Мала хто ведае, што факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заснавалі 1 красавіка. Хоць дата і выклікае ў многіх усмешкі, але поспехі, якія паказваюць студэнты і магістранты падраздзялення, жартоўнымі дакладна не назавеш.
Днямі на факультэце прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Арганізатары сустрэчы адзначылі, што часцей за ўсё пры выбары будучай спецыяльнасці абітурыенты задаюцца трыма пытаннямі: ці змагу сюды паступіць; ці змагу вучыцца тут; што чакае мяне пасля заканчэння вучобы?
Адказ на першае пытанне звычайна стараюцца даць на апошнім дні адкрытых дзвярэй (ён пройдзе 26 сакавіка); на другое — не менш за 60 балаў на трэніровачным тэсце-экзамене па матэматыцы для абітурыентаў (18 мая) і потым на ЦТ. Пры наборы такой колькасці балаў і наяўнасці зацікаўленасці матэматыкай і інфарматыкай студэнты, як правіла, без цяжкасцей уліваюцца ў вучэбны працэс. А лёс выпускніка залежыць непасрэдна ад яго, бо факультэт дае неабходную базу для годнага пачатку. Пацвярджэннем гэтага стаў рэйтынг Парка высокіх тэхналогій “Топ-10 факультэтаў з ІТ-спецыялізацыяй” сярод універсітэтаў краіны, паводле якога ФПМІ трывала заняў першую пазіцыю. А пра ўзнагароды, якія штогод прывозяць студэнты з розных міжнародных і рэспубліканскіх міжуніверсітэцкіх спаборніцтваў, увогуле можна гаварыць вельмі доўга.
Адметнасцю гэтага дня адкрытых дзвярэй стала тое, што многія старшакласнікі прыйшлі на факультэт з бацькамі — для большай упэўненасці. Але нават тут знайшліся выключэнні: Арсеній Латушка сам вырашыў збіраць інфармацыю пра факультэт, на які марыць паступіць. Зараз хлопец вучыцца ў сталічнай сярэдняй школе № 19 імя Янкі Купалы. Як і большасць яго аднагодкаў, ён займаецца спортам, у вольны час чытае псіхалагічную літаратуру, цікавіцца культурай Старажытнай Грэцыі і Скандынавіі і разбірае камп’ютарныя гульні з пункту гледжання матэматыкі. Хлопец расказвае, што звярнуць увагу менавіта на ФПМІ яму параіла выпускніца яго школы, цяпер студэнтка апошняга курса. Арсеній Латушка прызнаецца, што з дзяцінства цікавіўся матэматыкай і інфарматыкай і на гэтым этапе для яго важна навучыцца карыстацца камп’ютарам на прафесійным узроўні.
— Пакуль што кінуў усе сілы на пошук інфармацыі, — дзеліцца школьнік, — бо не хапае звестак пра спецыяльнасці знутры. Часта прыходзіцца сутыкацца з выпадкамі, калі чалавек марыць пра паступленне, нешта фантазіруе наконт канкрэтнага факультэта, мае пэўныя спадзяванні, а ў выніку аказваецца, што гэта не яго. Мне не хацелася б апынуцца ў падобнай сітуацыі. Бацькі падтрымаюць мяне незалежна ад таго, што я выберу. Кажуць, галоўнае, каб я не ленаваўся і мне падабалася вучыцца. Буду працаваць у гэтым кірунку.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.