Для Аляксандра Конаша, пяцікурсніка фізічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка, тэсціраванне ўяўляе асаблівую цікавасць. І калі для большасці абітурыентаў найважнейшае значэнне мае выніковы бал, то Аляксандра больш цікавіць розніца паміж абсалютным і выніковым балам — а менавіта задачы, якія немагчыма рашыць, бо яны даюць дакладны арыенцір, у якім напрамку трэба паглыбіць падрыхтоўку. Таму калі Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў прапанаваў такі від кантролю, як камп’ютарнае тэсціраванне, Аляксандр Конаш вырашыў праверыць свае веды па матэматыцы і фізіцы. Прываблівала магчымасць адразу даведацца вынік і па гарачых слядах прааналізаваць магчымыя памылкі.
Сваімі вынікамі (87 балаў па матэматыцы і 83 — па фізіцы) Аляксандр незадаволены. “Я разлічваў набраць максімум, таму для мяне гэтыя вынікі нездавальняючыя”, — дзеліцца ён уражаннямі.
Пры разборы тэстаў Аляксандр знайшоў свае памылкі. “Задачы не былі надта складанымі, і ў школе вучаць тым дзеянням, з дапамогай якіх можна іх рашыць, — гаворыць ён. — Што тычыцца фізікі, то адну задачу я рашыў у чарнавіку, але не перанёс адказ у бланк. Зрэшты, рэпетыцыйнае (камп’ютарнае) тэсціраванне для таго і прызначана, каб навучыцца не толькі правільна рашаць задачы, але і пазбягаць недарэчнасцей пры запаўненні бланкаў”.
Аляксандру вельмі спадабалася такая форма кантролю ведаў, як камп’ютарнае тэсціраванне. “Як і на рэпетыцыйным тэсціраванні, тут можна атрымаць аб’ектыўную ацэнку сваіх ведаў, пры гэтым вельмі зручна, што можна адразу праверыць адказы і паразважаць над памылкамі, — расказвае Аляксандр. — Сухія лічбы, нават калі праз нейкі час вам стане вядома, што вы зрабілі памылку ў заданні В10, насамрэч, мала што гавораць, бо заданні з часам забываюцца. І ў выніку нават не ведаеш, што трэба паўтарыць. А на камп’ютарным тэсціраванні адразу даюцца ўсе тлумачэнні. Таму я лічу, што гэта вельмі перспектыўная форма кантролю ведаў”.
На камп’ютарным тэсціраванні таксама, як на рэпетыцыйным, не дазваляецца забіраць з сабой ніякія занатоўкі. “Я лічу, што гэта правільна, бо заўсёды знойдуцца людзі, якія будуць распаўсюджваць атрыманую інфармацыю, — а гэта несумленна. — Аляксандр падтрымлівае такі падыход. — Але запомніць тое, што трэба, вядома, можна”.
Грунтуючыся на вопыце ўдзелу ў цэнтралізаваным і рэпетыцыйным тэсціраванні, Аляксандр Конаш раіць абітурыентам больш адказна ставіцца да ўступных выпрабаванняў.
“Па-першае, павінна быць больш самастойнасці ў падрыхтоўцы да ЦТ, — гаворыць Аляксандр. — Вельмі важна набіць руку ў рашэнні задач, бо фізіка і матэматыка — гэта найперш практыка, і хто рашае мала задач (напрыклад, толькі ў школе), наўрад ці зможа выканаць тэсты на высокі бал. Каб дасягнуць пэўнага ўзроўню, трэба шмат займацца самастойна.
А што тычыцца непасрэдна здачы ЦТ, то я б раіў абітурыентам вучыцца сабранасці, бо, здараецца, чалавек ведае, як рашыць тую ці іншую задачу, але яму бракуе ўпэўненасці ў сабе. А калі прыняць пад увагу, што тэст доўжыцца тры гадзіны (у чатыры разы даўжэй, чым школьны ўрок), то без адпаведнай падрыхтоўкі абітурыенты стамляюцца, страчваюць увагу і не могуць працаваць паўнавартасна. Таму да гэтай формы іспытаў трэба рыхтавацца загадзя”.
Сам Аляксандр мае намер прыняць удзел у камп’ютарным тэсціраванні яшчэ і па рускай мове, якую не правяраў з часоў паступлення ва ўніверсітэт. Фармальна яму гэта непатрэбна: летам ён будзе паступаць у магістратуру. Але малады настаўнік упэўнены, што сучасны чалавек павінен трымаць сябе ў тонусе і быць гатовым да пастаяннага асваення новых ведаў. А для гэтага патрэбна добрая база.
Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by