Будучыя генералы вучацца ў Гродне

Камандзір 11 “А” класа Павел Герасіменка ў пачатку кожнага ўрока рапартуе настаўніку аб гатоўнасці класа да заняткаў. Так робяць усе камандзіры прававых, мытных і падаткова-эканамічных класаў гродзенскай сярэдняй школы № 13. Іх навучэнцы носяць форму і адрозніваюцца ад сваіх аднагодкаў яшчэ і тым, што ў іх раскладзе ёсць дадатковыя факультатывы і спецыяльны курс “Уводзіны ў прафесію”.

Заняткі праводзяць супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, Гродзенскай рэгіянальнай мытні, падатковай інспекцыі Гродзенскай вобласці, Следчага камітэта.

— Якасць прафарыентацыйнай работы значна павышаецца, калі навучэнцы непасрэдна сустракаюцца з прадстаўнікамі прафесіі, аб якой мараць. Бачаць іх адносіны да сваёй справы, плюсы і мінусы іх работы, — гаворыць дырэктар школы № 13 Лілія Кір’як. — Нашы дзеці бываюць на экскурсіях у падатковых органах і сілавых структурах, на мытні. Вучоба ў спецыялізаваных класах дае ім магчымасць удзельнічаць у розных мерапрыемствах. Так, вучні прававога класа ўжо два разы былі ўдзельнікамі Рэспубліканскай прававой алімпіяды “Феміда”. Нас запрашаюць на святы ў арганізацыі, з якімі мы супрацоўнічаем.


Дарэчы, сваю каманду на алімпіядзе “Феміда” вучні назвалі “БГ”, што расшыфроўваецца як будучыя генералы. Зразумела, які ж навучэнец прававога класа не марыць стаць генералам!

У 2013 годзе быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, і гэта дазволіла стварыць прававыя класы. Затым адкрылі мытныя класы. А ў 2014 годзе ў школе з’явіўся першы ў краіне падаткова-эканамічны клас. Школа заключыла дамовы аб супрацоўніцтве з падатковай інспекцыяй Гродзенскай вобласці, факультэтам міжнародных адносін БДУ.

— Цікавасць да гэтага кірунку вялікая, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Таццяна Махнач. — У 2016/2017 навучальным годзе мы адкрылі яшчэ адзін мытны клас — 9 “А”, прававы — 9 “Б” і падаткова-эканамічны — 8 “А”. Паступіць да нас імкнуцца дзеці і з іншых гарадскіх школ, але гэта магчыма толькі з высокімі баламі паспяховасці.

Навучэнцы спецыялізаваных класаў наведваюць факультатывы па матэматыцы і замежнай мове. Курс “Уводзіны ў прафесію” вядуць спецыялісты-практыкі. Вось толькі некалькі тэм заняткаў у прававым класе: “Маральны выбар і рызыка ў службовай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”, “Злачынствы, звязаныя з ужываннем і распаўсюджваннем наркатычных рэчаваў”, “Прыцягненне непаўналетніх да адміністратыўнай адказнасці за ўчыненне супрацьпраўных дзеянняў (азнаямленне з асноўнымі артыкуламі Адміністратыўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь)”, “Псіхалагічныя асаблівасці асобы з асацыяльнымі паводзінамі. Зборны партрэт злачынцы”. Навучэнцы знаёмяцца з асновамі падатковай культуры, прафесійнай этыкай.

Асабліва падабаюцца, як іх называюць у школе, сустрэчы-партрэты, калі на заняткі прыходзяць ветэраны міліцыі, мытні ці падатковых органаў, а таксама экскурсіі. Запрасілі навучэнцаў і на ўрачыстае адкрыццё пасля рэканструкцыі пункта пропуску “Прывалка” на беларуска-літоўскай мяжы, паказалі, як працуе сучасная кантрольная тэхніка і абсталяванне.

А яшчэ стварэнне прававых, мытных і падаткова-эканамічных класаў значна змяніла выхаваўчую прастору школы. Тут з’явіліся новыя традыцыі і рытуалы. Адным з самых яркіх і запамінальных з’яўляецца мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю спецыялізаваных класаў, — прысяга навучэнцаў на вернасць школе і Радзіме. Толькі пасля прысягі навучэнцы атрымліваюць пагоны і шаўроны і носяць іх на сваёй форме. На такіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць ганаровыя госці. На пасвячэнні першых навучэнцаў падаткова-эканамічнага класа пабываў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню псіхалагічнай устойлівасці асобы, якая жадае выбраць работу ў міліцыі, падатковай ці мытнай службе. Гэтаму ў вялікай меры садзейнічае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі гэтых службаў. Як расказала Т.У.Махнач, у спецыялізаваных класах самакіраванне таксама мае свае асаблівасці: абіраецца камандзір класа, камандзіры аддзяленняў. Ёсць група правапарадку, лектарская група, прэс-служба, інфармацыйна-прапагандысцкая група, савет па фізкультуры і спорце, групы вучэбных кансультантаў і арганізацыі вольнага часу. У дзяцей павышаецца адказнасць у дачыненні да вучобы. Так, 14 навучэнцаў цяперашняга 10 “А” падатковага класа пасля заканчэння базавай адукацыі атрымалі пасведчанні спецыяльнага ўзору. Сярэдні бал паспяховасці склаў 9,2.

Павышэнню якасці навучання спрыяе і цеснае супрацоўніцтва з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Выкладчыкі ўніверсітэта праводзяць тут заняткі. Школа мае статус школы-партнёра ГрДУ.

Летась адбыўся першы выпуск мытнага і прававога класаў. Амаль палова выпускнікоў паступіла на спецыяльнасці згодна з профілем навучання ў школе. Такая ж сітуацыя і сёлета.

Адзінаццацікласнік Павел Герасіменка, які вучыцца ў мытным класе, з выбарам прафесіі і навучальнай установы ўжо вызначыўся — хоча паступаць на новую спецыяльнасць юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы “Мытная справа”. А вучаніца падаткова-эканамічнага класа Аліса Нерад дадае, што гэта вельмі цікава, калі ў клас прыходзяць спецыялісты. Дарэчы, Аліса таксама ўжо ведае, куды будзе паступаць, — у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.