Напэўна, у многіх абітурыентаў ёсць няўдалы вопыт прафарыентацыйных мерапрыемстваў, калі нудныя лектары закалыхвалі манатоннымі галасамі і самым моцным жаданнем было хутчэй збегчы. І як прыемна, калі здараецца наадварот: на сустрэчу прыязджаюць вясёлыя, разумныя, няўрымслівыя студэнты — і прысутныя не жадаюць разыходзіцца. Яны хочуць, каб гэтая магія прадаўжалася…
Менавіта такая атмасфера панавала на сустрэчы студэнтаў фізічнага факультэта БДУ з навучэнцамі дзяржынскай гімназіі. А дагэтуль былі Салігорск, Чэрвень, Барысаў, Пінск — спіс школ і гімназій, якія наведалі студэнты, папаўняецца з кожным семестрам.
Толькі за апошні час студэнты-фізфакаўцы наведалі дзве ўстановы адукацыі па-за межамі Мінска і некалькі — у самой сталіцы. Акрамя падобных сустрэч, каманда энтузіястаў праводзіць прафарыентацыйныя сустрэчы ва ўніверсітэце, на днях адкрытых дзвярэй і шматлікіх фэстах.
— Мы займаемся гэтым, бо нас заахвочваюць уласная цікаўнасць і інтарэс да навакольнага, — падзяліліся ўдзельнікі групы добраахвотнікаў пяцікурснік Андрэй Кавалёнак і другакурснік Павел Вараб’ёў. — У нас ёсць магчымасць даваць дзецям веды. І падчас тлумачэння, адказваючы на шматлікія пытанні, мы самі глыбей разбіраемся ў нейкай з’яве ці працэсе. Нам падабаецца папулярызаваць навуку. Школьныя настаўнікі не заўсёды могуць зацікавіць дзяцей менавіта навукай, таму наша задача — паказаць ім фізіку з гэтага боку і даць ім магчымасць больш усвядомлена зрабіць прафесійны выбар.
У пастаянны склад прафарыентацыйнай групы ўваходзіць чатыры чалавекі, да якіх штораз далучаюцца новыя людзі. Спачатку навічкі назіраюць за працэсам, дапамагаюць асноўным лектарам з арганізацыяй эксперыментаў, а пасля — у наступныя прыезды — самі пачынаюць выступаць перад школьнікамі.
— Мы цяпер своеасаблівы гурток па інтарэсах, які прыносіць карысць і нам, і іншым, — характарызуюць сваю дзейнасць студэнты.
На сустрэчу ў Дзяржынск адправіліся пяць прадстаўнікоў студэнцкай моладзі: першакурснік Яраслаў Бабіцкі, студэнты другога курса Анатоль Кохан, Павел Вараб’ёў, Лізавета Шыпаткоўская і аспірант Іван Шэршань. Доказам непадробнага студэнцкага інтарэсу стала тое, што на сустрэчы з кіраўніком групы намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце фізічнага факультэта Мікалаем Гарбачуком маладыя людзі толькі і гаварылі што пра будучы візіт. Яны абмяркоўвалі правядзенне эксперыментаў, удакладнялі дэталі і ў выніку падзяліліся на групы, каб больш рацыянальна выкарыстаць уласныя магчымасці.
Дарэчы
19 мая ў сувязі з правядзеннем міжнароднай акцыі “Ноч музеяў — 2018” у Нацыянальным мастацкім музеі будзе працаваць паўтара дзясятка арт-пляцовак. І адной з самых цікавых абяцае быць пляцоўка эксперыментаў, дзе студэнты фізфака БДУ будуць дэманстраваць фізіку колеру.
Работа каманды фізічнага факультэта ў гімназіі Дзяржынска вялася па чатырох секцыях: “Механіка”, “Электрычнасць”, “Оптыка” і “Радыёэлектроніка”. Гімназісты змаглі наведаць кожную з прапанаваных “лабараторый”. Там дзецям расказалі пра займальныя працэсы ў кожным з акрэсленых напрамкаў.
На секцыі “Электрычнасць” навучэнцаў пазнаёмілі з такімі паняццямі, як токі Фуко і самаіндукцыя. Гімназісты атрымалі магчымасць паназіраць за электрамагнітнымі з’явамі. А яшчэ яны пераканаліся, што спінар з магнітамі на адгалінаваннях можна дыстанцыйна “затармазіць”, калі блізка паднесці да яго алюмініевы дыск; а тыя ж магніты ўнутры алюмініевай трубы падаюць уніз марудней, чым па-за яе межамі.
На секцыі па механіцы разам са студэнтамі дзеці правялі дослед з лаўкай Жукоўскага (лаўка, сядзенне якой можа круціцца вакол восі, што прахоlзіць праз яго цэнтр і перпендыкулярна плоскасці сядзення) для разумення закона захавання моманту імпульса. Пасля ім прадэманстравалі катушку са “зрушаным” цэнтрам цяжару. Дзякуючы гэтаму, дзеці пераканаліся, што рэчы не заўсёды паводзяць сябе так, як ад іх гэтага чакаюць. Падчас прэзентацыі мадэлі гіраскопа (масіўнага металічнага дыска, замацаванага ў кольцах карданава падвеса) студэнты расказалі, што самы просты яго аналаг у штодзённым жыцці — дзіцячы ваўчок. І распавялі, што існуюць спецыяльныя прылады на базе гіраскопа, здольныя рэагаваць на змяненне вуглоў арыентацыі прадмета, на якім яны ўсталяваны. А прынцып дзейнасці прыстасавання школьнікам патлумачылі на прыкладзе веласіпеда (чым хутчэй едзеш, тым у больш устойлівым становішчы знаходзішся): арыентацыю восі раскручанага гіраскопа цяжка змяніць, нават прыкладаючы пэўныя намаганні.
— Скажыце, чаму так адбываецца? — задае пытанне Яраслаў Бабіцкі.
— Гэта чараўніцтва, няйнакш, — адказваюць дзеці.
Студэнты з секцыі “Оптыка” расказалі прысутным пра палярызатары, а таксама электронна-кіруемыя фільтры, прадэманстравалі, як праходзіць святло праз розныя прадметы і вадкасці.
Мала хто з хлопцаў і дзяўчат задаваўся пытаннем, чаму птушкам, якія садзяцца на правады, ток не наносіць ніякай шкоды. На секцыі “Радыёэлектроніка” яны змаглі атрымаць адказ на гэтае пытанне. Тут жа гімназісты таксама даведаліся, што энергіі чалавека хапае, каб пры дапамозе пэўных прылад запаліць святлодыёд, і самі змаглі пабыць у якасці праваднікоў току.
— Глядзіце, гарыць! — рэагуе дзевяцікласнік, трымаючы ў адной руцэ святлодыёд, а другой дакранаючыся да падключанага прыстасавання. — Ведаеце, хто я цяпер?
— Сапраўдны маг, — жартуюць аднакласніцы.
Напрыканцы сустрэчы ад будучых абітурыентаў пасыпаліся пытанні: на якую спецыяльнасць лепш пайсці, як адпачываюць студэнты ў вольны час, якія прадметы вывучаюцца на факультэце і якім спецыялістам можна стаць пасля выпуску? А яшчэ дзеці прасілі патлумачыць тыя цікавыя эксперыменты, якія ім паказвалі.
— Нас сустрэлі вельмі цёпла, — падзяліліся ўражаннямі ад паездкі студэнты. — Дзеці надзвычай добразычлівыя. З імі было хораша і камфортна працаваць. Калі мы задавалі пытанні, гімназісты стараліся знайсці на іх адказы. Гэта ўдзячная аўдыторыя, да якой мы звычайна імкнёмся.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.