Дынамічная кафедра

Кафедра “Трактары” аўтатрактарнага факультэта — адно з самых буйных падраздзяленняў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яе значнасць праяўляецца не толькі ў колькасці спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка, але і ў многіх гадах дзейнасці. І гісторыю кафедры з амаль 70-гадовым лёсам нельга ўявіць без прафесійнага шляху яе загадчыка Уладзіміра Байкова і яго сямейнай дынастыі, цесна звязанай з універсітэтам.

Пачынаеш у даводзь да канца

Уладзімір Байкоў вырас у сям’і трактарабудаўнікоў. Бацька Пётр Іванавіч і маці Iраiда Рыгораўна — інжынеры Мінскага трактарнага завода — прыехалі ў Мінск падчас будаўніцтва прадпрыемства. Таму размовы, звязаныя з галіной, дома не спыняліся: трактарабудаўнічыя пытанні бацькі абмяркоўвалі паміж сабой, а таксама ў тэлефонных размовах з калегамі.

— У той час сем’і жылі больш адкрыта, існаваў пастаянны абмен меркаваннямі. Інжынеры часта ха­дзілі адно да аднаго ў госці. Таму я заўсёды ведаў пра найноўшыя распрацоўкі, палепшаныя мадэлі трактароў і праблемы, з якімі сутыкаюцца на вытворчасці, — расказвае Уладзімір Пятровіч. — Памятаю, як бацька расказваў пра зборку першых “Беларусаў”. Мы часта хадзілі на святочныя дэманстрацыі, дзе МТЗ меў сваю калону. Перад вачыма мяняліся сцягі завода і мадэлі трактароў. А дома было шмат канструктараў з пласцінкамі, гайкамі, шрубкамі, якія мы збіралі з братам. Усё гэта, безумоўна, паўплывала на мяне.

Прафесар любіць успамінаць гісторыю, пасля якой стала відавочнай яго цяга да тэхнікі. У госці да Байковых аднойчы прыехаў стрые­чны брат бацькі, які прывёз з сабой баян. Як толькі інструмент аказаўся па-за наглядам дарослых, хлапчуку захацелася патузаць мяхі, зразумець, як ён працуе. Баць­кі падумалі, што ў сына — схільнасці да музыкі і аддалі яго ў школу з музычным ухілам. Праўда, праз некаторы час стала зразумела, што малога цікавіў не сам музычны інструмент, а нябачаная дагэтуль тэхніка. Аднак за гады заняткаў на баяне хлопец вынес важны ўрок: калі пачынаеш нешта рабіць — даводзь да канца. Таму і музычную адукацыю ён усё ж атрымаў.

П.Байкоў з калегамі.

Справа, якой служыш

У старшых класах юнак разумеў, у якія ўстановы вышэйшай адукацыі можна паступаць з яго захапленнем, але мэтанакіраваных размоў з бацькамі на гэты конт не вёў. Скончыўшы школу з сярэб­раным медалём, выбраў політэхнічны інстытут (ранейшая назва БНТУ). Уладзімір Пятровіч прызнаецца, што варыянтаў, не звязаных з канструяваннем і тэхнікай, у яго свядомасці не існавала, бо вобраз будучай прафесіі сфарміраваўся ў сям’і. Так пачалося студэнцкае жыццё.

Вучыцца было цікава, таму да новых ведаў юнак падыходзіў з імпэтам. Калі нешта доўга не давалася — разбіраў памылкі з бацькам, які стараўся патлумачыць сыну яго слабыя бакі, даць параду. Пётр Іванавіч, які прайшоў шлях ад інжынера да генеральнага дырэктара МТЗ, паўплываў і на пачатак навуковага шляху Уладзіміра Пятровіча. Аднойчы, калі сын разважаў над тым, чым будзе займацца пасля заканчэння ўніверсітэта, ён сказаў: “На заводзе аднаго Байкова хопіць, паспрабуй сябе ў навуцы. Стварай яе, выхоўвай кадры”. Пятра Іванавіча, які сам не напісаў дысертацыю толькі таму, што быў заняты практычнай рэалізацыяй уласных задум, падтрымаў будучы навуковы кіраўнік студэнта прафесар Валерый Гуськоў, і Валодзя пачаў дзейнічаць.

Па словах Уладзіміра Байкова, час яго навуковага станаўлення прыпаў на перыяд выбуху інавацыйных ідэй, таму працаваць даво­дзілася шмат. Так пачалі з’яўляцца патэнты на вынаходствы, былі абаронены кандыдацкая і доктарская дысертацыі. На кафедру, дзе Ула­дзімір Байкоў працаваў асістэнтам, дацэнтам і прафесарам, ён вярнуўся ўжо загадчыкам. І ў многім малады чалавек раўняўся на свайго навуковага кіраўніка, пераемнікам якога ён стаў.

Услед за Уладзімірам спецыяльнасць кафедры выбраў і яго малодшы брат Віктар, які таксама скончыў аспірантуру. Аднак абараняць дысертацыю ён не захацеў, бо знайшоў сябе ў выпрабаванні транспартных сродкаў у навуковых лабараторыях кафедры, а затым на МТЗ.

Дачка прафесара Святлана не цікавілася тэхнікай, таму паступіла на факультэт тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ. Аднак зараз, як і многія з Байковых, мае да яе дачыненне, бо працуе на Мінскім трактарным заводзе.

Сын Пётр выбраў факультэт міжнародных адносін БДУ, і зараз ён  спецыяліст у галіне інавацыйных i iнфармацыйных тэхналогій. Робячы выбар, хлопец сказаў: “Тата, я не хачу праседжваць ночы напралёт за напiсаннем падручнікаў і артыкулаў, як ты”. Але захапленне трактарабудаўніцтвам падхапіў унук Уладзіміра Байкова: як і прадзед, ён хоча збіраць новыя віды трактароў. Хлопчык ведае, што Пётр Іванавіч сканструяваў не адну мадэль беларускіх трактароў, меў дзясяткі вынаходстваў і нават стаў адным з герояў дакументальнага фільма пра тое, якім павінен быць кіраўнік вялікага калектыву (“Асабістая адказнасць”, 1972 год). Таксама хлопчыку расказалі, што прадзед сябраваў з Міхаілам Калашнікавым і пазней пазнаёміў з ім дзеда.

П.Байкоў і М. Калашнікаў.

Шчаслівы ты у шчаслівыя людзі навокал

Сёння кафедра “Трактары” рыхтуе інжынераў-механікаў па чатырох спецыяльнасцях: “Трактарабудаванне”, “Шматмэтавыя гусенічныя і калёсныя машыны”, “Дызайн транспартных сродкаў”, а таксама “Электрычны і аўтаномны транспарт”. Тэрмін навучання на дзённай форме складае 5 гадоў. Найбольш запатрабаваная спецыяльнасць у моладзі, па словах загадчыка, — “Дызайн транспартных сродкаў”.

Выпускнікі спецыяльнасці “Трак­тарабудаванне” могуць працаваць інжынерамі-канструктарамі, кіраўнікамі вытворчых участкаў і цэхаў, уладкоўваюцца на прад­прыемствы па вытворчасці трактароў, аўтамабіляў, дарожных і сельскагаспадарчых машын. Таксама спецыялісты такога профілю запатрабаваны ў арганізацыях, якія займаюцца навукай, эксплуатацыяй і рамонтам аўтатрактарнай тэхнікі.

Падрыхтоўка кадраў па спецыяльнасці “Трактарабудаванне” вядзецца сумесна з кафедрай “Калёсныя трактары” (сёння — фiлiял кафедры), размешчанай на базе Мінскага трактарнага завода. Дзякуючы такому тандэму, студэнты маюць доступ да найноўшага іспытнага абсталявання і сучасных сістэм праектавання машын. Сімвалічна, але падраздзяленне на тэрыторыі МТЗ мае дачыненне да сям’і Байковых — кафедру адкрылі па ініцыятыве Пятра Іванавіча, які некалькі гадоў запар быў старшынёй дзяржаўнай камісіі па абароне дыпломных праектаў.

Выпускнікі спецыяльнасці “Шматмэтавыя гусенічныя і калёсныя машыны” знаходзяць сябе ў такіх галінах, як аўтатрактарабудаванне, транспартнае машынабудаванне і металаапрацоўка, абарончы комплекс, працуюць на прадпрыемствах, што прафілююцца на праектаванні, выпуску, выпрабаванні і абслугоўванні сучасных гусенічных і калёсных машын. Некаторыя маладыя людзі вяртаюцца выкладчыкамі ва ўстановы вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Студэнты спецыяльнасці “Эле­ктрычны і аўтаномны транспарт” вывучаюць арганізацыю вытворчасці і менеджмент, тэорыю аўтаматычных сістэм рухомага саставу, электроніку, сістэму дыягностыкі ў гарадскім электратранспарце і іншыя спецыяльныя дысцыпліны. Кваліфікацыя дае маладым спецыялістам магчымасць працаваць у тэхнічных службах трамвайных і тралейбусных дэпо, метрапалітэне, канструктарскіх бюро, а таксама на прадпрыемствах, адказных за выпуск гарадскога транспарту.

Дызайнеры транспартных сродкаў адказваюць за прадстаўнічасць свайго прадукту, яго бяспеку пры выкарыстанні. Студэнты вывучаюць метады і сродкі мастацкага канструявання, заканамернасці дызайнерскага формаўтварэння і кампазіцыі ў кантэксце сучасных сусветных тэндэнцый, методыкі вытворчасці макетаў, трохмернае камп’ютарнае мадэляванне і інш. Такое поле вывучаных напрамкаў адчыняе выпу­скнікам дзверы ў любыя галіны, звязаныя з машынабудаваннем.

У гутарках з моладдзю прафесар нярэдка робіць акцэнт на неабходнасць вывучэння замежных моў. Гэтыя веды, на думку педагога, будуць карыснымі і ў вучобе, і ў працы, і пры ўзаемадзеянні з замежнымі калегамі. А на кафедры, трэба сказаць, праблем з міжнародным супрацоўніцтвам няма. Тут наладжаны сувязі з універсітэтамі Германіі, Лiтвы, Польшчы, i на гэтым спыняцца не збіраюцца. Таксама замежныя мовы могуць быць карыснымі ў навуковай дзейнасці: акрамя вынаходніцкіх пошукаў у межах курсавых і дыпломных праектаў, рэалізаваць сябе як вучоныя студэнты могуць у навукова-даследчай лабараторыі кафедры.

Падчас прыёмнай кампаніі Уладзімір Байкоў разам са сваімі калегамі стараецца не ісці ў адпачынак, каб мець магчымасць скіраваць абітурыентаў, адказаць на іх пытанні. Нярэдка кафедра кансультуе бацькоў выпускнікоў па тэлефоне. А дзецям, якія хочуць паступаць на спецыяльнасць “Дызайн транспартных сродкаў”, вопытныя педагогі даюць парады па тэхніцы малюнка. Таксама Уладзімір Пятровіч заўсёды праводзіць экскурсіі і азная­мленчыя гутаркі са школьнікамі падчас дзён адкрытых дзвярэй.

Выкладчыкі расказваюць  абітурыентам, што іх факультэт і кафедра — дынамічныя, і гэта адбіваецца на ўзроўні падрыхтоўкі студэнтаў. Вучоба тут накіравана на пастаяннае развіццё, паколькі машынабудаванне не стаіць на месцы. Педагогі перакананы: калі абітурыент хоча займацца жывой справай — яму варта прыйсці на кафедру.

— Складваецца ўражанне, што школа вызвалілася ад прафарыентацыйных мерапрыемстваў і чакае дзеянняў выключна ад устаноў прафесійнай адукацыі. Але пры аднабаковым падыходзе ў навучэнца больш шансаў памыліцца. Абітурыент можа выбраць не тое, што яму падабаецца, і ў выніку адлічыцца, — бядуе загадчык кафедры. — Часта пытаюся ў класных кіраўнікоў пра тое, куды збіраюцца паступаць дзеці — ва ўніверсітэт ці ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а ў адказ можна нічога не пачуць. За час, пакуль працую загадчыкам (Уладзімір Пятровіч узначальвае кафедру з 1991 года. — Заўвага аўтара.) не памятаю выпадку, каб школы запрашалі нас да сябе, часцей прыязджаюць да нас.

На думку Уладзіміра Байкова, будучы абітурыент аўтатрактарнага факультэта і, у прыватнасці, кафедры “Трактары”, у першую чаргу павінен мець жаданне вучыцца і павышаць свой інтэлектуальны ўзро­вень.

— Проста паставіць перад сабой мэту яшчэ нічога не зна­чыць. Як кажуць, каб выйграць, трэба, прынамсі, купіць латарэю. Таму да мэты неабходна набліжацца. Маладому чалавеку трэба зразумець, што калі шчаслівы ён — шчаслівыя людзі навокал. У тым ліку гэта тычыцца прафесіі, — пераканы Уладзімір Байкоў. — Многія студэн­ты хочуць быць свабоднымі. Але свободу дае ўзровень адукаванасці і магчымасць хутка прымаць прафесійныя рашэнні, незалежна ад складанасці сітуацыі. Не існуе лю­дзей, якія нічым не цікавяцца. Ёсць толькі тыя, хто гатовы або не гатовы вучыцца ва ўніверсітэце.

Па словах Уладзіміра Пятровіча, пра якасць падрыхтоўкі выпуск­нікоў можна меркаваць не па адзнаках у дыпломе, а па зваротнай сувязі ад прадпрыемстваў, дзе маладыя людзі заяўляюць пра сябе. І тое, што шмат выпускнікоў кафедры займаюць ключавыя пасады на Мінскім заводзе колавых цягачоў, МАЗе, МТЗ, БелАЗе, “Белкамунмашы”, “Штадлеры” і ў іншых буйных арганізацыях і прадпрыемствах краіны, гаворыць само за сябе.

— Права на адукацыю нале­жыць толькі абітурыентам. Пра гэта варта памятаць усяму іх асяроддзю, уключаючы бацькоў. Мы можам толькі накіраваць дзяцей, параіць нешта, але ні ў якім выпадку не вырашаць за іх, — перакананы Уладзімір Байкоў. — Падчас уступнай кампаніі можна ўбачыць, як, напрыклад, маці агітуе сына падаць дакументы на прэстыжную, па яе меркаванні, спецыяльнасць, а той упіраецца. Кажу: “Што ж вы робіце, калі хлопец не хоча сюды?”. Маладыя людзі павінны быць унутрана гатовы да атрымання вышэйшай адукацыі. Таму выбірайце сваё: стаўце мэты і ідзіце да іх!

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з асабістага архіва У.П.Байкова.