Фізікі, знаёмыя з клятвай Гіпакрата

7 лістапада адзначаўся Сусветны дзень медыцынскай фізікі. Свята заснавана Міжнароднай арганізацыяй медыцынскіх фізікаў, каб нагадаць грамадству пра вялікі ўклад, які робяць гэтыя спецыялісты дзеля здароўя і жыцця мільёнаў людзей. Побач з урачамі яны забяспечваюць эфектыўнасць і бяспеку дыягностыкі і лячэння, вядуць профільныя навуковыя даследаванні, распрацоўваюць складаныя медыцынскія тэхналогіі.

Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава Белдзяржуніверсітэта адзіны ў нашай краіне ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасці “Медыцынская фізіка”.

Сяргей МАСКЕВІЧ:

“Высокатэхналагічнае абсталяванне, неабходнае для дыягностыкі і лячэння складаных захворванняў, абслугоўвае інжынер. Лячэннем пацыента займаецца ўрач. Але менавіта медыцынскі фізік разумее асаблівасці ўзаемадзеяння розных выпраменьванняў з жывымі клеткамі і тканкамі чалавека і можа падрыхтаваць працэдуру абследавання ці лячэння. Пры прамянёвай тэрапіі ён разлічвае індывідуальную бяспечную дозу і праводзіць апрамяненне пацыентаў”.

Прафесія будучыні

— Ва ўсе часы фізікі думалі пра тое, як вынікі іх даследаванняў могуць быць выкарыстаны ў медыцыне, — гаворыць дырэктар МДЭІ імя А.Д.Сахарава Белдзяржуніверсітэта Сяргей Маскевіч. — Я сумняваюся, што ёсць хоць адна кафедра на фізічным факультэце ці факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, дзе не працуюць у гэтым напрамку. У большасці дысертацыйных даследаванняў у галіне фізіка-матэматычных навук указваецца на магчымасць выкарыстання вынікаў у біялогіі і медыцыне. І так ва ўсім свеце: фізіка і ІТ прапаноўваюць усё новыя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння, што дапамагае вырашаць самыя складаныя медыцынскія задачы.

Што да спецыяльнасці “Медыцынская фізіка”, то яна з’явілася на Захадзе на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя і сёння адна з самых запатрабаваных і высокааплатных у краінах старой Еўропы і ЗША. У клініках па ўсім свеце працуюць 25 тысяч медыцынскіх фізікаў (каля трэці з іх — у Злучаных Штатах).

У Беларусі першы набор студэнтаў для навучання па гэтай спецыяльнасці адбыўся ў 2013 годзе.

— Дагэтуль у краіне таксама былі спецыялісты, але яны прыходзілі ў сістэму аховы здароўя з іншых навук і самі набывалі неабходныя для работы веды, — заўважыў Сяргей Аляксандравіч. — Можна сказаць, станавіліся медыцынскімі фізікамі ад жыцця, вучыліся, абаранялі дысертацыі па тэхнічных і нават біялагічных навуках. Але патрэба ў медыцынскіх фізіках пастаянна павялічвалася: клінікі пачалі набываць усё больш складанага абсталявання, узнікла неабходнасць дапамагаць урачу ў розных тэхналагічных працэсах. Паўстала задача сфарміраваць пакет кампетэнцый, якімі павінны валодаць тэхнічныя спецыялісты ўстаноў аховы здароўя. І ўрэшце была адкрыта спецыяльнасць “Медыцынская фізіка” — міждысцыплінарная падрыхтоўка, звязаная з выкарыстаннем фізічных метадаў у медыцыне.

У чым заключаецца работа

— Медыцынскія фізікі могуць займацца выключна навукай або працаваць у клініках, — тлумачыць загадчык кафедры агульнай і медыцынскай фізікі  Наталля Савасценка. — Клінічная медыцынская фізіка ўключае такія напрамкі, як радыетэрапія, дыягнастычная радыя­логія, ядзерная медыцына, радыяцыйная абарона. Медыцынскія фізікі, якія працуюць у сістэме аховы здароўя, забяспечваюць выкарыстанне фізічных метадаў для лячэння і дыягностыкі захворванняў (галоўным чынам анкалагічных) з дапамогай складанага абсталявання, у тым ліку з выкарыстаннем крыніц іанізуючага выпраменьвання. Яны бяруць непасрэдны ўдзел у планаванні і правядзенні лячэбна-дыягнастычнага працэсу; адказваюць за каліброўку абсталявання, дакладнасць і бяспеку; вядуць навуковыя даследаванні па развіцці і ўкараненні новых медыка-фізічных тэхналогій і апаратаў.

Наталля САВАСЦЕНКА:

“У адрозненне ад інжынераў, медыцынскія фізікі разам з урачамі працуюць з пацыентамі. Выкарыстанне крыніц іанізуючага выпраменьвання ў дыягностыцы і тэрапіі патрабуе вельмі сур’ёзных разлікаў і тонкай наладкі абсталявання. У адваротным выпадку лячэнне будзе менш эфектыўным ці нават можа нанесці шкоду здаровым тканкам. А гэта недапушчальна”.

Асаблівасці падрыхтоўкі

Падрыхтоўка па спецыяльнасці “Медыцынская фізіка” вядзецца толькі ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя А.Д.Сахарава БДУ.  Ужо адбылося два выпускі — 18 чалавек. Усе яны працуюць у арганізацыях Міністэрства аховы здароўя: у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, у Мінскім гарадскім клінічным анкалагічным дыспансеры, у абласных анкадыспансерах, а таксама ў навукова-даследчых установах Нацыянальнай акадэміі навук.

З 2017 года ў інстытуце вя­дзецца навучанне ў завочнай магістратуры, профілі — “Фізічныя метады ў медыцыне” і “Камп’ютарная медыцына”. Адметна, што магістратура была адкрыта нават раней, чым адбыўся першы выпуск медыцынскіх фізікаў, і з самага пачатку тут ёсць конкурс.

—  Навучанне ў магістратуры імкнуцца працягнуць тыя, хто ўжо працуе ў медыцыне. Акрамя нашых выпускнікоў, гэта выпускнікі фізічнага факультэта БДУ, тэхнічных спецыяльнасцей БДУІР, БНТУ і іншых універсітэтаў, — гаворыць Сяргей Маскевіч. — Яны атрымалі магчымасць паглыбіць адукацыю і нават ісці далей — у аспірантуру, каб стаць унікальнымі спецыялістамі ў выбранай галіне.

У гэтым годзе адбыўся першы выпуск магістрантаў — 13 чалавек. Усе яны вярнуліся на свае месцы працы яшчэ больш падрыхтаванымі, на­цэленымі на развіццё і даследчую дзейнасць.

Што да першай ступені адукацыі, то сёлета на 1 курс па спецыяльнасці “Медыцынская фізіка” за кошт сродкаў рэспубліканскага бю­джэту паступілі 20 чалавек. Мінімальны прахадны бал складаў 242 (ЦТ па рускай (беларускай) мове, фізіцы і матэматыцы).

— Спецыяльнасць мае на ўвазе глыбокія веды па фізіцы і выкарыстанне ў рабоце фізічных ведаў, — гаворыць Наталля Савасценка, — таму мы чакаем, што нашы першакурснікі схільны да дакладных навук і маюць даследчы характар.

Тэрмін навучання па згаданай спецыяльнасці — 4 гады. Студэнты вывучаюць хімію, біяхімію, анатомію, каб ве­даць, як іанізуючае выпраменьванне ўздзейнічае на тканкі чалавечага арганізма, і, вядома, фізіку (паглыблена — оптыку, атамную і ядзер­ную фізіку), біялагічную і медыцынскую фізіку; асновы медыцыны; фізічныя метады дыягностыкі і лячэння, якія прымяняюцца ў медыцыне (у тым ліку ядзерную медыцыну) і г.д.

— Важна, што, акрамя выкладчыкаў інстытута, са студэнтамі працуюць вядучыя спецыялісты Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансера і РНПЦ імя М.М.Аляксандрава, што ў Бараўлянах, — расказвае Наталля Савасценка. — Такім чынам, у працэсе падрыхтоўкі ўдзельнічаюць медыцынскія фізікі, якія маюць вучоную ступень, і студэнты набыва­юць практычны вопыт на базе згаданых клінік.

— На кафедры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі інстытута ёсць спецыялізаваныя лабараторыі, дзе студэнты адпрацоўваюць навыкі работы з іанізуючым выпраменьваннем (са спектрометрамі, дазіметрамі), —  гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — А вось з абсталяваннем, якое выкарыстоўваецца ў прамянёвай тэрапіі, знаёмяцца толькі ва ўстановах аховы здароўя. Гэта сусветная практыка: ва ўніверсітэтах устанаўліваюцца толькі вучэбныя стэнды — не рэальнае абсталяванне, што выкарыстоўваецца ў прамянёвай дыягностыцы і радыетэрапіі, а сімулятары. Таму супрацоўніцтва з клінікамі — найважнейшая ўмова падрыхтоўкі высокакваліфікаваных медыцынскіх фізікаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.