БДУ: 101% да плана прыёму мінулага года

Сёлета Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт плануе прыняць на першую ступень навучання 5193 чалавекі, што складае 101% да плана прыёму 2018 года (летась — 5142).

На дзённую бюджэтную форму набор у БДУ складае 2130 чалавек, на завочную бю­джэтную — 216 студэнтаў. Суадносіны месцаў на прыродазнаўчыя і сацыяльна-эканамічныя, гуманітарныя спецыяльнасці — 67% і 33% адпаведна.

Звяртаем увагу, што БДУ таксама ажыццяўляе прыём на педагагічныя напрамкі спецыяльнасцей (біялогія, геаграфія, хімія, матэматыка, беларуская філалогія, руская філалогія). Планам прыёму на дзённую бю­джэтную форму вызначана 149 месцаў.

Без экзаменаў на педагагічныя спецыяльнасці залічваюцца:

  • медалісты і выпускнікі каледжаў, якія маюць дыплом з адзнакай, пераможцы (дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені) трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, для якіх дадзены прадмет вызначаны прадметам першага профільнага іспыту, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі;
  • выпускнікі педагагічных класаў, пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 7 па ўсіх вучэбных прадметах і адзнак не ніжэйшых за 8 па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных выпрабаванняў, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі, і па выніках сумоўя, што праводзіцца ва ўніверсітэце.

Сёлета на мэтавы прыём у БДУ выдзелена 31 месца (у 2018 годзе — 53). Мэтавы прыём ажыццяўляецца па 10 спецыяльнасцях.

Нагадаем, у Белдзяржуніверсітэце ўпершыню ажыццяўляецца набор у Сумесны беларуска-кітайскі інстытут БДУ — ДПУ (Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт) па спецыяльнасцях “Фізіка (вытворчая дзей­насць)”, “Механіка і матэматычнае мадэляванне” і “Сусветная эканоміка”. Плануецца, што выпускнікі інстытута будуць запатрабаваны прамысловымі, навукова-адукацыйнымі прадпрыемствамі і IT-кампаніямі Беларусі і Кітая, а таксама ў індустрыяльным парку “Вялікі камень”.

Падрыхтоўка студэнтаў у новым інстытуце будзе весціся на першых двух курсах на рускай мове, а з 3 курса шэраг дысцыплін будзе выкладацца на англійскай мове. Мяркуецца таксама вывучэнне кітайскай мовы на базавым узроўні. Выкладаць бу­дуць прадстаўнікі беларускага і кітайскага ўніверсітэтаў. Усяго ў гэтым годзе ў згаданы інстытут запланавана прыняць на дзённую бюджэтную форму навучання 28 чалавек, на платную — 30.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.