Пра вынікі работы Юрыя Уладзіміравіча Развіна мы ўжо пісалі (нумар ад 13 лютага). Нагадаем, што з двух класаў, якія ён выпусціў у гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага Мінска, цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы здавалі 26 чалавек. У выніку адзін вучань Ю.М.Развіна атрымаў 100 балаў, 5 — па 96 балаў, 8 — у дыяпазоне ад 90 да 95 балаў. Сярэдні паказчык — 82 балы. Мы пацікавіліся ў Юрыя Уладзіміравіча, як жа трэба вучыць фізіцы, каб атрымаўся такі бліскучы вынік.
— Нейкіх асаблівых прафесійных сакрэтаў няма. Проста трэба працаваць — і тады ўсё атрымаецца.
І неабходна разумець, што ў гімназію заведама прыходзяць матываваныя дзеці, якія хочуць і ўмеюць вучыцца. Хто — больш, хто — менш, але галоўнае — усе настроены на вучобу. Часцей за ўсё ў гэтых дзяцей вельмі добрыя сямейныя карані: іх блізкія разумеюць каштоўнасць ведаў. Ды і сама гімназічная абстаноўка, створаная педагогамі і ўсім калектывам, садзейнічае працэсу пазнання. Тут усё нацэлена на тое, каб дзеці вучыліся.
Таму мая работа — гэта толькі адзін складнік поспеху выпускнікоў. Найважнейшую ролю тут адыгрываюць іх сем’і і навучальная ўстанова. Напрыклад, дасягненні маіх вучняў у галіне фізікі ў многім сталі магчымымі таму, што ў гімназіі — вельмі моцная матэматыка. У дзяцей добра развіта логіка, ёсць пачуццё лічбы, яны ўмеюць хутка і правільна рашаць задачы.
На мой погляд, установа адукацыі перш за ўсё павінна навучыць дзяцей вучыцца і стварыць ім адпаведныя ўмовы. Калі ў дзяцей ёсць прага да вучобы, то ўсё ў іх атрымаецца.
— Напэўна, Юрый Уладзіміравіч, не ўсё так проста. Многія лічаць фізіку вельмі складаным прадметам…
— Цяжка сказаць, адкуль пайшлі гэтыя забабоны. Ёсць старая ісціна, што толькі ў фізіцы — соль. Гэта навука аб прыродзе, і калі вы пражылі пэўную колькасць гадоў, значыць, так ці інакш займаецеся фізікай. Цяжкая яна толькі для тых, хто яе не вучыць. Зрэшты, гэта можна сказаць пра любы прадмет, нават пра спевы.
— Вы актыўна далучаеце сваіх вучняў да навуковай творчасці. Магчыма, фізіка становіцца больш простай і зразумелай, калі яе “памацаць” рукамі? Як захапіць дзяцей навукай?
— Для меншых школьнікаў (напрыклад, для сямікласнікаў) вынік павінен быць бачны літаральна адразу. Таму ім я паказваю эфектныя доследы, раблю іх падрабязнае апісанне. Часта запрашаю дзяцей ва ўніверсітэт (Ю.У.Развін — дацэнт кафедры эксперыментальнай і тэарэтычнай фізікі прыборабудаўнічага факультэта БНТУ — Г.С.), дзе яны маюць магчымасць азнаёміцца з розным абсталяваннем і нават штосьці выканаць сваімі рукамі.
Што да старшакласнікаў, то, шчыра кажучы, ім я даю тыя тэмы, якія цікавыя мне. Проста даўно заўважана: тым, хто цягнецца да навукі, будзе цікава амаль усё, а каму навука не патрэбна — прыцягнуць іх вельмі складана. Зноў жа, выбіраю тэму з улікам таго, якая апаратура ёсць у нас на кафедры. Трэба сказаць, што ў БНТУ праходзіць штогадовая студэнцкая навуковая канферэнцыя, і гімназісты рэгулярна дакладваюць там свае вынікі.
На жаль, навуковая творчасць амаль сышла з масавай школы. Я часта пытаюся ў студэнтаў: чым яны займаліся, калі былі школьнікамі? І мне расказваюць, што ігралі на гітары, гулялі ў футбол і г.д. Забавы часта падаюцца як дасягненні, і ўсё менш і менш студэнтаў расказваюць, што ўдзельнічалі ў алімпіядах, займаліся навуковай творчасцю. Калі я пачынаў сваю дзейнасць у БДУ, у мяне было шмат студэнтаў, з якімі мы пазнаёміліся яшчэ да іх паступлення — на розных конкурсах і алімпіядах. А зараз такое здараецца вельмі рэдка.
— Напэўна, у гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны: школам банальна бракуе абсталявання…
— Так, матэрыяльная база ў школах, на жаль, вымушае чакаць лепшага. Старыя прыборы зламаліся ад частага дотыку дзіцячых рук, а новых або ўвогуле няма, або яны настолькі дарагія, што набыць іх складана. А бывае і так, што новыя прыборы не адпавядаюць зместу школьных падручнікаў. Атрымліваецца неадпаведнасць: чытаеш адно, а ў руках трымаеш зусім іншае.
Вы, напэўна, ведаеце знакамітую прымаўку: “Скажы мне — я забуду, пакажы мне — я запомню, дай мне зрабіць — і я зразумею”. Дык вось толькі калі дзіця зробіць штосьці сваімі рукамі, яно зможа зразумець гэта да канца. На жаль, фізіка ператвараецца ў “крэйдавую” навуку: многія эксперыменты ў школе малююць крэйдай на дошцы.
Мне, аднак, плакацца сорамна. У 41-й гімназіі матэрыяльна-тэхнічная база нармальная. Я працую ў фізіка-матэматычных класах, і таму мне значна прасцей, чым іншым настаўнікам.
— Скажыце, Юрый Уладзіміравіч, як інфармацыйныя тэхналогіі дапамагаюць у вывучэнні фізікі? У інтэрнэце зараз можна знайсці адказ на любое пытанне, у пэўнай ступені ён можа кампенсаваць недахоп кніг ці неабходнага абсталявання…
— На жаль, тут больш шкоды, чым карысці. Дзеці шмат часу праводзяць у сацыяльных сетках і займаюцца там далёка не фізікай. Інфармацыйныя тэхналогіі карысныя найперш для выкладчыкаў, якія ведаюць, што ім трэба знайсці ў інтэрнэце, але не для школьнікаў і нават не для студэнтаў. Справа ў тым, што ў інтэрнэце ёсць шмат “жартаўнікоў”, якія свядома змяшчаюць хлуслівую інфармацыю. І гэтыя памылкі, якія спараджае інтэрнэт, мы даволі часта бачым на экзаменах і ў школе, і ва ўніверсітэце.
Магчыма, у хуткім часе гэтае ўяўленне зменіцца, але без кнігі пакуль ніяк не абысціся. На жаль, дзеці карыстаюцца падручнікамі толькі падчас вучобы, а потым вяртаюць іх у бібліятэку. Усё лета яны фактычна не маюць доступу да вучэбнай літаратуры. А кніга павінна быць дома заўсёды, каб можна было ў любы момант вярнуцца да ўжо пройдзеных тэм і нават зазірнуць наперад.
— У 41-й гімназіі вы працуеце пераважна са здольнымі дзецьмі, а студэнты ва ўніверсітэце маюць розную падрыхтоўку і матывацыю да вучобы. Скажыце, дзе вам цікавей працаваць — у гімназіі ці ва ўніверсітэце?
— Цікава ўсюды. Справа ў тым, што, працуючы ва ўніверсітэце, я бачу, чаго не хапае дзецям на ўзроўні школьнай праграмы. У той жа час, заходзячы ў аўдыторыю да першакурснікаў, я магу прадбачыць, дзе ў іх могуць быць недахопы ў ведах. І там, і там я магу ліквідаваць гэтыя недахопы.
— Якія парады вы даяце сваім вучням напярэдадні ЦТ?
— Напярэдадні ЦТ ужо нічога не кажу! Я ведаю ўзровень падрыхтоўкі кожнага свайго вучня, але разумею таксама, што могуць быць нейкія неспадзяванкі.
А ўвогуле лічу, што многія абітурыенты страчваюць балы з той прычыны, што прывыклі пастаянна спісваць: у суседа, з кніжкі, з інтэрнэту. І нават калі абітурыент правільна выконвае заданне, ён мае патрэбу зверыць свой адказ. Але на ЦТ ён знаходзіцца сам-насам і таму часта проста губляецца. Гэта адна з прычын страты балаў. Таму трэба вучыць дзяцей самастойнай рабоце, каб яны былі незалежнымі і давяралі сабе.
— Дзякуй, Юрый Уладзіміравіч, за гутарку.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.