Аграмеханічны факультэт знаходзіцца ў самым сэрцы студэнцкага гарадка Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Гэтае падраздзяленне — самае “дарослае” ва ўніверсітэце, і яго гісторыя — значная частка станаўлення вышэйшай навучальнай установы.
Факультэт вядзе падрыхтоўку па дзвюх спецыяльнасцях: “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” і “Праектаванне і вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі”. На першай тэрмін навучання для выпускнікоў каледжаў складае 3 гады, для абітурыентаў пасля школы — 4. Другая карыстаецца попытам у школьнікаў, што скончылі 11 класаў (тут вучацца 4 гады). Выпускнікам абедзвюх спецыяльнасцей прысвойваецца кваліфікацыя “інжынер”.
На спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” без уступных экзаменаў могуць паступіць пераможцы міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — 2020 (калі гэты прадмет з’яўляецца другім прадметам уступнага іспыту), выпускнікі школ, прафесійна-тэхнічных устаноў і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія маюць атэстат з адзнакай. Таксама ў гэтую катэгорыю ўваходзяць выпускнікі аграрных класаў з адзнакамі, не ніжэйшымі за 7, па прадметах, якія адпавядаюць профільным выпрабаванням, і наяўнасцю мэтавага накіравання.
За перыяд навучання ў студэнтаў ёсць магчымасць асвоіць не толькі асноўную, але і дадатковую рабочую прафесію (слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання). А пасля 3 курса большасць маладых людзей атрымлівае пасведчанне вадзіцеля транспартных сродкаў катэгорыі “В” і трактарыста-машыніста катэгорыі А, В і Д.
— Калі па нейкіх прычынах чалавек не можа давучыцца ва ўніверсітэце, пасведчанне аб атрыманні рабочай прафесіі дае яму магчымасць працаваць не толькі рознарабочым, — расказвае намеснік дэкана аграмеханічнага факультэта Аляксей Іваноў.
Аляксей Валер’евіч спыняе ўвагу на спецыяльнасці “Праектаванне і вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі”, якая дазваляе выпускнікам атрымаць шырокі спектр запатрабаваных у цяперашні час кампетэнцый. У межах адукацыйнага працэсу студэнты вывучаць работу дадаткаў і праграм, што выкарыстоўваюцца ў канструктарскіх бюро, праектных арганізацыях і навукова-даследчых інстытутах.
На 1 курсе робіцца ўхіл на агульнатэхнічныя дысцыпліны (напрыклад, без хіміі, фізікі і матэматыкі не абыходзіцца ні адзін інжынер), а пачынаючы з 2-га, студэнты паглыбляюцца ў спецыяльныя прадметы. Сярод іх — “Трактары і аўтамабілі”, “Тэхналогіі і тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці прадуктаў раслінаводства”, “Тэхналогіі і тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці прадуктаў жывёлаводства”, “Машыны і абсталяванне ў раслінаводстве” (для спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”) і “Праектаванне сельскагаспадарчай тэхнікі”, “Выпрабаванне сельскагаспадарчых машын”, “Аўтаматызацыя тэхнічных аперацый”, “Сістэмы аўтаматызаванага праектавання” (для спецыяльнасці “Праектаванне сельскагаспадарчай тэхнікі”).
— Каб не было разрыву паміж спецыяльнасцямі, мы даём механікам (так тут называюць студэнтаў, якія вучацца па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”) асновы праектавання сельскагаспадарчай тэхнікі, — гаворыць Аляксей Іваноў.
Шмат часу будучыя інжынеры праводзяць у лабараторыях, робяць дыягностыку магчымых паломак, разбіраюцца ў спецыфіцы работы пэўных дэталей, выконваюць замеры глебы, ставяць эксперыменты, выпрабоўваюць глебаапрацоўчыя прылады і да т.п. Тут тэрміны, якія не толькі складана выгаварыць, але і прачытаць, з дапамогай майстроў вытворчага навучання становяцца даступнымі і зразумелымі.
На факультэце перакананы: узаемадзеянне паміж студэнтамі і выкладчыкамі — самае важнае, што можа быць у адукацыйным працэсе, бо, калі студэнт не зацікавіцца асобай педагога, высокіх планак у навучанні дасягнуць не атрымаецца.
— Мая задача — матываваць студэнтаў на вывучэнне розных аспектаў сельскай гаспадаркі, — гаворыць майстар вытворчага навучання Аляксандр Станкевіч. — Задаеш пытанні накшталт: “Ці ведаеце 7 законаў земляробства?”, “На якую глыбіню трэба высаджваць бульбу?” і бачыш, як расце іх цікавасць.
Маладыя людзі, якія хутка асвойваюцца ва ўніверсітэце, займаюцца навукай. З 2 курса студэнты замацоўваюцца за пэўнай кафедрай і выбіраюць навуковага кіраўніка, з якім камунікуюць па пытаннях курсавых праектаў. Так, паступова назапашваючы тэарэтычны і практычны матэрыял, яны з грунтоўным багажом падыходзяць да выканання дыпломных работ. Па словах Аляксея Валер’евіча, актуальнымі сёння з’яўляюцца пытанні лічбавай і экалагічна чыстай сельскай гаспадаркі, малочнай жывёлагадоўлі, развіцця ўзораў новай тэхнікі. У межах сваіх работ студэнты вывучаюць дзеючыя сітуацыі ці абсталяванне, што задзейнічана ў аграрным сектары ці на вытворчасці, а затым прапануюць сродкі і спосабы па іх удасканаленні.
Трэцякурснік Аляксандр Мазюк выбраў спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”. Хлопец прыехаў у Мінск з г.п. Новая Ельня Дзятлаўскага раёна. Пра аграмеханічны факультэт юнак даведаўся ад сяброў, якія вучыліся тут. Іх рэкамендацыі паўплывалі на выбар прафесіі.
— Сельская гаспадарка — гэта нялёгкая праца. Мне здалося, што з часам я таксама магу ўнесці свой уклад у развіццё гэтай галіны, — кажа студэнт.
Па словах Сашы, адна з самых запамінальных і цікавых частак вучобы на факультэце — практыка. Ён з задавальненнем расказвае пра свой вопыт работы з трактарам на эксперыментальнай базе імя Катоўскага і гаворыць, што пасля гэтага стаў лепш адчуваць тэхніку. У будучыні хлопец хоча стаць галоўным спецыялістам і працаваць бліжэй да роднай мясцовасці: ён цалкам згодны з народнай мудрасцю “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”.
Дарэчы, азнаямленчая практыка тут пачынаецца на 1 курсе, літаральна пасля знаёмства выпускнікоў школ з факультэтам (яе на факультэце называюць маленькай вандроўкай у будучыню). Такі падыход дазваляе маладым людзям канчаткова зразумець, ці падыходзіць ім выбраная прафесія, асэнсаваць, з чым прыйдзецца сутыкацца ў далейшым. На 3 курсе праходзіць яшчэ адна вучэбная практыка (4 тыдні). Пасля чарга за вытворчымі: самай вялікай па працягласці (20 тыдняў) і пераддыпломнай (4 тыдні).
— Галоўны станоўчы момант заключаецца ў тым, што зацікаўленыя і захопленыя студэнты могуць зарэкамендаваць сябе і паспрабаваць сілы на розных прадпрыемствах. Бывае, што кіраўнік зацікаўлены ўзяць выпускніка, а ён выбірае іншую арганізацыю, якая яму больш падыходзіць, — адзначае намеснік дэкана.
Для абітурыентаў, што паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, праводзіцца асобны конкурс. Сёння колькасць студэнтаў-мэтавікоў на аграмеханічным факультэце складае каля 60%.
Выпускнікоў факультэта (штогод каля 200 чалавек) чакаюць у многіх гаспадарках і прадпрыемствах краіны. Найбуйнейшыя сярод іх — “Амкадор”, Мінскі трактарны завод, Навукова-практычны цэнтр НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі, завод колавых цягачоў, 1-я мінская птушкафабрыка, агракамбінат “Дзяржынскі” і інш.
Другакурснік Сяргей Ніканаў (спецыяльнасць — “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”) паступіў у БДАТУ пасля Мар’інагорскага агратэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка.
— У нашай сям’і чацвёра сыноў. І жыццё ў вёсцы (юнак нарадзіўся ў в.Зубялевічы Ляхавіцкага раёна) так ці інакш звязана з сельскай гаспадаркай. Дзядуля працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады, тата-вадзіцель таксама стараўся далучаць нас да працы з тэхнікай, — дзеліцца студэнт. — Пасля каледжа выбраў аграмеханічны факультэт, бо ў нашай галіне чым больш ведаеш, тым лепш. Тут даюць грунтоўную базу для рэалізацыі ў прафесіі: выкладчыкі ў аўдыторыях часта расказваюць гісторыі з іх практыкі, з якімі ў будучыні можам сутыкнуцца мы.
Студэнты ўпэўнены: самае важнае — жаданне вучыцца і цікавіцца тым, што адбываецца ў сельскай гаспадарцы. А ўсяму астатняму навучаць.
— Абітурыенту аграмеханічнага факультэта трэба мець жаданне даведавацца, як уладкаваны навакольны свет, — лічыць Аляксей Іваноў. — Сярод будучых студэнтаў хацелася б бачыць людзей, здольных думаць тэхнічна, і тых, у каго ёсць цяга да ручной работы, праектавання, мадэлявання і цікавасць да базавых камп’ютарных праграм.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.