У Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці не толькі рыхтуюць па запатрабаваных прафесіях, але і вучаць шыць шыкоўны абутак, ствараць эпатажныя і рамантычныя калекцыі скураных вырабаў. А яшчэ там вучаць перамагаць у міжнародных прафесійных конкурсах.
Ледзь не кожная другая пара беларускага абутку вырабляецца на Віцебшчыне. Дзякуючы такім гігантам, як “Марка” і “Белвест”, а таксама шэрагу іншых галіновых прадпрыемстваў, абласны цэнтр на працягу многіх гадоў лічыцца неафіцыйнай абутковай сталіцай краіны. Вытворчасць маштабная, і патрэба ў кадрах адпаведная. Кваліфікаваных спецыялістаў наймальнікі прывабліваюць зарплатамі, сацыяльнымі гарантыямі і выгодамі, даплатамі да стыпендыі падчас вучобы, выплатамі на харчаванне на перыяд вытворчай практыкі, прапаноўваюць істотныя скідкі на ўласную прадукцыю. Вучацца будучыя абутнікі ў каледжы лёгкай прамысловасці, што знаходзіцца ў Віцебску.
— Дзеці, якія прыходзяць у сістэму прафтэхадукацыі, матываваны на атрыманне рабочай прафесіі. Яны жадаюць, каб іх навучылі дастойна жыць і паспяхова рэалізоўваць сябе ў вялікай працоўнай сям’і, — перакананы дырэктар каледжа Аляксандр Улаховіч. — Мы ажыццяўляем падрыхтоўку спецыялістаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кваліфікацыях “тэхнік абутковай вытворчасці”,“мастак-мадэльер” і на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі па кваліфікацыях “аператар ЭВМ”, “цырульнік”, “зацяжчык абутку”,“зборшчык абутку”,“раскройшчык матэрыялаў”.
Як паказвае шматгадовая практыка ўзаемаадносін каледжа з прадпрыемствамі-вытворцамі, попыт на яго выпускнікоў стабільна перавышае прапанову. Працаўладкаванне стапрацэнтнае. Пасля заканчэння каледжа маладых спецыялістаў чакаюць вядучыя галіновыя прадпрыемствы, сярод якіх — ТАА “Кіруючая кампанія холдынга “Беларуская гарбарна-абутковая кампанія “Марка”, вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Сан Марка”, адкрытае акцыянернае таварыства “Чырвоны Кастрычнік”, СТАА “Белвест”, унітарнае вытворчае прадпрыемства “Вітміл”, ТАА фірма “Новы век”. Пры жаданні можна вучыцца далей — паслядоўна на ступенях сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі са скарочаным тэрмінам навучання.
— Праца абутніка садзейнічае стварэнню іміджу любога чалавека, — акцэнтуе ўвагу намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Юлія Анціп’ева. — Якасны абутак завяршае вобраз, падкрэслівае статус яго ўладальніка. Вядома, абутак распрацоўваюць мадэльеры, тэхнолагі ўкараняюць мадэлі ў вытворчасць, але самае галоўнае — высокакваліфікаваныя рабочыя і спецыялісты, якія вырабляюць прадукцыю для спажыўцоў. У каледжы працуюць вопытныя выкладчыкі. Многія з іх — выпускнікі нашай установы адукацыі і Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Практычныя навыкі навучэнцам дапамагаюць набыць высокакваліфікаваныя майстры вытворчага навучання, пераважная большасць якіх мае вопыт працы на вытворчасці.
Каледж супрацоўнічае з базавымі прадпрыемствамі. Там выпускнікі праходзяць вытворчую і пераддыпломную практыку. Кожнае прадпрыемства імкнецца па-свойму матываваць навучэнцаў да далейшай працы ў сваім калектыве. Напрыклад, “Белвест” практыкуе дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы. Падчас навучання, акрамя стыпендыі (яе назначаюць навучэнцам, якія паступілі ў каледж на аснове агульнай сярэдняй адукацыі ці вучацца на ступені сярэдняй спецыяльнай адукацыі) або бясплатнага харчавання (аднаразовае — усім навучэнцам, хто паступіў у каледж на аснове агульнай базавай адукацыі; трохразовае гарачае харчаванне — тым юнакам і дзяўчатам, якія маюць у ім патрэбу), кожнаму мэтавіку налічваецца яшчэ і дадатковая выплата ад будучага работадаўца — на сёння гэта 84,6 руб. Падчас праходжання вытворчай практыкі “Белвест” выдзяляе навучэнцам грошы на харчаванне, прапаноўвае дваццаціпрацэнтную скідку на набыццё сваёй прадукцыі.
Па словах Юліі Анціп’евай, зараз асноўны попыт на рынку працы на спецыялістаў сярэдняга звяна з кваліфікацыяй “тэхнік”. Гэта ўніверсальныя спецыялісты, яны, як правіла, пачынаюць сваё навучанне з рабочых прафесій, а затым атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, могуць пры неабходнасці ўкараніць у вытворчасць любую інжынерную задумку. Абутковыя прадпрыемствы таксама вітаюць выпускнікоў каледжа з такой кваліфікацыяй.
Якасны абутак немагчыма вырабіць без глыбокіх ведаў прафесіі і творчага падыходу да яе. У каледжы ўпэўнены: абутнік — прафесія творчая. Новыя модныя калекцыі абутку, сумак і скураных вырабаў, падрыхтаваныя майстрамі вытворчага навучання разам з навучэнцамі, карыстаюцца нязменным поспехам на выставе фіналістаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці. Традыцыйна — штогод на працягу больш чым дзесяцігоддзя — калекцыі становяцца дыпламантамі І ступені. Навучэнцам вельмі падабаецца вырабляць арыгінальны абутак, а яшчэ больш — дэманстраваць яго. Тэатры мод “Крона” і “Стыль” вучаць рабіць гэта з вытанчанай лёгкасцю прафесійных мадэлей. Дарэчы, пасля ўдзелу ў выставах класічныя і авангардныя, рамантычныя і дзёрзкія, але заўсёды камфортныя, вельмі прыгожыя якасныя вырабы віцебскіх майстроў звычайна прапаноўваюцца ў продаж: іх набываюць або самі аўтары, або віцябляне і госці горада.
— Нашы першакурснікі на занятках асвойваюць простыя аперацыі, такія як зборка падкладкі, склейванне верху з падкладкай. Жадаючых удасканаліць уласнае майстэрства, азнаёміцца са складанымі аперацыямі па раскроі, пашыве, зацяжцы запрашаюць гурткі і аб’яднанні па інтарэсах, — адзначае старшы майстар Ірына Баркоўская. — Дадатковыя веды — гэта дадатковыя сацыяльныя гарантыі і магчымасці прафесійнага росту нашых выпускнікоў. Напрыклад, зборшчык абутку, які наведваў гурток па раскроі, пры неабходнасці можа перайсці на работу раскройшчыка. Актыўным гурткоўцам значна прасцей вучыцца на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай адукацыі, бо яны ўжо дасканала ведаюць тэхналагічны працэс. Што да калекцый, то ў іх усё прадумана да дробязей. Найперш яны дапамагаюць нам арганізаваць безадходную вытворчасць: сумкі, дробная скургалантарэя адшываюцца з матэрыялаў, якія засталіся пасля пашыву абутку. Акрамя таго, мы стараемся ствараць каляровыя калекцыі — яркія, кідкія. Зараз многія людзі імкнуцца выглядаць эксклюзіўна, таму ў некаторыя нашы калекцыі ўваходзяць скураныя плашчы, паліто. У вырабах могуць спалучацца 3—4 віды скуры, іншыя матэрыялы. Галоўнае патрабаванне — завершаны вобраз, ідэальная гармонія.
Запіс у гурткі тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на аўтарскія майстар-класы адкрыты і для школьнікаў: каледж актыўна супрацоўнічае з установамі агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках шостага школьнага дня. Да работы з патэнцыяльнымі абітурыентамі актыўна падключаюцца базавыя прадпрыемствы. Так, сёлета “Белвест” выступіў ініцыятарам выязнога прафарыентацыйнага мерапрыемства для выпускнікоў школ Гарадоцкага раёна: яны разам з бацькамі прыехалі ў каледж на дзень адкрытых дзвярэй, а потым былі запрошаны на прадпрыемства, каб азнаёміцца з умовамі працы на вытворчасці. Раней аналагічныя экскурсіі праводзіліся для выпускнікоў школ абласнога цэнтра.
Навучэнцы і майстры пільна сочаць за моднымі тэндэнцыямі, вывучаюць новыя тэхнікі. Нядаўна, напрыклад, асвоілі роспіс па скуры. Новыя віды скуры, сучасную фурнітуру каледж набывае на “Марка”; прадпрыемства таксама прадастаўляе калодкі для зацяжкі. А вось тэхналогію, у адрозненне ад тэхнік і матэрыялаў, майстры стараюцца захаваць класічную. Менавіта ручная зацяжка дазваляе ствараць эксклюзіўны абутак экстракласа.
Віцебскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці практычна адзіны ў краіне займаецца пашывам абутку са скуры па індывідуальных заказах, у тым ліку для мастацкай самадзейнасці. У верасні — кастрычніку з заказамі да майстроў найчасцей звяртаюцца танцавальныя калектывы, напярэдадні Новага года — Дзяды Марозы і Снягуркі. Сцэнічны абутак акцёраў знакамітай віцебскай “Лялькі” і акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа таксама зроблены ў каледжы. Таму не здзіўляйцеся, калі пачуеце ў майстэрнях: “Мы абулі прынца Дацкага” або “Я зараз шыю чаравічкі для Папялушкі”.
Каледж не толькі рыхтуе кадры, але і выконвае важную сацыяльную місію: на базе ўстановы трынаццаты год дзейнічае Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— У нас займаюцца асаблівыя навучэнцы, у тым ліку з парушэннем слыху, зроку, апорна-рухальнага апарату, — расказвае загадчык цэнтра Аляксандра Коцікава. — Мы прадастаўляем спецыяльныя адукацыйныя паслугі, якія забяспечваюць атрыманне навучэнцамі спецыяльнасцей і кваліфікацый у адпаведнасці з іх магчымасцямі і аблягчаюць працэс інтэграцыі ў грамадства. У цэнтры вядзецца вялікая выхаваўчая работа, накіраваная на сацыялізацыю. З навучэнцамі працуюць сацыяльны педагог, псіхолаг і сурдаперакладчык. У праграму ўведзены спецыяльны прадмет “Сацыяльнае арыентаванне”. Людзі з асаблівасцямі, як і ўсе, мараць аб месцы пад сонцам, і наша задача — дапамагчы ім у гэтым. Напрыклад, пасля школы да нас паступаюць дзеці з парушэннем слыху з Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай абласцей, атрымліваюць прафесійную адукацыю і першае рабочае месца. Эксперымент па абсталяванні спецыяльных рабочых месцаў для людзей з парушэннем слыху ў Віцебску падтрымалі і паспяхова ажыццявілі спачатку буйныя, а цяпер фактычна ўсе абутковыя прадпрыемствы.
Акрамя абутнікаў, установа адукацыі рыхтуе спецыялістаў для прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання — цырульнікаў. Гэтая прафесія таксама патрабуе творчасці і фантазіі, пастаяннага развіцця і самаўдасканалення. Аб узроўні выкладання гэтай спецыяльнасці ў каледжы сведчыць прызнанне і поспехі вядучых прафесіяналаў. Так, у верасні прадстаўнікі каледжа ўпершыню ўдзельнічалі ў конкурсе “Неўскія берагі” ў Санкт-Пецярбургу. Дадому вярнуліся з дыпломамі і мноствам новых крэатыўных ідэй.
Напрыканцы нельга не адзначыць выдатную матэрыяльную базу Віцебскага каледжа лёгкай прамысловасці. Вучэбна-вытворчыя аб’екты адпавядаюць сучасным стандартам, ёсць камфартабельны інтэрнат з новай мэбляй, сталовая, стадыён і спартыўная зала, працуе клас лячэбнай фізкультуры. Акрамя таго, зараз завяршаецца абсталяванне трэнажорнай залы. Фактычна гэта кампактны студэнцкі гарадок з развітой інфраструктурай. І ён з нецярплівасцю чакае знаёмства са сваімі новымі жыхарамі.
Таццяна БОНДАРАВА.