Ужо некалькі гадоў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі выкарыстоўвае электронную сістэму падачы заяў і залічэння абітурыентаў. Яна аказалася вельмі зручнай як для прыёмнай камісіі, так і для паступаючых. Эканомяцца рэсурсы і час, а самае галоўнае — добра падрыхтаваныя абітурыенты могуць быць упэўнены ў сваім паступленні.
Сёлета, аднак, у парадку прыёму БДУІР адбыліся пэўныя змены. Цяпер стаўка робіцца на прафарыентацыю і адказнасць абітурыентаў. Ім прапаноўваецца добра падумаць і прыняць самастойнае рашэнне: паступіць на бюджэтнае навучанне, але, магчыма, не на спецыяльнасць сваёй мары, або паступіць на жаданую спецыяльнасць (магчыма, за кошт аплаты).
Пра тое, як будзе ажыццяўляцца прыём і што трэба ўлічваць абітурыентам, робячы свой прафесійны выбар, мы гутарым з прарэктарам БДУІР па вучэбнай рабоце Барысам Нікульшыным і адным з распрацоўшчыкаў сістэмы асістэнтам кафедры інфарматыкі Максімам Міхневічам.
— Ранейшы алгарытм залічэння ва ўніверсітэт быў наступным. Напрыклад, кантрольныя лічбы прыёму складалі 1 тысячу чалавек. З усяго патоку абітурыентаў выбіралася 1 тысяча найлепшых, якія і залічваліся ў студэнты, пасля чаго адбывалася іх размеркаванне па спецыяльнасцях. А як будзе цяпер?
М.Міхневіч. Сапраўды, раней залічэнне праводзілася ў два этапы: першы этап — залічэнне на групу спецыяльнасцей (тэхніка-тэхналагічных або эканамічных), другі — размеркаванне па спецыяльнасцях. Атрымлівалася, што калі абітурыент праходзіў першы этап, то нават калі ён не трапіў ні на адну з указаных ім у заяве спецыяльнасцей, яго залічвалі на вакантнае месца па іншай спецыяльнасці ў групе. Зараз жа, у адрозненне ад мінулых гадоў, ніякіх сваіх варыянтаў прыёмная камісія прапаноўваць не будзе. Калі абітурыент не праходзіць на ўказаныя ім спецыяльнасці, то ён не будзе залічаны, нават калі ў яго высокія балы.
Б.Нікульшын. Справа ў тым, што ў нас штогод былі абітурыенты, якім не падабалася, калі іх залічвалі на бюджэтнае навучанне на тыя спецыяльнасці, якія яны не ўказвалі. Яны забіралі дакументы, паступалі на платнае навучанне, а нам даводзілася шукаць тых, хто першапачаткова не прайшоў па конкурсе, і праводзіць дазалічэнне на вызваленыя месцы.
Сёлета такога не будзе. Мы лічым, што абітурыент павінен сам вырашаць: жадае ён паступіць менавіта на бюджэтнае навучанне (тады трэба ўказваць максімальную колькасць спецыяльнасцей) або яго мэта паступіць на канкрэтную спецыяльнасць — і ў такім выпадку трэба быць гатовым да вучобы на ўмовах аплаты.
М.Міхневіч. У мінулым годзе асноўная колькасць заяў утрымлівала пералік з 5—7 спецыяльнасцей. Напэўна, для нашага ўніверсітэта гэта аптымальная колькасць. Хаця многія, каб паступіць на бюджэтнае навучанне, указваюць усе спецыяльнасці групы (летась — 34 спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю).
Б.Нікульшын. У той жа час 16% абітурыентаў указалі ўсяго 1—2 спецыяльнасці. Мы называем іх артадоксамі: яны нават не бяруць пад увагу той факт, што ёсць падобныя спецыяльнасці.
М.Міхневіч. Акрамя таго, штогод ёсць дзеці, якія лёгка прайшлі на трэцюю ці чацвёртую спецыяльнасць са свайго ж пераліку, але забіраюць дакументы і паступаюць хоць і на ўмовах аплаты, але на першую. Мы тлумачым, што ў нашым універсітэце ёсць магчымасць пасля 1 ці 2 курса перавесціся на любую спецыяльнасць. І што па-сапраўднаму разабрацца ў спецыяльнасці можна толькі тады, калі павучышся на ёй, а не паводле брашуры ці апісання. Магчыма, менавіта тая спецыяльнасць, на якую студэнт залічаны, і стане для яго адзінай і любімай. Аднак многіх нават бацькі не могуць адгаварыць і мусяць падпісваць дагавор на платнае навучанне.
Шчыра кажучы, калі мы дазволілі абітурыентам указваць у заяве хоць усе 34 спецыяльнасці, то думалі, што колькасць тых, хто будзе забіраць дакументы для перападачы на платнае навучанне, істотна зменшыцца. Аднак кожны год 5—7% абітурыентаў перападаюць дакументы, хаця часта спецыяльнасць была ўказана ў іх заявах.
Зараз у нас будзе ўжо трэцяя мадэль залічэння, і мы разумеем, што ўсё роўна знойдуцца незадаволеныя. Што ж, будзем аналізаваць сістэму і ўдасканальваць яе далей.
— Мінулая сістэма дазваляла ўніверсітэту запаўняць усе месцы, зараз жа ёсць небяспека недабораў. Вы свядома ідзяце на такую рызыку?
М.Міхневіч. Так, мы не выключаем, што будзе другая ітэрацыя. Але гэта свядомы крок. Мы вырашылі зрабіць ухіл на прафарыентацыю, каб дзеці загадзя вызначыліся, куды паступаць, і, галоўнае, разумелі, навошта ім гэта трэба, што яны хочуць атрымаць у будучыні і ад спецыяльнасці, і ўвогуле ад вучобы ва ўніверсітэце. Па студэнтах заўсёды можна бачыць: ішлі яны ва ўніверсітэт мэтанакіравана ці проста за вышэйшай адукацыяй. Першыя вучацца больш асэнсавана і з цікавасцю. Хацелася б, каб такіх было больш.
— Калі БДУІР пераходзіў на новы алгарытм навучання (2+2)+2, то планавалася, што на першых двух курсах студэнты будуць вучыцца па агульных праграмах і пры неабходнасці пасля 1 ці 2 курса змогуць перайсці на іншую спецыяльнасць. Як часта студэнты карыстаюцца такой магчымасцю?
Б.Нікульшын. Вельмі рэдка. Мы і бацькам часта гаворым: не трапіла ваша дзіця на тую спецыяльнасць, куды хацела, — гэта не трагедыя, у працэсе будзе магчымасць перавесціся. Але пачынаецца навучальны год, з’яўляюцца сябры, на лекцыі прыходзяць цікавыя выкладчыкі — і раптам высвятляецца, што і тут падабаецца. Праз год, калі з’яўляецца магчымасць перайсці на іншую спецыяльнасць, многія ўжо і не хочуць нічога мяняць.
І яшчэ адзін момант, пра які трэба ведаць. Усе, хто хоча трапіць у Парк высокіх тэхналогій, трапляюць туды з любых спецыяльнасцей. Для гэтага ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы. У нас дзейнічаюць 34 сумесныя з рэзідэнтамі ПВТ лабараторыі. Як вядома, усе ІТ-кампаніі церпяць кадравы голад, а таму яны праводзяць курсы для жадаючых, і тых, хто паспяхова праходзіць навучанне, ахвотна прымаюць на работу. На гэтыя курсы ідуць студэнты не толькі ІТ-спецыяльнасцей, але ўсе, каму гэта сапраўды цікава, прычым не толькі будучыя інжынеры, але і эканамісты. Потым яны прыносяць на размеркаванне заяву ад адпаведнай ІТ-кампаніі, і нават калі гэта не зусім па спецыяльнасці, мы заўсёды ідзём насустрач — і выпускнік ідзе працаваць у ПВТ.
— Ужо другі год у БДУІР працуе электронны кабінет абітурыента. Наколькі запатрабаваны гэты сэрвіс?
Б.Нікульшын. Ідэя стварэння электроннага кабінета абітурыента належыць рэктару ўніверсітэта М.П.Батуру. Шчыра кажучы, калі мы яго запускалі, то ў многіх былі сумненні, наколькі папулярным будзе гэты сэрвіс, думалі, што праз яго будзе афармляць заявы, можа, пятая частка абітурыентаў. Але аказалася, што ўжо ў першы год работы сэрвісам скарысталіся 97% абітурыентаў, прычым не толькі дзённай і дыстанцыйнай, але і завочнай, і вячэрняй, і скарочанай формы навучання. Уяўляеце, якая прасунутая наша моладзь!
М.Міхневіч. Мы запускалі электронны абітурыент у 14.00, а праз гадзіну там ужо зарэгістравалася каля 300 абітурыентаў.
Сёлета сэрвіс ужо працуе, але абітурыенты не спяшаюцца, чакаюць цэнтралізаванага тэсціравання. Мы лічым, што, як толькі стануць вядомы вынікі, пачнецца вельмі актыўная рэгістрацыя. Хаця, безумоўна, ёсць і такія, хто ўжо запоўніў заявы на паступленне і вызначыўся з пералікам спецыяльнасцей.
— Электронная сістэма падачы заяў і залічэння абітурыентаў, а таксама электронны кабінет абітурыента дазваляюць істотна эканоміць час і намаганні падчас уступнай кампаніі. У БДУІР, наколькі я ведаю, даўно няма так званай праблемы апошняга дня… Скажыце, а ці ёсць яшчэ рэзервы для аптымізацыі?
Б.Нікульшын. Сапраўды, дзякуючы гэтай сістэме, істотна вырасла прапускная здольнасць прыёмнай камісіі. Просты прыклад: ужо некалькі гадоў запар роўна ў 18 гадзін апошняга дня прыёму дакументаў у нас ужо нікога няма. А ёсць універсітэты, якія працуюць у гэты дзень да трох гадзін ночы! У 18.30 мы ўжо маем вынікі залічэння, якія можна было б абвяшчаць. Але мы, як правіла, пакідаем сабе дзень на дадатковую праверку.
Калі б Міністэрства адукацыі дазволіла нам весці электронны журнал, у нас бы ўвогуле не было чэргаў. А пакуль што даводзіцца запісваць абітурыентаў у рэгламентаваны правіламі прыёму журнал уручную, прычым па першай спецыяльнасці (хаця ў заяве можа быць указана значна больш). Паколькі першым пунктам абітурыенты, як правіла, указваюць адну са спецыяльнасцей факультэта камп’ютарных сістэм і сетак, то яны мусяць стаяць у чарзе менавіта да стала КСІС. Нават увядзенне новых рабочых месцаў не здымае загружанасці. І няма ніякай магчымасці накіраваць абітурыентаў на іншы стол. Калі б быў электронны журнал, мы б увогуле забыліся пра чэргі. Сёння гэта наш галоўны клопат, у астатнім вельмі добрая, аптымізаваная сістэма.
А як у класічным універсітэце?
Сёлета электронную сістэму прыёму дакументаў і залічэння, акрамя БДУІР і МДЭУ імя А.Д.Сахарава, укараняюць Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. БДЭУ ўзяў на ўзбраенне той жа алгарытм, што і БДУІР, а ПДУ распрацаваў свой.
У Полацкім дзяржаўным універсітэце спецыяльнасці, па якіх праводзіцца агульны конкурс, падзелены на 6 груп — А1-А6 (у кожнай групе — ад 2 да 17 спецыяльнасцей па профілях). Вызначана таксама група В (“Архітэктура”, “Дызайн (прадметна-прасторавага асяроддзя)”, “Фізічная культура”, “Правазнаўства”, “Рамана-германская філалогія (нямецкая)”, “Турызм і гасціннасць”, “Хімічная тэхналогія прыродных энерганосьбітаў і вугляродных матэрыялаў”, “Гісторыя”, “Сацыяльныя камунікацыі”), дзе на кожную спецыяльнасць будзе праводзіцца асобны конкурс. Адметнасцю класічнага ўніверсітэта з’яўляецца шматпрофільнасць, і, як бачна, некаторыя спецыяльнасці проста немагчыма аб’яднаць для агульнага залічэння.
Пры паступленні на спецыяльнасці ў рамках груп А1—А6 праводзіцца агульны конкурс і ажыццяўляецца аўтаматызаванае залічэнне з улікам прыярытэтаў, указаных абітурыентамі ў заяве. Пры гэтым можна ўдзельнічаць у конкурсе на любую колькасць спецыяльнасцей у рамках выбранай групы.
Абітурыент, які не прайшоў па конкурсе на першую (другую, трэцюю і г.д.) указаную ў заяве спецыяльнасць, удзельнічае ў конкурсе на наступную спецыяльнасць са свайго прыярытэтнага спіса і ўрэшце залічваецца на тую спецыяльнасць, дзе ёсць вольнае месца. Падлічана, што такая сістэма істотна павышае шансы дабра падрыхтаваных абітурыентаў паступіць на бюджэтнае навучанне.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ксеніі ГРЫГОР’ЕВАЙ.