Сённяшняя наша размова пойдзе з чалавекам, які арганізоўвае работу геаграфічнага факультэта, — з яго дэканам Дзмітрыем Леанідавічам ІВАНОВЫМ. Аднак размова не толькі і нават не столькі пра геаграфічную адукацыю. Хутчэй, гэта развагі чалавека, які ўжо не першы год працуе на факультэце, аб працэсах, якія адбываюцца ў сферы адукацыі: чаму школьнікаў і студэнтаў ужо не так цікавіць вучоба, як гэта было раней, і што трэба зрабіць, каб змяніць сітуацыю.
— Дзмітрый Леанідавіч, вельмі шмат гавораць пра зніжэнне прэстыжу адукацыі, зніжэнне ўзроўню ведаў школьнікаў і студэнтаў. Што, на ваш погляд, прыводзіць да гэтага?
— Прэстыжнасць адукацыі ўпала таму, што зараз вельмі свабодны доступ ва ўніверсітэт. З аднаго боку, стала больш універсітэтаў, больш спецыяльнасцей, а з другога — паўплываў дэмаграфічны крызіс. Атрымліваецца, што патэнцыяльных студэнтаў менш, ВНУ — больш. Таму яны і набіраюць тых, хто атрымаў не надта высокія балы на ЦТ.
Па-другое, на паспяховасць у школе паўплывала дзесяцібальная сістэма ацэньвання. Раней па пяцібальнай сістэме станоўчая адзнака пачыналася з трох балаў. Каб яе атрымаць, трэба было ведаць больш за палову таго, што прапаноўвалася праграмай.
Па дзесяцібальнай сістэме станоўчай адзнакай лічацца ўжо 3 балы ў школе і 4 — у ВНУ: раней “тройка” з пяці балаў, зараз “тройка” альбо “чацвёрка” з дзесяці. У выніку маем, што веданне меншай часткі інфармацыі, якая даецца ў школе ці ВНУ, ацэньваецца станоўча.
— Мінімальны парог не адсейвае падлеткаў, узровень ведаў якіх не надта высокі?
— Мінімальны парог адсейвае абітурыентаў. Але, на мой погляд, не на дастатковым узроўні. Калі чалавек адказвае на палову пытанняў, можна меркаваць, што ён валодае пэўным узроўнем ведаў. Калі не адказвае, значыць, веды павінны быць лепшымі. Што такое 18 балаў са 100?!
— Дзмітрый Леанідавіч, на вашу думку, тэндэнцыя зніжэння цікавасці да вучобы характэрна толькі для беларускага грамадства ці гэта сусветная з’ява?
— Тэндэнцыя зніжэння цікавасці да адукацыі і зніжэння ўзроўню ведаў характэрна для сусветнай прасторы ў цэлым. Часткова на гэта ўплывае і камп’ютарызацыя. Раней, каб падрыхтаваць даклад, рэферат, студэнту, школьніку трэба было перагледзець шмат літаратуры, падумаць, выбраць інфармацыю. Зараз шукаюць гатовае ў інтэрнэце. Здараецца, некаторыя студэнты ўпершыню знаёмяцца са зместам свайго даклада падчас свайго ж выступлення. Калі не паставіць жорсткія патрабаванні, абмежаванні да гэтых работ, яны будуць нізкай якасці, студэнты не будуць самі працаваць.
Часам на мае заняткі студэнты прыходзяць у разгубленасці, бо не знайшлі гатовага рэферата па тым заданні, якое я прапанаваў: у інтэрнэце яго не аказалася. Падрыхтаваць яго трэба было самім, можа, нават першасныя крыніцы прааналізаваць. Аднак многія зараз сарыентаваны на тое, што калі даецца заданне, то яно павінна быць гатовым у сусветнай павуціне.
— Як вы ахарактарызуеце веданне ўжо непасрэдна геаграфіі?
— З геаграфіяй асобная праблема. Узровень геаграфічных ведаў, іх запатрабаванасць, попыт на спецыялістаў у гэтай галіне асабліва актыўна зніжаюцца. Чаму? У савецкі час геаграфія мела сацыяльна-эканамічны ўхіл. Спецыялісты былі запатрабаваны ў розных галінах гаспадаркі. Калі вялікая краіна распалася, запатрабаванасць кадраў знізілася, сама ж геаграфія пачала набываць краіназнаўчы ўхіл. Зараз у большасці вучняў і іх бацькоў склалася ўяўленне, што геаграфія — навука аб месцазнаходжанні краін, рэгіёнаў на карце, хоць насамрэч гэта навука значна больш шырокая.
Да таго ж уступныя экзамены па геаграфіі засталіся ў абмежаванай колькасці ВНУ: на геаграфічны факультэт, на спецыяльнасці, звязаныя з турызмам. Раней гэты прадмет здаваўся і на гістарычным факультэце, і на факультэце міжнародных адносін. Больш гадзін адводзілася на вывучэнне геаграфіі і ў школе. Зараз яе старанна вучаць толькі тыя, каму яна спатрэбіцца пры паступленні.
— Што, на вашу думку, паспрыяе таму, каб вярнуць геаграфічную адукаванасць школьнікам?
— Я часта паказваю студэнтам вытрымкі з фільма, які называецца “Амерыканцы — не ідыёты”. Прахожым у Амерыцы задаюць элементарныя пытанні. У лепшым выпадку адказвае адзін з дзесяці. Напрыклад, калі про-сяць паказаць Паўднёвую і Паўночную Карэю, многія паказваюць на Новую Зеландыю і Аўстралію, быццам Аўстралія — гэта Паўночная Карэя, а Новая Зеландыя — Паўднёвая. Пакуль такога ў нас няма, аднак мяняць сітуацыю трэба. І дапамогуць у гэтым умовы, калі геаграфію будуць здаваць на ўступных экзаменах не толькі на геаграфічны факультэт. Напрыклад, паступаючы на факультэт міжнародных адносін. Патлумачу сваю думку. У значнай ступені міжнародныя адносіны абумоўліваюцца эканамічнымі праблемамі (карысныя выкапні, рэсурсы). Ні для каго сёння не сакрэт, што большасць войнаў сыравінныя. Напрыклад, войны ў Сірыі, на Блізкім Усходзе, дзе ёсць нафта…
— Дзмітрый Леанідавіч, згодна з Кодэксам аб адукацыі, у Беларусі існуе двухступеньчатая сістэма вышэйшай адукацыі. Як вы лічыце, наколькі эфектыўна яна працуе?
— Так, адвучыўшыся на першай ступені вышэйшай адукацыі, нядаўні студэнт становіцца спецыялістам, на другой — магістрам. Аднак нідзе ў дакументах не прапісана, што магістр мае права займаць пэўныя пасады.
На заканадаўчым узроўні павінна быць замацавана, якія пасады можа займаць чалавек са ступенню, не ніжэйшай за магістра. Тады другая ступень будзе сапраўды запатрабаванай. Зараз няма вялікай розніцы, бу-дзеш ты магістрам ці проста спецыялістам.
— Дзмітрый Леанідавіч, учарашнім школьнікам у першы год цяжкавата вучыцца ва ўніверсітэце. Што вы пажадаеце першакурснікам, студэнтам, каб паспяхова здаць сесію?
— Студэнтам 1 курса сапраўды цяжка. Яны пераходзяць на іншую методыку атрымання ведаў. Ствараецца ілюзія, што да сесіі можна нічым не займацца, а потым прыйсці і ўсё здаць. Гэта не так. Не ўдзяляць значнай увагі заняткам і хоць неяк здаць сесію могуць толькі добра падрыхтаваныя студэнты. І тое, як паказвае вопыт, яны “плывуць” за кошт школьных ведаў год-два, а на трэці пачынаюць “правальвацца”.
Таму жадаю студэнтам добрасумленна наведваць лекцыі і практычныя заняткі. І весці канспект. Тады перад экзаменам дастаткова бегла прачытаць свае запісы, падручнікі, каб сфарміравалася агульная карціна.
Я не забараняю весці канспект на ноўтбуках, аднак папярэджваю, што схемы і графікі значна прасцей замаляваць у сшытку. Таму ў гэтым плане ноўтбук уступае канспекту, напісанаму ад рукі.
Да таго ж у нас уведзена рэйтынгавая сістэма. Маецца на ўвазе, што выніковая адзнака не тоесная адзнацы за экзамен. Так, адзнака бягучай паспяховасці памнажаецца на каэфіцыент 0,4, адзнака за экзамен — на 0,6. Іх сума пры акругленні і будзе пастаўлена ў залікоўку.
— Дзмітрый Леанідавіч, вялікі дзякуй за размову.
Святлана ШЫЯН.