Скідзельскі напрамак

У гэтыя дні ў Скідзельскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі адбываюцца важныя падзеі: выпускнікам уручаюць дыпломы, а прыёмная камісія прымае дакументы ад абітурыентаў.

У канцы чэрвеня дыплом з адзнакай быў уручаны Аляксею Вострыкаву, які атрымаў спецыяльнасць “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” з кваліфікацыямі “вадзіцель катэгорыі С”, “слесар па рамонце аўтамабіляў”. А размеркавалі Аляксея ў СПВ “Гродзенскі”. Разам з ім дыпломы па гэтай спецыяльнасці атрымалі 27 чалавек. Усе яны паспяхова прайшлі вытворчую практыку, па выніках якой 22 з іх быў прысвоены павышаны, чацвёрты, разрад слесара па рамонце аўтамабіляў.

— Сёлета каля паловы выпускнікоў атрымалі павышаны разрад, — гаворыць дырэктар ліцэя Васіль Мікалаевіч Салей. — У мінулым годзе прыкладна трэць выпускнікоў скончылі ліцэй з павышаным разрадам. Сярэдні бал паспяховасці ў навучэнцаў, якія вучацца на базе агульнай сярэдняй адукацыі, складае 7,4 бала.

Якасць адукацыі і выхаванне адказнага спецыяліста і грамадзяніна — гэтыя прынцыпы ляжаць у аснове дзейнасці калектыву. І гэта дае станоўчыя вынікі. Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй — адна з лепшых устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці, пра што сведчаць шматлікія перамогі ў конкурсах і высокія месцы ў рэйтынгу. Так, па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў прафесійнай адукацыі Скідзельскі ліцэй у 2014 годзе заняў трэцяе месца, у 2015 годзе — першае, у 2016-м — другое.

Летась, як, дарэчы, і ў папярэднія гады, набор у ліцэй быў выкананы, а на спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў (міжнародныя перавозкі)” быў конкурс. Размеркаванне на работу сёлета таксама атрымалі ўсе выпускнікі. За гэтымі фактамі стаіць вялікая работа, ідзе пастаянны пошук новых форм, метадаў павышэння якасці адукацыі, што дазваляе ўстанове знаходзіцца ў пастаянным развіцці.

Васіль Мікалаевіч Салей адзначае вялікі патэнцыял выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Ён лічыць, што ў ліцэі працуе калектыў прафесіяналаў — творчы, дружны, вельмі працавіты. Вялікая заслуга па фарміраванні традыцый творчай працы належыць былому дырэктару ліцэя Сяргею Іванавічу Літвіну. На працягу апошняга дзесяцігоддзя Сяргей Іванавіч быў ініцыятарам і арганізатарам мадэрнізацыі і ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай і вытворчай базы ліцэя. Амаль у кожным класе ёсць камп’ютар або дэманстрацыйная сістэма “ноўтбук + тэлевізар”. Новае абсталяванне ўстаноўлена ў сталовай ліцэя, дзе два гады назад зроблены капітальны рамонт. Абноўлены аўтапарк, адрамантаваны і па-сучаснаму абсталяваны бібліятэка, спартыўная і трэнажорная залы. Зараз Сяргей Іванавіч Літвін з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У ліцэі перакананы, што ў падрыхтоўцы спецыялістаў павінны спалучацца традыцыйныя формы выкладання, дасягненні навукі і тэхналогій, сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Дарэчы, больш за 70% выкладчыкаў ліцэя маюць вышэйшую і першую катэгорыю, два з’яўляюцца магістрамі педагагічных навук.

На працягу апошніх двух гадоў у ліцэі рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне інтэрактыўных сродкаў навучання ў працэс выкладання прадметаў прафесійнага кампанента” па вучэбных прадметах “Асновы аграноміі”, “Устройства сельскагаспадарчых машын”.

— Педагогі-інаватары Галіна Тадэвушаўна Квяткоўская, Галіна Іосіфаўна Багай, Уладзімір Міхайлавіч Лойша выкладаюць свае прадметы “Асновы аграноміі”, “Устройства сельскагаспадарчых машын” з прымяненнем сучасных тэхналогій, — расказвае метадыст Галіна Мечыславаўна Кузьміцкая. — Работа ў праекце, уключэнне інфармацыйных і інтэрактыўных тэхналогій у адукацыйны працэс ствараюць матывацыю для навучэнцаў, фарміруюць у іх устойлівую цікавасць да навучання, ствараюць сітуацыю камфорту на ўроку.

Летась метадычная скарбонка па прадмеце “Устройства самаходных машын сельскагаспадарчага прызначэння”, якую падрыхтавала Г.І.Багай, была адзначана дыпломам І ступені Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафадукацыі”. Таксама дыплом І ступені гэтага ж конкурсу ў намінацыі “З прафесіяй — у будучыню!” атрымалі постары-матыватары па спецыяльнасцях “Грамадскае харчаванне”, “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, “Вытворчасць прадукцыі раслінаводства”, распрацаваныя творчай групай педагогаў і вучняў ліцэя. Творчая лабараторыя педагогаў ліцэя “Круг” (Алена Літвін, Галіна Кузьміцкая і Алена Салей) узнагароджана дыпломам Міністэрства адукацыі І ступені ў намінацыі “Гарады і людзі: 70 гадоў — рытм жыцця” Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”.

Экспанаты тэхнічнай творчасці (бензагенератар, станок для вытворчасці тратуарнай пліткі, зварачны паўаўтамат, машына для сартавання бульбы, станок з ЛПУ, 3D-прынтар і г.д.), распрацаваныя навучэнцамі пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Паўла Анатольевіча Фурмана, адзначаны дыпломам І ступені абласнога і ІІ ступені рэспубліканскага агляду тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў прафадукацыі.

У абласным конкурсе кабінетаў аховы працы Скідзельскі ліцэй у студзені гэтага года заняў першае месца, а ў мінулым навучальным годзе лепшым у вобласці прызнаны кабінет гісторыі і грамадазнаўства.

У ліцэі створана якасная вытворчая база па ўсіх спецыяльнасцях. У кабінеце “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” прадстаўлены сучасныя агрэгаты, вузлы, дэталі і рухавікі аўтамабіляў. Абсталяваны пляцоўкі для правядзення індывідуальных заняткаў па ваджэнні. У кабінетах “Устройства аўтамабіляў” і “Правілы дарожнага руху” ўстаноўлены камп’ютары і інтэрактыўныя дошкі. Для падрыхтоўкі вадзіцеляў катэгорыі Е ёсць тры МАЗы. Трэба адзначыць, што атрымаць вадзіцельскае пасведчанне можа кожны навучэнец, курсамі для падрыхтоўкі вадзіцеляў, якія тут працуюць, могуць скарыстацца і жыхары Скідзеля. Пазабюджэтныя грошы ліцэй зарабляе і на сваёй сельскагаспадарчай вытворчасці. Так, у мінулым годзе тут зарабілі звыш 150 тысяч рублёў, у тым ліку рэалізавалі сельскагаспадарчай прадукцыі амаль на 75 тысяч рублёў.

Вучэбная гаспадарка ліцэя — гэта 88 га раллі і 2,5 га саду. Тут вырошчваюць збожжавыя культуры, цукровыя буракі, садавіну, агародніну, частка якой ідзе і ва ўласную сталовую ліцэя, што дазваляе скарачаць выдаткі на харчаванне навучэнцаў. У цяпліцах вырошчваецца расада, набыць якую прыязджаюць нават з Гродна.

— Сёлета эксперыментуем з кавунамі, — гаворыць Васіль Салей. — Праўда, лета пакуль не песціць цяплом, але спадзяёмся, што пад кіраўніцтвам прафесара Аляксандра Ауткі навучымся вырошчваць гэтую культуру і ў нашым клімаце. На наступны год запланавалі стварэнне дэманстрацыйнага поля па вырошчванні агароднінных культур новых гатункаў. Гэта будзе вучэбная пляцоўка для нашых навучэнцаў і дэманстрацыйная — для спецыялістаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці.

Скідзель знаходзіцца за 26 кіламетраў ад Гродна. Вялікая колькасць устаноў адукацыі ў абласным цэнтры стварае Скідзельскаму ліцэю канкурэнцыю. У той жа час наборы ёсць. Сюды ідуць вучыцца юнакі і дзяўчаты не толькі з найбліжэйшых населеных пунктаў, але і з іншых раёнаў Гродзеншчыны, а таксама з Мінскай і Брэсцкай абласцей.

— Кожны выкладчык і майстар вытворчага навучання замацаваны за ўстановамі адукацыі раёна і вобласці. Бываюць там і нашы навучэнцы, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Фамінічна Літвін. — Шмат інфармацыі размяшчаем на сайце. Кожны трэці тыдзень месяца праводзім дзень адкрытых дзвярэй і паказваем гасцям жыццё ліцэя — ад вытворчых майстэрань і кабінетаў да ўмоў пражывання ў інтэрнаце, якім забяспечваюцца ўсе нашы іншагароднія навучэнцы. У інтэрнаце пражывае 175 чалавек.

А яшчэ тут уважліва ставяцца да кожнага навучэнца, улічваюць патрабаванні рынку працы, цесна супрацоўнічаюць з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Так, Скідзельскі ліцэй цесна супрацоўнічае з БАМАП. У Гродзенскай вобласці гэта адзіная ўстанова адукацыі, дзе рыхтуюць вадзіцеляў-міжнароднікаў.

У 2011 годзе ліцэй атрымаў статус вядучай установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі па напрамку “Навукова-метадычнае забеспячэнне асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця па спецыяльнасці “Вытворчасць прадукцыі раслінаводства”. Творчая група педагогаў стварыла адпаведныя вучэбна-метадычныя комплексы: распрацаваны вучэбна-метадычныя матэрыялы, электронныя адукацыйныя рэсурсы па асобных прадметах.
Ліцэй не першы раз з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па ўкараненні ў адукацыйны працэс інтэрактыўных і электронных сродкаў навучання. У той жа час у бібліятэку ліцэя запісаны кожны навучэнец. І хоць сярод мастацкай літаратуры яны аддаюць перавагу фантастыцы і дэтэктывам, не згасае цікавасць і да класічнай літаратуры.

Бібліятэка — гэта і месца выхаваўчай работы. Летась у Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання” творчая работа педагогаў Галіны Мечыславаўны Кузьміцкай, Алены Міхайлаўны Салей, Алены Фамінічны Літвін “Добрае сэрца: патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях” у намінацыі “Патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях” заняла другое месца. А “Добрае сэрца” — гэта валанцёрская арганізацыя ліцэя, удзельнікі якой дапамагаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і былым малым вязням фашысцкіх лагераў, ветэранам працы.

Развіваецца валанцёрскі рух пры музеі ліцэя, які зараз рыхтуецца адзначыць сваё 25-годдзе і атрымаць званне народнага. Літаратурна-краязнаўчы музей носіць імя славутага паэта ўраджэнца Скідзельшчыны Міхася Васілька. Тут налічваецца больш за 800 адзінак асноўнага фонду.

— За чвэрць стагоддзя ў нас пабывала каля 35 тысяч наведвальнікаў, — расказвае кіраўнік музея Алена Міхайлаўна Салей. — У апошнія гады ўсе дэлегацыі, якія наведваюць Скідзель, бываюць і ў нас. У музеі некалькі экспазіцый — этнаграфічная, літаратурная, прысвечаная гісторыі ліцэя. У нас былі госці з Расіі і Польшчы, Галандыі і Літвы. Ад зін з апошніх запісаў зрабіла наведвальніца з ЗША Эймі Розенблюм, дзед якой нарадзіўся ў Скідзелі. І абавязкова прыводзім у музей першакурснікаў. Першае, што яны бачаць, — нашых выпускнікоў, наш гонар. Іх фотаздымкі размешчаны перад уваходам у музей.

Пры музеі працуе гурток “Спадчына”. Ад зін з напрамкаў дзейнасці гурткоўцаў — запіс успамінаў удзельнікаў вайны, якія ўвайшлі ў кнігу “Захаваем памяць, умацуем будучыню”. А нядаўна навучэнцы вярнуліся з этнаграфічнай экспедыцыі па Гродзенскім раёне і папоўнілі музей 20 новымі экспанатамі.

Яшчэ адна магчымасць творчай рэалізацыі — гурток “Чараўніца”, якім кіруе майстар вытворчага навучання Ірына Аляксееўна Юрэвіч. Навучэнцы ствараюць тут і калекцыі адзення, і дэкаратыўныя вырабы — тэкстыльныя сюжэтныя лялькі, кампазіцыі са старых пласцінак і шмат іншага. Удзельнікі гуртка неаднаразова ўдзельнічалі ў “АРТ-вакацыях”.

Ірына Аляксееўна выкладае тэхналогію вытворчасці швейных вырабаў. Яе вучаніцы Наталля Сушко і Анжаліка Рудэнка расказваюць аб тым, чаму навучыліся на працягу першага года ў ліцэі.

— Мы ўжо самастойна сшылі чатыры вырабы: спадніцу, штаны, блузку і халат, — гаворыць Насця. — Спачатку было страшна садзіцца за прамысловую швейную машынку — як-ніяк 6 тысяч абаротаў у хвіліну. А зараз я ўжо смела працую.

Дарэчы, у групе вучацца 4 хлопцы. Ірына Аляксееўна гаворыць, што задаволена іх стараннасцю. А блузку хлопцы шылі па мерках сваіх мам ці сясцёр.

Сёлета ў Скідзельскі ліцэй плануюць прыняць 112 чалавек. Зараз вядзецца прыём дакументаў.

Выпускнік сярэдняй школы № 2 Скідзеля Павел Русаковіч выбірае спецыяльнасць “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, каб прадоўжыць сямейную дынастыю: і дзядуля, і бацька — шафёры. Да таго ж бацька, Барыс Яўгенавіч, скончыў Скідзельскі ліцэй. 1 верасня Павел на агульнай лінейцы ўбачыць сваіх новых сяброў, выкладчыкаў і стане сведкам таго, як лепшыя навучэнцы ліцэя атрымаюць узнагароды па выніках мінулага навучальнага года за дасягненні ў вучобе, спорце, творчасці, грамадскіх справах.

— Гэта традыцыя ліцэя, каб першакурснікі бралі прыклад са сваіх старэйшых сяброў, ведалі пра іх дасягненні, — гаворыць Васіль Мікалаевіч Салей, — і самі стараліся стаць годнымі навучэнцамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.