Дзейнасць прыёмнай камісіі — як работа ўрача

Званкі на гарачую лінію прыёмнай камісіі Белдзяржуніверсітэта на працягу летніх месяцаў паступаюць безупынна. Абітурыенты найбольш актывізуюцца ў перыяд цэнтралізаванага тэсціравання і напярэдадні паступлення. Самыя распаўсюджаныя пытанні традыцыйна звязаны з прыёмам дакументаў. Пра асаблівасці сёлетняй прыёмнай кампаніі ў галоўным універсітэце краіны гутарым з адказным сакратаром прыёмнай камісіі БДУ Уладзімірам СЦЯПАНАВЫМ.

— Уладзімір Андрэевіч, раскажыце пра асаблівасці сёлетняй прыёмнай кампаніі ў БДУ.

— Мы плануем набраць 5091 студэнта, што складае 99,3% ад мінулагодняга набору (летась у БДУ паступіла 5129 чалавек). Сярод іх на бюджэтную дзённую форму на І ступені будзе залічана 2199 чалавек, на бюджэтную завочную — 231. Прыём на платную дзённую форму складзе 1794 студэнты, на платную завочную — 499, на завочную форму для атрымання другой вышэйшай адукацыі — 131. На скарочаны тэрмін атрымання адукацыі для выпускнікоў сярэдняй спецыяльнай адукацыі выдзелена 352 месцы (з іх на дзённую форму — 45, на завочную — 307 чалавек). Доля прыродазнаўчых спецыяльнасцей у плане прыёму складае 65,2%, сацыяльна-эканамічных і гуманітарных — 34,8%.

Падаць дакументы на атрыманне адукацыі за кошт бюджэту як на дзённую, так і на завочную форму (а таксама на платную форму, калі прадугледжаны ўнутраныя экзамены), можна будзе з 20 па 26 ліпеня. Пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці гэта трэба зрабіць з 20 па 22 ліпеня. Прыём дакументаў на платную форму будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня па 9 жніўня.

Набор замежных абітурыентаў плануецца на ўзроўні мінулага года  (каля 1,5—2 тысяч чалавек). З вопыту мінулых гадоў можна сказаць, што пераважная колькасць замежнікаў — гэта прадстаўнікі постсавецкіх краін і Кітая. Таксама да нас паступаюць маладыя людзі з “экзатычных” краін — Ганы, Конга, Эквадора, Камеруна і інш.

Залічэнне на бюджэтную форму пройдзе да 5 жніўня, на платную — да 11 жніўня ўключна. Залічэнне на ваенны факультэт БДУ завяршыцца 31 ліпеня.

— У які час пройдуць уступныя і творчыя экзамены? Для якіх спецыяльнасцей яны прадугледжаны?

— Унутраныя і творчыя іспыты пройдуць з 27 ліпеня па 4 жніўня. Экзамен па творчасці прадугледжаны на факультэце сацыякультурных камунікацый (спецыяльнасць “Дызайн” (па напрамках) — маладыя людзі здаюць малюнак і кампазіцыю) і факультэце журналістыкі (спецыяльнасці “Журналістыка” (па напрамках) і “Журналістыка міжнародная” — абітурыенты пішуць сачыненне і  праходзяць творчае тэсціраванне).

Вусны ўнутраны іспыт па беларускай і рускай літаратуры прадугледжаны на філалагічным факультэце (спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія”, “Славянская (славянская і беларуская) філалогія” і “Славянская (славянская і руская)” філалогія).

Юнакі і дзяўчаты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якія паступаюць на дзённую скарочаную форму на юрыдычны факультэт, здаюць пісьмовы экзамен па спецыяльнасці “Правазнаўства” (дысцыпліны: агульная тэорыя права і грамадзянскае права), а на факультэт сацыякультурных камунікацый — “Дызайн” (дысцыпліны: малюнак і вольная кампазіцыя).

Пры паступленні на завочную скарочаную форму пісьмовыя іспыты зда­юць абітурыенты юрыдычнага (“Правазнаў­ства”), эканамічнага (“Фінансы і крэдыт”, “Менеджмент”), гістарычнага факультэта (“Дакументазнаў­ства”), факультэта філасофіі і сацыяльных навук (“Сацыяльная работа”) і Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава (“Медыцынская экалогія”, “Энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент”).

— Як складваецца сітуацыя з падрыхтоўкай спецыялі­стаў па мэтавым накіраванні? Якія спецыяльнасці маюць найбольшы попыт у заказчыкаў кадраў?

— На сёння мы маем 32 мэтавыя заяўкі (столькі ж было летась) па 9 спецыяльнасцях. Найбольш запатрабаванымі ў гэтым спісе з’яўляюцца гісторыкі, мытнікі і журналісты.

— На якія педагагічныя спецыяльнасці выпускнікі педкласаў змогуць паступіць у БДУ без экзаменаў, па выніках субяседавання?

— Такія спецыяльнасці прадстаўлены на пяці факультэтах: хімічным, філалагічным, біялагічным, механіка-матэматычным і факультэце геаграфіі і  геаінфарматыкі. Сярод іх — “Біялогія”, “Геаграфія”, “Матэматыка” і “Хімія” (напрамак — навукова-педагагічная дзейнасць), а таксама “Руская філалогія” і “Беларуская філалогія”. Профільнымі прадметамі для маладых людзей будуць біялогія, геаграфія, матэматыка, хімія, руская і беларуская літаратура адпаведна.

— Сёлета ў БДУ адкрываюцца дзве новыя спецыяльнасці. У чым іх асаблівасці? Дзе будуць задзейнічаны спецыялісты такога профілю?

— На гістарычным факультэце пачнецца набор па спецыяльнасці “Рэгіёназнаў­ства” (абітурыентам трэба мець сертыфікаты ЦТ па рускай ці беларускай мове, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі). Гэты напрамак новы для краіны. Выпускнікі атрыма­юць фундаментальную гуманітарную падрыхтоўку ў галіне сацыяльна-гістарычных навук і краіназнаўства, набудуць кваліфікацыю “рэгіёназнавец”. Маладыя людзі паглыбяцца ў асваенне дысцыплін, звязаных з аналітычнай работай, модуляў, прысвечаных канкрэтным рэгіёнам. Падчас навучання акцэнт бу­дзе рабіцца на развіцці гандлёва-эканамічных сувязей з блізкімі Беларусі краінамі. Па сутнасці, спецыялістаў змо­гуць задзейнічаць у экспертным суправаджэнні знешнеэканамічных сувязей краіны. Набор на “Рэгіёназнаўства” складзе па 10 чалавек на бюджэтную і платную формы. Студэнты атрымаюць магчымасць вывучаць адну з наступных спецыялізацый: “Заходняя Еўропа і Паўночная Амерыка”, “Цэнтральная і Усходняя Еўропа”, “Блізкі Усход і Афрыка”, “Азіяцка-Ціхаакіян­скі рэгіён” і “Лацінская Амерыка”.

Выпускнікі спецыяльнасці “Эканамічная бяспека” (кваліфікацыя “эканаміст”) змогуць пралічваць эканамічныя рызыкі, спецыялізавацца на антыкрызісным кіраванні. Спецыялістаў падобнага профілю ў Беларусі раней таксама не рыхтавалі. Падчас навучання студэнты будуць праходзіць паглыбленую падрыхтоўку ў галіне эканомікі, юрыспрудэнцыі, інфармацыйных тэхналогій у кантэксце эканамічнай бяспекі. Маладыя людзі асвояць такія дысцыпліны, як лічбавая эканоміка, канкурэнтная разведка, сі­стэмны аналіз і ацэнка фактараў эканамічнай бяспекі, тэхналогіі прадухілення супраць­праўных дзеянняў у бізнесе, грамадзянскі і гаспадарчы працэс, міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці, рызыкі знешнеэканамічнай дзейнасці, кіраўнічы ўлік і інш. На гэтую спецыяль­насць таксама набіраюць 20 чалавек: па 10 на бюджэтную і платную формы (абітурыентам патрэбна мець сертыфікаты ЦТ па рускай ці беларускай мове,  матэматыцы і замежнай мове).

— Раскажыце пра лічбы прыёму ў сумесны інстытут БДУ і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта.

 — Набор беларускіх студэнтаў будзе ажыццяўляцца па трох спецыяльнасцях — “Механіка” (20 бюджэтных і 5 платных месцаў), “Фізіка” (10 бюджэтных, 5 платных) і “Сусветная эканоміка” (20 платных месцаў). Таксама ў гэтым годзе адбудзецца набор у сумесную магістратуру.

Для паступлення на дзве першыя спецыяльнасці абітурыенту трэба мець сертыфікаты ЦТ па фізіцы, матэматыцы і рускай/беларускай мове. Тым, хто хоча вывучаць “Сусветную эканоміку”, спатрэбяцца сертыфікаты ЦТ па матэматыцы, адной з дзяржаўных моў і замежнай мове.

— Уладзімір Андрэевіч, на што вам хацелася б звярнуць увагу абітурыентаў і іх бацькоў падчас прыёму дакументаў?

— Мы рэкамендуем хлопцам і дзяўчатам выкарыстоўваць электронны кабінет абітурыента. Гэта спрашчае і паскарае падачу дакументаў, паколькі моладзь загружае туды значны аб’ём асабістых звестак. Там жа можна адсочваць актуальную інфармацыю аб конкурсе і расклад іспытаў.

Вельмі важны момант: на іспыты трэба ўзяць пашпарт. Абітурыентам не варта баяцца задаваць пытанні: як супрацоўнікам, так і студэнтам-валанцёрам, якія суправа­джаюць увесь працэс уступнай кампаніі. Таксама можна звярнуцца на гарачую лінію ўніверсітэта (+375172095085).


— Для абітурыентаў і іх бацькоў вельмі важна мець упарадкаваную і вывераную нарматыўную базу: каб правільна былі ўказаны даты падачы дакументаў, час правя­дзення іспытаў, дакладна пазначаны пералік дакументаў і вывераны інструкцыі. Такая інфармацыя знаходзіцца на сайце “Абітурыент БДУ”. Прынцыповых змен сёлета не будзе. Звычайна абітурыенты цэняць стабільнасць і прадказальнасць прыёмнай кампаніі. Мы гэта забяспечым, — падагульняе Уладзімір Сцяпанаў. — Мы максімальна адкрыты ў інфармацыйным плане. Дзей­насць спецыялістаў прыёмнай кампаніі як работа ўрачоў: чым раней мы высветлім вашу праблему, тым хутчэй зможам дапамагчы ў яе вырашэнні.

Гутарыла Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.