Арыенцір — якаснае навучанне

Дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава — сучасная ўстанова, якая дынамічна развіваецца па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці.

Тут няма недахопу ў навучэнцах. Не ўзнікае складанасцей і з размеркаваннем выпускнікоў. Ліцэй запатрабаваны і сярод абітурыентаў, і сярод работадаўцаў.

А ўсё таму, што педагагічны калектыў скіраваны на галоўны арыенцір — якаснае прафесійнае навучанне моладзі. Дзякуючы такому падыходу да работы кожнага педагога, гэтая ўстанова адукацыі на працягу шэрага гадоў з’яўляецца лідарам сярод прафесійна-тэхнічных ліцэяў рэгіёна. Больш падрабязна пра ўсе аспекты функцыянавання ўстановы расказаў дырэктар Міхаіл Уладзіміравіч САСОНКА.

—Наш ліцэй рыхтуе квалі­фікаваныя рабочыя кадры для будаўнічай сферы і арыентаваны на інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання. Усе спецыяльнасці актуальныя і запатрабаваныя, таму недахопу ў навучэнцах у нас няма. Зараз у ліцэі вучыцца звыш 460 маладых людзей.

— Арганізацыя якаснага навучання напрамую залежыць і ад адпаведных умоў, належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы…

— Развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы мы ўдзяляем асаблівую ўвагу, бо разумеем, што ў сукупнасці з іншымі фактарамі — гэта залог забеспячэння якаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Ліцэй штогод абнаўляецца. У 2012 го­дзе ў нас быў адкрыты рэсурсны цэнтр па спецыяльнасці “Абліцоўшчык-плітачнік”, тут ёсць усё для замацавання прафесійных ведаў і навыкаў. Вытворчае навучанне на базе рэсурснага цэнтра праходзяць не толькі нашы навучэнцы, а і прадстаўнікі іншых устаноў адукацыі рэгіёна.

Мы ўважліва ставімся да пераасна­шчэння вытворчых майстэрняў, кабінетаў спецыяльных дысцыплін. У кожным з гэтых кабінетаў ёсць інтэрактыўная дошка. У майстэрнях таксама ўстаноўлена сучаснае абсталяванне. Наогул, за апошнія гады наш ліцэй істотна змяніў аблічча. Мы адрамантавалі інтэрнат, бібліятэку, спартыўныя залы, шэраг вучэбных кабінетаў. Важна, што рамонт быў выкананы ў асноўным за кошт уласных сродкаў ад пазабю­джэтнай дзейнасці, а работы ў большасці праводзіліся сіламі педагогаў і навучэнцаў. У нас дзейнічаюць валанцёрскія рамонтныя і студэнцкія будаўнічыя атрады. Жадаючых трапіць у склад гэтых атрадаў заўсёды многа, бо работа ў іх дазваляе маладым людзям на справе адтачыць свае прафесійныя навыкі.

— У 9-м прафесійным ліцэі амаль не ўзнікае праблем з наборам абітурыентаў. Гэта вынік добра наладжанай прафарыентацыйнай работы?

— У тым ліку. Для прыцягнення абітурыентаў шырока выкарыстоўваем розныя формы прафарыентацыі. У нас наладжана цесная сувязь са шматлікімі школамі горада. Рэгулярна выязджаем туды з прафарыентацыйнымі майстар-класамі, прома-акцыямі, выступленнямі агітбрыгады. Запрашаем школьнікаў на экскурсіі ў ліцэй. Работу пачынаем з вучнямі сярэдняга звяна. Для старшакласнікаў сярэдняй школы № 22 Магілёва праводзім прафесійную падрыхтоўку па кваліфікацыі “маляр” у рамках вывучэння прадмета “Працоўнае навучанне”.

Разнастайная прафарыентацыйная работа дазваляе загадзя адаптаваць учарашніх школьнікаў да далейшага навучання ў нашым ліцэі. Планы набору амаль заўсёды выконваем. Па некаторых прафесіях ёсць нават конкурс, таму на будучы год плануем павялічыць колькасць вучэбных груп.

— Як арганізавана прафесійная пад­рыхтоўка навучэнцаў?

— У ліцэі працуюць 55 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, кожны з іх выключны прафесіянал сваёй справы. Усе педагогі не толькі добра арыентуюцца ў сваёй прадметнай галіне, але і валодаюць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, умеюць працаваць у інфармацыйнай прасторы.

Наш калектыў пастаянна займаецца інавацыйнай дзейнасцю. На працягу трох апошніх гадоў мы ажыццяўлялі эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі фарміравання сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў будаўнічых прафесій”. Мы ўпэўнены: для паспяховага навучання вельмі важная матывацыя. Дзеці, якія прыхо­дзяць атрымліваць прафесійную адукацыю, не заўсёды матываваны на навучанне. Таму да кожнага навучэнца шукаем свой падыход, з дапамогай спецыяльнай дыягностыкі вызначаем яго асобасны патэнцыял. Высвятляем, чаго ён хоча ў жыцці, тлумачым, як можна гэтага дасягнуць. Развіваем здольнасці дзяцей, дапамагаем ім дасягнуць пэўных поспехаў і паверыць у сябе. Усё гэта вельмі матывуе на вучобу. У выніку ад нас выходзяць спецыялісты з развітымі сацыяльна-асобаснымі кампетэнцыямі, упэўненыя ў сабе і сваіх прафесійных уменнях. Вынікі гэтага эксперыментальнага праекта зараз апрабуюцца ў іншых установах прафесійнай адукацыі краіны.

З гэтага навучальнага года мы пачалі рэалізацыю эксперыментальнага праекта па фарміраванні і развіцці працоўнай культуры навучэнцаў. Задача дасягаецца праз выкарыстанне матывацыі і стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага падлетка. Дарэчы, мы стараемся пастаянна заахвочваць навучэнцаў. Любы вучэбны дзень у нас пачынаецца з лінейкі, але мы ніколі публічна не разбіраем нейкія правіннасці. Праблемы вырашаюцца індывідуальна. Пры гэтым заахвочваем навучэнцаў нават за маленькія дасягненні. Гэтая ліцэйская традыцыя вельмі матывуе на новыя здзяйсненні.

— Як у ліцэі наладжана выхаваўчая і прафілактычная работа з навучэнцамі?

— Паколькі асноўны кантынгент навучэнцаў у нас — хлопцы, значны ўпор робім на патрыятычнае выхаванне з выкарыстаннем здароўе­зберагальных тэхналогій. Асаблівая наша гордасць — ваенна-патрыятычны праваслаўны клуб “Сокал”. Мы перакананы: навучыць маладых людзей выбранай спецыяльнасці, сфарміраваць у іх неабходныя прафесійныя навыкі — гэта першасна. Але не менш важна і належнае выхаванне падрастаючага пакалення. Маладым людзям трэба дапамагчы вызначыцца ў жыцці, накіра­ваць іх на правільны шлях, расказаць пра сапраўдныя маральныя каштоўнасці. Для рэалізацыі гэтых мэт і быў створаны клуб “Сокал”, кіраўніком якога я з’яўляюся. Галоўная задача клуба — арганізаваць вольны час падлеткаў, зацікавіць іх нечым карысным, адцягнуць ад вуліцы. Прыходзячы на трэніроўкі, хлопцы даюць выхад энергіі, і думкі пра тое, каб зрабіць што-небудзь проціпраўнае, адпадаюць самі сабой. Шмат станоўчага нясе і наведванне храма. Так маладыя людзі далучаюцца да гістарычнага і духоўна-праваслаўнага спазнання, ваенна-прыкладных відаў спорту, фізічна ўдасканальваюцца i фармiруюць у сабе лідарскія якасці.

Для моладзі ў ліцэі створаны ўсе ўмовы, каб цікава і з карысцю праводзіць вольны ад вучобы час. У нас дзейніча­юць розныя гурткі прафесійна-тэхнічнай, мастацка-эстэтычнай накіраванасці, спартыўныя секцыі. Іх пералік разнастайны, і важна, што ён перыядычна мяняецца зыходзячы з запытаў навучэнцаў. Мы ла­дзім разнастайныя фізкультурна-аздараўленчыя, культурна-масавыя мерапрыемствы, прапануем хлопцам і дзяўчатам працаўладкаванне падчас канікул, далучаем іх да валанцёрства. Сумаваць не выпадае нікому, кожны можа выбраць занятак па душы, рэалізаваць сябе ў тым, што яму падабаецца.

Што да прафілактычнай работы, то тут стаўку робім на індывідуальны падыход да кожнага навучэнца. Імкнёмся не перавыхоўваць, а прывіваць падлеткам правільныя каштоўнасці, высокія маральныя якасці, выводзячы іх на сталы жыццёвы шлях. Такі метад даволі дзейсны. За апошнія гады росту проціпраўных паводзін сярод навучэнцаў не назіраецца.

Ліцэй ажыццяўляе прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Тынкоўшчык”, “Маляр”, “Абліцоўшчык-плітачнік”, “Муляр”, “Цясляр”, “Электрагазазваршчык”, “Дарожны рабочы”, “Станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”, “Вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, “Стропальшчык”, “Машыніст аўтамабільнага крана”, “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Машыніст экскаватара”, “Машыніст бульдозера”.

— Рынак працы чакае высокапрафесійных спецыялістаў. Ці адпавядае 9-ты ліцэй тэндэнцыям часу?

— Уважліва аналізуем рынак працы і з улікам гэтага ладзім сваю работу. Бо наша прыярытэтная задача — падрыхтаваць не толькі прафесіянальныя, а і канкурэнтаздольныя кадры.

Якасна рыхтаваць рабочых дапамагае выкарыстанне практыка-арыента­ванага падыходу. Вучэбны працэс будуем на аснове ­адзінства ведаў і ўменняў прымяніць іх у канкрэтнай жыццёвай сітуацыі.

Стараемся няспынна развівацца. З улікам патрабаванняў часу абнаўляем пералік прафесій. Так, дзеля павышэння канкурэнтаздольнасці выпускнікоў арганізавалі атрыманне дадатковай адукацыі па кваліфікацыях “электразваршчык ручной зваркі”, “абліцоўшчык-плітачнік”, “станочнік дрэваапрацоўчых станкоў”. Штогод дадатковыя спецыяльнасці ў вячэрні час асвойваюць звыш 20% нашых навучэнцаў. Сёлета плануем адкрыць адукацыйныя курсы па вывучэнні найноўшых матэрыялаў і тэхналогій у будаўніцтве.

— Працаўладкаванне выпускнікоў прафесійнага ліцэя № 9 заўсёды стапрацэнтнае. Як атрымліваецца дасягаць такіх вынікаў?

— Сапраўды, штогод ліцэй заканчваюць каля 150 чалавек, і ўсім ім прадастаўляецца першае працоўнае месца. Больш за тое, на некаторых выпускнікоў прыхо­дзяць імянныя заяўкі на размеркаванне. Гэта найлепшым чынам пацвярджае каштоўнасць нашых спецыялістаў на рынку працы. Мы маем дагаворы аб супрацоўніцтве і падрыхтоўцы кадраў з найбуйнейшымі будаўнічымі арганізацыямі Магілёва. Практыка нашых навучэнцаў заўсёды аплачваецца.

— Ліцэй № 9 апошнія гады знаходзіцца ў лідарах абласнога спаборніцтва на лепшую арганізацыю адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэгіёна. Раскажыце пра іншыя вашы дасягненні.

— Штогод ліцэй становіцца прызёрам гарадскога і абласнога конкурсаў на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў невытворчай сферы. Не раз наша ўстанова была лаўрэатам конкурсу Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва на лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне ў намінацыях “Арганізацыя года”, “Кіраўнік года”.

Радуюць сваімі дасягненнямі педагогі, якія часта выходзяць у прызёры разнастайных конкурсаў і прафесійных спаборніцтваў. Не адстаюць ад іх і навучэнцы, якія таксама бліскуча праяўляюць сябе ў розных напрамках. Асабліва ганарымся поспехамі нашых вучняў у руху WorldSkills. Сёлета на абласным этапе конкурсу хлопцы сталі пераможцамі і прызёрамі ў кампетэнцыях “Абліцоўка пліткай”, “Каменныя работы”, “Зварачныя работы”.

— Міхаіл Уладзіміравіч, 9-ты ліцэй можна назваць эталонам паспяховай прафесійна-тэхнічнай установы. Дасягнута нямала, а што ў перспектывах развіцця?

— Планаў шмат. Будзем рабіць усё магчымае для ўдасканалення ўзроўню адукацыі навучэнцаў.

Установа прафесійнай адукацыі — гэта месца, дзе нараджаецца будучыня. Таму сваёй галоўнай задачай мы бачым раскрыццё талентаў навучэнцаў. Будзем выхоўваць іх сапраўднымі прафесіяналамі і патрыётамі.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.