшым — займайся самаадукацыяй. Наогул, у краіне створана дакладная сістэма адсочвання адораных дзяцей. Варта толькі праявіць цікавасць, жаданне — і цябе тут жа заўважыць настаўнік, падхопіць і павядзе. І не сумнявайцеся, гэты ланцужок працягнецца ва ўніверсітэце. Сёння для школьнікаў і студэнтаў, як ніколі, ёсць умовы для развіцця і дасягнення мэт.

— І ўсё ж трэба мець шчасце сустрэць такога педагога, які цярпліва і мэтанакіравана будзе весці цябе да вышынь.

— Так, гэта сапраўды важная ўмова. На Гомельшчыне каля дзясятка трэнераў-матэматыкаў міжнароднага ўзроўню, якія аддана працуюць з дзецьмі, зараджаюць іх, матывуюць. Гэта сутворчасць настаўніка і вучня. Гэта мастацтва, якое немагчыма набыць на лекцыях або з нейкай літаратуры. Гэта педагагічны талент, дадзены звыш. Я шмат разоў назіраў трапяткое стаўленне настаўнікаў і вучняў адно да аднаго. І ўвесь час думаю: якое шчасце, што ў нас ёсць такія педагогі. Каштоўнасць у тым, што яны даюць вучням  навуковую падрыхтоўку, а гэта — асаблівы від развіцця чалавека, які мае на ўвазе ўменне самастойна думаць, здольнасць здабываць патрэбную інфармацыю. Навуцы патрэбны менавіта такія людзі.

Наталля ЛУТЧАНКА.