З 1 красавіка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адкрыў бясплатны доcтуп да анлайн-школы юнага матэматыка.
Навучанне будзе праходзіць у межах школьнай праграмы 5—11 класаў. Курс, распрацаваны выкладчыкамі механіка-матэматычнага факультэта, дасць дзецям магчымасць сістэматызаваць і праверыць уласныя веды, а таксама самастойна падцягнуць некаторыя тэмы.
Для вучняў кожнага класа арганізатары падрыхтавалі сем блокаў (адны заняткі на тыдзень), якія працягнуцца да канца навучальнага года. У кожны ўрок увойдуць тэарэтычны матэрыял і 10 задач для самастойнай працы (і калі першы будзе даступны адразу пасля рэгістрацыі, заданні для асабістага выканання стануць даступныя па панядзелках). Адказы на іх школьнікі змогуць убачыць пасля праходжання тэмы — у чацвер. Усе матэрыялы будуць змешчаны на платформе Moodle.
Калі ў школьнікаў узнікнуць пытанні, яны змогуць задаць іх праз чаты і форумы і там жа абмеркаваць рашэнне непадатлівых задач (адказ можа заняць ад некалькіх хвілін да дзвюх гадзін). Для таго каб далучыцца да навучання, неабходна зарэгістравацца на сайце dl.bsu.by (выбраць радок “Дыстанцыйная матэматычная школа ММФ” і далей дзейнічаць па інструкцыі).
Пра размах праекта сведчыць колькасць зарэгістраваных: у канцы дня 1 красавіка іх было 673 чалавекі. А раніцай 6-га — ужо 1720. Далучайцеся і вы, аматары матэматыкі!
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.