Гэтай вясной установы вышэйшай адукацыі не рызыкнулі запрашаць абітурыентаў у госці. Традыцыйныя дні адкрытых дзвярэй многія перанеслі на больш позні тэрмін. Але некаторыя ўніверсітэты прапанавалі моладзі сустрэцца ў рэжыме анлайн.
Для пакалення Z, якое ўмее камунікаваць са светам з дапамогай гаджэтаў, такі фармат даволі зручны (асабліва для іншагародніх прадстаўнікоў). Заманліва здзейсніць віртуальную экскурсію па ўніверсітэце, задаць пытанне рэктару ці дэкану, не выходзячы з дома. А калі ёсць патрэба, то вярнуцца і перагледзець запіс (і не з аднаго, а з некалькіх факультэтаў ці ўстаноў адукацыі).
Так, дні адкрытых дзвярэй ператварыліся сёлета ў дні адкрытых акон (я маю на ўвазе Windows), запачаткаваўшы новыя традыцыі ў зносінах універсітэтаў з абітурыентамі.
Увага кожнаму абітурыенту
Адным з першых дні адкрытых дзвярэй у рэжыме анлайн правёў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Факультэты зладзілі прамыя трансляцыі, тэлефонныя гарачыя лініі і актывізавалі зносіны з абітурыентамі ў афіцыйных групах сацыяльных сетак.
У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце дзень адкрытых дзвярэй прайшоў анлайн 28 сакавіка. Перад абітурыентамі выступілі дэканы ўсіх факультэтаў, якія расказалі пра асаблівасці паступлення і навучання на розных спецыяльнасцях. Запіс той анлайн-трансляцыі ёсць на афіцыйным YouTube-канале БДЭУ.
Цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт ладзіць стрымы з факультэтаў. Напрыклад, у найбліжэйшы чацвер абітурыентаў чакае знаёмства з факультэтам камерцыі і турыстычнай індустрыі, а на наступным тыдні анлайн-трансляцыю правядуць адразу 5 факультэтаў. Таксама абітурыентам прапануецца задаваць пытанні па тэлефоне ці электроннай пошце адпаведных дэканатаў і прыёмнай камісіі.
Эфект прысутнасці
БДУІР мае паспяховы вопыт дыстанцыйнага навучання, але дзень адкрытых дзвярэй у анлайн-фармаце праводзіў упершыню. Абітурыентам прапанавалі азнаёміцца з універсітэтам з дапамогай віртуальных экскурсій па карпусах, а таксама “наведаць” аўдыторыі і лабараторыі. А 4 красавіка арганізавалі прамую трансляцыю на YouTube-канале БДУІР з удзелам рэктара Вадзіма Богуша і кіраўнікоў розных падраздзяленняў універсітэта.
Сустрэча ў новым фармаце доўжылася 2 гадзіны і прыцягнула велізарную ўвагу абітурыентаў. Стрым глядзелі каля 1800 унікальных карыстальнікаў. А на гэты час запіс набраў амаль 4,8 тысячы праглядаў.
Пытанні абітурыенты задавалі загадзя ў Instagram БДУІР, на ўніверсітэцкай старонцы “Электронны абітурыент” і ў чаце падчас трансляцыі. Абітурыентаў цікавіла ўсё: правілы паступлення, асаблівасці навучання на розных спецыяльнасцях, засяленне ў інтэрнат і інш. Удзельнікі анлайн-сустрэчы пастараліся даць адказы на ўсе пытанні.
Сёлета БДУІР вядзе прыём на першую ступень вышэйшай адукацыі па 33 спецыяльнасцях, з якіх 31— тэхніка-тэхналагічнага і 2 — эканамічнага профілю. Абітурыенты пацікавіліся, ці можна падаць дакументы адразу на некалькі спецыяльнасцей.
— Наш універсітэт скіраваны на выпуск высакакласных інжынераў, таму большая частка фундаментальнай падрыхтоўкі карэлюе паміж рознымі спецыяльнасцямі і факультэтамі, — заўважыў рэктар БДУІР Вадзім Богуш. — Адпаведна, мы даём абітурыентам магчымасць удзельнічаць у конкурсе адразу на ўсе спецыяльнасці профілю, пазначыўшы іх у заяве ў парадку прыярытэту. Мы нават рэкамендуем гэта рабіць, калі абітурыент не вызначыўся да канца, дзе ён хоча развівацца — у радыётэхніцы, праграмаванні, электроннай схематэхніцы, аўтаматызаваных сістэмах і г.д. Такая магчымасць ёсць, і штогод абітурыенты ёй эфектыўна карыстаюцца.
Шмат пытанняў было да адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУІР Барыса Нікульшына. У прыватнасці, абітурыенты папрасілі расказаць пра аўтаматызаваную сістэму залічэння.
— Гаворка ідзе пра поўную аўтаматызацыю тэхналогіі падачы дакументаў і залічэння, — паведаміў Барыс Віктаравіч. — Напрыклад, вы можаце ўказаць у заяве хоць 31 спецыяльнасць тэхніка-тэхналагічнага профілю ў парадку прыярытэту — і сістэма гэта ўлічыць. Акрамя таго, у нас пастаянна развіваюцца тэхналогіі камфортнасці для абітурыентаў. Электронны кабінет — адзін з модуляў сістэмы. У электронным кабінеце вы можаце аформіць дакументы, прычым сістэма не дазволіць вам зрабіць памылку. Тут жа вы можаце пракансультавацца з прыёмнай камісіяй. Хаця для падачы дакументаў усё роўна трэба прыбыць ва ўніверсітэт асабіста.
Якія льготы прадугледжаны для медалістаў?
— Па-першае, добры атэстат падыме агульны бал абітурыента. А па-другое, пры паўпрахадным бале залаты медаль будзе перавагай.
З якімі хваробамі нельга паступіць у БДУІР?
— Заключэнне дае ўрач той паліклінікі, да якой прыпісаны абітурыент. Ніякіх асаблівых патрабаванняў у параўнанні з іншымі ўніверсітэтамі няма. Адзінае, калі ёсць праблемы са зрокам, то трэба моцна падумаць, бо вучоба ў БДУІР мае на ўвазе пастаянную работу з камп’ютарам.Форма даведкі тыпавая. Але звяртаю ўвагу, што ў ёй абавязкова павінны быць адзначаны ўсе прышчэпкі.
Ці можна падчас вучобы ў БДУІР памяняць факультэт, здаўшы неабходныя экзамены?
— Так, але ёсць тры ўмовы. Першая — толькі пасля заканчэння 1 курса. Другая — наяўнасць вольных месцаў на той спецыяльнасці, куды вы хочаце перавесціся. Трэцяя — добрая паспяховасць.
Начальнік ваеннага факультэта Юрый Куляшоў расказаў абітурыентам пра новыя спецыяльнасці на ваенным факультэце.
— Наш факультэт з’яўляецца перадавым у сістэме ваеннай адукацыі, — паведаміў Юрый Яўгенавіч. — Мы ўваходзім у структуру БДУІР і не можам заставацца ўбаку, факультэт бурна развіваецца. Побач з традыцыйнымі ўжо спецыяльнасцямі “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі”, “Радыётэхніка” нядаўна былі адкрыты спецыяльнасці, звязаныя з падрыхтоўкай спецыялістаў па вылічальных машынах, сістэмах і сетках. Літаральна ў мінулым годзе мы пачалі набор на спецыяльнасць “Стандартызацыя, сертыфікацыя і кантроль параметраў”. Працуем над адкрыццём новых спецыяльнасцей у галіне інфармацыйна-тэхнічнага забеспячэння і кібербяспекі.
Што дае ваенная кафедра студэнтам, якіх пасля заканчэння ўніверсітэта ўсё роўна прызавуць у армію?
— Вучыцца на ваеннай кафедры прэстыжна. Паступіць на ваенную кафедру няпроста: конкурс складае 4 чалавекі на месца. Крытэрыі адбору два — стан здароўя, годнасць да праходжання ваеннай службы і сярэдні бал па выніках зімовай экзаменацыйнай сесіі за 1 курс. Залічэнне адбываецца ў канцы 1 курса. Падрыхтоўка студэнтаў на ваеннай кафедры ажыццяўляецца па двух узроўнях. На першым узроўні рыхтуюцца малодшыя камандзіры. Тыя з іх, хто паспяхова здасць экзамены, пераходзяць на другі ўзровень па праграмах падрыхтоўкі афіцэраў. Вучоба насычаная: усе ваенна-ўліковыя спецыяльнасці — па профілі ІТ. Пасля заканчэння другога ўзроўню выпускнікам прысвойваецца афіцэрскае званне “лейтэнант запасу”. Яны могуць быць прызваны для праходжання далейшай службы ва Узброеных Сілах і іншых сілавых структурах.
Юрый Яўгенавіч звярнуў увагу, што тэрмін прыёму заяў ад грамадзян — ваеннаслужачых рэзервістаў, якія хочуць паступаць на ваенныя спецыяльнасці, прадоўжаны да 8 мая. Канчатковы адбор будзе праводзіцца на базе Ваеннай акадэміі з 18 па 29 мая.
Многія абітурыенты цікавіліся, як паступіць на скарочаную форму навучання.
— Атрымаць адукацыю ў скарочаны тэрмін могуць выпускнікі каледжаў, якія паступаюць на профільныя напрамкі, — паведаміў дырэктар Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР Аляксей Ахрыменка. — Пералік спецыяльнасцей каледжаў і адпаведных ім спецыяльнасцей вышэйшай адукацыі размешчаны на сайце БДУІР. Формы навучання — дзённая, вячэрняя і завочная. Тэрмін навучання складае ад трох да чатырох гадоў. Выпускнікі каледжаў здаюць унутраныя ўступныя выпрабаванні ва ўніверсітэце. Праграмы для паступаючых таксама ёсць на сайце БДУІР. Па іх можна рыхтавацца самастойна, а можна запісацца на нашы падрыхтоўчыя курсы. Калі выпускнікі каледжаў захочуць паступаць на спецыяльнасці, якія не інтэграваны з універсітэцкімі, ім давядзецца ўдзельнічаць у агульным конкурсе па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.
Ці магчыма паступленне на завочную форму навучання пасля каледжа пры нясенні службы на кантрактнай аснове?
— Праходжанне ваеннай службы па кантракце не з’яўляецца абмежаваннем для паступлення ва ўніверсітэт на скарочаную форму атрымання адукацыі. Але я павінен папярэдзіць, што планавыя мерапрыемствы, якія праводзяць Узброеныя Сілы, могуць супадаць з тэрмінамі правядзення экзаменацыйных сесій. Калі камандаванне часці пагодзіцца адпускаць на экзамены, то ніякіх праблем не будзе.
Абітурыенты часам хвалююцца: у школе яны вывучаюць французскую (іспанскую, нямецкую) мову. Няведанне англійскай мовы — гэта сур’ёзная перашкода?
— Якую б замежную мову вы ні вывучалі ў школе, у прафесійнай дзейнасці трэба дадаткова развіваць англійскую мову, якая шырока выкарыстоўваецца ў тэхнічнай сферы, — заўважыў рэктар БДУІР Вадзім Богуш. — Для гэтага ва ўніверсітэце створаны ўсе магчымасці. Акрамя таго, што выкладанне замежных моў ажыццяўляецца адпаведнай кафедрай, у нас працуе Цэнтр моўнай падрыхтоўкі, дзе можна ўзяць дадатковыя курсы. Веданне дзвюх моў (англійскай і яшчэ адной) будзе вашай дадатковай перавагай.
Адзін абітурыент спытаў: што трэба ведаць, акрамя школьнага праграмавання? З якога курса пачынаецца вывучэнне моў праграмавання ў БДУІР?
— БДУІР — гэта не курсы па праграмаванні, а фарміраванне тэхнічнага спецыяліста — дасведчанага і шматбаковага, — заўважыў першы прарэктар Максім Давыдаў. — Таму поспех у навучанні будзе залежаць не ад таго, ці ведаеце вы мовы праграмавання, а ад таго, якая ў вас фундаментальная падрыхтоўка — матэматыка, фізіка, замежная мова. Калі вы ведаеце праграмаванне — гэта нядрэнна, але нават калі не ведаеце, мы вас навучым. Самае важнае, наколькі вы валодаеце базавымі ведамі, якія дазволяць вам развівацца і дасягнуць поспехаў.
З 1 мая абітурыенты могуць стварыць асабісты кабінет на сайце БДУІР, дзе змогуць дыстанцыйна запоўніць некаторыя дакументы і напрамую кантактаваць з прыёмнай камісіяй універсітэта.
Ці абавязкова студэнту БДУІР мець ноўтбук, або дастаткова стацыянарнага дамашняга камп’ютара?
— Дастаткова мець камп’ютар дома, — запэўніў Максім Давыдаў. — Наш універсітэт укамплектаваны вылічальнай тэхнікай, і студэнты могуць спакойна займацца ў камп’ютарных класах або бібліятэцы, а дома — на сваім камп’ютары. Ноўтбук — гэта зручна, але неабавязкова, тым больш на першых курсах.
Цікавае пытанне паступіла на адрас дэкана факультэта бесперапыннай інавацыйнай адукацыі Яўгена Шнэйдэрава: якое навучанне больш эфектыўнае — вочнае ці дыстанцыйнае?
— Гледзячы што вы разумееце пад эфектыўнасцю, — заўважыў дэкан. — З пункту гледжання тайм-менеджменту, сумяшчэння вучобы з работай, эфектыўным з’яўляецца дыстанцыйнае навучанне. Калі вы гаворыце пра развіццё камунікатыўных навыкаў студэнтаў, магчымасць сумеснага навучання, групавой работы, то тут больш эфектыўнае вочнае навучанне. Калі гаварыць пра вынік навучання — што будзе ведаць і ўмець выпускнік, то вучэбная праграма як на дзённай форме, так і на дыстанцыйнай аднолькавая. Таму вынік будзе аднолькавы.
Яўген Шнэйдэраў звярнуў увагу, што студэнты БДУІР дзённай формы навучання маюць магчымасць вывучаць дадатковыя дысцыпліны дыстанцыйна. Для гэтага ім трэба звярнуцца на факультэт бесперапыннай інавацыйнай адукацыі, і там падкажуць, як арганізаваць працэс.
БНТУ: на парозе векавога юбілею
Сёлетнія абітурыены, якім пашчасціць паступіць у БНТУ, маюць шанс увайсці ў гісторыю — стаць першакурснікамі ў стагадовы юбілей універсітэта. А пакуль ім прапанавалі вялікую размову ў анлайн-рэжыме.
У красавіку БНТУ арганізуе ажно 10 дзён адкрытых дзвярэй для будучых абітурыентаў і іх бацькоў, дзе падрабязна раскажуць пра кожны факультэт і ўніверсітэт у цэлым. Падчас стрымаў можна будзе ў чаце задаваць пытанні. Адказы абяцаюць даць адразу пасля выступлення спікераў.
Кожны дзень з 13 па 24 красавіка (акрамя суботы і нядзелі) арганізатары анлайн-сустрэч чакаюць абітурыентаў на ўніверсітэцкім YouTube-канале. Калі камусьці не ўдасца трапіць на прамы эфір, трансляцыю можна будзе паглядзець у запісе.
Першая трансляцыя, прысвечаная ўсяму ўніверсітэту (адукацыі, навуцы, бізнесу, культуры, спорту) адбылася ўчора. А з сённяшняга дня абітурыентаў пачнуць знаёміць з факультэтамі. Штодня будуць прэзентавацца два, а 23 красавіка — тры факультэты.
У апошняй сустрэчы з абітурыентамі, 24 красавіка, возьмуць удзел выпускнікі БНТУ — вядомыя бізнесмены, кіраўнікі, а таксама рэктар універсітэта Сяргей Харытончык. Яны раскажуць пра сваё студэнцкае жыццё, адукацыю і тое, якія кар’ерныя магчымасці ёсць у выпускнікоў БНТУ. Госці адкажуць на ўсе пытанні, што будуць зададзены ў чаце. Таксама прадстаўнікі прыёмнай камісіі ўніверсітэта раскажуць пра асаблівасці ўступнай кампаніі 2020 года.
Некаторыя ўстановы адукацыі не губляюць надзеі запрасіць абітурыентаў да сябе. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і іншыя адклалі правядзенне дзён адкрытых дзвярэй да лепшых часоў. Дату і час правядзення сустрэч абяцаюць паведаміць дадаткова.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.