Як атрымаць матываваных абітурыентаў? Гадаваць іх са школьнай лаўкі!

Гэтая сустрэча канчаткова пераканала ў правільнасці выбару — і прафесіі, і ўніверcітэта, і факультэта. Так апісалі свой удзел у дні адкрытых дзвярэй на факультэце матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы бацькі Настассі Жукавай. Разам з дачкой, выпускніцай гродзенскай гімназіі № 9, яны сустрэліся з дэканам і прадстаўнікамі ўсіх кафедраў, пабывалі ў лабараторыях і вучэбных кабінетах факультэта.

Зрэшты, для Насці гэта было не першае знаёмства з універсітэтам. Яна вучылася тут на падрыхтоўчых курсах і ўжо знаёма са многімі выкладчыкамі, якія ў будучыні прадоўжаць яе навучанне. А пра тое, што гэтая перспектыва рэальная, сведчаць балы, атрыманыя Насцяй на цэнтралізаваным тэсціраванні: фізіка — 97, матэматыка — 95 і руская мова — 89.

Пра тое, як працуюць са школьнікамі, пачынаючы з малодшых класаў, якія новыя формы работы знаходзяць і як разглядаюць свайго абітурыента задоўга да пачатку ўступнай кампаніі, мы гутарым з дэканам факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Аленай ЛІВАК.

— Алена Мікалаеўна, на факультэце назапашаны добры вопыт работы з абітурыентамі. З аднаго боку, вы прапаноўваеце вельмі запатрабаваныя ІТ-прафесіі, з другога боку, вучыцца на факультэце складана…

— Наш факультэт штогод прымае каля 200 чалавек. Сёлета запланаваны прыём складае 185 абітурыентаў, з іх 130 — на бюджэтную форму. Мы вельмі зацікаўлены ў матываваных і падрыхтаваных абітурыентах. Галоўным складнікам добрага набору лічу пастаянную работу па падтрымцы іміджу факультэта. Гэтага можна дасягнуць павышэннем якасці адукацыі, супрацоўніцтвам з замежнымі і нацыянальнымі ўстановамі адукацыі і навукі, прадастаўленнем дадатковых адукацыйных паслуг, павелічэннем колькасці выкладчыкаў высокай кваліфікацыі, навучаннем на базе ІТ-кампаній і стварэннем філіялаў кафедраў факультэта ў гэтых кампаніях, ІТ-прадпрымальніцтвам і 100-працэнтным размеркаваннем выпускнікоў.

Штогод у нас выкладаюць каля 20 прадстаўнікоў ІТ-кампаній. Тое, што першы філіял Парка высокіх тэхналогій будзе адкрыты сёлета менавіта ў Гродне, гаворыць пра цеснае супрацоўніцтва ПВТ і факультэта, а таксама пра тое, што ў Гродне ёсць кадры, на якіх будзе грунтавацца яго дзейнасць.

6 гадоў назад нашы студэнты пачалі вывучэнне асобных курсаў на англійскай мове. Па іх выбары фарміруюцца групы, ім прапаноўваецца 4—6 англамоўных курсаў штогод.

Але галоўнае — гэта нашы выпускнікі, якія робяць факультэт вядомым і самі не забываюць яго, наведваюць ГрДУ, прымаюць удзел у сустрэчах са студэнтамі і абітурыентамі. Сёлета такія сустрэчы адбыліся са Станіславам Сабалеўскім, які ва ўзросце 30 гадоў стаў доктарам навук, з Яўгенам Неўгенем, распрацоўку якога — дадатак “Маскарад” — закупіў Facebook, і іншымі выбітнымі выпускнікамі.

— Работа са школьнікамі — традыцыя факультэта, якая зарадзілася амаль з пачатку яго дзейнасці. Ведаю, што “Школа дакладных навук” пачала працаваць тут у 1957 годзе. Якія новыя формы работы з’явіліся ў вас у апошні час?

— Работа са школьнікамі вядзецца пастаянна і сістэмна. “Школа дакладных навук” зараз мае дзве секцыі — матэматыкі і інфарматыкі. Сёлета ўпершыню арганізавалі летнюю школу па праграмаванні для вучняў 7—10 класаў. Цікавасць да яе была вялікай, таму вырашылі, што і на зімовых канікулах арганізуем такую школу.

Штогод праводзім алімпіяды па матэматыцы для навучэнцаў 5—7 класаў. Пра іх папулярнасць яскрава сведчаць лічбы. Так, сёлета сярод удзельнікаў алімпіяды было 269 навучэнцаў 5-х класаў, 198 — 6-х класаў і 200 сямікласнікаў. Геаграфію ўдзельнікаў складаюць усе раёны Гродзеншчыны, а таксама асобныя раёны Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.

З 2011 года праводзім дыстанцыйныя алімпіяды сярод вучняў 5—7 класаў. У іх бяруць удзел не толькі беларускія школьнікі, але, напрыклад, і дзеці з Казахстана.

Некалькі гадоў арганізоўваем спецыяльны тур для школьнікаў пры правядзенні Рэспубліканскай алімпіяды па крыптаграфіі і ахове інфармацыі.

— А як выкладчыкі факультэта працуюць з навучэнцамі ў школах і гімназіях?

— У 1965 годзе ў сярэдняй школе № 1 Гродна (цяпер гэта Гродзенская гарадская гімназія) быў адкрыты першы ў нашай вобласці клас з паглыбленым вывучэннем матэматыкі. Ён ствараўся ў цесным супрацоўніцтве з матэматычным факультэтам. Нашы выкладчыкі і сёння працуюць у гімназіях, удзельнічаюць у правядзенні раённых і абласных алімпіяд. Ажыццяўляецца праграма “Запрошаны выкладчык” па аналогіі з праграмай “Запрошаны прафесар”, якая рэалізоўваецца ва ўніверсітэце.

Створаны філіялы кафедраў у Гродзенскай гарадской гімназіі, гімназіі № 10 і Гродзенскім ліцэі. Іх навучэнцы ўдзельнічаюць у студэнцкіх навуковых семінарах і навуковых студэнцкіх гуртках.

Дзякуючы філіялам кафедраў, у навучальных установах нашы студэнты маюць магчымасць знаёміцца з лепшымі настаўнікамі, наведваць іх урокі, бачыць цікавую наватарскую дзейнасць і адчуваць, што настаўнік — паважаная і патрэбная прафесія. Вялікую ўдзячнасць за такую матывацыйную работу з будучымі выкладчыкамі матэматыкі хачу выказаць калектыву Гродзенскай гарадской гімназіі.

— А вашы студэнты ўдзельнічаюць у прафарыентацыйнай рабоце са школьнікамі?

— Прынцып “роўны вучыць роўнага” спрацоўвае вельмі добра. Студэнты на працягу навучальнага года праводзяць некалькі акцый са старшакласнікамі. Напрыклад, гэта акцыя “Будзь з намі!”, калі студэнты ў сваіх школах прадстаўляюць свой факультэт і спецыяльнасць. Пры гэтым яны ствараюць вялікае палатно, на якім дзеці, якія б хацелі ў нас вучыцца, пакідаюць адбіткі сваіх далоней. Гэта і майстар-клас “Хочаш быць праграмістам — будзь з намі!”, дзе студэнты прадстаўляюць уласныя праекты, вынікі курсавых і дыпломных работ.

У 2013 годзе створана студыя інавацыйных распрацовак EPAM-Kupala Innovation Development Studio (E-KIDS) — сумесны праект факультэта матэматыкі і інфарматыкі і кампаніі “Эпам Сістэмз”. Студыя E-KIDS заклікана вырашаць дзве задачы, якія факультэт і гродзенскі філіял кампаніі паставілі перад сабой: забяспечваць інтэграцыю навукі і вытворчасці і актыўна працаваць з таленавітай моладдзю. А моладзь — гэта ў тым ліку і нашы будучыя студэнты.

E-KIDS адкрыты для вучняў старшых класаў гродзенскіх школ і, што вельмі важна, для іх бацькоў. Па дамоўленасці з кампаніяй заняткі пачынаюцца з сумеснай экскурсіі для дзяцей і бацькоў, падчас якой яны знаёмяцца з прафесіяй праграміста. Сёлета для бацькоў правялі трэнінг “Як дапамагчы свайму дзіцяці пачаць будаваць кар’еру”. Мы хочам, каб гэтыя дзеці пачалі будаваць сваю прафесійную кар’еру на нашым факультэце.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.