Чалавек — для творчасці, а манатонную нецікавую працу павінны выконваць робаты

У апошнія гады ва ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі, назіраецца сапраўдны бум дзіцячай робататэхнікі. Падрастае пакаленне, якое не проста марыць праграмаваць ці кіраваць пэўнымі працэсамі, а хоча ствараць новую рэальнасць, дзе ўсю нудную працу выконваюць робаты, а чалавек займаецца навукай і творчасцю. Напэўна, праз некалькі гадоў гэтыя дзеці будуць штурмаваць факультэты, дзе вучаць аўтаматызацыі і робататэхніцы.

Дарэчы, так ужо было ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Калі ў 1983 годзе ў БНТУ (тады яшчэ Беларускім політэхнічным інстытуце) з’явіўся першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхнічных сістэм, то конкурс быў нават сярод медалістаў. Паступаць у Мінск прыязджалі маладыя людзі з розных куткоў краіны.

Аднак прайшоў час — і ў робататэхнікі з’явіўся магутны канкурэнт — праграмаванне, у якім многія абітурыенты ўбачылі будучыню. Але самыя адданыя хлопцы і дзяўчаты па-ранейшаму выбіраюць робататэхніку, бо ў гэтай навуцы сышлося ўсё самае цікавае: механіка, электроніка, інфарматыка. І тыя з іх, хто здолее асвоіць найвышэйшы пілатаж — пранікнуць у сутнасць робата, спасцігнуць яго мозг, зразумець логіку дзеянняў і прымусіць працаваць паводле зададзенай праграмы — могуць адчуць сябе сапраўднымі творцамі.

Зрэшты, загадчык кафедры робататэхнічных сістэм факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ прафесар Генадзь Мікалаевіч Здор раіць не рамантызаваць робататэхніку, бо перш за ўсё гэта навука. І нават калі робат зроблены для весялосці (робат-артыст ці зааробат), яго стварэнню папярэднічала карпатлівая работааў, у аснове якой ляжаць фізічныя законы, эфекты і складаныя алгарытмы.

На кафедры, якую ўзначальвае Генадзь Мікалаевіч, вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы”, “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей (у прыборабудаванні і радыёэлектроніцы)” і “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей (у энергетыцы)”. Асаблівасць гэтых спецыяльнасцей у тым, што для іх паспяховага асваення студэнтам трэба быць і добрымі фізікамі, і добрымі матэматыкамі. На шчасце, маладыя людзі прыходзяць з даволі высокімі прахаднымі баламі (летась, напрыклад, з 251—252 баламі), таму вучыцца ім хутчэй цікава, чым складана.

— Наша кафедра адрозніваецца ад іншых тым, што мы адначасова канцэнтравана выкладаем і механіку, і электроніку, і інфарматыку, — расказвае Г.М.Здор. — Трапляюцца студэнты, якія вельмі імкнуцца зразумець і асвоіць гэтыя навукі, каб самастойна ствараць робатаў. Яны займаюцца ў студэнцкім гуртку, паспяхова ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па робататэхніцы. Вырабляючы сваіх робатаў, самі праектуюць патрэбныя дэталі і друкуюць іх на 3D прынтары.

Генадзь Мікалаевіч гаворыць, што задач для інжынераў у свеце мноства. Лепш, калі яны ідуць непасрэдна ад людзей, ад грамадства, ад вытворчасці, тады зразумела, што і як трэба рабіць. Так, робаты могуць замяніць (і ўжо замяняюць) чалавека на цяжкіх і небяспечных участках, а таксама пры выкананні манатоннай, стамляльнай, нізкааплатнай працы. І сфера іх прымянення ўвесь час пашыраецца.

— Сёння робаты шырока выкарыстоўваюцца ў сістэме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, — гаворыць Генадзь Мікалаевіч. — Напрыклад, выяўляецца невядомы аб’ект, і ёсць падазрэнне, што ён можа быць небяспечным. Зразумела, што тут лепш ахвяраваць робатам, чым чалавекам. Робат, у якога ёсць усе неабходныя сродкі для абследавання, можа наблізіцца да гэтага аб’екта і вызначыць наяўнасць у ім, напрыклад, выбуховых рэчываў. Атрыманую інфармацыю ён здольны перадаць на адлегласці, і ўжо чалавек прыме рашэнне аб далейшых дзеяннях.

Апошнім часам усе буйныя склады ў свеце таксама пераводзяцца на абслугоўванне робатамі.

— Сучасныя склады велізарныя і па плошчы, і па вышыні, гэта значыць, эфектыўна выкарыстоўваецца трэцяя каардыната, — расказвае Генадзь Мікалаевіч. — І сёння ўжо кажуць не пра плошчу складоў, а пра іх аб’ём. Уявіце: склад вышынёй 15 метраў — гэта 5 паверхаў. Ніякі кладаўшчык не справіцца з работай на такім аб’екце, там працуюць робаты. Я бачыў гэта ў Італіі. Робат рухаецца па радах, спыняецца, дзе неабходна, падымаецца на неабходны ўзровень, знімае з паліцы груз і вязе ва ўказанае месца. Усё бездакорна дакладна, бяспечна, хутка. Жалезныя рукі не памыляюцца, не стамляюцца і не патрабуюць адпачынку.

Прыкладаў выкарыстання робатаў на вытворчасці шмат. Ужо сёння яны замянілі чалавека на многіх канвеерах. І не толькі за мяжой — робаты паспяхова працуюць і на беларускіх прадпрыемствах. Інжынеры ва ўсім свеце прыкладаюць намаганні, каб стварыць робатаў малога памеру для выкарыстання іх, напрыклад, у медыцыне. Набіраюць папулярнасць робаты-памочнікі. Напрыклад, ужо можна набыць робат-пыласос (праўда, выкідаць смецце давядзецца самому гаспадару).

— Тое, што звычайна паказваюць па тэлевізары, усе гэтыя шоу робатаў, безумоўна, служаць папулярызацыі робататэхнікі, але падаюць яе як забаўляльную навуку, — гаворыць Генадзь Мікалаевіч. — На наш погляд, сёння трэба шукаць новыя праявы робататэхнікі, новыя функцыі, новыя дзеянні ў тых сферах, якія маюць асаблівую патрэбу. Узяць хаця б медыцыну. Прафесія няні не вельмі прэстыжная, нізкааплатная, заўсёды ёсць праблемы з такім персаналам. Між тым робаты маглі б часткова ўзяць на сябе адпаведныя функцыі: па выкліку пацыента прывозіць ваду ці лекі. Робаты маглі б таксама дапамагаць хірургу пры правядзенні стандартных нарматыўных аперацый: хірург агучвае назвы інструментаў — і робат яму падае. Усё гэта можна зрабіць, трэба толькі думаць і працаваць.

Дарэчы, на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ праводзіцца агульны конкурс на ўсе спецыяльнасці. І калі абітурыенты ці іх бацькі пытаюцца ў Генадзя Мікалаевіча, чым робататэхніка цікавейшая за праграмаванне, ён тлумачыць, што робататэхніка ўключае ў сябе вельмі шмат навук, і праграмаванне ў тым ліку.

— Калі вы хочаце запраграмаваць робата, то папярэдне вам трэба вывучыць, што і як ён будзе рабіць. Нельга стварыць праграму дзеянняў без разумення прынцыпу гэтых дзеянняў, — гаворыць Генадзь Мікалаевіч. — На жаль, многія маладыя людзі (і іх бацькі) кідкія на знешнія праявы прафесій і рэдка ўнікаюць у сутнасць. Напрыклад, мне не хацелася б лёгкай папулярнасці, але іншым разам думаю: “Можа, нам тут робатаў паставіць, каб абітурыенты ўбачылі і зразумелі, наколькі гэта цікавая справа — робататэхніка…”

Выпускнікі кафедры, якую ўзначальвае Г.М.Здор, працуюць на самых розных прадпрыемствах, дзе выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Такіх у нашай краіне шмат. Увогуле, яны могуць знайсці сябе ў многіх сферах, бо ўмеюць праграмаваць, разбіраюцца ў электроніцы і механіцы і, самае важнае, здольны вырашаць складаныя сістэмныя задачы. А калі трэба, то збяруць і робата!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.