У страху няма сэнсу

Заканчваючы школу, гімназію ці ліцэй, кожны навучэнец павінен вырашыць, з чым яму звязаць сваё жыццё. І калі выбар зроблены на карысць творчых спецыяльнасцей, непазбежна ўзнікаюць пытанні “Што такое творчыя экзамены?”, “Як да іх рыхтавацца?”, “Як перамагчы страх перад экзаменатарамі?”. Даць добрыя парады могуць людзі, якія самі нядаўна прайшлі праз унутраныя экзамены на факультэтах, — студэнты творчых спецыяльнасцей.

Другакурсніца Інстытута журналістыкі БДУ Валерыя Чарных (спецыяльнасць “Журналістыка аўдыявізуальная”) здавала два творчыя іспыты: сачыненне і вуснае субяседаванне, якое змяшчала ў сабе аналіз асабістых публікацый і рэдагаванне тэкстаў.

“Чамусьці ўступную кампанію ўспамінаю з кансультацыі перад іспытамі. Там нагадалі пра аб’ём творчага сачынення (3 старонкі фармату А4). Для мяне, хоць я і наведвала курсы, аб’ём, што ні кажы, быў занадта вялікі. Да таго ж далучылася хваляванне, таму настрой у вечар перад экзаменам быў не самы лепшы. Праўда, сітуацыю згладжвалі бацькі, якія супакойвалі мяне, падбадзёрвалі. Пасля таго як мы апынуліся ў галоўным корпусе БДУ, з’явіўся новы страх: толькі б не пераблытаць факультэты і не заблукаць. Лягчэй становіцца толькі пасля таго, як заходзіш у аўдыторыю. Страх прытупляецца, аднак не адступае. Першыя дзесяць хвілін знаходзішся ў нейкім здранцвенні, не разумееш, што адбываецца. Астатні час пішаш, выпраўляеш, робіш з сачынення нешта падобнае да журналісцкага твора. За паўгадзіны з’яўляюцца два ўзоры, але і яны табе не падабаюцца… Хваляванне нагадвае пра сябе”.

“На вусным іспыце самае галоўнае, нават калі ты нечага не ведаеш, — добра выглядаць і ўпэўнена трымацца з суразмоўцам”, — пераканана Валерыя.

Яна дакладна ведае, што ў барацьбе са страхам заспакаяльныя сродкі не памочнікі. “Перад экзаменам, безумоўна, было б пажадана выспацца, але ні адзін сапраўдны абітурыент ці студэнт ніколі так не зробіць. Тут трэба проста выдыхнуць, выпрастаць спіну і зайсці ў кабінет. Спрацоўвае заўсёды!”

Валерыя раіць сваім наступнікам больш грунтоўна рыхтавацца да ЦТ, адганяючы ляноту, і больш уважліва разбіраць тэмы, прапанаваныя для ўнутраных іспытаў. “Трэба вучыць правілы рускай і беларускай моў і не забывацца пра арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы. Больш чытайце, шукайце тэмы для матэрыялаў, актыўна друкуйцеся — і гэта прывядзе вас да гарантаванага поспеху”.

Першакурснік факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ (спецыяльнасць “Камунікатыўны дызайн”) Захар Лявончык перад паступленнем ва ўніверсітэт скончыў мастацкую школу. Там дызайн стаў для хлопца даволі блізкай галіной, таму ён вырашыў зрабіць яго сваёй прафесіяй. Абітурыент даведаўся, што пры БДУ ёсць кароткатэрміновыя курсы, і стаў іх слухачом. Гэты час Захар успамінае з цеплынёй: “У нас быў цудоўны выкладчык — загадчык кафедры дызайну Аляксей Юр’евіч Семянцоў. Ён, напрыклад, падрабязна растлумачыў нам асновы кампазіцыі Чарнышова. На той час многія аб гэтым не мелі нават уяўлення. Спачатку мы рыхтавалі кампазіцыю, а праз некаторы час паляпшалі свае здольнасці ў малюнку”. Юнак расказвае, што курсы адыгралі важную ролю ў яго падрыхтоўцы да паступлення, надалі ўпэўненасці, абагацілі новымі ведамі. Адзінае, што засмуціла Захара падчас экзамену: ад жадання зрабіць усё як мага лепш у яго працёрся аркуш, на якім ён выконваў заданне, і надта хутка прабег час, адведзены на творчую работу.

Юнак гаворыць, што перад першым іспытам пачуцці раздзяляюцца: прысутнічае хваляванне (куды ж без яго?) і адчуваецца ўнутраная радасць ад таго, што, нарэшце, можна здаць экзамен і адпачыць. Таксама ён адзначыў важнасць падтрымкі бацькоў, сяброў і проста знаёмых людзей. “Для дасягнення сваіх мэт трэба няспынна працаваць над сваім развіццём: чытаць спецыяльную літаратуру, праглядаць спецыялізаваныя відэаролікі і не хапацца за ўсё ў апошні момант, а падыходзіць да свайго навучання з адказнасцю”, — адзначае першакурснік.


Першакурсніца факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ (спецыяльнасць “Камунікатыўны дызайн”) Кацярына Ярковіч сёння ўжо спакойна ўспамінае ўступную кампанію: “Страх прысутнічаў на працягу ўсяго 11 класа. Было шмат сумненняў, часта думала: “А што рабіць, калі нічога не атрымаецца?” Менавіта для мяне найбольш складаным элементам уступных іспытаў была кампазіцыя. З малюнкам справы складваліся значна прасцей, бо я прыкладна разумела, чаго чакаць. Успамінаю, як зайшла ў аўдыторыю — і прыйшло усведамленне: настала пара праявіць сябе і паказаць, чаго я вартая. Думкі былі толькі пра тое, каб максімальна сканцэнтравацца. “Не трэба баяцца, — казала я сабе. — У страху няма сэнсу”.

Падрыхтоўка да экзаменаў, на думку студэнткі-дызайнера, рэч дастаткова індывідуальная. Да паступлення ў БДУ ў Кацярыны не было мастацкай адукацыі, і яна ўсведамляла, што без падрыхтоўкі ёй не абысціся, таму запісалася на курсы. А перад самым экзаменам падцягвала нейкія моманты з рэпетытарам.

“Самая галоўная парада, якая спатрэбіцца ўсім: неабходна вельмі шмат практыкавацца, — з упэўненасцю кажа Кацярына і дадае: — Акрамя таго, шчыра раю як мага больш сур’ёзна падысці да выбару будучай спецыяльнасці. Гэта павінна быць абдуманае рашэнне, прадыктаванае ў першую чаргу ўласным імкненнем, а не па прымусе бацькоў. Пазней, калі будзеце прачынацца да першай пары і на твары пры гэтым будзе ззяць усмешка, бо вы збіраецеся на вучобу, вы зразумееце, пра што я”.


Студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта БДУ (спецыяльнасць “Беларуская філалогія”) Марыя Жмайлік расказвае, што ўступная кампанія для яе ў той час была нечым неверагодным: столькі хваляванняў, перажыванняў. “Памятаю, як прыйшла на кансультацыю, паслухала — і адразу ж думка: “Усё, я нават і паловы не ведаю”. Але на экзамене выйшла ўсё наадварот. Той момант, калі я атрымала сваю “дзясятку”, застанецца ў памяці назаўсёды”, — узгадвае дзяўчына.

Яна адзначае, што самае страшнае — боязь не ўспомніць нешта важнае ў патрэбны час. “Нават калі чагосьці не ведаеш, не бяда — толькі не маўчаць! Асацыяцыі, вобразы, прыклады — вось што важна! — гаворыць студэнтка. — Галоўная наша зброя — слова”.

Зыходзячы з уласнага вопыту, Марыя раіць ставіцца да экзамену прасцей, не ўспрымаць яго як нешта страшнае, дзе ўсе хочуць заваліць разгубленага абітурыента. Пры гэтым рыхтавацца да экзамену трэба не за дзень ці два, а хаця б за некалькі месяцаў. “Будзе мэта — знойдзеш і шлях яе рэалізацыі” — гэта прынцып, якім карыстаецца другакурсніцца ў жыцці.


Студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта БДУ (спецыяльнасць “Беларуская філалогія”) Ілона Сямёнава таксама расказала пра свой шлях да будучай прафесіі і падзялілася сакрэтамі поспеху і парадамі, як перамагчы сябе.

Дзяўчына яшчэ ў 5 класе вырашыла паступаць на філалагічны факультэт БДУ, раўняючыся на сваю настаўніцу Ірыну Арлову. Седзячы за школьнай партай, яна старалася ўзяць па максімуме тое, што давалі настаўнікі, старанна выконвала дамашнія заданні, працавала з дадатковым матэрыялам. Як вынік, па словах дзяўчыны, у апошні год перад паступленнем ёй не прыйшлося гуляць у даганялкі разам з рэпетытарамі, каб нагнаць школьную праграму.

З вусных экзаменаў Ілона здавала беларускую літаратуру. “Самае галоўнае перад вусным іспытам — адкінуць хваляванне і настроіць сябе на патрэбную хвалю для таго, каб узяць максімальную планку. Ад таго, ці можаш ты своечасова сказаць “стоп” турботам і перажыванням, наўпрост залежыць вынік іспыту”, — кажа дзяўчына. Яна пераканана, што няспынная праца, цікавасць і любоў да прадмета здольны рабіць сапраўдныя цуды. Сярод сакрэтаў поспеху называе ўпартасць у дасягненні вызначаных мэт і цярпенне.

“Удзел у алімпіядах, літаратурных вечарынах і ўсялякіх конкурсах таксама адыграў не апошнюю ролю, — гаворыць пяцікурсніца. — Перад уступнай кампаніяй застаецца толькі сістэматызаваць веды, узнавіць у памяці творы і біяграфіі пісьменнікаў. На экзамене трэба паразважаць над творам, выказаць свае асабістыя думкі, да таго ж экзаменатары вельмі любяць, калі цытуюць радкі з твораў або, напрыклад, верш цалкам”.

***

Нягледзячы на цяжкасці пры здачы экзаменаў, супярэчлівы настрой і разнастайнасць пачуццяў, усе студэнты аднадушна адзначылі, што, калі б выпала нагода, яны яшчэ раз прайшлі б праз творчыя іспыты. І гэта не дзіўна, бо ўступная кампанія — гэта запамінальны этап жыцця, дзе ты павінен ужо дакладна ведаць, чаго хочаш, гэта магчымасць даказаць сабе і пераканаць іншых у тым, што ты варты называцца студэнтам. Хутка такі шанс будзе ў іх наступнікаў — абітурыентаў-2017!

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.