Не ўвайсці — уварвацца ў будучыню

Сёлета Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт будзе адзначаць 100-гадовы юбілей і ўсю прыёмную кампанію выбудоўвае з прывязкай да знамянальнай даты. На працягу ўсяго красавіка тут праводзіліся дні адкрытых дзвярэй, у якіх прымалі ўдзел не толькі кіраўнікі ўніверсітэта і яго асобных падраздзяленняў, выкладчыкі, студэнты, але і вядомыя выпускнікі БНТУ — інжынерная эліта краіны. Такім чынам вядучы тэхнічны ўніверсітэт вырашыў прадэманстраваць свае набыткі: інтэлект, вопыт, каштоўнасныя арыенціры, выпрацаваныя многімі пакаленнямі палітэхаўцаў. І разам з тым мы ўбачылі пошук, амбіцыі, сучасныя падыходы, імкненне не ўвайсці — уварвацца ў наступны век.

У найбліжэйшы час тут абяцаюць шмат новага: вялікі ўніверсітэт генерыруе мноства ідэй, і 35-тысячнаму калектыву па сілах ажыццявіць любую з іх. Таму ў наступныя месяцы, што папярэднічаюць юбілею, у нас з’явіцца шмат нагод для цікавых рэпартажаў з БНТУ. Сённяшняя нагода павінна зацікавіць абітурыентаў: універсітэт абвяшчае набор на цэлы шэраг новых спецыяльнасцей і спецыялізацый.

Праектаванне і эксплуатацыя АЭС

Энергетычны факультэт — адзін са старэйшых у БНТУ, як і сам універсітэт вядзе сваю гісторыю са снежня 1920 года. Усё пачыналася з падрыхтоўкі інжынераў для эксплуатацыі невялікіх электрастанцый, якія будаваліся тады для асвятлення гарадоў, электразабеспячэння гарадскога транспарту і буйных фабрык. А сёння факультэт рыхтуе спецыялістаў для ўсёй энергетычнай галіны, у тым ліку атамнай.

У 2008 годзе тут была адкрыта новая для краіны спецыяльнасць — “Паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый”. У працэсе навучання студэнты атрымліваюць глыбокую тэарэтычную падрыхтоўку па фундаментальных дысцыплінах і набываюць веды па ўсёй тэхналагічнай схеме вытворчасці электраэнергіі на АЭС. Праграмай прадугледжана вывучэнне ядзернай фізікі, работы ядзерных энергетычных рэактараў, асноў радыяцыйнай бяспекі.

Ужо адбылося 7 выпускаў інжынераў па згаданай спецыяльнасці. А з гэтага года праграма падрыхтоўкі атрымлівае новае напаўненне, і на ранейшай базе адкрываецца спецыяльнасць  “Праектаванне і эксплуатацыя атамных электрычных станцый”. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-энергетык”. Адметна, што, акрамя глыбокага вывучэння фундаментальных дысцыплін, у вучэбны план спецыяльнасці ўваходзяць дысцыпліны, якія тычацца работы асноўнага абсталявання цеплавых электрастанцый. Гэта дае магчымасць выпускнікам працаваць не толькі на АЭС, але таксама і на традыцыйных ЦЭС.

Улічваючы неабходнасць укаранення прынцыпаў “зялёнай” эканомікі і, як вынік, попыт рэальнага сектара на спецыялістаў у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі і цыркулярнай эканомікі, факультэт плануе ў 2021 годзе адкрыць новую спецыяльнасць — “Перапрацоўка другасных рэсурсаў”.

Таксама на наступны год плануецца адкрыццё спецыяльнасці “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”. Сёння пад­рыхтоўку па ёй вядуць толькі БДУ і Акадэмія кіравання. Калі ўсё атрымаецца, то БНТУ стане трэцяй установай адукацыі, якая будзе рыхтаваць спецыялістаў па гэтым напрамку.

Бяспека прамысловага прадпрыемства

На факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ адкрываецца новы напрамак спецыяльнасці “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” — эканамічная бяспека прамысловага прадпрыемства. Як паведаміў дэкан факультэта Генадзь Броўка, упершыню ў СНД з’явілася магчымасць атрымаць спецыяльнасць інжынерна-эканамічнага профілю ў галіне эканамічнай бяспекі.

Для паступлення абітурыенты павінны здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па матэматыцы, замежнай мове, рускай ці беларускай мове (на выбар). Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-эканаміст”.

— Унікальнасць спецыяльнасці — у выключным наборы інжынерных, эканамічных і кіраўнічых кампетэнцый, — тлумачыць Генадзь Міхайлавіч. — Сучасныя прадпрыемствы сутыкаюцца з мноствам выклікаў, рызык, пагроз, і спецыялісты ў галіне эканамічнай бяспекі, якія арыентуюцца ў сітуацыі, бу­дуць вельмі запатрабаваны.

У сферу кампетэнцый інжынера-эканаміста ўваходзіць ацэнка камерцыйнага, тэхніка-тэхналагічнага, інфармацыйнага, арганізацыйна-кіраўнічага, экалагічнага, інтэлектуальнага і кадравага складнікаў эканамічнай бяспекі прадпрыемства. Іншымі словамі, гэта спецыяліст шырокага профілю, які ведае не толькі традыцыйны комплекс эканамічных дысцыплін, але і новыя актуальныя напрамкі, напрыклад, дыджытал-маркетынг, прамысловы інтэрнэт рэчаў і інш.

Выпускнікі змогуць працаваць у камерцыйных арганізацыях, рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання, галіновых міністэрствах і ведамствах.

Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне

Сёлета на факультэце транспартных камунікацый у рамках спецыяльнасці “Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне” з’явіцца новая, таксама ўнікальная для нашай краіны спецыялізацыя — “Інавацыйнае абсталяванне для атрымання прадуктаў з адпрацаваных будаўнічых канструкцый”.

Як паведаміў дэкан Сяргей Краўчанка, выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер”. Яны змогуць займацца праектаваннем, вытворчасцю, эксплуатацыяй і рамонтам спецыяльных пад’ёмна-транспартных машын і абсталявання для атрымання запатрабаваных прадуктаў з адпрацаваных будаўнічых канструкцый. Таксама яны будуць запатрабаваны ў сферы будаўніцтва, дарожнага будаўніцтва, эксплуатацыі і абслугоўвання абсталявання.

Дарэчы, спецыяльнасці “Машыны і тэхналогія апрацоўкі матэрыялаў ціс­кам”, “Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці”, “Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка” адносяцца да вострадэфіцытных. Школьныя медалісты, выпускнікі ўстаноў ПТА і ССА, якія маюць дыплом з адзнакай, а таксама прызёры рэспубліканскіх і абласных алімпіяд маюць магчымасць паступіць на гэтыя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў.

Біятэхнічныя медыцынскія апараты і сістэмы

Прыборабудаўнічы факультэт у рамках спецыяльнасці “Біятэхнічныя медыцынскія апараты і сістэмы” адкрывае адразу дзве спецыялізацыі: “Тэхнічныя сродкі дыягностыкі і лячэння” і “Тэхнічныя сродкі замены органаў і рэабілітацыя”.

— Адкрываючы згаданыя спецыялізацыі, мы хочам даць штуршок развіццю новых напрамкаў, якія займаюцца распрацоўкай і выпускам пратэзаў розных відаў, эндапратэзаў сасудаў, клапанаў сэрца і медыцынскага абсталявання. Медыцыне, як ніколі, патрэбны такія спецыялісты, — заўважыў дэкан прыборабудаўнічага факультэта Аляксандр Свістун.

Студэнты спецыяльнасці “Біятэхнічныя медыцынскія апараты і сістэмы” вывучаюць усе вядомыя фізічныя прынцыпы, пакладзеныя ў аснову сучасных тэхнічных прылад для дыягностыкі і лячэння. Акрамя таго, яны праходзяць курс фізіялогіі і анатоміі чалавека ў медыцынскім універсітэце, а практыку — у медыцынскіх установах і на прадпрыемствах, якія вырабляюць медтэхніку. Вялікая ўвага пры падрыхтоўцы ўдзяляецца пытанням канструявання медыцынскіх прыбораў, апаратаў і сістэм замены страчаных органаў, спецыялізаваных трэнажораў для лячэння і рэабілітацыі інвалідаў і тэхналогіі іх вырабу.

Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-электрамеханік”. Яны могуць працаваць на прадпрыемствах, якія займаюцца распрацоўкай і вырабам медтэхнікі, у лячэбна-дыягнастычных медыцынскіх установах, у тым ліку навукова-даследчых інстытутах медыка-біялагічнага напрамку, якія маюць у эксплуатацыі найскладанейшыя прыборы і апараты для дыягностыкі і лячэння, медыцынскае абсталяванне і розныя біятэхнічныя сістэмы для карэкцыі стану арганізма, а таксама для медыка-біялагічных даследаванняў.

— Наша краіна ўзяла курс на распрацоўку і выраб імпартазамяшчальнай медыцынскай тэхнікі, а таму запатрабаванасць нашых выпускнікоў будзе з кожным годам павялічвацца, — сказаў Аляксандр Свістун.

Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці

Сёлетнім абітурыентам механіка-тэхналагічнага факультэта, якія выберуць спецыяльнасць “Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці”, прапаноўваецца спецыялізацыя “Адытыўныя тэхналогіі ў ліцейнай вытворчасці”.

— Акрамя базавых ведаў у галіне ліцейнай вытворчасці, студэнты гэтай спецыялізацыі авалодаюць навыкамі мадэлявання і праектавання ліцейных працэсаў, асвояць перадавыя тэхналогіі прататыпавання і вырабу аснасткі, такія як стэрэалітаграфія, звышвысокачастотнае і лазернае спяканне, фотапалімерызацыя, 3D-друк і іншыя, — патлумачыў дэкан Ігар Іваноў. — Канструктары і тэхнолагі, якія валодаюць ведамі і навыкамі ў галіне адытыўных тэхналогій, — адны з найбольш запатрабаваных спецыялістаў на машынабудаўнічых і метала­апрацоўчых прадпрыемствах.

Таксама сёлета праводзіцца набор студэнтаў на новую спецыялізацыю — “Камп’ютарнае праектаванне ліцейных і металургічных працэсаў” — у рамках спецыяльнасці “Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка”.

Электрычны і аўтаномны транспарт

На аўтатрактарным факультэце зрабілі рэбрэндынг спецыяльнасці “Гарадскі электрычны транспарт”, і сёлета ­набор будзе ажыццяўляцца па абноўленай спецыяльнасці — “Электрычны і аўтаномны транспарт”.

— Гэта не проста змена назвы, розніца істотная, — запэўніў дэкан Дзяніс Капскі. — Так, мы перапрацавалі многія дысцыпліны. І калі першы год увесь факультэт вывучае агульнатэхнічныя дысцыпліны, фізіку, матэматыку, інжынерную графіку, то з другога курса пачынаецца зусім новая праграма. Нам пашчасціла атрымаць грант фінансавай падтрымкі развіцця адукацыі, і выдзелена дастаткова сродкаў на закупку суперсучаснага абсталявання. Абітурыенты, якія паступяць у гэтым годзе, ужо змогуць на ім вучыцца і працаваць.

Звяртаем увагу на спецыяльнасці, якія не з’яўляюцца для БНТУ новымі, але падрыхтоўка па якіх пашыраецца. Так, упершыню адкрыты набор на дзённую скарочаную форму навучання па спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” (факультэт маркетынгу і менеджменту тэхналогій), а таксама на завочную скарочаную форму па спецыяльнасці “Водазабеспячэнне, водаадвя­дзенне і ахова водных рэсурсаў” (факультэт энергетычнага будаўніцтва).

Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-электрамеханік” і будуць падрыхтаваны для работы па канструяванні, даследаванні, вытворчасці, эксплуатацыі і сэрвісным абслугоўванні транспартных сродкаў з аўтаматызаваным цягавым электрапрыводам, а таксама сістэм іх электразабеспячэння. Яны могуць паспяхова працаваць у тэхнічных службах трамвайных і тралейбусных дэпо, у метрапалітэне, на прадпрыемствах, якія выпускаюць тралейбусы, трамваі, электрамабілі, транспартныя сродкі з электрычнымі трансмісіямі, у навукова-даследчых і праектна-канструктарскіх арганізацыях.


Дарэчы, у наступным годзе ў БНТУ плануецца адкрыць новую спецыяльнасць — “Прамысловы дызайн” з некалькімі напрамкамі: дызайн транспартных сродкаў — на аўтатрактарным факультэце, дызайн вытворчага абсталявання — на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі.

Нагадаем, у БНТУ няма электроннага залічэння, але практыкуецца агульны конкурс на групы роднасных спецыяльнасцей (як правіла, у рамках аднаго факультэта). У 2020 годзе тут пла­нуюць прыняць на вучобу амаль 3 тысячы чалавек за кошт бюджэту і 1,5 тысячы — на ўмовах аплаты. Абітурыентам прапаноўваецца каля 90 спецыяльнасцей — ёсць з чаго выбіраць! І ёсць куды імкнуцца.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прэс-службы БНТУ.