Паважаныя абітурыенты наступнага года! Не здзіўляйцеся, што ў гэтыя ліпеньскія дні, калі цэнтралізаванае тэсціраванне бягучага года завяршылася, я звяртаюся да вас, каб перасцерагчы ад магчымых памылак ці наўмысных дзеянняў, якія могуць нашкодзіць у час вашых уступных іспытаў у 2013 годзе. Карацей, каб адно і тое ж грабільна не дастала і вашага лба.
Зразумейце, што ўсе парады абумоўлены практыкай сёлетніх уступных іспытаў. У сённяшнім выпадку размова пойдзе толькі пра адну працэдуру — пісьмовае афармленне спецыяльных бланкаў адказаў.
Першае. Да пачатку тэсціравання звярніце асаблівую ўвагу і цвёрда запомніце, як правільна (па пашпарце) пішацца ваша прозвішча, імя і імя па бацьку. Не падумайце, што я іранізую. Штогод недарэчнасці з напісаннем прозвішча займаюць адно з першых месцаў сярод памылак пры афармленні вобласці рэгістрацыі бланкаў адказаў.
Для прыкладу: абітурыент падчас цэнтралізаванага тэсціравання па рускай мове ў бланку адказаў піша, што ён “Бонарь”, на матэматыцы ён ужо “Бондарь”, на грамадазнаўстве ён зноў “Бонарь”. Не менш памылак дапускаецца пры пераносе нумара пашпарта ў бланк адказаў: то яго падменяць ідэнтыфікацыйным нумарам, то лічбу прапусцяць.
Штогод мы атрымліваем з пунктаў тэсціравання ананімныя бланкі адказаў. Вось такія “дробязі” патрабуюць ад нас спецыяльных даследаванняў па ідэнтыфікацыі асоб, якія запаўнялі гэтыя бланкі.
Якія наступствы.
Зацягваецца працэдура верыфікацыі бланкаў адказаў. Нават калі рабіць зверку па базе рэгістрацыі абітурыентаў, цяжка выбраць правільны варыянт напісання прозвішча: на бланку ж абітурыент уласнай рукой піша і “Бонарь”, і “Бондарь”. Бацькі абітурыентаў (не выключэнне, што і бацькі Бонара-Бондара) злуюцца на нас за тое, што мы так марудна працуем.
Пры разыходжаннях у напісанні прозвішча мы друкуем сертыфікаты ў рэдакцыі абітурыента: па рускай мове — “Бонарь”, па матэматыцы — “Бондарь”. Зразумела, што пасля атрымання сертыфікатаў ён звернецца ў наш інстытут з заявай аб замене пасведчанняў. Пры наяўнасці пашпарта ў абітурыента гэтую працэдуру мы выконваем звычайна за 15—20 хвілін, каб абітурыент паспеў ва ўстаноўленыя тэрміны аднесці дакументы ў прыёмную камісію. Аднак лішніх турбот і марнавання часу можна было б пазбегнуць як бацькам, так і нам, калі б абітурыенты больш уважліва запаўнялі бланкі адказаў у час іспытаў.
Між тым абітурыенты ў абсалютнай большасці выпадкаў упэўнены, што асабістыя пашпартныя рэквізіты ў бланк адказаў унеслі правільна.
Другое. Калі вы маеце льготу ў адпаведнасці з п.17 Правіл прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы і адносіцеся да катэгорыі “абітурыентаў з парушэннем слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату… пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў да навучання па выбранай спецыяльнасці”, то ў вас ёсць права здаваць уступныя экзамены непасрэдна ў вышэйшай навучальнай установе. Там вам прапануюць прайсці іспыты ў форме, якая будзе адпавядаць асаблівасцям вашага псіхафізічнага развіцця. Гэта важная акалічнасць для атрымання станоўчай адзнакі.
Між тым кожны год некаторыя абітурыенты-льготнікі спрабуюць здаваць экзамены ў форме цэнтралізаванага тэсціравання. Вынік прадказальны. Як правіла, у абсалютнай большасці выпадкаў бланкі адказаў такіх абітурыентаў нельга апрацаваць як тэхнічнымі сродкамі, так і з дапамогай наяўных камп’ютарных праграм. Дзіўна, што звычайна ініцыятыва ў выбары такой формы экзаменаў належыць не дзецям, а іх бацькам.
Якія наступствы.
Абітурыенты, якім прадастаўлены льготы ў выбары формы ўступных іспытаў, з прычыны ўласнай упартасці і адпаведнай пазіцыі бацькоў вымушана атрымліваюць адтэрміноўку пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову.
Трэцяе. Уважліва чытайце кароткія інструкцыі да тэставых заданняў. Яны размешчаны на першай старонцы тэста пад нумарам варыянта. Там вы знойдзеце ўсе (!) адказы на магчымыя пытанні пасля атрымання задання. Арганізатар у аўдыторыі не мае права штосьці каменціраваць у час іспытаў. Больш за тое, калі ён філолаг, то на тэсціраванні па матэматыцы такі спецыяліст вам не дапаможа. Аналагічная сітуацыя, калі выкладчык фізікі выконвае функцыі арганізатара на тэсціраванні па замежнай мове.
З гэтай жа інструкцыі вы даведаецеся, што ў частцы “В” тэста адказы, як правіла, вельмі кароткія. Больш за тое, у гэтай частцы бланка не прадугледжваецца поўнае рашэнне задач.
Уважліва ўносьце свае адказы на заданні часткі “В”. Калі парушылі парадак запісаў — адказ задачы В2 размясцілі ў радку В3, а В3 — у В4, — адразу выконвайце адмену запісаў. Не звяртайцеся да нас асабіста ці праз адказных асоб з просьбамі аб нейкай ручной праверцы. Тэхналогія апрацоўкі бланкаў адказаў не прадугледжвае так званых ручных праверак. Майце на ўвазе, што нават выпадковыя чарнільныя меткі ці нейкія плямы ўнутры клетачкі часткі “А” камп’ютарнай праграмай будуць улічаны як прадуманыя вамі адказы. Своечасова рабіце іх адмены.
Якія наступствы.
Чым менш вы азнаёмлены з парадкам запаўнення і тэхнікай работы з бланкам адказаў, тым цяжэй вам будзе працаваць з тэставымі заданнямі на экзамене.
Чацвёртае. Шаноўныя абітурыенты! Майце на ўвазе: бланк адказаў — гэта не звычайная паперка, накшталт ліста для рабочых запісаў, дзе, акрамя рашэння задач, вы можаце намаляваць умоўную магільную пліту з надпісам: “Шкада, што я не вучыў фізіку” (з матэрыялаў цэнтралізаванага тэсціравання 2011 года). Гэта афіцыйны дакумент, які сведчыць аб пэўным узроўні адукаванасці прэтэндэнта на атрыманне вышэйшай адукацыі.
Практыка ж сведчыць, што бланк адказаў часам становіцца дакументам, які можа сертыфікаваць абітурыентаў па ўзроўні культуры пісьмовай камунікацыі. Так, некаторыя абітурыенты ў бланках замест адказаў на тэставыя заданні свядома пішуць словы, якія не маюць дачынення да прадмета. Міжволі разводзіш рукамі.
Дарэчы, копіі ўсіх бланкаў адказаў абітурыентаў, пачынаючы з 2002 года, захоўваюцца на электронных носьбітах у інстытуце на працягу 75 (!) гадоў. Гэта значыць, што ў асобных выпадках ёсць магчымасць вярнуцца да гэтых дакументаў.
Якія наступствы.
Абітурыенты, якія дапускаюць славесныя вольнасці пры запаўненні бланка адказаў, павінны ведаць, што іх свавольства не застанецца незаўважаным.
І апошняе. Усе памылкі і асобныя недарэчнасці (акрамя апошняй) не мелі б месца пры руплівай папярэдняй падрыхтоўцы абітурыентаў да экзаменаў. Як паказваюць нашы назіранні, абітурыенты, якія прымалі ўдзел у рэпетыцыйным тэсціраванні, лепш валодаюць тэхнікай афармлення бланкаў адказаў, своечасова выпраўляюць свае пралікі і больш адказна рыхтуюцца да ўступных іспытаў.
Наперадзе застаўся толькі год. За плячыма — дзесяць гадоў плённай (а для каго і марнай) працы. Не губляйце часу, не шукайце вінаватых ва ўласных праліках і недахопах у падрыхтоўцы да ўступных іспытаў. І школа, і тыя, хто арганізоўвае і праводзіць экзамены, — вашы добразычліўцы.
Мікалай ФЯСЬКОЎ,